Don Giovanni, або Памілаваны свавольнік - Юлия Шарова 8 стр.


— Гэта што яшчэ за пяшчота такая? — з недаверам, але ўжо з меншым раздражненнем запыталася Маша. — Грынкевіч, ты зноў п'яны?

— Ну, не зусім, ёсць крыху, — адказаў Грынкевіч, адчуваючы, што Маша не прасякла яго лажу.

Ніколі не кажыце «ніколі». Ніколі не размаўляйце з невядомымі. Ніколі не спіце з былымі.

Дон Джавані і Лепарэла назіраюць здалёк за дамай, у якой пакуль што не пазнаюць донны Эльвіры. Тая амаль у тэатральнай манеры скардзіцца на свой лёс. Яна хоча ведаць, дзе гэты нягоднік, які пакінуў яе.

Іх з Машай драматычная гісторыя пачалася ажно дванаццаць гадоў таму. Грынкевіч толькі паступіў у кансерваторыю, але ў вучэльню да бы­лых педагогаў усё яшчэ забягаў. Дый не толькі да былых педагогаў: між справай ён рабіў агледзіны першакурсніц. Вось і заўважыў Машу — яна была са свежага набору вакалістак. Калі б Грынкевіч меў здольнасць прадказваць будучыню, ён бы не стаў распускаць перад ёй хвост. Але ж тады яна была смуглявай цемнавокай лялечкай з Краснадарскага краю, побач з якой нават оперная зорка Нятрэбка выглядала бляклавата, як мачысіна дачка побач з Папялушкай на балі. Завязаўся доўгайгральны раман, які Маша лічыла грамадзянскім шлюбам, а Грынкевіч — свабоднымі адносінамі, шчасліва прыпыненымі два гады таму і потым фатальным чынам адноўленымі.

Калі б Грынкевіч ведаў, дзе спатыкнецца, то абышоў бы тое месца. Не застаўся б начаваць у

Машы пасля нядаўняга паходу ў канцэртную залу Чайкоўскага, дзе давалі «Дона Джавані» з запрошанымі зоркамі. Гэта было якраз пару месяцаў таму, калі ён сустрэў Анну. Гэта было 28 чэрвеня, калі зусім дакладна. Анна, як і раней, міла з ім паплявузгала, нібы яны не бачыліся самае большае тыдзень, сказала, як яна ўпадабала Кермес, і сышла, а дакладней, знікла. Знікла разам з тым бляклым, як моль, мужыком, сумным, як веснавы снег на гарадскіх ходніках, перамяшаны з соллю і пяском. Грынкевіч быў амаль спаралізаваны гэтай сустрэчай, і калі раптам да яго падышла Маша і кранула за руку, ён не ўсвядоміў усёй фатальнасці гэтай сустрэчы.

На бяду Грынкевіча, Маша была без хоць якога мужыка. Але яна надта добра выглядала і надта ўжо міла з ім паводзілася. Яны разам выйшлі з канцэртнай залы і сталі ля помніка Маякоўскаму. Завязалася досыць прыязная гутарка. Спёка ў тыя дні стаяла пякельная, нават познім вечарам у Маскве было горача. Ісці ў сваю прасмажаную сонцам камуналку на Малой Дзімітраўцы, якую ён не здаваў кватарантам, бо часта сюды наязджаў, Грынкевіч не хацеў. Тут было зусім блізка, а яму хацелася перачакаць хаця б гадзіны дзве, пакуль спёка хоць крыху спадзе. Яны пайшлі з Машай гуляць па горадзе, і размова ў часе шпацыру была мірная, быццам два гады таму не было ў іх скандальнага развітання, быццам не рабіла Маша ніякіх дурасцяў і быццам ён тады не ўдарыў яе пры людзях — у прысутнасці ўсёй трупы і ўсяго аркестра N-скай оперы. Пасля гэтага Маша з'ехала ў Маскву і ажно два гады Грынкевіч нічога пра яе не чуў.

