Don Giovanni, або Памілаваны свавольнік - Юлия Шарова 9 стр.


— Нічога я не думаю. Колькі мы з табой камунікуем пасля пярэрвы? Трэці год. Ты мне пры кожнай сустрэчы кажаш, што пойдзеш спяваць у хор «для душы» і згадаеш пра дырыгаванне. І што? Я за гэты час паспеў скончыць аспірантуру, а ты ўсё дэкларуеш намеры. А дзеянні твае дзе?

Воўчык асёкся: гэтага ў сцэнары не было, ён такога не замаўляў. Ён ангажаваў Грынкевіча ў сваю клаку, ён не прасіў аб'ектыўнай і справядлівай рэцэнзіі.

— Дзеянні мае, Лёша, у хаце спаць кладуцца. Я двух пацаноў задзелаў, Лёша, пакуль твае блядзі ад цябе спароны рабілі. А яшчэ на мяне паўсотні чалавек па Маскве працуюць, я ім грошы плачу, можна сказаць — кармлю іх. А ты — так, пустазелле. Жывеш за кошт такіх, як я, а яшчэ падаткі на цябе трацяць. Пайдзі сам на сябе зарабі спачатку, а потым вучы мяне!

— Ну ўсё, досыць!

Грынкевіч рэзка ўзняўся з-за стала. Машынальна дастаў з кішэні дзве тысячныя купюры і кінуў на стол. Гэтага павінна хапіць. Потым узяў заплечнік і рушыў да выйсця. Ногі не надта яго слухаліся. Ён зноў пакорпаўся ў кішэні і знайшоў там пачак цыгарэт. Воўчык спрабаваў яго спыніць. Ужо на парозе рэстарацыі Грынкевіч пачуў: «Ды пачакай ты, псіх!». Але ён паскорыў хаду і пайшоў прэч.

Рэчытатыў «Chi e la? — Stelle! Che vedo!».

Дон Джавані і Лепарэла нарэшце пазнаюць дон­ну Эльвіру. Яны агаломшаныя.

Ён ішоў па вуліцы і ўсё не мог знайсці запальнічку, а курыць хацелася страшэнна. Воўчык, вядома ж, праспіцца і заўтра ці пазней будзе тэлефанаваць з прабачэннямі — не першы раз у жыцці пасраліся праз такую дурасць. Але Грынкевіч упершыню задаў сабе пытанне: а ці варта браць у такога грошы, нават на святую справу? Варта, не варта. Скрыпач мае адну толькі скрыпку, тэнар мае адзін толькі голас, піяніст мае толькі свае рукі, якія ўвесь час трэба прыстасоўваць да роз­ных раяляў. Дырыгент мае толькі аркестр, і калі ён яго страчвае, то перастае быць дырыгентам. А гэта некалькі дзясяткаў чалавек, якім таксама трэба граць музыку і нешта есці. І цяпер ён, дырыгент толькі што створанага аркестра, можа пазбавіць іх базы для рэпетыцый, якую браўся праплаціць Воўчык. Ну былы склад, ну ў чорта на рагах, ну з ацяпленнем трэба нешта вырашыць, але ж сталае месца. За адзін год можна шмат зрабіць, а потым сказаць ціхае «ад'ё» гораду N разам з тамтэйшай операй.

Можа, мама мела рацыю, можа, і не варта было з такім характарам кідаць піянізм? Быў бы неблагім коўчам. Прыстасоўваць рукі да розных інструментаў лягчэй, чым уласную душу — да самых розных чалавечых бздураў.

Надзіва цвярозая думка для нецвярозага чалавека!

