А ўжо човен вады повен, з чаўна вада свiшча.
Ой, там хлопец дзеўку клiча, не голасамсвiшча.
Магутны, мяккi, як гэта ноч, тэнар пачаў з нейкiх асаблiва патаемных, глыбокiх таноў. I, здавалася, нiчога прыгажэйшага за гэтую песню не раджала глухая ноч i цiхая плынь Дняпра. А голас лёгка пералiваўся, плакаў i малiў кагось:
Няма вёслаў, вецер човен ад берага ўносiць.
Выйдзi, ясачка, на бераг, кiнь любаму косу.
Лiлася, лiлася песня, i гэта было падобна на дзiва. I радасна стала ўсiм, калi хлопец выйшаў на бераг i абое пайшлi дахаты, а дзяўчына сказала:
Пi, матуля, тую ваду, што я нанасiла.
Шануй, мацi, таго зяця, што я палюбiла.
Голас замоўк, але ўсiм здавалася, што ўсё яшчэ адказваюць, адгукаюцца яму i паплавы з шолахам дубоў, i Дняпро, што пялёскаўся ля берага. А Андрэй, не даючы iм апамятацца, заспяваў зноў:
Ад усходу да заходу
Вятры павяваюць,
А там голуб галубачку
З слязамi шукае.
А дзе ж тая галубачка,
Што з намi лятала?
Аддаў бы я свае жыцце,
Каб мяне нахала.
I зноў мякка сарваўся, заплакаў голас:
Не я цябе, сэрца, суджу,
Судзяць на нас людзi,
Што з нашага каханейка
Нiчога не будзе.
Песня раптам абарвалася. Алесь убачыў насцярожаныя, утаропленыя ў змрок за вогнiшчам Андрэевы вочы. Хлопец павярнуўся i глянуў туды.
Амаль за яго спiною, кронак у пяцёх ад вогнiшча, узвышаўся чалавек на вараным канi. Менавiта ўзвышаўся, бо конь быў ледзь не ў два разы вышэйшы за гэтых коней, якiх пасвiлi хлопцы. Так, ва ўсякiм разе, здавалася.
Коннiк гэты ўзнiк, як здань, быццам сама цемра спарадзiла яго якраз на тым самым месцы, дзе ён стаяў цяпер. Магчыма, мяккая трава прыглушыла конскую ступу, магчыма, хлопцы, заслухаўшыся, проста не звярнулi ўвагi i палiчылi ступу варанога за тупат сваiх коней
Конь быў вараны. Пад iльснянай скурай пералiваўся кожны мускул. Цуглi адцягвалi маленькую галаву трохi ўбок, i дзiка бялеў у цемры бялок вока, падобны на аблупленае яйка. А коннiк сядзеў на канi, i дарожны плашч, таксама чорны, падаў з яго плячэй на крыж каня ледзь не па самую рэпiцу хваста. Доўгi чорны плашч. Як абвiслыя вялiзныя крылы.
Добра спяваеш, хлопчык, сказаў чалавек, усмiхнуўшыся.
Алесь бадай што перапалохана глядзеў на яго. Больш страшнага твару яму яшчэ нiколi не даводзiлася бачыць. Шырокi i загарэлы ледзь не да гарчычнага адцення, ён увесь быў папаласаваны i зрэзаны страшнымі шнарамi, якiя толькi нейкiм дзiвам не закранулi носа i вачэй. Тоўстага гарбатага носа i бязлiтасных блакiтных вачэй пад чорнымi брывамi. Вусы былi таксама чорныя i доўгiя, але нават яны не маглi схаваць ганарыстых, напышлiва падцiснутых вуснаў. А вось чорныя кудлы на галаве нехта густа перавiў сiвым павуцiннем. Павуцiнне ляжала цэлымi жмутамi, чаргуючыся з чорнымi пасмамi, i падала на плечы коннiка, на каўнер карычневага паляўнiчага адзення, калiсьцi багатага, а цяпер пацёртага i там-сям нават запэцканага.
Вышываныя саквы, якiя носяць аўчары, былi перакiнуты спераду цераз збялелую ад часу скуру сядла. З адной саквы, ля самай рукi, што сцiскала павады, тырчала дзяржальна пiсталета, вiдаць, вельмi дарагога, панскага.
Добра спяваеш, хлопчык, паўтарыў чалавек.
Алесь устаў. Ужо каму iншаму, а яму не выпадае цяпер хаваць вочы толькi таму, што другi сядзiць на панскiм канi.
Хто вы? спытаў ён больш цiха.
Чалавек не адказаў. Проста працягнуў руку i кончыкам нагайкi прыўзняў падбароддзе хлопца.
У зрэб'i, сказаў ён. Але гэта не тое.
