Вярнуўшыся дахаты, я яшчэ раз перачытаў рукапіс. Мабыць, яго перадрукавалі з арыгінала. І нягледзячы на лірычныя адступленні ад рукі начальніка, ён максімальна адпавядаў зыходнаму варыянту. Што да Шпэтавага расказу, дык ён у Штусікофэне хваліўся забойствам, якога не ўчыняў, а Колер у Мюнхене зваліў забойства на чалавека, якога хацеў прыбраць разам з забітым. Я зняў з рукапісу фотакопію. Адрас доктара h.c. Ісака Колера я знайшоў у тэлефоннай кнізе. Я адправіў копію яму. Праз некалькі дзён я атрымаў пісьмо ад Элен Колер. Яна прасіла мяне наведаць яе. Бацькава маёмасць не дазваляе ёй адлучацца з дому. Я адказаў тэлефонным званком. І ўжо на другі дзень уступіў у колераўскія валоданні.
Калі я ішоў да чыгуннай рашоткі, у мяне было такое адчуванне, быццам я ўступаю ў рукапіс і гэты рукапіс мяне кампраметуе. Сама прырода дыхала багаццем. Кастрычніцкая флора тут добра адшкадавалася сваімі дарамі. Дрэвы як на падборвелічныя і ў летнім уборы. Не дзьме фён. Акуратна падстрыжаныя кусты і жывыя агароджы. Замшэлыя статуі. Голыя барадатыя багі з маладзецкімі сцёгнамі і такімі ж лыткамі. Ціхія сажалкі. Велічная пара паваў. Навакол мёртвая, дрымотная ціша. Толькі зрэдчас птушыныя галасы. Сцены дома ўвітыя дзікім вінаградам, плюшчом і ружамі, сам ён вялікі, прасторны, са шчытом. Усярэдзінелёгкі і ўтульны. Антыкварная мэбля, кожны прадметтвор мастацтва. На сценахславутыя імпрэсіяністы. Далейпознія фламандцы (мяне вяла па доме старэнькая пакаёўка). Мне было прапанавана пачакаць у кабінеце доктара h.c. Ісака Колера. Памяшканне было прасторнае. Вызалачанае сонцам. Праз адчыненыя дзверы можна было выйсці проста ў парк. Вокны абапал дзвярэй даходзілі амаль да падлогі. Паркет з каштоўных пародаў дрэва. Гіганцкі пісьмовы стол. Глыбокія скураныя крэслы. На сценах ніякіх карцін, толькі кнігіда самай столі. Выключна кнігі па матэматыцы і натуральных навуках, салідная бібліятэка. У прасторнай нішыбільярд з чатырма шарамі на полі. Праз адчыненыя дзверы ўкаціў сябе h.c. Ісак Колер, яшчэ больш кволы і эфемерны, яшчэ больш празрысты, амаль фантом. Мяркуючы па ўсім, ён мяне не заўважыў. Ён пад'ехаў да більярда, выцерабіўся, на маё здзіўленне, з крэсла і пачаў заўзята гуляць. З дзвярэй у задняй сцяне ўвайшла Элен. Спартыўны выглядджынсы, шаўковая кашуля, жыкет ручнога вязання з трыма вялікімі квадратамі, чырвоным, сінім і жоўтым. Яна прыклала палец да вуснаў. Я зразумеў і пайшоў за ёю. Прасторная гасцёўня. Зноў адчыненыя дзверы. Мы селі на тэрасе. Пад тэнтам. Апошні раз сёлета я сядзеў на свежым паветры. Старыя плеценыя крэслы. Чыгунны стол з шыферным верхам. На газонекасілка. Першыя кучы восеньскага лісця. Паміж імі павы. Яна сказала, што я застаў яе за працай у садзе. Углыбіні парку нейкі хлопец капаў зямлю. І пасвістваў. А ад паваў трэба было пазбавіцца. Суседзі пратэстуюць. Яны пратэстуюць ужо пяцьдзесят гадоў. Але бацька любіць паваў. Як ёй здаецца, выключна назло суседзям. Ён даваў сваім павам крычаць колькі ўлезе. Нягледзячы на шматразовае ўмяшальніцтва паліцыі. На свеце няма гуку больш мярзотнага за павін крык. Дамы навокал праз гэты павін крык прыкметна патаннелі. Адпаведна ўпалі цэны і на зямлю. Тады бацька скупіў усё падрад, і суседзі заткнуліся, больш не маглі скардзіцца. Потым яна наліла мне чаю. Я сказаў, што яе бацькапачвара. Яна не спрачалася. А рукапіс прачытала? Прагледзелабыў адказ. Я сказаў, што Шпэт яе кахаў, але пра гэта яму было нялёгка пісаць, і яна ж таксама колісь кахала яго. Ах, гэты мілы Шпэт, адказала яна. Адзіная жанчына, якую ён кахаў, была Дафна, пра яе ён і піша асабліва замілавана. А каханне да яе, Элен, проста выдумляе. Выдумляў, удакладніў я, наш мілы Шпэт два тыдні таму назад сканаў у даліне Штусі. «Чай зусім прастыў», сказала яна і выплюхнула з чашкі праз агароджу тэрасы на пасыпаны жоўтым лісцем газон, якраз пад ногі хлопцу, які з нахабным свістам прабягаў міма.
