Будзе сапраўдны князь, трошкі нават расчулена сказаў ён. Не сродак, не цацка чужой сілы Віншую цябе, гаспадар Юры.
Толькі калі Раўбіч адвёў вочы, Алесь заўважыў, якая на ім дзівосная вопратка. Гэта быў сурдут не сурдут, a нешта пашытае пад кароткую і шырокую чугу. Пашытае, відаць, першакласным майстрам з вельмі дарагога, танюткага шэра-блакітнага сукна. Каб не гэта, Раўбіч выглядаў бы старасвецкім дваранінам з мядзведжага кута.
Усё астатняе было звычайнае: шэрыя панталоны, забраныя ў боты на высакаватых абцасах. Усё, акрамя аднаго: запясце правай рукі, жылістае і загарэлае, моцна перахопліваў шырокі жалезны бранзалет, пацьмянелы ў паглыбленнях, бліскучы на пукатых паверхнях, зроблены таксама па-майстэрску. Алесь краем вока заўважыў на ім нейкія трыліснікі, сцябліны чартапалоху, стылізаваную шыпшыну на капцы і фігурку конніка на шалёным кані. Ад гэтых назіранняў адарваў яго мяккі жаночы голас:
Яраш, ты паглядзі толькі, які ён зараз гожанькі. Проста хлопчык з партрэта Аляшкевіча.
Абражаны гэтымі словамі, ён таргануў галавой управа і сустрэў спакойны позірк цёмна-блакітных вачэй сталай жанчыны, якая стаяла побач з Раўбічам. Жанчына была звычайная, з русай каронай валасоў на галаве, з трошкі вінаватай, вельмі жаночай усмешкай на прывялых вуснах.
Вось вам і мой старэйшы, пані Эвеліна, сказаў бацька. Бачыце, які недарасль выгадаваўся.
Які ён недарасль, сказала Раўбічава. Ён проста харошы хлапчына. Якраз таварыш майму Франсу. Пазнаёмцеся, дзеці
Франс, чорнавалосы, матава-бледны, прыгожы хлопчык, працягнуў Алесю руку з пачуццём уласнай годнасці. Тонкі рот ветліва і трошкі завучана ўсміхаўся. Малады Раўбіч, асабліва ладны ў сваім бездакорным дзіцячым фраку з чорнага тонкага сукна, схіліў галаву:
Мяркую, вы цяпер будзеце ў нас частым госцем, князь, сказаў ён па-французску. Ваша свята падабаецца ўсім, і вы таксама.
Алесь таксама схіліў галаву. Паводзіны Франса яго забаўлялі, і ён паспеў заўважыць за манерамі маладога прыдворнага тое, што ратавала Франса і не рабіла яго смешным: нейкую ўнутраную іронію да таго, што ён казаў.
Чаму вы не прывезлі сваёй малодшай? ветліва спытаў пан Юры. Старэйшую я заўважыў. A Наталі няма
Што вы, вінаватая ўсмешка Раўбічавай рабіла яе твар асабліва прыемным. Наталі ж толькі два гады.
Гэта дзіцячае свята, сказаў бацька і падкрэсліў: Таму я і запрашаў усіх. Для такіх гасцей мы аддалі асобны пакой з цацкамі.
Я думаю, што наступны раз мы выправімся, сказала пані Эвеліна. A пакуль што, сапраўды, дзе ж старэйшая?
З натоўпу гасцей якраз y гэтую хвіліну выбралася дзяўчынка, гады мо на два маладзейшая за Алеся, па-дзіцячы даўганогая, y белай, званочкам, сукенцы, што адкрывала яе загарэлыя моцныя ножкі.
Notre enfant terrible, з усмешкай сказала Раўбічава.
Enfant terrible набліжалася да іх даволі рашуча і амаль цягнула за руку, як вялізную ляльку, Ядзечку Клейну. Тая ледзь паспявала за сваёй мучыцелькай.
Вось, сказала мучыцелька. Вось яна, Ядзя. Так і не ўцякла.
Вечар добры, Ядзенька, сказала Раўбічава. A ты, Міхаліна, трымай сябе прыстойна. Вось хлопчык, якога сёння стрыглі, пазнаёмся з ім.
Яго толькі сёння стрыглі? прыўзняла бровы дзяўчынка. Зусім як дзяўчынку Бедны!
