Мой дзядзька Лунеш - Кацярына Мядзведзева 3 стр.


— Але пра што ты марыш?

— Мару? — паўтарыў я з прыкрасцю, цямячы, што б такое зманіць.

— Так. Запаветнае жаданне. Мэта, да якой імкнешся, — усміхнулася Іза.

— Э... ну... паступіць ва ўніверсітэт...

— А навошта? ІІІто ты марыш вывучаць?

— Ды не ведаю я! — вось прычапілася! Ды яшчэ пасля абеду, калі хочацца прыснуць дзенебудзь у цяньку і ні пра што не думаць.

Іза здавалася расчараванай. Не дачакаўшыся адказу, яна раптам змяніла тэму:

— Петэр, скажы, вас вучылі змешваць атруты?

— Лекі. Гэта значыць, тэарэтычна, атруту таксама магу зрабіць.

Я пачаў распавядаць пра блёкат, стрыхнін, опіум, сярністае жалеза, цытварны корань ды марскую цыбулю. У школе мы рыхтавалі болесуцішальныя макавыя аладкі і выганялі сінільную кіслату з персікавых костачак, песцілі на гародзе аканіт і цыкуту, але вывучалі хутчэй не атруты, а антыдоты.

— А існуе атрута, што не пахне i не мае ніякага смаку? — спытала Іза.

— Каму ты збіраешся яе падсыпаць? — пажартаваў я.

— Нікому. Я проста вельмі цікаўная.

Яна паднялася і бяздумна прайшлася па пакоі, пераставіла галінкі ліловых званочкаў у патрэсканай белай вазе, паправіла фіранкі на акне. Потым села на канапу, яе ногі агаліліся вышэй каленяў, і я адвёў вочы.

— Я такая дрэнная, Петэр, — прамовіла яна злым голасам. — Калі б ты толькі ведаў...

— Так раскажы, — прапанаваў я. — Я ж таксама вельмі цікаўны.

— Твой дзядзька выдатны, цудоўны чалавек. Ён вельмі добра ставіцца да мяне. А я ...

Яна ўсхліпнула. Я не меў досведу зносін з жанчынамі, якія плачуць, таму жудасна разгубіўся. Дзіця супакойваюць, узяўшы на рукі, прылашчыўшы, пацалаваўшы, гэта я вывучыў, калі няньчыўся з малодшымі братамі і сёстрамі. Штосьці мне падказвала, што Ізу можна суцешыць гэтак жа, але яна ж не дзіця, яна — жонка дзядзькі Лунеша.

Я прысеў на канапу. Іза выцерла слёзы карункавым рукавом і дапытліва паглядзела на мяне, нібы з цікавасцю чакала, што я буду рабіць.

— Не плач, — я няўмела пагладзіў яе па валасах. Складаная прычоска Ізы амаль што развалілася і рабіла твар дзяўчыны далікатным і безабаронным. — Калі ласка, не плач.

Як па сігнале, слёзы паліліся раўчукамі, яна скрывілася і прытулілася да мяне, абвіла за шыю рукамі і ўткнулася тварам мне ў грудзі. Я адчуў, як імгненна змакрэла тонкая кашуля. Яшчэ я адчуў, што мяне абдымае прыгожая дзяўчына. Праз імгненне мае рукі ўжо абхапілі стан Ізы, а вусны паціху цалавалі яе шыю і патыліцу.

Па законах подласці і любоўных раманаў з інтрыгай у гэты момант (Іза ўжо сядзела ў мяне на каленах) у пакой павінен быў з крыкам уварвацца дзядзька Лунеш. Але ён не ўварваўся, і Іза падарыла мне некалькі гарачых салёных пацалункаў.

Сэрца білася, я перажываўусе вядомыя чалавеку пачуцці адразу... а потым Іза нечакана ўстала, паправіла сукенку, цяжка зірнула на мяне і пакінула сталовую. Яна любіла знікаць, рэзка змяніўшы настрой, я ўжо і не асабліва здзівіўся. Сышоў да сябе, паваліўся на ложак і імгненна заснуў.

***

Вечарэла. За акном кружылі ластаўкі, іх гнёзды ляпіліся пад дахам. Я прачнуўся, памыўся, надзеў свежую кашулю і пайшоў шукаць людзей. Дом ахінуўся ў цішыню, па кутах збіралася цемра, агню нідзе не запальвалі. Пэўна, дзядзька яшчэ не вярнуўся, а Іза спіць, стомленая слязьмі. Не стукаючы, я адчыніў дзверы ў гасцёўню. Завешаныя вокны стваралі ўтульны прыцемак, гарэлі ў жырандолях свечкі, пахла эўкаліптавым алеем і лавандай. Дзядзька Лунеш сядзеў у крэсле, а Іза стаяла перад ім на каленях. Яе распушчаныя валасы сцякалі па спіне і твары, поза была поўная пакорлівасці і паслухмянасці.