А потым закрычалі павы. Звычайна яны гэтай парою не крычаць, патлумачыла Элен, зараз перастануць. Але павы не пераставалі. «Хадземце лепш у харомы», прапанавала яна, і мы ўвайшлі ў дом, зачынілі за сабою дзверы, селі ў два фатэлі, паміж якімі стаяў гульнёвы столік. Каньяку? Так, калі ласка. Яна наліла. Павы за дзвярыма ўсё крычалі, тупа, злавесна. На шчасце бацька іх не чуе, сказала яна, а потым спыталася, ці чытаў я, што напісана пра сапраўдную Моніку Штаерман. Усё гэта ўяўляецца мне досыць непраўдападобным, адказаў я. Яна таксама была аднаго разу запрошана да Монікі Штаерман, летнім вечарам, пачала Элен, ёй тады не было і васемнаццаці, і яна, як усе ў гэтым горадзе, прымала Дафну за Моніку Штаерман, захаплялася ёю, але і зайздросціла таксама, у прыватнасці праз Бэна, таму што Бэна пазбягаў яе, хоць у тыя часы спакушаў усіх падрад, гэты красунчык Бэна, тады лічылася найвышэйшым шыкам і прэстыжам пераспаць з Бэна, гэтак жа як лічылася шыкам і прэстыжам пераспаць і з Монікай Штаерман; хоць усе былі перакананыя, што яны абое ў будучым пабяруцца, але гэта якраз і вабіла. Яна, Элен, была, што ні кажы, дачка Колера і таму недатыкальная. Бэна свядома пазбягаў яе, а яна прыняла запрашэнне Монікі Штаерман без ніякіх ваганняў, магчыма сама ў сабе спадзеючыся застаць там Бэна, настолькі яна была ў яго закаханая. Пасля вячэры, за чорнай кавай, яна паведаміла бацьку пра свой намер. Бацька спытаўся, куды менавіта яе запрасілі, на Аўрораштрасэ ці не, і наліў сабе «Марк». Дома ён заўсёды п'е «Марк». У «Мон-рэпо», адказала яна. Туды яшчэ дагэтуль нікога не запрашалі. Нікога, сказаў бацька. Дагэтуль туды запрашалі адно Людэвіца і яго самога. Дык вось ці можа ён даць ёй параду? Яна ўсё роўна не паслухаецца ніякіх парадаў, задзірыста адказала яна. Не трэба ёй прымаць гэтага запрашэння, сказаў бацька і выпіў свой «Марк». Гэта і была яго парада. Але яна ўсё адно пайшла. Даехала на ровары да Вагнерштуца, прыхіліла ровар да агароджы і пазваніла каля брамы, працягвала Элен далей свой расказ. І здзівілася, што за гэтым нічога не паследавала. Потым яна заўважыла, што рашотчатыя весніцы наогул не зачыненыя, яна адчыніла іх і ўступіла ў парк, але, ледзь уступіла, адразу ж адчула прыступ незразумелага страху. Яна ўжо была хацела вярнуцца, але цяпер ужо весніцы не паддаваліся. Калі дагэтуль Элен расказвала няўпэўнена, запіналася, дык тут пачала гаварыць так, быццам усё, што адбылося пасля, адбылося не з ёю, а з кімсьці іншым. З гэтага моманту, расказвала Элен далей, яна ўжо не сумнявалася, што яе завабілі ў пастку. Заняхаены парк быў заліты вечаровай чырванню, гэты паток святла здаўся ёй благім знакам. Яна аўтаматычна ішла далей да нябачнай вілы. Друз парыпваў пад нагамі. Яна заўважыла садовага гнома, аднаго, потым яшчэ трох, пасля адразу некалькі ўздоўж дарожкі, яны стаялі сярод бадылля непадстрыжанага газона, сярод лубіну і смолак, выглядвалі са сплётаў карэння: нягледзячы на мардаценькія тварыкі, у гэтай злавеснай вечаровай чырвані яны здаваліся падступнымі і гнюснымі, асабліва калі яна заўважыла, што ўніз з дрэваў таксама шчэрацца гномы, паляць люлькі, ад агіды яна ўсё хутчэй бегла сярод гномаў, пакуль не апынулася перад цэлай