Ён нечакана злавіў сябе на яшчэ адным інсайце: усе яго варушэнні ў Маскве вакол аркестра цяпер сталі нейкімі млявымі, як быццам яму гэта ўжо і не трэба зусім. Мазгі разумелі, што свой аркестр — гэта нешта важнае і перспектыўнае, справа жыцця, доўгі, але цікавы шлях. І ён хоча мець свой аркестр, але, магчыма, не ў Маскве, або ў Маскве, але не так хутка. Зрэшты, ён быў бы шчаслівы, калі б нейкі ўнутраны голас загадаў яму кідаць зараз жа ўсе гэтыя арганізацыйныя справы і сядаць за партытуру «Дона Джавані». Раней ён нібыта зазіраў у будучыню і бачыў там сябе старэйшым — ужо напалову сівым, з заўважнымі зморшчынамі — абавязкова ў атачэнні сваіх музыкантаў, дзе-небудзь у Еўропе на гастролях. Цяпер ён бачыў сябе толькі на прэм'еры «Дона Джавані», а далей была сценка без дзвярэй і вокнаў. Далей нічога не было. Чаму так? Яму гэта таксама было зразумела, чыста інтуітыўна зразумела. Але прызнацца сабе ў пэўных рэчах ён не мог ні ў цвярозым, ні ў п'яным стане.

Запальнічка была ў заплечніку. Зрабіўшы пер­шую зацяжку, Грынкевіч адразу пачуўся лягчэй. Разам з запальнічкай ён выцягнуў з вонкавай кішэнькі пачак «Дырола», на будучыню. Усё ж вар­та хоць крыху пах заглушыць, раптам мянты дачэпяцца ў метро. Дый увогуле — спатканне з дамай.

Алёна жыла ў раёне «Войкаўскай» — каб трапіць туды, варта было ісці або да бліжэйшай «Арбацкай» і потым рабіць перасадку, або пайсці далей, да «Тэатральнай» і адтуль ужо каціць напрасткі. Яго хістала ад гарэлкі, спёкі і адрэналіну пасля сваркі з Воўчыкам. У такім стане могуць увогуле не пусціць у метро, нафіг трэба. А шпацыр верне яму каардынацыю рухаў. Таму Грынкевіч пайшоў да «Тэатральнай», перад тым набраўшы Алёну і папярэдзіўшы, што будзе праз гадзіну-паўтары. Добра, што Алёна існуе ў гэтым свеце. Перад ёй не трэба распускаць хвост, як тая пава, — яна заўсёды прыме яго п'яным павіянам. Ёй усё адно, колькі ён зарабляе, колькі выпівае, каго яшчэ, апроч яе, трахае.

Алёна — яна асаблівая. Сэкс з ёй уяўляўся гэтулькі ж натуральна-прыемнай справай, як цёплы душ. Сэкс з поўнай адключкай мазгоў. Сэкс, у якім няма ніякай камунікацыі, апроч камунікацыі целаў. Сэкс першабытных людзей, без адмысловых рытуалаў. Сэкс сапраўдны. Сэкс, абумоўлены адзіным жаданнем — паябацца. І больш нічога. А потым — проста жывёльнае цяпло. Піздзюлечка.

Донна Эльвіра адразу накідваецца на дона Джавані з папрокамі і абразамі. Джавані спрабуе яе супакоіць, але дарма.

Ён сеў у метро і без прыгодаў даехаў да «Войкаўскай». Можна было заскочыць у трамвай, але ў п'яным выглядзе Грынкевіч мог зачапіцца з пасажырамі, ён ведаў за сабой такую асаблівасць, бо з дзяцінства не любіў наземны грамадскі транспарт, у яго там псаваўся настрой. Яго прысутнасць у трамваі можа стаць недарэчнай, быццам ён не чалавек, а які-небудзь кот Бегемот. Ён зноў пайшоў пешшу, балазе было недалёка, хвілінаў можа пятнаццаць-дваццаць. Алёна здымала хрушчоўку на Копцеўскай разам з яшчэ дзвюма дзяўчатамі. На шляху да ейнага жытла Грынкевіч набыў пляшку марціні б'янка, бо яна прасіла. Марціні і тэтрапак з грэйпфрутавым сокам — гламурнае пітво бедных. Грынкевіч падумаў, што ўсё адно не будзе піць з ёй за кампанію, яна і сама ўправіцца. Паездка ў метро і пешы шпацыр крыху яго развеялі. Прынамсі, цяпер ён смакаваў наперад спатканне з ёй.

Пазваніў у дамафон — яму адчынілі. Ён узняўся на пяты паверх — дзяўчына ўжо чакала, стоячы на парозе. Вечна ўскудлачаныя рудыя валасы, твар, рукі і плечы ў рабацінні. Уся нават звонку такая мяккая, маленькая, са сціплымі формамі, але мяккая. Алёна сустракала госця ў чорнай маечцы на тонкіх брэтэльках і ў ружовых кратчатых шорціках — сэксуальнахатняя, як котка.

