«Чорны кот» - Казаков Юрий Николаевич 20 стр.


Ранкам замкавы дырэктар патэлефанаваў сам і папрасіў не спяшацца і не мітусіцца, бо ён мусіць быць у міністэрстве ў тэрміновым парадку. Нарада. А пры нарадах заўсёды патрэбна спешка, як пры лоўлі ўсім вядомых насякомых. Вернецца са сталіцы на працоўнае месца толькі пад вечар. І наогул, - развіваў думку вучоны, - кіраўнік, які не ўмее і не хоча працаваць, хавае гэта пад маскай частых і працяглых нарад, ад якіх няма карысці, а толькі скаланаецца паветра. Святы абавязак чыноўніка - заўсёды і ўсюды скаланаць паветра, ператвараючы жывую прастору ў пустэчу. - Прыслухаўшыся да паўсоннага маўчання сябра і, па ўсёй бачнасці, застаўшыся задаволеным сваім маналогам, Равіч паклаў слухаўку.

«Ну, гэта ўжо нейкі вясковы дэспатызм, - ледзь не з болем падумаў Скарга і пашкадаваў аб учорашнім глупстве праігнараваць бабуліну гасціннасць і прыехаць да гэтага ўзурпатара. Такую раніцу! Такія планы пачалі выкрышталізоўвацца ў галаве - і вось на табе!» - начапіўшы на твар усмешку, ён павітаўся.

- Вячак, ты прабач, - бянтэжачыся і паціскаючы руку, прагудзеў сва­як, - можа, у цябе ёсць нейкія свае планы, але вельмі моцна патрэбна твая дапамога, адзін з хлопцам не здужаю. Дапамажы салому ў павець прыбраць. Гэта ад сілы гадзіны дзве без перакураў, а?

- Можна падумаць, у мяне ёсць выбар? Добраахвотна не пайду - радню падключыце, і ўсё роўна араць прымусіце. Адно толькі суцяшае: ад маёй працы карысці будзе мала, я паняцця не маю, што такое павець і як туды засоўваць салому.

- Гэта мы цябе навучым ураз. Вядома, кожнаму гарадскому з вышэйшай адукацыяй простая работа будзе давацца нашмат цяжэй. Галава надта разумная, яна заўсёды рукам перашкаджацьме. Але ты хлопак шустры, абвыкнешся хутка.

З працай управіліся толькі пад абед. Цяганне цяжкіх цюкоў спрасаванай саломы не толькі не стаміла Скаргу, а, хутчэй, наадварот - узбадзёрыла. Мышцы, што засумавалі па фізічных нагрузках, хутка прынялі рэльефныя формы і прыемна занылі. Здавалася, ён можа без стомы шпурляць гэтыя рудыя, важкія цюкі, абы ніколі не згасалі захопленыя вочы каханай дзяўчыны, якая на пару з Палінай віламі піхала салому ў дапатопны механічны прэс, што грукатаў рухавіком і смярдзеў саляркай.

Пасля абеду, калі ўся жывая істота, разамлеўшы ад багатай ежы і паўдзённай спёкі, няўхільна імкнулася ў ціхі прахалодны куток, каб там абрынуцца на жаданае ложа і растварыцца ў душным марыве, насланым паўдзённым нячысцікам, а можа, і анёлам Божым, пераеўшым амброзіі. Але, на жаль, сон не заладзіўся.

Вячаслаў толькі і паспеў узяць Стэфанію за руку, як усюдыісны швагер папераджальна выставіў наперад руку.

- А цяпер вам ад мяне сюрпрыз! Не бойся, ужо намыліўся зашыцца ў спальніцу ды пускаць сонныя бурбалкі? Не, тое нікуды не варта! Пайшлі са мной.

За брамай хутара стаяла самая сапраўдная брычка, запрэжаная пры- гожым танканогім конікам. Кіраваў ім сухенькі мужчына, старамодна і ахайна апрануты, у шырокім фетравым капелюшы, з-пад якога да плячэй звісалі расчасаныя сівыя валасы, твар з арліным носам дапаўнялі сівыя доўгія вусы. Не хапала толькі цёмнага банта і пенснэ на тонкім ланцужку...