сцяной гноміх з велізарнымі галовамі, большымі за тыя, якіх яна ўбачыла спярша, прыкладна з чатырохгадовае дзіця. Дранцвеючы ад жудасці, яна заўважыла, як адна з гэтых фігур ашчэрыла ёй зубы. У панічным страху яна паляцела па парку, міма непрыстойных гномаў, пакуль не выскачыла на лугавіну, дзе ніякіх гномаў не было, сама лугавіна падымалася ўгору, а наверсе яе вачам адкрылася віла. Задыхаючыся, яна спынілася і паглядзела назад. Спадзеючыся, што ўсё гэта ёй толькі памроілася, што яна ўбачыла кашмар. Але яна ўбачыла ашчэраную гноміху, якая дробненька дыгала, спяшаючыся да яе. Яна кінулася да вілы, уляцела ў адчыненыя дзверы, яна чула ў сябе за спінай дробненькі тупат, яна прабегла праз вестыбюль, потым праз залу, дзе ў каміне патрэскваў агонь, хоць на дварэ стаяла лета, нідзе ні душыі толькі дробненькія крокі за спінай. Яна ўбегла ў нейкае падабенства кабінета. Сцены, заклееныя фотаздымкамі Бэна, страшэнна яе спалохалі. Першым парываннем было вярнуцца назад, але ў зале, у водблісках каміна, яна зноў угледзела карліцу з велізарнай, безвалосай галавой, маленькімі зморшчаным тварыкам і вырачанымі вачыма. Элен бразнула дзвярмі кабінета і замкнулася ссярэдзіны. Яна была адна. Яна кінулася ў скураны фатэль, адчула непрывычны саладжавы пах і самлела. Ачуўшыся, убачыла, што яе з усіх бакоў зашчамілі чытыры голыя магуты, пра якіх пазней магла б толькі сказаць, што яны былі безвалосыя і што ад іх патыхала аліўкавым алеем, якім яны нашмараваліся і таму былі такія слізкія, як рыбы. Яе раздзелі, як яна ні ўпіралася. Яна пачула нястрымны смех і ўбачыла жанчыну, якою захаплялася і якой зайздросціла і якую прымала за Моніку Штаерман. Голая Дафна Мюлер сядзела ў скураным фатэлі. Гэта яна смяялася. Раптам аднекуль узнік прафесар Вінтэр, голы, трыбухаты. За спінай у юрлівага фаўна яна ўбачыла карліцу. Тая сядзела на шафе і пераможна сузірала Элен. Калі чорнабароды сатыр авалодаў Элен, у яе ў галаве бліснула думкаменавіта бліснула, гэта не проста ўстойлівае словазлучэнне, думка пранікла ў яе мазгі, як пранікае бліскавіца, і не засталося іншых думак, акрамя адно што ўсё тут адбываецца з ёю толькі з волі гэтай карліцы, якая загнала яе ў гэты кабінет, каб з ёю, Элен, зрабілі тое, чаго палка жадала сама карліца, але чаго з карліцай нельга было зрабіць, а потым, калі на яе кінуўся Бэна, а за ім чацвёра слізкіх голых, і ўсё гэтапад несціханы смех Дафны, Элен ахапіла (адзіная магчымасць супраціўляцца, адзіная зброя) бязмерная пажада, яна ўскрыкнула, яна крычала, крычала, пажада рабілася тым больш неспатольнай, чым зайздрослівейшым рабіўся позірк карліцы. Карліца дрыжала ўсім целам, у вачах у яе бачылася нешта большае, чым бязмежная зайздрасць, здавалася, быццам яна дрыжыць ад гора, што не дадзена ёй, карліцы, зведаць асалоду, якую адчувае тая, якую гвалцяць на яе ж загад яе ж халопы. Нарэшце карліца ў поўным жаху закрычала: «Годзе!»і разверзлася нястрымным хлюпаннем. Элен адпусцілі, карліцу вынеслі, Элен засталася ў кабінеце адна. Яна сабрала сваю вопратку, у зале яшчэ не прагарэў камін, прабралася праз вестыбюль у цёмны парк, дайшла да брамы. Брама была не замкнёная, закончыла Элен сваю аповесць, і яна паехала дамоў на ровары.
