— І сапраўды, хлопчыкі, — падала нясмела голас Ала, бо адчувала нейкую сваю віну ў гэтых падзеях. — Гэтыя рыцары... няхай, можа, будуць таямніцай? Я кветкі разлюбіла, калі батанічка пра песцікі з тычынкамі расказала... Так жа цікавей.
— Заўтра будзе цікава, калі Шаноўны не знойдзе твайго дзённіка.
— І ўсё роўна! — голасна сказала Ала з міжвольным хваляваннем. — Дзякую вам, невядомыя рыцары!
На гэтым і разышліся.
Праз два дні нарэшце сабраліся ісці ў мястэчка, наведаць у бальніцы класную. Але вярнуліся засмучаныя — напярэдадні Лідзію Пятроўну адправілі ў Мінск на складаную аперацыю.
7
Дзіўна, але справа з пажарам так і закончылася нічым. І пра дзённік Шаноўны нібы забыўся. Пра таямнічы ордэн спрэчак больш не заводзілі, не чуваць стала пра яго. І толькі пад Новы год зноў пайшлі гаворкі.Рыцар сустрэў зарэчанскіх хлапчукоў у бярозавым гаі, калі тыя ішлі ў школу на святочны ранішнік. Ён стаяў нерухома прама на дарозе, толькі конь зрэдку пераступаў капытамі. Сярод застыўшых у шэрані бяроз, у марозным ранішнім тумане ён быў падобны на здань, і хлапчукі сумеліся. Але цікавасць узяла верх, і яны пайшлі, хаваючыся адзін за аднаго і цягнучы за сабой санкі.
Падышлі дастаткова блізка, каб разгледзець добра латы і шлем, і тады вершнік крануў вуздэчку. Конь паслухмяна рушыў з дарогі ў гай, схаваўся за дрэвамі. А на дарозе застаўся ляжаць вялізны мех. На прышпіленым да яго кавалку паперы было напісана: “Першаму, другому, трэцяму класу ад рыцарскага ордэна “Зніч”. Расціце рыцарамі!”
У мяшку былі арэхі. Звычайная лясная ляшчына. Паўнютка духмяных, бліскучых, карычнева-цеплых шарыкаў. Хлапчукі ледзьве узвалілі мех на санкі і пацягнулі ў школу. Незвычайны пачастунак прыйшоўся як раз — цукерак у школу завезлі зусім няшмат, і традыцыйны падарунак дзецям складалі тры звяўшыя яблыкі і колькі цукерак. І вось — цэльны мяшок такіх выдатных арэхаў!
— ...Ну, гэта ўжо свінства! — кіпеў Лёшка ад адчаю і злосці. —Жнівень усе прагайсалі, можна ж было разам гэтых арэхаў дзятве два, тры мяхі б назбіраць! Была б памяць пра нас, глядзіш, і традыцыя б у школе ад нас пайшла — дарыць выпускному класу навагоднія падарункі малым…
— Ды не псіхуй ты, — супакойваў яго Косця. — Знойдзем, ён на нашы пытанні адкажа...
— Можа, і нам што дастанецца? А раптам падарунак кожнаму? — гадалі назаўтра дзяўчаты на школьным балю.
— Адзін ужо атрымаў на арэхі, яшчэ хто хоча?
Але старэйшыя віншавання ад рыцарскага ордэна не дачакаліся.
Затое пасля зімовых канікул усіх чакаў сюрпрыз. На тым жа самым месцы, дзе вісеў некалі аркуш з аб’явай аб стварэнні ордэна “Зніч”, з’явілася новая аб’ява.
Яшчэ адзін рыцарскі ордэн!
Ужо не тайны — пяцера хлапчукоў з зарэчанскага паселка абвясцілі сябе рыцарамі і запрашалі ўсіх да сябе. Тут жа быў і “Кодэкс рыцарскай чэсці”: “Не хлусіць ніколі! Не баяцца ніколі!” Пунктаў было не вельмі і шмат, але рыцары не забылі дзяўчынак: “Не крыўдзіць і не даваць крыўдзіць дзяўчынак, нават непрыгожых”.
Не смяяўся з гэтага аркуша адзін Генадзь. Ён адчуваў нейкую пагрозу ў гэтай аб’яве, але зрываць яе не стаў.
Праз тыдзень у новым ордэне было каля дзесятка хлапчукоў, і не толькі малеча! З’явіўся свой ордэн у шостых класах, потым яны аб’ядналіся, і колькасць рыцараў стала больш дваццаці. Рыцары майстравалі сабе латы, збіраліся ўвесну правесці сапраўдны турнір. У аднаго з іх дзядзька быў некалі даволі ўмелым фехтавальшчыкам, і зараз у спартыўнай зале пасля ўрокаў рыцары вучыліся змагацца па ўсіх правілах сапраўднага бою. Дырэктар дазволіў карыстацца не толькі спартыўнай залай, шумна было і ў школьнай майстэрні. Рыцарам зайздросцілі — ім было цікава, але абы каго яны да сабе не прымалі.
Генадзь рабіў выгляд, што нічога істотнага не адбываецца, але завуч аднойчы спыніў яго ў калідоры:
— Здаецца, уся школа хутка стане рыцарскім ордэнам. І хто тады будзе ў ёй кіраваць? Савет школы ці рыцары? Як думаеш?
Генадзь не адказаў нічога, толькі пачырванеў.
Праз тыдзень, калі ў ордэне з’явіліся два хлопцы з восьмага класа, ён ніяк не мог заснуць. Ці то надвор’е было такое — выў вецер, сек крупяным снегам у шыбы, ці то іншае што... Снег і падказаў. “Стыхія” — варухнулася незнарок, і Генадзь аж прысеў на ложку. Вось яно, выйсце! Самы надзейны крок! І як яму раней не прыйшло такое ў галаву? Падпарадкаваць стыхію!
