Гэта праўда, ціха сказаў чалавек.
Калі яны зноў спусціліся са сходаў, шырокі мужчына ў шэрым гарнітуры ўсё яшчэ стаяў там.
Гэта мой Стораў, сказаў спадарожнік "маленькай", бачыце, стаіць, баіцца, каб ніхто не адкусіў ад мяне кавалка… Ну і астабрыд ён мне.
А ён нічога сабе, здаецца добрым.
Ён? — Спадарожнік хмыкнуў. — Ну, гэта вы ўжо ад занадта вялікага даверу да жыцця.
Ён стаў перад дзвярыма залы.
Ну вось мы і прыйшлі. Я думаю, вы не апошні раз тут, пабачыце яшчэ ўсё. Вы вельмі харошая, Ніна, і мне здаецца, ваш лёс — радаваць талентам і шчырасцю людзей.
І сказаў Стораву:
Запішыце. Гэта дзяўчынка будзе таксама цяпер выступаць у нас.
Паглядзеў на "маленькую" добрымі вачыма.
Бывайце. Да скорай сустрэчы.
…Так пацяклі далейшыя дні. Чалавек не забыў сваёй прапановы. Цяпер "маленькая" выступала амаль на ўсіх канцэртах. І ён заўсёды знаходзіў час пагаварыць з ёю, спытаць, як яна жыве, якія ў яе поспехі. Аднойчы нават паклаў ёй руку на галаву і пяшчотна пагладзіў попельныя валасы.
"Маленькая" пачала заўважаць, што ў студыі ставяцца да яе больш уважліва і насцярожана, з падкрэсленай ласкавасцю. Ёй гэта было непрыемна. І толькі адзін Нісоўскі па-ранейшаму, нават больш груба, грукаў палкаю аб падлогу з-за самай недарэчнай яе памылкі.
З вас нічога не атрымаецца, калі так пойдзе далей… Памрэце пад плотам.
Як быццам гэта быў самы звычайны канец для жанчыны: смерць пад плотам.
Нісоўскі лаяўся дарэмна. Ён і сам адчуваў гэта. "Маленькая" ўступала ў росквіт таленту. Талент і яна здаваліся цяпер адным паняццем. Яна танцавала так, што нават у відалых і таму скептычных знаўцаў з'яўляўся цёплы агеньчык у вачах.
Ад канцэртаў была і яшчэ адна карысць: відавочна павесялеў змрочны за апошні час бацька. І ўсё ж яна вельмі стамлялася ад іх і аднойчы нават паспрабавала адмовіцца ад аднаго запрашэння. Тады бацька, упершыню ў жыцці, накрычаў на яе. Пакрыўджаная і непаразумелая, яна паехала, а потым, уначы, бацька прасіў у яе прабачэння ледзь не са слязьмі на вачах.
Больш яна не адмаўлялася, хоць там яе цікавіў толькі чалавек з гусінымі лапкамі ля вачэй, да якога яна, нягледзячы на амаль бязмежную любоў і павагу, адчувала часам невыразнае пачуццё шкадавання. Яна не ведала, адкуль гэта. Ён быў проста самы лепшы чалавек на свеце, і ёй было яго шкада.
А на канцэртах былі заўжды амаль адны і тыя ж людзі. І ўсе хутка ўжо ведалі яе і віталі з усмешкамі.
"Маленькую" ўсе любілі.
Так прайшоў год. Усё тая ж сонечнасць вызначала яе, і яна не стамлялася радаваць сваёй шчырасцю людзей. І кожнаму хацелася, пабачыўшы яе, расчуліцца і чымсьці дапамагчы. Відаць, бываюць людзі, якія адной сваёй прысутнасцю каталізуюць у навакольных дабро.
Была ў "маленькай" і крыўда. Яе пачаў пазбягаць Віцька Клявін. Пры сустрэчах стрымана ківаў галавою, а калі мог — імкнуўся завараціць кудысьці ўбок. Яна не разумела, у чым справа, злавалася на гэта, некалькі разоў спрабавала пагаварыць з Віцькам, але ён адказваў адно:
Што ты! І не думаў. Табе здалося.
А ў вачах яго быў амаль фізічны выраз крыўды і тугі.
Бадай што толькі тут "маленькая" зразумела, як не хапае ёй Віцькі, яго адданых вачэй, яго маўклівага кахання, яго не заўсёды разумных жартаў. Зразумела, але нічога не магла змяніць.
Аднойчы яна — у каторы ўжо раз — удзельнічала ў канцэрце. На гэты раз яна танцавала "Паміраючага лебедзя" Сен-Санса. І зноў чалавек сядзеў збоку, на сваім звычайным крэсле, і глядзеў на яе.
Яна адчувала, што танцуе лепш, чым калі-небудзь. І калі пачалі паміраць апошнія гукі, калі яна схілілася і пачала нікнуць, яна краем вока пабачыла, што ён паднёс хустку да вачэй.
Белыя пульхныя пачкі закрылі ёй ногі, ніца і бязвольна схілілася яе худзенькая аголеная спіна. Падобная здалёк на беласнежную кветку, яна "памірала", і кола святла, звужаючыся, асвятляла нарэшце толькі дзіўнай прыгажосці кісць рукі, якая ледзь варушылася і здавалася апалым пялёсткам белай ружы, у якім знікае жыццё.
Апладысменты на гэты раз ледзь не разарвалі стрыманую залу. І гэты чалавек апладзіраваў ёй разам з усімі, не імкнучыся стрымаць слёз.
Пасля канцэрта, пасля банкета, на якім ён сядзеў поруч з ёю, ён сам выйшаў правесці яе да машыны.
Было позна. Масква засынала. Бяссонна гарэлі чырвоныя зоры на шпілях веж. Зрэдку даляталі з-за муроў гудкі спозненых аўтамабіляў. Ніна ішла поруч з ім, і да яе чамусьці прыйшлі думкі аб Клявіне. Яны былі цёплыя, гэтыя думкі. Захацелася ўзяць буйную Віцькаву галаву, прыціснуць да грудзей і сказаць нячутна некалькі слоў суцяшэння, каб дзіцячая крыўда знікла з яго вачэй.
Яны падышлі да машыны, і тут чалавек здзівіў яе.
Сядайце… Бадай, і я з вамі сяду, праводжу вас дахаты.
Што вы, сказала яна, нашто я буду адбіраць у вас дарагі час?
Ён усміхнуўся:
Што ж, вы думаеце, я ніколі не сплю і не адпачываю?
І хоць "маленькая", выхаваная на хрэстаматыях, думала менавіта так, яна сказала:
Не, вядома. Але мы ўжо на дачы, гэта вельмі далёка.
Тым лепш.
Ён сеў з ёю і пачаў раскурваць люльку, вядомую ўсім у краіне.
У першую машыну сеў суровы Стораў з ротам, падобным на вузкую шчыліну, у заднія машыны таксама селі людзі.
Картэж рушыў. Вузкая чорная машына, у якой сядзелі "маленькая" і Ён, вылецела з брамы Баравіцкай вежы і памчала па Валхонцы, мякка зашалахцела шынамі па асфальце.
У чырвоных успышках люлькі яна бачыла яго жарсткаваты профіль, ссунутыя бровы, халодны выраз вачэй. Потым ён паглядзеў на яе, і гэты выраз адразу змяніўся, стаў нейкі асабліва мяккі, амаль кранаючы.
Больш ніколі не танцуйце лебедзя, глуха сказаў ён, вам нельга.