Яна памаўчала. Пасля спыталася ў мяне, ці не шакіраваны я яе расказам. «Не, адказаў я, але чарачка каньяку мне цяпер не зашкодзіла б». Яна наліла мне і наліла сабе. Калі яна вярнулася, працягвала яна далей свой расказ, бацька ўсё яшчэ быў у кабінеце за пісьмовым сталом. На яе амаль не глянуў. Яна яму ўсё расказала. Тады ён падышоў да більярда і зайграў. А ў яе спытаў, чаго ёй яшчэ трэба. Адпомсціць, сказала яна. «Забудзь пра гэта», сказаў бацька. Але яна прагнула помсты. Тады ён перастаў іграць і ўважліва паглядзеў на яе. Ён раіў ёй не хадзіць туды, а яна не паслухалася, пайшла. Яе клопат. Ніхто не абавязаны слухацца парадаў, інакш парада будзе не парада, а загад. Тое, што здарылася, не мае значэння, бо яно ўжо здарылася. Яго трэба адкінуць, хто не ўмее забываць, той кідаецца пад колы часу і дае сябе раздушыць. А яна настойвае на помсце. Дзетачка, сказаў бацька, гэта ён першы раз у жыцці так яе назваў, усё, што ім дагэтуль было сказана, гэта таксама не больш як парада, але калі яна патрабуе помсты, выдатна, будзе ёй помста. І гэта ўжо ягоны клопат. Потым ён паклаў на більярднае поле чатыры шары і стукнуў, толькі адзін раз, спярша паслаў шар у борт, адтуль шар адкаціўся назад і саштурхнуў другі шар у лузу. Вінтэр, сказаў бацька, калі чарговы шар знік у лузе. Бэна. Потым Дафна. А калі ён сказаўШтаерман, на полі ўвогуле больш нічога не засталося. А яна? спытала Элен. А яна была кіем, адказаў ён. І кій спатрэбіўся яму ўсяго адзін раз. Што будзе з імі? спытала яна. Яны памруць, адказаў бацька. У той паслядоўнасці, якую ён устанавіў. А цяпер хай ідзе спаць, яму трэба папрацаваць.
Гэтая размова, працягвала яна, крыху памаўчаўшы, калі мы паспелі выпіць па трэцяй, а з суседняга пакоя пачуўся стук більярдных шароў, гэтая размова захавалася ў яе памяці больш злавеснай, чым тое, што адбылося ў «Мон-рэпо», у сябе ў пакоі яна патушыла святло і доўга ў гэтую бясконцую ноч разглядвала неміласэрныя зоркі, якім не абыходзіць тое, ці ёсць на жалю вартым, нікчэмным шарыку Зямлі, жыццё, ці няма, а пра чалавечы лёс і гаварыць няма чаго, і тут яе забрала злосць, бацька, вядома ж, хацеў, каб яна туды пайшла, і цвёрда спадзяваўся, што цікаўнасць пацягне яе. Але вось чаму карліца абрала менавіта яе? Каму было наканавана прыніжэнне: Элен ці бацьку Элен? Калі бацьку, чаму ён тады спачатку адгаворваў яе помсціцца? Хацеў сабе вырашыць пытанне, ці варта яму ўступаць у барацьбу ці не? Але ў імя чаго вялася гэта барацьба? І хто каму ў ёй супроцьстаяў? Яе непакоіла думка, што за цагельным трэстам, пра які бацька абавязкова ўспамінаў як бы жартам, крыюцца іншыя, куды больш значныя гешэфты і што ён час ад часу заводзіць мову пра сілікон, якому належыць будучыня, хоць усе, у каго яна толькі ні пыталася, адказвалі, быццам, ані подумкі, ані здагадкі, пра што гэта талкуе бацька. Можа, барацьба ўспыхнула паміж ім і Людэвіцам? І тым, што з ёю здарылася, Штаерман давала бацьку зразумець, што не хоча больш ягонага ўмяшальніцтва?