- Вось, знаёмцеся, наш мясцовы краязнаўца, загадчык школьнага музея і завуч гэтай жа школы Браніслаў Іванавіч Бардзілоўскі, - прадставіў старамоднага фурмана Казімір. - Між іншым, - з непадробным гонарам у голасе дадаў ён, - доктар гістарычных навук, прафесар, вучыўся Сарбоне, выкладаў у Берліне і Маскве, а потым кінуў усё і вярнуўся дадому. Купіў тут недалёка хутар, кветкі разводзіць. Я з цяжкасцю ўгаварыў Браніслава Іванавіча паказаць вам нашыя краявіды і расказаць, што тут і дзе. Пару разоў спрабаваў і сам экскурсаводзіць, але ў мяне неяк усё не атрымліваецца, відаць, язык не тымі ніткамі прышыты. Вы пакуль пакатайцеся, а я пайду са сваімі дажну лета.

- Што ты дажнеш? - перапытаў яго Скарга, дапамагаючы Стэфы забрацца ў рыпучы і хісткі старадаўні экіпаж на рысорах.

- Гэта ў нас так даўней казалі: «Бабы лета дажалі», - замест Казіміра адказаў іх экскурсавод, - гэта значыць: зжалі апошні сноп і ўвесь хлеб звезлі з поля. Сноп гэты лічыўся ў нашых продкаў святым і актыўна ўдзельнічаў у народнай магіі, яму адводзілася ганаровае месца ў чырвоным куце, і яго бераглі да новай пасяўной. Пасеялі хлеб - лета нарадзілі, зжалі хлеб - з ім і лета дажалі. Дык вось, - кранаючыся, шматзначна пачаў Браніслаў Іванавіч, - месцы нашыя былінныя і вельмі старажытныя. Тут кожны пагорак, кожнае азярцо, кожны куток захоўваюць свае таямніцы, у кожнага свае легенды і паданні. Яшчэ гадоў пяцьдзясят таму ўсё навокал выглядала па-іншаму. Хутароў было больш, пералескаў і балацявінак... Але, на жаль...

- Ды пра трагедыю з сялібамі і старымі дрэвамі ўздоўж дарог нам Казімір Казіміравіч распавядаў, - перапыніў настаўніка Скарга, - прабачце, гавораць, тут дзесьці недалёка знаходзіцца Філарэтаў камень?

- Мы да яго абавязкова пад’едзем. Правільна ён называецца «Камень філарэтаў». Вы толькі, маладыя людзі, будзьце цярплівымі. Дык вось, усё гэта і ёсць летапісная Літва, - ён дэманстратыўна абвёў вакол сябе рукамі, - менавіта адсюль пайшла і назва, і мова, і чыноўнікі, і ратнікі вялікага княства. Але я вам раскажу пра іншую гісторыю гэтай зямлі, раскажу пра людзей, якія жылі ў гэтых месцах у васямнаццатым і дзевятнаццатым стагоддзях... <...>

- Браніслаў Іванавіч, мяне вельмі цікавяць не так сівыя стагоддзі нашай зямлі, - здалёк пачаў Скарга, - колькі падзеі апошняй вайны і, галоўнае, праўда пра іх. Бо ў гэтых месцах з фашыстамі, пазней і з Саветамі ваявалі байцы Арміі Краёвай?

- Ваявалі, многія з іх яшчэ і сёння, глыбокімі старымі і бабулямі, адседзеўшы ў сталінскіх лагерах, дажываюць свае дні па вакольных вёсках. Многія даследчыкі сыходзяцца ў меркаванні, што да трыццаці адсоткаў партызан АК былі этнічнымі беларусамі. Навакольныя землі ўваходзілі ў Наваградскую акругу, у канцы вайны ёй камандаваў падпалкоўнік Адам

Шыдлоўскі, скінуты ў 1944 на парашуце. Мясцовым атрадам камандаваў паручнік Антоній Буржынскі, але пасля вайны вывеў рэшткі свайго атрада ў Польшчу, а адтуль далей на Захад...

- Прабачце, як, як яго звалі? - схамянуўся Вячаслаў.

- Антоній...

- Не, якая ў гэтага паручніка была мянушка?

- Псеўданім ці падпольнае імя, па-польску падземнае, у пана Антонія было «Вільк», «Воўк» па-нашаму. Мянушкі, малады чалавек, бываюць толькі ў жывёл і зэкаў.

- Скарга, а ў цябе добрая памяць, - паўшэптам здзівілася Стэфанія,

- відаць, менавіта гэтаму камандзіру і пісалі свае данясення ўсе тыя «Светлячкі» і «Вароны».

- Ціха ты! - цыкнуў на яе хлопец, - прабачце за бестактоўнасць, вядома ж, пазыўныя ды імёны прыкрыцця, - сказаў ён. - А вы, выпадкова, не ведаеце, ці застаўся хто жывым з атрада пана Буржынскага ў нашых краях? Тэма ёсць адна цікавая, хацелася б пагаварыць.