Вочы Раўбіча смяяліся. Ён скоса глянуў на пана Юрыя і сустрэў яго вясёлы позірк.
Не чапляйся да слоў, Міхаліна, сказала Раўбічава.
Ма-а, з дакорам сказала малое, ты ж ведаеш, я не люблю
Не чапляйся да маіх слоў, Майка, больш паблажліва сказала маці.
Не буду, сказала Майка. Дальбог, не буду, матулечка.
I глянула на Алеся халаднаватымі вачыма.
У вас нейкае зусім сялянскае імя, хлопчык, паважным птушыным галаском сказала яна. Чаму б гэта?
Алесь раззлаваўся:
A чаму гэта ў вас такое дзіўнае імя, маленькая дзяўчынка?
Белая шаўковая яе сукенка прыемна адцяняла слабы залацісты загар на руках. Валасы былі сабраны ў высокую прычоску, смешную на дзіцячай галоўцы.
«Каб не язык, зусім някепскае было б дзяўчо. Адцягаць бы цябе за валасы. Ведала б, як жарты строіць».
A пад брывамі насмешліва глядзяць на яго цёмна-блакітныя, як марская вада, вочы.
Дзяўчынка ўздыхнула і першая адвяла позірк, не вытрымала. Губкі яе таргануліся, бы ад няўлоўнай крыўды. Але яна стрымалася і знешне спакойна паправіла на плячах доўгую карункавую мантылью. Калі яна гэта рабіла, яе рукі агаліліся вышэй локцяў, няспрытныя, худыя, як пруцікі, рукі з вострымі локцікамі. I гэта неяк памірыла з ёю Алеся, бо ён адчуў сябе мацнейшым.
Бацька падміргнуў Раўбічу, і дарослыя перасталі звяртаць увагу на дзяцей. Пан Юры падаў знак музыкам, і тыя грымнулі нейкую ўрачыста-сумную мелодыю.
Прыгонны капельмайстар Вежы напісаў, сказаў Раўбічу бацька. Спецыяльна на гэты дзень
A музыка грала. З нейкай гордай прыхаванай сілай. Ці то шумеў сітняг на бясконцых балотах, ці то чуўся ў цемры стомлена-мужны крок тысяч ног? Ён перарываўся часам, каб даць месца чамусьці змрочнаму і цяжкаму, a потым зноў гучаў.
I, прашываючы гэта, срэбная, нібы з жураўлінага горла, вяла сола труба.
Алеся як сціснула нешта за горла. Ён кінуў вачыма на Раўбіча і ўбачыў, што ў таго апушчаны свінцова-цяжкія павекі.
Назва? спытаў Раўбіч адрывіста.
«Курганная шыпшына», адказаў бацька. Бадай, ці не надта змрочна для такога дня. Але Вежа настойваў.
Правільна зрабіў Вежа, пасля паўзы сказаў Раўбіч.
Труба змоўкла.
Госці стаялі трошкі адурэлыя ад нечаканага пачатку. I ў гэтай цішыні бацька выступіў амаль на сярэдзіну залы.
Шаноўныя панове. Шаноўныя гаспадыні і гаспадары. Сённяшні дзеньпершы дзень юнацтва майго сына. Музыка, якой вы так былі здзіўлены, была напісана дзеля яго і гралася для яго. Яна не датычыцца вас. У гэты ўрачысты вечар вы павінны весяліцца.
Бацька быў бадай непрыемны Алесю ў гэтую хвіліну. Алесь зірнуў на Раўбіча, сустрэў яго позірк і зразумеў, што той адчувае тое ж самае.
Сёння свята дзяцей, казаў далей бацька. I таму першы танец належыць дзецям Дзеці, станьце ў пары Алесь, выберы даму для першай пары.
Невядома, як гэта выйшла, Алесь яшчэ за хвіліну зусім не хацеў гэтага, але ён стаяў ля Майкі і працягнуў гэтай агіднай зласлівіцы сваю руку За ім, другой парай, стаялі Франс з Ядвігай, потымМсціслаў з нейкай дзяўчынкай, яшчэ і яшчэ пары.
Радасна грымнуў аркестр на хорах, і пацяклі павольныя гукі паланеза.
I тады Алесь, адчуваючы ўласны спрыт і лёгкую сілу, якая раптам наліла ўсё цела, паважна, на пальчыках, пайшоў, павёў даму да дзвярэй y малую залу, якія, зусім па-чарадзейску, самі адчыніліся ў другім канцы вялікай залы.
