Дзяўчына-маці - Янка Мавр 8 стр.


— А калі яна не забітая?

— А ну цябе! — раззлавалася маці. — Няўжо ты думаеш, што Варапаіха пойдзе туды пытацца?

— Можа і не Варапаіха... — задумліва сказала Ліза.

— Калі дойдзе да такога следства, ніякая гісторыя не дапаможа, — стро­га сказала маці. — Але каму гэта будзе рупіць? Ці да таго цяпер хоць бы і немцам? Важна, каб мы тут гаварылі аднолькава.

На гэтым пакуль што і парашылі.

Зноў Ліза пайшла на спатканне. І на гэты раз Рэня стаяла на сваім месцы. Але вартавы быў досыць далёка, і Ліза магла падысці да агароджы. Маці ўся засвяцілася, працягнула рукі і загаварыла, не чакаючы адказу:

— Пакажы, пакажы! Ці здаровы ён?.. Вельмі плакаў?.. Ці есць ён?.. Як спіць?.. Бліжэй, бліжэй!..

Ліза, азіраючыся па баках, падсунула хлопчыка бліжэй. Маці ў палкім імкненні пачала праціскацца праз дрот, каб пацалаваць яго. Калючка зачапіла за валасы, за лоб... Ліза спалохалася:

— Асцярожна — убачаць!..

Але маці цяпер нічога не чула, не бачыла, не разумела. Дзіця расплюшчыла вочы, паглядзела на маці, крыкнула — і тарганулася усім сваім звязаным целам наперад...

Ліза ўся дрыжала, з жахам азіралася і ўсё мармытала: «Асцярожней — уба­чаць!» Потым згледзела, што вартавы ідзе ў гэты бок, крыкнула: «Ідзе!» — і рэзка адсунулася ад плота. (Перад гэтым яна кінула праз плот пакунак з хле­бам, салам і некалькімі варанымі бульбінамі).

Дзіця плакала на ўсю вуліцу. Ліза бегла прэч, не азіраючыся, дрыжучы ад хвалявання. Ёй усё здавалася, што за ёй гоніцца вартавы.

На Палявой вуліцы ёй трэба было пераходзіць праз адно гіблае месца, якое псавала жыццё ўсім жыхарам гэтай вуліцы. Гразкае балота перасякала яе на ўсю шырыню. Прайсці можна было толькі чапляючыся за плот ды пераскокваючы па каменьчыках. А ў Лізы дзіця на руках. Ідучы з дому, яна досыць папакутвала тут, а цяпер зноў трэба было рабіць тое самае. Яна спынілася і пачала рыхтавацца да пераправы. Раптам ззаду пачуўся мужчынскі голас:

— Дазвольце, я вам памагу.

І тут жа нехта ўзяў яе пад руку і, ступаючы ботамі па балоту, перавёў на другі бок.

Ліза павярнулася, каб падзякаваць яго, але язык не паслухаўся: перад ёю стаяў той самы паліцай, якога яна тады пакінула з Маняй.

— Чаго дзівіцеся? — са смехам сказаў ён. — Мы ж з вамі суседзі.

— Я вас не ведаю, — сказала Ліза і пайшла далей.

Паліцай ішоў побач з ёю і працягваў:

— А я вас ведаў, калі вы былі яшчэ малой дзяўчынкай. Ведаю, што вы жывеце вунь у тым доме.

У Лізы сціснулася сэрца. Яна не ведала, што ёй казаць.

— І вы мяне сустракалі, — казаў далей паліцай. — А цяпер у вас ужо дзіця. А муж у вас добры? Вы варты добрага мужа.

Лізе здавалася, што яны ніколі не дойдуць да яе хаты.

— Чаго ж вы маўчыце? — гучаў лагодны голас паліцая. — Хіба муж вам не дазваляе і слова сказаць з чужым мужчынам? Але, я думаю, яго цяпер няма, ён павінен быць на фронце. Так? Я ўгадаў?

Нарэшце наблізіўся яе дом.

— Выбачайце, я вас не ведаю, — паўтарыла Ліза і ўвайшла ў двор.

— А цяпер, спадзяюся, будзеце ведаць, — сказаў ён услед. — Усяго вам добрага!

Ліза прыбегла ў хату ўсхваляваная, устрывожаная. Яна расказала матцы пра сустрэчу з паліцаем і спытала, ці не ведае яна, хто ён.

— Гэта, мусіць, сын Кандрата Шацілы, што жыве за некалькі дамоў ад нас, — сказала маці. — Ён сапраўды павінен цябе ведаць. Некалькі гадоў назад ён за нешта трапіў у турму, а цяпер неяк вярнуўся.

— Можа, ён прычэпіцца?

Маці ўсміхнулася і сказала:

— У добрых злодзеяў ёсць такі закон, каб сваіх суседзяў не чапаць. Можа, і не будзе чапляцца да сваіх. А калі што якое, то мы ж з табой дамовіліся, што казаць. А пакуль што няхай сабе лічыць цябе замужняй.