- Так, наўскідку, і не памятаю, - прыкідваючы нешта ў галаве, адказаў прафесар, - трэба падумаць, можа, дома зазірнуць у свае запісы. А што за тэма, калі не сакрэт?

- Ды які там сакрэт. Тут, пад Нясвіжам, знаёмыя хлопцы на акаўскія паперы натыкнуліся ў адным склепе. Цікава было б пагаварыць з відавочцам, хто каму і пра што пісаў. А там жа суцэльныя псеўданімы, умоўныя абазначэнні, словам, сам чорт нагу зломіць.

- Так, цікава. Давайце дамовімся: я са свайго боку перагледжу свае кандуіты ў пошуках сведак, а вы, калі будзе не ў ляноту, захопіце ў наступны раз тыя дакументы на хутар. Пад’еду, разам паспрабуем разабрацца. - Браніслаў Іванавіч нечакана цяжка ўздыхнуў, памаўчаў і дадаў: - Сёння, на жаль, самая складаная і запушчаная тэма, што ў нас, што за мяжой, - гэта тэма вайны. Увесь свет, хоць і без асаблівай ахвоты, але ўжо рассакрэціў большасць сваіх ваенных архіваў, а мы ўслед за Расіяй усё на месцы топчамся. Дрэнна гэта. Час сыходзіць, старыя, якія бачылі ўсе гэтыя страхі, паміраюць. Праўда знікае, а галоўнае - пройдзе яшчэ гадоў сорак, і праўда гэтая нікому, акрамя навукоўцаў-дзівакоў накшталт мяне, не будзе патрэбна. Праўда аб простых, непрыкметных людзях вайны. Будуць пісаць пра крывавых маршалаў, геніяльных правадыраў і дыктатараў, пра палітыкаў і аферыстаў, якія нажылі мільярды на смерці і слёзах немаўлятаў, але нікому не прыйдзе ў галаву напісаць аб простым чалавеку, які трапіў у пекла вайны. Як ён бачыў гэтую вайну, за што ваяваў і чаму гатовы быў ісці на смерць, на подзвіг, а часам і на ганьбу? Такая праўда патрэбна сёння, пакуль яшчэ жывыя блізкія, сыны, унукі і праўнукі тых салдат і не салдат. Пакуль новая, яшчэ больш страшная вайна не засланіла ад нас тыя цяжкія і складаныя гады.

- Божа, што вы такое, Браніслаў Іванавіч, кажаце! - пляснула рукамі дзяўчына, - якая вайна? Свет ніколі на новую бойню не пойдзе. Нам вунь з Вячаславам дзяцей раджаць і гадаваць трэба!

- Усё, усё! Здаюся! Прабачце маё глупства! Правільна, паненка, трэба думаць пра жыццё, дыхаць жыццём і як мага радзей зваць у свой дом вайну і бяду. Прабачце старому дурню!

- У Сарбоне на дурняў не вучаць, - вырашыў палагодзіць абстаноўку Скарга, тузануўшы непрыкметна Стэфанію за рукаў, - я цалкам з вамі згодны і абяцаю ў бліжэйшы час што-небудзь з гэтага архіва да вас прывезці.

- Вось за гэта дзякуй. А Сарбона - гэтая старая гісторыя, ды і там таксама, як і ў іншых падобных установах, розныя людзі вучацца, нямала там і дурняў.

Колы ў металічных абручах загрукаталі па асфальце. Праехаўшы чарговую вёсачку, ля апошняй хаты яны павярнулі налева і па касагорыне падняліся да лесу.

- Вунь, бачыце, там, здалёк справа, бачная алея старых італьянскіх таполяў, яны амаль усе ўжо выгаралі ад маланак. Гэта дарога ў Тугановічы, маёнтак Верашчакаў, дзе жыла ў юнацтве Марыля са сваёй маці і братам Міхаілам, да іх з Вільні і прывёз Тамаш Зан пагасціць свайго сябра, яшчэ мала каму вядомага паэта Адама Міцкевіча. Прывёз да пакутлівай і вечнай любові. Васямнаццацігадовая дзяўчына ўжо была засватаная за суседа графа Пудкамера, чыёй жонкай пасля і стала. Па легендзе, у Марылі і Адама нарадзілася дачка Эльвіра, якую было прынята лічыць пляменніцай Зана, выхоўвалася ў сям’і Верашчакаў. Дзяўчынка, праўда, памерла яшчэ дзіцем. Вось такая невясёлая гісторыя.