Яму падалося, што Маша нарэшце стала дарослай і незалежнай ад свайго паўднёвага тэмпераменту. Да таго ж ён па-ранейшаму пачуваўся вінаватым, бо, можа быць, яна б так не паводзілася, калі б ён не развязаў вайну яшчэ ў юнацтве. Яна любіла паўтараць банальную фразу: «Ты зламаў мне жыццё!». І самае жахлівае было ў тым, што Маша часткова мела рацыю.

Ён быў першым і па-сапраўднаму адзіным, хоць, вядома ж, за два гады растання Маша рабіла нейкія няўцямныя сэксуальныя спробы з іншымі кавалерамі. У той задушны вечар, пасля спектак­ля ў канцэртнай зале Чайкоўскага, яна так і ска­зала: «Папросту не ўяўляю сябе з кімсьці яшчэ. Можаш лічыць гэта своеасаблівай вернасцю. Ці дурасцю. Але я цябе кахаю, Грынкевіч».

Дон Джавані падаерэпліку: гэтая бядачка яўна пакінутая сваім каханкам, трэба яе суцешыць.

Маша падавалася больш разважлівай і спакойнай, ейныя немалыя грудзі і пышныя клубы надта ўжо апетытна выглядалі ў летняй ільняной сукенцы, яна прызналася ў каханні. У Грынкевіча толькі што адбылася шалёная ноч з Ірынай, і тая сказала, што не варта паўтараць, пагатоў ён з'язджае. Гэта добра, што ён з'язджае, так лепей для іх абоіх. Сезон заканчваўся, наперадзе быў аплачаны адпачынак, а потым абхадны ліст, разлік і — бывай здаровы, горад N. Грынкевіч яшчэ не перабраўся ў Маскву, але яе варта было паціху абжываць ужо цяпер. У Маскве ёсць сякоетакое, але ўсё-ткі ўласнае жытло з перспектывай адсялення ў асобную кватэру, ёсць амаль сабраны ўласны аркестр, ёсць ідэі, як пракарміцца, пакуль не раскруцішся. Чаму б не мець у Маскве яшчэ і афіцыйную кабету, на якую ў ложку ён за столькі гадоў не скардзіўся і з якой не сорамна на людзі выбрацца? Грынкевіч у той вечар, зразумела, пайшоў праводзіць Машу дадому, а яна, ведама ж, запрасіла ў госці на каву. Так і адбыўся рэнесанс.

А потым ён паехаў у N сабраць рэчы і атрымаць разлік. І там яму прапанавалі застацца і далі пастаноўку. Таму засваенне Масквы адкладалася сама меней на год. На гэты год трэба было неяк іначай планаваць жыццё.

Але Маша не ўмела планаваць толькі на год. Ёй трэба было планаваць жыццё і адносіны сама меней на пяцігодку, як савецкую эканоміку. Яна зноў, як у былыя часы, стала выкладваць перад Грынкевічам увесь свой сацыяльна-псіхалагічны анамнез. Кубанскія казакі, мама-камсорг, татавыпівоха і цётка, якая з'ехала з глузду на глебе праваслаўя, — зноў давялося пакаштаваць гэтай грымучай сумесі. Маша званіла штодня, кантралявала кожны ягоны крок і ўсё цікавілася, калі ён падпіша абхадны ліст. Маша віла гняздо. Ці лата­ла старую клетку, якую Грынкевіч здолеў разламаць два гады таму.

І вось цяпер яна заспела яго сваім званком у рэстарацыі, дзе ён паціху нажыраўся з Воўчыкам і адкуль думаў пашыбаваць да Алёны.

— Ты станеш алкаголікам у сваім N! — пачала Маша сваю прамову. — Я ўяўляю сабе, што там адбываецца: зноў Мішэль, зноў твая любімая духавая секцыя.

— Машааааа! — паспрабаваў спыніць яе Грынкевіч.