Увесь вечар яна была зменлівая, як красавіцкі вільготны вецерза кожным кутам хаты дастане. Магла сама шукаць яго вачыма і магла не звяртаць увагі на тое, што ён шукае яе. Магла завесці з Мсціславам размову аб тым, якія смешныя інтанацыі ў мове мужыкоў і як яны дзіўна, нязграбна рухаюцца. I хаця гэта было несправядліва, Мсціслаў пакутліва чырванеў за сябра і яшчэ за сябе, бо яна з ім загаварыла, a яму гэта было прыемна.
Алесь з кожным танцам падыходзіў да яе і адразу бачыў, як мяняецца яе капрызны тварык, робіцца пакорлівы і амаль бязвольны: апушчаныя доўгія вейкі, крыху ўсмешлівы рот. Яна ішла з ім y танцы менавіта так, як хацеў ён, a y перапынках зноў расплюшчвала вочы і казала:
Шкада, што ў дзяцей няма бальных запісных кніжак О, каб былі!.. На гэты баль y ёй стаялі б дваццаць прозвішчаўкожны запісваў бы сваё I я танцавала б увесь вечар з рознымі.
I ён зноў злаваўся: аднойчы нават пайшоў скакаць мазурку з маленькай Ядзенькай Клейнай. Заўважыў, як ахвотна яна падала яму ручку, як уздыхнула з радасці, што ён падышоў, аж заззялі яе лялечныя, вялікія вочы.
А потым быў перапынак, калі разносілі марожанае. I тут Ядзенькай заняўся Франс. Сам прынёс ёй вазачку, сам стаяў ля яе, сам потым павёў да дзвярэй на тэрасу.
Тут і падышла да хлопца Майка. Хлопец пайшоў са злосці на веранду і стаяў там, гледзячы на рознакаляровыя кітайскія ліхтарыкі, якія прыгожа беглі ў цемру алей. A яна адшукала там яго, стала побач, хутаючы плечы ў белую мантылью.
Сумна, калі няма танцаў, сказала яна. Я танцавала б тры дні A вы?
Ён памаўчаў, a потым усміхнуўся:
Я таксама. Мне падабаецца, як вы танцуеце
Праўда? загарэлася яна. Ядзенька ж лепей?
I гэта так Але мне падабаецца, як танцуеце вы.
Размова ішла па-французску, і яму часам даводзілася шукаць словы. Таму ён наўмысна гаварыў запаволена, з паўзамі.
Давайце ўцячом адсюль на некалькі хвілін, сказала яна. Пойдзем y парк. Тут горача
У парку асветлены былі толькі галоўныя алеі. Спачатку па іх ішлі ланцужкі ліхтарыкаў: аранжавыя, блакітныя, чырвоныя, яны пагойдваліся сярод лістоты. Потым пайшлі звычайныя зыркія каганцы. Іхняе полымя мігцела часам ад нячутнага ветрыку, і сетка, сплеценая з ценю і святла, бегала па жвіры, па галінках, па ствалах магутных дрэў, па дзвюх маленькіх фігурках, якія ішлі ў ноч.
Каганцы таксама скончыліся, зусім непадалёку ад стаўка, над якім схіліліся вербы.
I тут іх агарнула ноч з ціхім шалёсканнем маленькіх хваль на вадзе.
Над стаўком перакочваўся ў хмарках бледны месяц. Некаторы час дзеці стаялі моўчкі, гледзячы на месячную дарожку, яркую ля другога берага і зусім цьмяную ля іхніх ног.
Вы ўвесь час так маўчыцё? спытала яна.
Яна не разумела, што ў ціхі час людзі павінны маўчаць, што мова ў такую часіну не гучыць. Непадрыхтаваны, ён шукаў слоў, якія павінны былі легчы на ноты цішыні. Але новыя ўражанні ў яго былі яшчэ кароткія і мізэрныя, ён міжволі звярнуўся да старых, больш моцных.