Ліза супакоілася. Больш за ўсё яна баялася, ці не заўважыў ён тады, як яна брала дзіця. А цяпер, відаць ужо, што не заўважыў. Але ўсё ж такі гэтыя падарожжы такія цяжкія, такія рызыкоўныя. Трэба будзе папярэдзіць Рэню, каб яна не чакала часта.

Праз два дні надыходзіла Кастрычніцкае свята, самае вялікае свята савецкіх людзей. Колькі светлых успамінаў усплыло перад Лізай! Як лёгка тады было дыхаць! Усе людзі былі свае, блізкія; увесь горад быў нібы адна сям’я. Нават дамы здаваліся вясёлымі, а цьмянае надвор’е — яркім сонечным днём. А цяпер... Куды ўсё гэта падзелася?

Горад нібы мёртвы. Кожны сядзіць і дрыжыць у сваёй хаце, і чакае, чакае... Жывуць толькі чуткамі. А чуткі такія няпэўныя, такія супярэчлівыя: «Немцы занялі Маскву... Нашы ўзялі Гомель... Немцы забралі ў палон сто тысяч рускіх... Савецкія войскі разбілі нямецкую танкавую армію...» Дзе праўда?

І кожны верыў у тое, у што яму хацелася верыць. Шацілам вельмі не хацелася, каб вярнуліся бальшавікі — і яны ўпэўнілі сябе, што бальшавікі не вернуцца. Простыя людзі, што жылі вакол Лізы, нічога пэўнага не ведалі, але яны і думкі не маглі дапусціць, што нямецкія фашысты могуць тут абсталявацца назаўсёды, што вялікая савецкая дзяржава з імі не справіцца. Ім нават не трэба было ні верыць, ні запэўніваць сябе, як няма патрэбы чалавеку верыць і запэўніваць сябе, што пасля зімы будзе лета.

Ведала яшчэ Ліза, што ёсць недзе навакол людзі, якія не сядзяць, склаўшы рукі, а змагаюцца ўсякімі спосабамі, што ў падполлі ёсць партыйная арганізацыя, якая ўзначальвае гэтую барацьбу. Якія смелыя, якія мужныя гэтыя людзі! Ліза не магла б быць такой. На такую справу ідуць толькі самыя найлепшыя людзі, а яна — самая звычайная. Можа, яшчэ каб ведала каго, то памагла, як умела, а так — што яна можа зрабіць?

Ліза рашыла прапусціць два дні і пайсці да Рэні сёмага. Хай для яе гэты дзень будзе сапраўдным святам. Можа, да гэтага часу і дзіця будзе сябе лепт адчуваць, а то ўсё крывіцца ды плача. Ды і трэба дома больш памагчы матцы, а то яна, шкадуючы Лізу, усё сама ды сама робіць. З таго часу, як прыйшло ў дом дзіця, яны абедзве з маткай не маюць ніводнай вольнай хвіліны. А ночы якія пакутныя! Часам Лізе нават дзіўным здавалася, што ўсяго некалькі дзён назад яна была маладой бесклапотнай дзяўчынкай.

А тым часам да дзіцяці Ліза прывыкала ўсё больш і больш. Яна выконвала свой абавязак не толькі таму, што трэба было, але і ёй самой хацелася гэта рабіць. Яна не толькі шкадавала і любіла яго, як дзіця, але і цешылася з яго, ён даўно здаваўся ёй лепшым за другіх. Яна адчувала да яго пяшчоту не толькі таму, што ён сын Рэні, але і таму, што ён проста ёсць.

Два дні прайшлі вельмі хутка. Нікуды яна за гэты час не выходзіла, нікога не бачыла. Дзіцяці палепшала, яно зрабілася спакайнейшым. Ліза радавалася, што будзе чым пахваліцца перад Рэняй. Наогул, каб не было гэтай неадчэпнай, страшнай думкі пра Рэню, Ліза адчувала б сябе нядрэнна.

Узяўшы соннае дзіця, яна выйшла на вуліцу. Надвор’е было яснае, але навакол пуста, як заўсёды. Калі трапляліся людзі, то яны неяк спалохана беглі і хаваліся.

«Вось якое свята!» — з прыкрасцю падумала Ліза.

Яна выйшла на Маскоўскую вуліцу — і ледзь не выпусціла з рук дзіця: на слупах, уздоўж вуліцы, хісталіся павешаныя! Адзін, другі, многа...

Ліза пасунулася назад і спынілася. Ісці далей, ці не?.. Па вуліцы праходзілі нямецкія салдаты, праязджалі афіцэры. Яны смяяліся, весела падміргваючы рэдкім прахожым, нібы кажучы: «Палюбуйцеся!» Але нікога не чапалі.

Назад Дальше