— Ну прывітанне, піздзюлечка мая, — сказаў ён і абняў яе.

Яна абхапіла яго шыю рукамі і нагадала яму, што такое сапраўдны французскі пацалунак.

Алёна была вельмі маленькага росту, таму нават прыўздымалася на дыбачкі, калі цалавалася з ім. Грынкевічу гэта было нязвыкла — пачувацца нагэтулькі высокім і моцным побач з жанчынай. Часам ён думаў, што такім чынам Алёна яго дадаткова заводзіла. Не перарываючы пацалунак, яны ўвайшлі ў кватэру. Толькі калі дзвярны за­мок аўтаматычна шчоўкнуў, Алёна апрытомнела і адсунулася ад Грынкевіча.

Яна шчабятала нешта прыемнае сваім тоненькім і ціхім галаском. Дзяўчаты-студэнткі, з якімі яна здымае гэтую кватэру, яшчэ не прыехалі з летніх вакацыяў, таму яна тут сама сабе гаспадыня. Грынкевіч прайшоў у пакой, які лічыўся Алёніным. Тут на падлозе, пакрытай тонкім слоем пылу, валяліся джынсы, абгрызак ад яблыка, талля карт, на якіх Алёна, відаць, захацела паваражыць на караля сэрцаў. А яшчэ па падлозе былі раскіданыя ноты, вельмі шмат розных нот, «Адзінаццаць хвілінаў» Каэльё, чорны станік і белая блузка, заколка, дэзадарант «Рэксона» і цацачны мядзведзік. Госць, спрабуючы знайсці сабе месца ў гэтым пакоі, ледзве не наступіў на трысцінку ад габоя. Сам інструмент валяўся на засланым, але не прыбраным ложку. Яшчэ на гэтым ложку валяліся ноты, талерка з недаедзеным вінаградам і крэм «Бархатные ручки». Котка Шэйла, такая ж кудлатая і рудая, як ейная гаспадыня, драмала тут жа. Яна расплюшчыла бурштынавыя вочы і абсалютна флегматычна зірнула на прыхадня: котка ўжо ведала, што зараз яе адсюль пагоняць. Але Грынкевіч пакуль не стаў чапаць звяругі, толькі машынальна пачухаў яе за вухам. Кончык коткінага носа быў такога ж коле­ру, як Алёніны смочкі.

Ён не стаў чакаць і пайшоў на кухню, дзе Алёна была ў вобразе гаспадыні. Яна ўжо адкаркавала марціні. Грынкевіч сеў на зэдлік і патрабавальна абхапіў яе рукамі за талію ззаду.

— Нецярплівы які. — салодка муркнула дзяўчына і крутанула клубамі, вызваляючыся.

Грынкевіч, каб нечым сябе заняць, выпіў налітага для яго ў шклянку марціні. Аднак Алёнчына дупка займала яго болей. Ён зноў злавіў яе адной рукой, а іншай расшпіліў свой прарэх. Затым рэзкім рухам сцягнуў дзявочыя ружовыя шорцікі разам з тым, што ў Алёны звалася майткамі. Яна ўжо не супраціўлялася, толькі задаволена муркацела, падскокваючы ў яго на каленях.

Ён зноў адчуў, што яго рубіць ад алкаголю, калі яны абое апынуліся на кухоннай падлозе. Любішча ў такім стане магло перавысіць модны ліміт у адзінаццаць хвілінаў і ператварыцца ў нешта няспыннае. Але ж дзяўчына пачала імпэтна завываць, і такое гукавое суправаджэнне яго прышпорыла. Алёнка ўскрыквала, сутаргава сціскалася, а по­тым зноў рабілася мяккай, як без адзінай косткі. Калі ён нарэшце адчуў набліжэнне фіналу, дык павярнуў яе тварам да сябе. Яна ляжала на падлозе раскінуўшы рукі, з позіркам, як пасля траўкі. Яна была цалкам шчаслівая, знясіленая і болей не магла дапамагчы яму. Коду ён дапісаў сам.