Ад некалі шматлюднага і патрыярхальнага маёнтка засталіся толькі выгарэлыя дрэвы ды рэдкія камяні з разбітых падмуркаў. Асноўнай славутасцю парэшткаў парка была група старых дубоў, якія фактычна растуць з аднаго кораня. Можа, яны адны і памятаюць усю праўду аб тым рамантычным каханні?

Тугановічы, з новымі страхотнымі пабудовамі кароўніка ды скрыўленай вадакачкай, зніклі за імі. Вазок услед за лясной дарогай нырнуў у густую зеляніну яра. Конь ступаў уважліва, насцярожана раздзімаючы ноздры і гучна фыркаючы.

- Напэўна, нейкі звер прабег нядаўна, а можа, дзе побач і залёг, - не паварочваючыся, растлумачыў вучоны. - Ну-у, родны, ужо амаль даехалі, -і ён прыспешыў ляйчынай марудлівага каня.

24

Алена доўга сустракалася з Ягорам употай не толькі ад бацькоў, але і ад сябровак, ды і сустрэчы гэтыя былі нячастымі. Хлопец, які скраў яе сэрца, кідаў усё і ледзь не сярод ночы ад’язджаў у камандзіроўкі. Але тыдзень за тыднем, месяц за месяцам непрыкметна ператварыліся ў год, а потым і яшчэ ў адзін. Тайнае жыццё яе сям’і паціху сышло на нішто. Патрэба ў кур’ерскіх паездках адпала, дадому да іх перасталі заяўляцца начамі незнаёмыя людзі, бацька ўсе свае сілы аддаваў працы, яна яму падабалася і давала канкрэтныя бачныя вынікі. Рэспубліка выбіралася з руін, асабліва гэта было заўважна ў сталіцы.

Алена, як тысячы пераросткаў, адкінутых вайной на чатыры гады назад, вучылася ва ўніверсітэце на беларускай філалогіі. Вучоба яе захапіла цалкам, дзяўчына з галавой акунулася ў народны фальклор, з задавальненнем ездзіла ў этнаграфічныя экспедыцыі, з любоўю займалася старадаўнімі песнямі і рэканструкцыяй нацыянальных святочных строяў.

З гэтага мірнага дня, напоўненага шумам універсітэцкіх аўдыторый, жарам юнацкіх спрэчак, а галоўнае - марамі аб будучым мірным і спакойным жыцці, з гэтага сённяшняга дня ўжо зусім па-іншаму бачылася недалёкае мінулае. Былыя героі і паплечнікі ўсё часцей ператвараліся ў плоскія шэрыя цені з размытымі плямамі твараў. Дзяўчыне часам здавалася: вось каб сустрэлася яна з кімсьці з былых лесавікоў або падпольшчыкаў - ці пазнаюць яны адзін аднаго? А калі даведаюцца, якой будзе іх рэакцыя на сустрэчу?

Здаралася, калі яна спяшалася куды-небудзь, Алене пачынала здавацца, што хтосьці ўважліва глядзіць ёй у спіну, і тады яна асцярожна, як яе калісьці вучылі ветлівыя нямецкія настаўнікі, запавольвала крок, прыпы- нялася ля вітрыны крамы або пыталася ў каго-небудзь пра час, пры гэтым асцярожна паварочвалася і правярала, ці няма за ёй «хваста». Нікога. Толькі спяшаюцца па сваіх справах незнаёмыя ёй людзі. Сэрца трапятала птушкай, якая трапіла ў сіло, галава гула ад сотняў розных, як правіла, узаемавыключальных думак. Аднойчы яна не вытрымала сваіх страхаў і напрасілася на шпацыр з бацькам. Турмы, пабоі, канцлагеры падкасілі яго здароўе. З-за маларухомага ладу працы лекары настойліва рэкамендавалі яму абавязковыя штодзённыя прагулкі пешшу, хоць і хадзіць яму ўжо было нялёгка. Шпацыравалі яны на пару з маці, і Антаніна Віктараўна ставілася да гэтага праменаду як да штодзённай дадзенасці, падобна як і да абавязковага гатавання ежы, уборкі і штодзённай змены насоўкі ў бакавой кішэні мужавага пінжака. Вельмі рэдка яна прасіла Алену падмяніць яе на гэтым важным участку іх сямейнага жыцця.