Маша мела адметнасць: яна была прыроджаным прамоўцам. Калі яна прыехала ў Піцер, то ніхто не заўважаў у яе нават прыкметаў паўднёвага акцэнту, які часам бывае ў ейных землякоў. А калі яе нешта раздражняла, яна пачынала казаць падкрэслена правільнымі фразамі. Адна толькі гэтая правільная будова сказаў была здольная давесці да вар'ятні каго хочаш.

— Ты звольніўся?

— Чаму цябе гэта так турбуе?

— Дзіўнае пытанне! Мы вырашылі жыць ра­зам, мы думалі пра сумесны адпачынак у верасні. Мне падаецца, я маю права ведаць, дзе ты знаходзішся і што маеш рабіць. Мая праца не дазваляе мне зрывацца з месца ў любы момант. Адпачынкі плануюцца за год наперад. У адрозненне ад мяне, ты маеш адносна вольны графік. Прынамсі, ты мяркуеш так жыць у Маскве. Я не хачу ўтручацца ў тваю працу, але я хачу ведаць: калі?

Донна Эльвіра зноў паўтарае, як ёй хочацца ведаць, дзе гэты нягоднік, і як яна хоча яму адпомсціць за свае крыўды. «Бядачка, бядачка!»кажа дон Джавані, услухоўваючыся ў яе рэплікі.

Заўтра на тую пару, калі рак паляціць з вады ўгару, хацелася сказаць Грынкевічу, але ён не стаў грубіць. Зрэшты, з гэтым усё ж трэба было канчаць, зараз жа. І ніякіх сантыментаў.

— Маша, я не звальняюся. Мне пастаноўку далі.

Яна змоўкла. Калі чалавек ейнага тэмпераменту маўчыць, гэта заўсёды падазрона і небяспечна. Маўчала яна доўга, ажно з паўхвіліны. Грынкевічу падалося, што гэта праблемы сувязі, і ён прамовіў:

— Алё!

— Я тут, — адгукнулася Маша тым самым падазрона спакойным тонам і працягнула: — Значыцца, мы вырашылі ўкараніцца на цёплай балоцістай глебе. Нас задавальняе танная і аблезлая, нанятая тэатрам кватэра. Мы шчаслівыя, бо маем заробак ажно ў пятнаццаць тысячаў рублёў і падзарабляем яшчэ ў некалькіх месцах. І гэтыя хал­туры мы яшчэ пускаем на кадаванне тубістаў, каб яны хадзілі на рэпетыцыі ў нармальным стане. А самі паціху співаемся з валтарністамі і трубачамі. Як мысліш, ці скінуцца яны, каб потым лекаваць цябе? Хоць бы на танометр скінуліся, ці што, у цябе ж ціск скача.

Маша імкліва ішла на крэшчэнда. Грынкевіч, як сапраўдны дырыгент, ведаў на памяць усю партытуру ейных эмоцый. Ён папросту чакаў моманту, калі можна паказаць, каб яна спынілася. Але Маша заўсёды была няўважлівай і за ягонымі жэстамі не сачыла:

— Але што там піва і гарэлка, гэта не галоўная наша забава. У тэатры багаты асартымент патрахушак! Віяланчэлісткі, дзяўчаты з кардэбалета — я памятаю, якія ты рабіў падтрымкі. Грынкевіч, я не раўную цябе. Калісьці раўнавала, а цяпер мне ўсё адно. Але мне шкада, што ты самога сябе зарываеш у гэты гной. Ты дэградуеш у асабістым развіцці, у духоўным развіцці. Я памятаю, што слова «духоўны» ты лічыш лаянкавым, але мне балюча ўсё гэта назіраць!!! Мне падалося, што ў чэрвені былі нейкія пробліскі. А цяпер зноў.

— Маша. золатка. ідзі нахуй.