Рыба любіць цёмныя ночы, сказаў ён. Але ўсё адно ў такую ноч яе лавіць прыгажэй. Дзеці апранаюць цёплае рыззё і ідуць з таптухай. Дзіўна гучала ў французскім сказе слова «таптуха». Падстаўляюць яе пад вадзяныя хмызы, топчуць I рыба ў сетцы ўся блішчыць, як блакітны жар. Пераліваецца, скача A месяц плыве
Ён асекся, заўважыўшы, як грэбліва апусціўся куточак яе рота.
Я гэтых забаў не разумею, быццам назнарок, быццам жадаючы падражніць, сказала яна. «Таптуха», «рыззё» Мілагучныя словы, нічога не скажаш.
Тут раззлаваўся і ён:
A ў чым жа яшчэ па рыбу лазіць У гэтай маёй маскараднай чузе?.. У вашай мантыльі? Смеху варта
Чым гэта вам не спадабалася мая мантылья? іранічна, зусім як дарослая, спытала яна.
A тым, што няма чаго выпінацца. A тым, што гэтыя словы аніяк не горшыя за вашы, ён сыпаў гэта па-мужыцку, быццам праз бур'ян лез без дарогі. A тым, што сорам удаваць з сябе дарослую і смяяцца з людзей, якіх не ведаеш.
Я і не хачу ведаць, нейкім асаблівым, вельмі агідным тонам сказала яна. Вядома, y вас была дагэтуль зусім асобная кампанія. La compagnie exception-nelle.
Яна асабліва падкрэсліла гэтыя словы:
La compagnie ex-ceptee з «тап-ту-хай».
У гэты момант яна здалася яму такой дурніцай, што ён зарагатаў. Гэта, здавалася, збянтэжыла яе. Ужо значна менш упэўнена, але ўсё яшчэ з гонарам яна сказала:
Je n'aime pas le gros rire.
Я таксама не люблю, зусім спакойна і зноў па-французску сказаў ён і дадаў: Я думаю, нам лепей за ўсё вярнуцца.
Мне не хочацца, паціснула плячыма яна.
A мне не хочацца заставацца тут. I я не магу тут пакінуць вас адну
То што? спытала яна.
То я завяду вас сілком.
Ого, паспрабуйце.
I, перш чым ён паспеў працягнуць да яе руку, яна скочыла ўбок і, як каза, узбегла па нахіленым ствале старой вярбы, стала ў яе галінах, невыразна бялеючы над цёмнай вадой.
Сыдзіде адтуль, сказаў ён. Вярба крохкая.
I не падумаю.
Я вам сур'ёзна кажу.
Замест адказу яна здзекліва заспявала французскую песеньку пра медзведзяня, якое спаймалі ў лесе і аддалі на вывучку жанглёрам. Яго імкнуліся навучыць, але ў жанглёраў усё адно нічога не выйшла: занадта яно было тупое і няспрытнае. Яно так і не навучылася скакаць, a калі спявала, то спявала, як y лесе, і нават жанглёры затыкалі вушы.
Стоячы на дрэве, яна гайдалася ў такт смешнай песеньцы і здзекліва спявала, з асаблівым захапленнем выводзячы прыпеў:
Les choses n'iront pas!
Les choses n'iront pas!
Гэта было нават не вельмі складна. Бог ведае, на колькіх мясцовых вуснах пабывала смешная дзіцячая песня, пакуль не абцерлася да такога.
A таму Алесь сумна паківаў галавою:
Я думаў, вы зусім іншая. A вы проста злое і вельмі дрэнна выхаванае дзяўчо.
З гэтымі словамі ён павярнуўся і спакойна пайшоў прэч ад вярбы.
I раптам за яго спіною пачулася выразнае «крэк» і ўслед за тым ускрык. Вярба сапраўды была крохкая.
Ён азірнуўся. Тоўсты сук надламаўся і цяпер, гайдаючыся, боўтаўся ў вадзе. A на ім, паспела-такі зачапіцца, трымаючыся адной рукой за яго, a другой за ствол, вісела Майка.
Ён кінуўся да вярбы, узбег па ствале і, моцна абняўшы левай рукой тоўстую разгаліну, правую падаў Майцы.
Трымайся.
Яна ўхапілася. Ён цягнуў яе, але адной рукой нічога не мог зрабіць. I тады ён сеў, абхапіўшы нагамі ствол, і пацягнуў дзяўчынку абедзвюма рукамі. Ён доўга біўся, пакуль яму ўдалося ўсцягнуць яе на вярбу.