- Мам, а давай я сёння з татам пагуляю, - вярнуўшыся з заняткаў і здымаючы чаравікі, спыталася Алена, - а ты адпачні, можа, што пачытаеш, я вунь учора дзве вязанкі кніг прынесла, яшчэ толкам і разабраць не паспела. Старыя кніжкі, між іншым, яшчэ дарэвалюцыйныя...

- Ох і лісяня ты, маё лісяня, - прыціскаючы яе да грудзей, сказала Антаніна Віктараўна. - Добра, пачытаю, а кніжкі я ўжо разабрала, між іншым. Добрыя кнігі, дзе ты іх умудрылася здабыць?

- Дык нас жа ўсё яшчэ адпраўляюць на разборку руін, а там, ведаеш: цэлыя цагліны ў адзін бок, смецце ў іншы, драўніну і мэблю ў трэці, па­перы і кнігі ў вогнішча. У нас кнігі ў вогнішча кідаць не атрымліваецца, вось мы і цягаем па хатах. Брыгадзіры спачатку лаяліся, маўляў, яшчэ невядома, што там у гэтых кнігах напісана, але мы іх хутка супакоілі, паказаўшы працы заснавальнікаў марксізму-ленінізму. Мы і ва ўніверсітэцкую бібліятэку шмат чаго нанасілі. А якія табе кніжкі спадабаліся?

- Вось вернецеся з прагулкі, разам і разбярэмся, ды і бацьку будзе цікава, я думаю. Ты ідзі, перакусі і спускайся да пад’езда. Ён тэлефанаваў і папярэдзіў, што падымацца не будзе, а адразу пойдзе «на сцежку здароўя». Ён будзе рады, што ты з ім пагуляеш, а то мы неяк у апошні час усё больш па сваіх каморках як суслікі сядзім. Добра хоць яшчэ разам снедаем. А ўжо калі разам вячэралі - я і не памятаю.

Апошнюю фразу Алена ўспрыняла як папрок. Сапраўды, калі ў яе жыцці з’явіўся Ягор, яна вечарамі амаль перастала бываць дома, а часам і не начавала. Спачатку прыдумвала нейкія адгаворкі, сябровак, познія вячоркі, а пасля адной размовы з маці, калі амаль усё ёй распавяла, патрэба ў хлусні адпала, але і прывесці свайго кавалера дадому яна ўсё ніяк не вырашалася.

Бацька шчыра ўзрадаваўся. Бачачы гэта, яна вырашыла не псаваць яму настрой сваімі дурнымі страхамі ды і наогул спалохалася, як бы той у яе жаданні пагуляць з ім не западозрыў дробную карыслівасць і эгаізм.

- Вось і добра, што ты вырашыла пахадзіць гадзінку са старым, даў- нютка мы з табой ужо вось так спакойна, не спяшаючыся, не хадзілі, а галоўнае, не размаўлялі. Я са сваёй працай усё закінуў, ды і ты, недзе ўвесь час прападаеш. Маці, напэўна, ведае ці здагадваецца, але мяне ў вашы сакрэты не пасвячае. Ну і як там беларуская моладзь ацэньвае свае будучыя перспектывы?

- Ты ж у мяне самы разумны і мудры, ты сам усё разумеет і ведает лепт за мяне. Ну праўда, так ужо атрымалася: і заняткі, і праца, і нагрузкі...

- І каханне, - скарыстаўшыся невялікай паўзай, мякка дадаў Яўген Леанідавіч.

- А ты кажаш, мама «не пасвячае». Не ведаю, тат, каханне гэта ці яшчэ што, але не бачыцца з ім вельмі цяжка. Вось як-небудзь рашуся і прывяду знаёміцца, толькі ён зусім не наш, горш за тое... - дзяўчына на­брала поўныя лёгкія паветра і выдыхнула, як ёй здавалася, самае цяжкае прызнанне: - Ён, ён чэкіст...

Слёзы самі па сабе хлынулі з вачэй, з грудзей вырваўся ледзь чутны стогн стомленай адчаем душы. Яна ўткнулася ў бацькавыя грудзі, і яго вялікія моцныя рукі пяшчотна гладзілі яе галаву.

- Ну вось, - працягваючы ўсхліпваць, выціраючы слёзы, вымавіла дзяўчына. І столькі ў гэтых кароткіх словах было горычы, сораму, рас­каяния і пяшчоты, што не толькі бацькоўскі слых, але і Усёвідушчае Вока нябеснае не магло застацца абыякавым да таго, хто іх выпакутаваў, вынасіў у сабе і вымавіў як споведзь, як апраўданне нечаму вышэйшаму, непадуладнаму чалавечай існасці.

Назад Дальше