Маша змоўкла, а Грынкевіч націснуў на тэлефоне кнопку, каб адрубіць размову. Ён ведаў, што пасля першага шоку Маша зноў будзе даставаць яго званкамі і што яе трэба паслядоўна ігнараваць. Спачатку яна дастане званкамі ўсіх сваіх сябровак, каб яны параілі, што рабіць, а праз колькі гадзін возьмецца за яго. Але ён даў ёй зразумець: новы рэнесанс праваліўся, ніякага вяртання ў адрэстаўраваную клетку быць не можа. І няхай хоць са спадніцы выскачыць.

Аднак Маша ўмела вынесці мазгі. Пры гэтым яна іх не проста выносіла, яна іх выцягвала звіліну за звілінай, змотваючы гэтыя звіліны ў клубок. І рабіла ўсю працэдуру без анестэзіі. Грынкевіч вярнуўся за стол у такім стане, быццам яго гадзіны паўтары разам распякалі дырэктар і галоўны. Ён забыўся пра тое, што яго яшчэ чакае флейтыст, і залпам выпіў кілішак гарэлкі. А праз некалькі хвілінаў — яшчэ адзін.

— А можна было б яшчэ і хор сабраць. — мроіў Воўчык. — Я б мог.

— Спяваць там? — насцярожана запытаўся Грынкевіч.

Хацелася спадзявацца, што гэта п'янае трызненне. Воўчыку тым часам патэлефанавалі наконт нейкіх банкаўскіх справаў, і гэта крыху рассеяла ягоную ўвагу. Была амаль восьмая вечара. Грынкевіч адчуў, што яго ўсё ж развозіць. Нажэрціся проста зараз жа. Д'ябал з ім, з тым флейтыстам, іншым разам можна пагутарыць, напрыклад заўтра. А на сёння хопіць ужо чужых траблаў.

«Ты дэградуеш.» Сучка. Сама сядзіць на тэлефоне ў нейкай турыстычнай канторы, — грошы яна, блін, зарабляе. Імкліва развіваецца. Збірае на іпатэку — мэту сабе паставіла. Харошая дзевачка, правільная. Дык якога чэлеса яна ўчапілася за яго, нехарошага і няправільнага Грынкевіча?!

На стале з'явіўся ўжо трэці за гэты вечар графін з гарэлкай. Грынкевіч даслаў СМС флейтысту: маўляў, выбачайце, але сёння важныя справы. Нельга прыходзіць на сустрэчу са сваім патэнцыйным салістам добра паддатым — у такім стане можна сыходзіць з гэтай сустрэчы. Можна нават адпаўзаць. Але прыходзіць трэба ў людскім выглядзе.

Графін спустошваўся, настрой уздымаўся. Ён думаў цяпер пра Алёну.

Дон Джавані звяртаецца да донны Эльвіры, спрабуе завязаць размову.

І яго ўжо не страшыла тое, што казаў яму Воўчык. А той развіваў страшныя, аб'ектыўна страшныя ідэі:

— А ты ведаеш, я ўсё ж думаю пра вяртанне ў прафесію. Можа, мне пайсці куды рэгентстваваць?.. Памятаеш, я ж хлопчыкам у манастыр хацеў сысці. Чыстым быў такім. — казаў Воўчык, праводзячы вачыма даўганогую афіцыянтку, можа быць, нават студэнтку тэатральнага інстытута. — Не, нельга мне ў храм. Я лепей буду браць прыватныя заняткі. А потым мы з табой будзем разам працаваць. Як мысліш?

Грынкевіч ледзьве не праглынуў костку ад рыбы, якой ён заядаў новую чарку, — кончыць трэці графін было гэтым вечарам справай гонару. Законы дыпламатыі вымагалі казаць: так, Вова, мы з табой такую праграму забацаем, што заябіся. Але ад гэтай задухі, якую не перамагаў нават кандыцыянер, ды ад немалой дозы алкаголю ён пераставаў быць дыпламатам.

— Вова. Ты за дванаццаць гадоў ужо забыўся, як элементарна сетку паказваць.

— Ніхуя! — закіпаў Воўчык. — Я ў войску па музычнай частцы пайшоў, хорам кіраваў! Ты думаеш, ты адзін у свеце такі разумны?

Назад Дальше