— Прачнуўся? — весела спытаўся дзядзька Лунеш, павярнуўшыся да мяне. — Самы час. Мы яшчэ не вячэралі.

Іза паднялася з дывана i села на лавачку каля ног дзядзькі Лунеша, старанна мяне ігнаруючы. Я пахаладзеў. А што, калі яна прызналася дзядзьку, і ён знарок размаўляе са мной звычайным тонам, каб потым кінуць праўду ў твар?

— Нейкі ты маркотны, — дзядзька ўважліва мяне разглядаў. — Сумаваў днём? Іза распавяла мне...

Маё сэрца стукнула так, што я пахіснуўся i спешна прысеў.

— ...што ў яе амаль не знайшлося часу для цябе. Чым ты займаўся?

— Нічым, — прамармытаў я. — Шпацыраваў, чытаў...

— Ну і правільна, — кіўнуў дзядзька. — Трэба адпачыць як след, асабліва калі ты вырашыў працягваць вучобу. Ну, пра гэта мы пагутарым заўтра з раніцы, на свежую галаву. А зараз вячэраць!

Вячэра працякала ў маўчанні і засмучэнні. Мне нічога не хацелася, нават салодкія стравы — яблыкі ў цесце, печыва з разынкамі і бісквіты — не выклікалі апетыту. Іза з нудным выглядам размазвала па талерцы кукурузную салату. Толькі дзядзька еў за траіх, знішчаючы гуляш з рысам, фаршыраваныя цукіні, падрумяненыя грачаныя катлеты, бужаніну, грыбное рагу i бульбяную запяканку з сырам i цыбуляй.

— Прынясі мае лекі, — папрасіў ён, наеўшыся. Іза выйшла, доўга не з'яўлялася, потым я ўбачыў яе ў дзвярах. Яна трымала ў адной руцэ сярэбраны кубак, у другой — паперку, i насыпала з паперкі ў кубак нейкі светлы парашок.

— Парашок ад мігрэні? — выказаў здагадку я.

— Чараўнікі не хварэюць, — засмяяўся дзядзька. — Гэта настойка на сарака зёлках, надае сіл пасля цяжкага дня.

— Вось як, — кіўнуў я, прыкідваючы, ці існуюць сушаныя настойкі. Іза скамячыла паперку і сха­вала яе ў рукаў ужо не бірузовай, а залацістай аксамітавай сукенкі, падол якой валокся за ёй па падлозе, як змяя. Потым пранізліва зірнула на мяне, просячы маўчаць, i падала кубак дзядзьку. Крыкнуць «Не ni! Там атрута!» — ці прамаўчаць? Я ўзяў келіх і цягнуў віно, назіраючы, як дзядзька Лунеш п'е. Іза таксама неадрыўна глядзела на яго, пакусваючы вусны.

— Ну а зараз — на шпацыр! — абвясціў дзядзька Лунеш, з грукатам паставіўшы кубак на стол. Падняўся, абхапіў нас за плечы і павёў з дома. Дрэвы свяціліся рознакаляровымі папяровымі ліхтарыкамі. Укапаныя ў зямлю лямпы разлівалі роўнае матавае святло, прыцягваючы мятлушак і мошак. Шкляныя падвескі і медныя бразготкі, утоеныя ў галінах, пазвоньвалі пад ветрам. Непадалёк цурчэў раўчук з маленькім вадаспадам. Спявалі цыкады. Зрэдку крычала сава.

— Штосьці я дрэнна сябе адчуваю, — пажаліўся дзядзька Лунеш, калі мы дасягнулі старой цаглянай альтанкі. — Рэзь у страўніку і слабасць нейкая. Давайце пасядзім.

У альтанцы ўжо гарэлі свечкі. Падлога хавалася пад мядзведжымі шкурамі, у нішах стаялі вазы з персікамі, вінаградам і цукеркамі, а на лаве ў кошыку — непачатая бутэлька віна, штопар і тры келіхі. Ізноўу мяне з'явілася думка пра тое, наколькі сядзіба адгадвае жаданні гаспадароў. На сцяжынках чакаюць гарачыя піражкі, у цені дрэў — зручныя крэслы, а захочаш задрамаць пад кустом у траве — знойдзеш коўдру з падушкай, а то і раскладны ложак.

— Я, мабыць, вас пакіну, — пазяхнуў дзядзька Лунеш. — Пайду прылягу. Не-не, — спыніў ён мяне, — не трэба турбавацца наконт мяне. Такую цёплую ноч нельга марнаваць на дробязі. Я выдатна дабяруся да спальні адзін.

Ён па-бацькоўску пацалаваў Ізу ў лоб, яна цмокнула яго ў шчаку.

— Вяселіцеся! — бадзёра выгукнуў дзядзька і сышоў.

— Хочаш цукерку? — прапанавала Іза, шукаючы ў вазачцы. — Тут цытронавыя, яблычныя і мятныя...

Назад Дальше