Я задумаўся над яе расказам. Аднаго не разумею, сказаў я, ваш бацька распавядаў у Мюнхене пра забойства, што матыў ён падаў фальшывы, не бяда, хай так, але вось што яму толькі каля рэстарана прыйшла ў галаву думка скарыстацца рэвальверам ангельцане і не, гэта непраўдападобна. Элен уважліва паглядзела на мяне. Небывала прыгожая жанчына. Ваша праўда, сказала яна, бацька схлусіў. Яны ўдваіх абгаварылі гэта забойства. І небарака Шпэт пра гэта здагадаўся. Ён застрэліў Вінтэра са свайго рэвальвера, пасля сунуў яго ў кішэню міністру, а ўжо пасля яна дастала рэвальвер з кішэні і ў Лондане выкінула яго ў Тэмзу. Міністр ляцеў не на самалёце кампаніі «Свісэйр», засумняваўся я. Так, Штусі-Лойпін меў рацыю, выстаўляючы гэта пярэчанне, адказала яна, але і Штусі-Лойпін не мог ведаць, што яна суправаджала міністра па ягонай асабістай просьбе. Дзеля гэтага яна рэгулярна наведвала яго ў прыватнай клініцы. Яна змоўкла. Я агледзеў яе. У яе за плячыма было цэлае жыццё, і ў мяне за плячыма было цэлае жыццё. «А Шпэт?»спытаў я, але яна ўхілілася ад майго позірку. Я расказаў ёй пра сваю сустрэчу з Шпэтам. Яна выслухала. У Шпэта склалася памылковае ўражанне пра яе, спакойна сказала яна, вось і ў мяне складваецца пра яе памылковае ўражанне. Усяго праз некалькі тыдняў пасля той ночы яна ўступіла ў сувязь з Вінтэрам, а потым з Бэнаадсюль і свара Бэна з Вінтэрам і Дафны з Бэна, і яе разрыў з Штаерман, з кім яна яшчэ спала, па сутнасці няважна, хай хоць з усімі падрадвось, бадай што, самы дакладны адказ. Яна і сама сябе не разумее. Яна зноў і зноў спрабуе знайсці рацыянальнае тлумачэнне нечамусь ірацыянальнаму, але яе паводзіны не залежаць ад розуму. І можа, усе тлумачэнні ёсць усяго толькі зачэпка, каб апраўдаць сваю натуру, якая ў тую ноч у «Мон-рэпо» заявіла пра сябе магутным парываннем, можа, употайкі марыць пра ўсё новыя гвалты, бо чалавек бывае свабодны адно калі яго гвалцяць, свабодным нават ад сваёй волі. Але гэта, зразумела, усяго толькі адзін з варыянтаў тлумачэння. Нядобрае адчуванне, што яна была толькі прыладай у руках бацькі ніколі не пакідала яе. Усе, каго ён назваў падчас той гульні на більярдзе, памерлі ў ім жа названай чарговасці. Штаерманапошняя. Два гады назад. Як параіў бацька, яна ўвайшла ў канцэрн па зброі, ад чаго акцыянернае таварыства «Трог» прагарэла. А потым Моніку Штаерман знайшлі мёртвую на яе грэчаскім востраве. І чатырох целаахоўнікаў, зрашэчаных кулямі. Прычым Штаерман знайшлі толькі праз паўгодаяна вісела ўніз галавою на аліве. Хіба я не чытаў пра гэта? Прозвішча Штаерман ні пра што мне не гаварыла, адказаў я. Калі ў газетах было апублікавана паведамленне пра знікненне Штаерман, сказала Элен, яна знайшла на стале ў бацькі тэлеграму, у якой не было нічога, апрача радка 1171953, калі прыняць гэты радок як дату, дык атрымаецца дзень згвалтавання. А як што забойства было ўчынена па даручэнні бацькі, хто яго выканаў, і хто стаяў за выканаўцамі, і хто стаяў за тымі, што стаялі за выканаўцамі? Ці азначала смерць Монікі Штаерман канец нейкай эканамічнай вайны? Ці была гэта вайна за ўладу нечым рацыянальным альбо ірацыянальным? Што наогул творыцца на свеце? Яна не ведае. Я таксама не ведаю, сказаў я.