— Хух. — выдыхнуў Грынкевіч, зашпільваючы прарэх. — Ну ты сёння адпальваеш, дзевачка.

Яна моўчкі ўзнялася і пайшла, хістаючыся, у лазенку, быццам выпіла сёння болей за яго. А ён машынальна скурыў цыгарэту, а пасля скіраваўся ў пакой. Там ён сагнаў з ложка котку, паклаў габой на крэсла, скінуў ноты і талерку з вінаградам на падлогу і амаль адразу ж заснуў, слухаючы, як шуміць вада ў лазенцы.

Спаў ён хоць зубы выберы, і прачнуўся аж пад ранак. Алёны, як ні дзіўна, побач не было, можа, курыла на гаўбцы. Грынкевіч заўважыў, што нават не распрануўся. Ён не ведаў, як цяпер выходзіць на вуліцу, бо ўжо амаль суткі не быў пад душам, а цягам гэтых сутак ён шмат пабегаў па гарачай Маскве, выпіў літр піва, болей за паўлітра гарэлкі, каўтнуў марціні і спусціў жменьку спермы. Пах перагару, нямытага цела і нясвежых шкарпэтак стаяў, нават нягледзячы на расчыненае акно.

Была яшчэ ноч, толькі-толькі бралася на святло. Наведаўшы прыбіральню і скурыўшы на кухні амаль рытуальную ранішнюю цыгарэту, Грынкевіч усё ж падумаў пра лазенку, каб нейкім чынам уратаваць становішча.

Душ вярнуў яго да жыцця, якое зноў падавалася амаль цудоўным. Праўда, крыху гудзела галава, але не смяротна. Яму захацелася кавы і Алёнчынай пяшчоты. Не, спачатку ўсё ж пяшчоты, а потым можна і кавы.

Донна Эльвіра працягвае папракаць дона Джавані. Яна прыгадвае, як Джавані таемна прабраўся ў яе дом, спакусіў яе, затлуміў ёй розум ілжывымі клятвамі. Ён разбіў сэрца жанчыны: абяцаў ажаніцца, а праз тры дні ўцёк з Бургаса. Ах, як шалёна яна яго кахала!

Ён знайшоў дзяўчыну ў пакоі. Яна сядзела ў вялікім фатэлі перад тэлевізарам і шчоўкала на пульце каналы, хоць выбар у такі час быў небагаты. На Грынкевіча яна нават не зірнула, калі ён увайшоў, заматаўшыся дзеля прыстойнасці ручніком.

Грынкевіч апусціўся на канапу непадалёк ад Алёнчынага фатэля. Яна была ў караценькім халаціку і сядзела падабраўшы пад сябе ногі. Зранку выгляд дзявочых сцёгнаў асабліва хвалюе.

— Хадзі сюды, — паклікаў ён. — Кіця-кіцякіця.

— Мне і тут добра, — нават не адказала, але агрызнулася Алёна.

Яму зараз менш за ўсё хацелася высвятляць, што здарылася. Ён узняўся і падышоў да яе, скідваючы ручнік.

— Адыдзіся! — ужо раздражнёна рыкнула яна. — Ты мне тэлевізар засціш.

Гэта ўжо было сур'ёзна. Грынкевіч пачаў перабіраць у галаве багатую картатэку жаночых бздураў, каб паводле сімптомаў зразумець, што адбываецца.

— А ты ж мне пісала: «Сумую па кожнай пражылцы твайго.» І па чым гэта ты сумавала?

Найхутчэй за ўсё, гэта былі месячныя, але тое, чаго ён зараз хацеў ад Алёны, можна рабіць і ў такім стане. Дзяўчына, зрэшты, зноў зашыпела на яго:

— Бля, Лёша! Па кожнай пражылцы бекона я сумавала! З якім ты яечню смажыш.

— Лена?..

Самае непрыемнае было ў тым, што ягоны мужчынскі арганізм у тыя хвіліны сапраўды патрабаваў тэрміновай разрадкі. І яна, гадаўка, гэта бачыла. І нічога не рабіла, каб прыйсці на дапамогу.

— Ну дапамажы мне. — папрасіў ён пакорлівым го л асам.

Назад Дальше