Яны пачалі спускацца. Ужо на беразе ён акінуў яе позіркам і ўбачыў, што яна нават не падрала сукенкі. Быццам нічога не здарылася, яна памахала рукой.
Я ж кажу: мядзведзь. Хапае за руку, як за сук.
Даскакалася?
Ён адчуў нешта цёплае на запясці левай рукі: з невялікай ранкі кроплямі сачылася кроў. Відаць, разадраў аб адколіну сука.
A хто вас прасіў? спытала яна. Лезеце тут
Тады ён не вытрымаў. Дрыжучы ад злосці, схапіў яе левай рукой за плячо, a правай даў плескача па тым месцы, дзе спіна перастае называцца спіной
Пасля ён моўчкі зрабіў рукой знак, каб яна пайшла.
Яна не ішла. Стаяла і глядзела на яго.
Мяне нiколi не бiлi, хутчэй з непаразуменнем, чым з крыўдай, сказала яна.
Ён маўчаў.
Дальбог, нiколi
Тут ён азваўся:
I дарэмна. Ідзі адсюль.
Яна вагалася. Нават уздыхнула ў цемры. I тут ён пачуў нешта такое
Можа, і ёсцека тут праўда амаль з вясковым прыдыханнем сказала яна.
Зусім чыста па-мужыцку
Ты што ж I гаварыць можаш? спытаў ён. Чаго ж прыкідвалася?
Бацька са мною, калі не пры гасцях, заўсёды так гаворыць, уздыхнула яна. A прыкідвалася так проста.
Ну і брыда, са злосцю сказаў ён. Ідзі адсюль. Ну, чаго стаіш? Ідзі, кажу.
Я ніколі больш не буду спяваць песню пра медзведзяня, сказала яна.
Ён размяк. Узяў яе далонямі за галаву.
Ты не плач, сказаў ён. Не трэба.
Майка парывіста прытулілася да яго.
О, прабач, прабач, Алесь, уздыхнула, як усхліпнула, яна. Я ніколі больш не буду так.
Алесь баяўся, што яна расплачацца. Магчыма, так і здарылася б, каб яна краем вока не заўважыла кропляў крыві на яго запясці.
Што гэта?
А, глупства.
О, прабач, Алесь Што ж цяпер рабіць? Ага, ведаю. Я завяжу табе руку паловай гэтай мантыльі. I кроў цячы не будзе, і ніхто не даведаецца, што ты параніўся. Падумаюць, што я проста дала табе павязку, як y песнях.
I, перш чым ён паспеў сказаць нешта, яна прыўзняла ў тонкіх руках белы вэлюм, павяла вострымі локцікамі ў бакі, і ў цемры прагучаў рэзкі гук.
I на цябе не будуць сварыцца, што падзерла? спытаў Алесь.
На мяне нiколi не сварацца, сказала яна.
Яна зрабіла павязку з бантам, як шалік. Ніхто б і не здагадаўся, што гэта павязка. A потым яны пайшлі да палаца, адкуль ужо далятала музыка: пайшлі спярша па спляценні ценю і святла ад каганцоў, потым па каляровых плямах ад ліхтарыкаў.
Каля самага ганка яна павярнулася і, гледзячы яму ў вочы, сказала:
Я ніколі не буду Толькі і ты паменш танцуй з Ядзечкай Добра?
Добра, паабяцаў ён.
А потым свісталі, імкнуліся кудысь над цёмнымі верхавінамі палымяныя змеі, зменлівае святло бегла па тварах людзей на тэрасе, a італьянскія таполі здаваліся то срэбнымі, то зусім чырвонымі, як кроў. Шалёна круціліся агнявыя колы, гучна лопаліся шматкаляровыя буракі, гарэлі ў небе літары «A» i «З», і Майка міжвольна ўздрыгвала, калі новы барвяны дракон ляцеў y неба.
Калі садзіліся за стол і Майка села побач з Aлeceм, y Ядзечкі сталі такія вочы, што Алесь сумеўся: няўжо каму-небудзь магло быць не так весела, як яму. I тады Майка прыцягнула «ляльку» за руку і пасадзіла таксама побач з Алесем, толькі з другога, правага боку, і загаварыла з ёй, і Ядзі таксама зрабілася весела, тым больш што і Франс сеў з ёю, a Мсціслаў, з месца насупраць, жартаваў так, што ўсе аж трэсліся ад смеху.