«Але вернемся да Шпэта», прапанаваў я, калі, вядома, яна не супраць. Яна сказала, што не супраць; калі Шпэт узяўся за даручэнне яе бацькі, яна спадзявалася, што ён дакапаецца. Дакапаецца да чаго? Да таго, хто падбухторыў яе бацьку на забойства. «Не надта лагічна», сказаў я. «Чаму ж?»адказала яна, гэта яна падбухторыла. У яе ж быў выбар. Атрымліваецца замкнутае кола, канстатаваў я, спярша яна валіла віну на бацьку, цяпер на сябе. Мы абое вінаватыя, сказала яна, Ну, гэта ўжо нейкае вар'яцтва. А яна і ёсць вар'ятка. «Далей», скамандаваў я. Яна не давала вывесці сябе з раўнавагі. Калі пасля таго, як бацьку апраўдалі і ён з'ехаў, Шпэт груба накрычаў на яе і ўжо мала не дабраўся да ісціны, а яна пайшла да начальніка паліцыі і ва ўсім яму прызналася. «Гэта ж як разумець?»спытаў я. Яна прызналася, яна прызналася ва ўсім, паўтарыла Элен. «Ну і што?»спытаў я. Яна памаўчала, потым адказала, што начальнік паліцыі спытаўся ў яе гэтак сама «Ну і што?». Пасля чаго раскурыў цыгару і сказаў, быццам усё гэталеташні снег, Бэна сам пакінуў жыццё, высвятляць задам наперад, хто менавіта страляў, альбокуды ўжо тамдаваць нырца ў Тэмзу і шукаць там рэвальвер не ўяўляецца магчымым, бываюць выпадкі, калі справядлівасць траціць сэнс і ператвараецца ў фарс. Яна хай ідзе сабе дамоў, а ён сваёй чаргой забудзе, пра што яна яму тут распавядала. Чаму яе бацька ані словам не памянуў Шпэта? спытаўся я. Ён яго забыў, адказала. І Штусі-Лойпіна таксама, сказаў я. Увогуле вельмі дзіўна, сказала, яе бацька перакананы, што забойства ўчыніў не ён, а Бэна. Яна адзіная, каму яшчэ вядома, што забойцам быў яе бацька. А ці дакладна ёй гэта вядома, спытаў я, хоць і мала верагодна, але, магчыма, забойцам усё-такі быў Бэна. Яна заматала галавой. Не, бацька. Яна аглядала рэвальвер, які дастала з кішэні міністра, а дома сама яго зарадзіла.
Я спытаўся, навошта яна мне ўсё гэта расказала. Яна здзіўлена паглядзела на мяне. Тады навошта я пераслаў ёй рукапіс? Толькі каб дакапацца да праўды? Я перш за ўсё пісьменнік, якога цікавіць не чужая праўда, а свая ўласная, я думаю толькі пра тое, каб напісаць раман, і ні пра што іншае, і калі выйдзе кніга, дык яна будзе падпісана маім імем, а не імем Шпэта. Каму належыць рукапіс, мне ці Шпэту, ведаю толькі я, а я кажу, што атрымаў яе ад начальніка паліцыі. Яна таксама ведала старога балбатуна, ён часта бываў у гасцях у яе і яе бацькі і шчыраваў з ім. Гэтак сама ён мог шчыраваць і са мной. Але ўжо калі я хачу скарыстацца ёю, дык не трэба апісваць яе як гётэўскую жанчыну, якіх трэба пералупцаваць усіх да адной, настолькі яны занудлівыя, калі, вядома, не лічыць Філіны, адзінай з ягоных твораў, з якою старэнькі і сам не цураўся пераспаць. І Элен нерухома паглядзела перад сабою. Міма акна, пасвістваючы, прайшоў той самы хлопец. А ці знайду я сам дарогу? Я развітаўся. Стары па-ранейшаму ганяў шары. Ад борта дубэльтам.