Назаўтра ён сабраў школьны актыў — дзесяць хлопцаў і дзяўчат са старэйшых класаў — і прапанаваў узяць над ордэнам шэфства. З ім ляніва паспрачаліся: навошта ўлазіць у дзіцячую гульню, але Генадзь нечакана для ўсіх пачаў настойваць. Згадзіліся.
На чарговыя заняткі рыцараў па фехтаванні ён прынёс паперу і фарбы. Яго ідэя мець ордэну сваю газету вельмі спадабалася рыцарам, і ўмомант выбралі рэдкалегію. Ну, а калі Генадзь паабяцаў значкі, усе прыйшлі ў захапленне. Мець свой значок! Уга! Вось дык маеш!
Генадзь з’ездзіў у горад — там, на механічным заводзе працаваў яго брат. І праз тыдзень хлапчукі разглядвалі з бляскам у вачах маленькіх зіхцячых коннікаў, высечаных з белай бляхі.
Стыхія была падпарадкавана. Генадзь пераканаў рыцараў, што для таго, каб быць сапраўднай арганізацыяй, трэба выконваць некаторыя фармальнасці. Быў абраны рыцарскі камітэт, зацверджаны школьным актывам (каб па-даросламу было, растлумачыў Генадзь), з’явіўся план, спісы членаў ордэна.
Генадзь быў задаволены — задуманае ўдалося надзіва лёгка.
Між тым ордэн у школе пачалі паважаць. Колькасць рыцараў яшчэ вырасла, хлапчукоў з бліскучым коннікам на грудзях можна было бачыць і ў гардэробе, і ў буфеце. Яны сачылі за чаргой. Старэйшыя хлопцы спачатку пасмейваліся, але калі аднойчы Толік, сябра Додзіка, нахабна палез праз галовы, каб узяць бутэльку ліманаду, цэлы дзесятак хлапчукоў ушчаперыўся ў яго і выцягнуў з буфета. Толік раззлаваўся, пачаў раздаваць кухталі, ды яго не спалохаліся. Сапраўдную бойку распачынаць Толік пабаяўся. На дапамогу аднаму дзесятку хлапчукоў аднекуль узялося яшчэ столькі ж. Болей з імі ніхто не звязваўся. Было зразумела — ордэн стаў сілай, і моц яго у незвычайнай дружнасці хлапчукоў.
Неяк надвячоркам, калі заняткі ўжо скончыліся, у школу прывезлі вугаль, які дырэктар столькі часу дзе толькі не выпрошваў. Трэба было тэрмінова вугаль разгружаць — а каму, калі школа пустая? Колькі хвілін сам дырэктар з аднаногім школьным качагарам, дзядзькам Рыгорам скідвалі з машыны паліва, а потым дырэктар заўважыў свет у школьнай майстэрні. Ён рушыў туды.
Трое рыцараў-пяцікласнікаў малявалі эскізы латаў, рабілі выкрайкі з паперы.
На словы дырэктара аб тым, што трэба тэрмінова разгружаць машыну з вугалем, хлапчукі адрэагавалі нечакана: двое адразу рушылі да машыны, а трэці куляй выляцеў са школы і знік. Не паспелі дырэктар з двумя памочнікамі скінуць па некалькі шуфляў вугалю, як на машыну з прамежкамі ў хвіліну-дзве сталі залазіць па адным, па два хлопцы. Хвілін праз пятнаццаць іх было больш дзесятка. Куча вугалю меншала ўвачавідкі, рыцары працавалі дружна, з імпэтам, не зважаючы на чорны пыл. І ў самога дырэктара, і ў старога Рыгора забралі з рук шуфлі — не хапіла прыладаў на ўсіх.
Разгрузілі — і зніклі, не чакаючы ніякіх падзяк...
Генадзь тым часам развіў кіпучую дзейнасць, і неяк незаўважна ён стаў, па сутнасці, кіраўніком ордэна. Па яго ініцыятыве ордэн рос як на дражджах — прымаліся новыя хлопцы. Але частыя пасяджэнні, на якіх размяркоўвалі розныя абавязкі, абмяркоўвалі планы, хлапчукам пачалі наскучваць, ды гэтага Генадзь быццам не заўважаў.
8
У сярэдзіне лютага Генадзя паклікаў завуч, Мікалай Васільевіч.Размаўлялі ў пустой настаўніцкай.
— Ты, Генадзь, сваю дасціпнасць дастаткова яскрава паказаў на паседжаннях Савета школы, ды і школьны актыў вядзе работу ў правільным накірунку, — пачаў Зіновій Пятровіч. — Што ты наконт гэтага рыцарства думаеш?
— Ды... Неблагая як быццам гульня. Галоўнае — яна пад кантролем, — падкрэслена адказаў Генадзь.
— Пад кантролем... А ведаеш, што кантроль — гэта недастаткова, каб весці сапраўдны выхаваўчы працэс?
— Вядома... — паціснуў плячыма Генадзь. — Трэба і кіраваць. Дарэчы, у мяне сярод рыцараў дастатковы аўтарытэт.
— Але ж ты не рыцар?
— Ну, не, гэта ж гульня...
— Гэта не гульня! — жорстка перабіў завуч. — Помні — любое аб’яднанне стаіць на нейкай аснове. Ідэалагічнай аснове. Якая аснова ў рыцараў?
— Ну... Якая там у іх аснова — прыдумалі самі сабе кодэкс, па ім і жывуць. Звычайны набор з кніжкі “Што такое добра і што такое дрэнна”...