Памаўчаў i ўладна спытаў:
Чый?
Загорскi, адказаў замест Алеся Андрэй,
Гм, усмiхнуўся чалавек, не вывеўся, значыць, яшчэ звычай. Што ж, Загорскiя, пазней трапiце да д'ябла ў лапы.
I, жорстка ўсмiхнуўшыся, дадаў:
Не думаў, што ў некаторых хрыбцiна ёсць
Хлопцы маўчалi, цесна прыцiснуўшыся адзiн да аднаго. Маўчаў i чалавек.
Хто скажа, як праехаць на Раўбiчы? сказаў ён нарэшце. Разводдзi, дарогу там-сям залiло. Блытаў паплавамi.
Дзецi вагалiся.
Ну? сказаў чалавек.
I тады Алесь узняў руку.
Туды, сказаў ён. Проста туды, цераз паплавы.
Бачыце, iскра, дадаў Андрэй, дык гэта якраз акно ў Раўбiчавым доме.
Акно ў Раўбiчавым доме, пакiваў галавою чалавек. Важна. Што ж, буду кiравацца туды А ты спявай, хлопчык. Спяваць добра Спявай, пакуль даюць.
Ён рушыў каня i пачаў агiнаць вогнiшча, але раптам спынiўся. I на твары яго Алесь пабачыў няўмелую i таму нават вартую жалю ўсмешку.
Гэй, няголасна сказаў ён, гэта вам.
I, дастаўшы з сакваў, кiнуў да ног Алеся змяю. Змяя варухнулася пару разоў i замерла.
Алесь не адскочыў. Яму ўпершыню вось так падымалi нагайкай галаву. З хвiлiну ён i коннiк глядзелi адзiн аднаму ў вочы. Потым чорны адвярнуўся i шэнкелямi крануў каня з месца.
Праз якую хвiлiну i каня i коннiка паглынула цемра. Быццам iх нiколi i не было. Быццам змрок нарадзiў iх i змрок адразу ж забраў.
Дзецi яшчэ нейкую хвiлiну стаялi аслупянелыя i глядзелi ў цемрыва. Потым Алесь нагнуўся.
Укусiць, з жахам сказаў Павёлка. Не бяры яе.
Алесь адмахнуўся i падняў змяю, трымаючы каля галавы.
Падышоў да вогнiшча. I толькi тут Кандрат здзiўлена цмокнуў языком.
Змяя была вырабам. З тых вырабаў, што майструюць людзi, якiм вельмi доўга i люта няма чаго рабiць. З доўгай цэльнай палкi, рассечаная амаль наскрозь глыбокiмi выразамiпраз кожную чвэрць дзюймаi ўмацаваная па баках, спiне i жываце жыламi на ўсю даўжыню, яна нават пафарбаваная была. Спiна i бакi стракатыя, жывот жоўты. Сям-там бакi i разяўленая пачала былi крануты густым кармiнам.
Хлопец варухнуў рукою, i змяя начала выгiнацца, зусiм як жывая.
Падабенства было такое поўнае, што Павал грэблiва сыкнуў.
Дай, кiнуў Алесю Андрэй.
Яны зноў паселi вакол вогнiшча i пачалi разглядаць пачвару.
Нават джала ёсць, сказаў Кандрат. I вочы. Во, поскудзь!
Андрэй круцiў змяю ў руках. Потым плюнуў i кiнуў яе ў агонь. Жылы, вiдаць, сталi карабацiцца, бо змяя зноў пачала выкручвацца i вiцца, на гэты раз сама. Драпежна ўздымала галаву i ледзь не ставала на хвост.
Нашто ты яе? спытаў Кандрат. Можна было б суседскiх дзевак пужаць.
Ды яе ў рукi ўзяць гiдка, азваўся Павал.
I гэта, уголас падумаў Андрэй. Ды яшчэ i невядома, што за чалавек. Чорны ўвесь. А конь злы, як д'ябал.
Змяя ўсё яшчэ выгiналася, ахопленая агнём.
Не, хлопцы, пераканана сказаў Андрэй. З Раўбiчам нешта не тое. Можа, гэты якраз па яго душу ехаў. Нездарма на ягоны агонь кiраваўся Тут ужо добрага не чакай, калi па начах такiя шныраць вакол па балоце i з акон вачэй не зводзяць Прыедзе вось такiуночы, абдыме гаспадара, i знiкнуць абодва Вы глядзiце, не кажыце пра гэта нiкому, а то поп эпiцiм'ямi замучыць.
Кандрат сеў на кукiшкi i пачаў разграбаць жар, а потым прысак.
Гатова, сказаў ён, выкочваючы на траву адну бульбiну за другой. I плюньце вы, хлопчыкi, на гэтыя пабрахенькi. Страшна будзе да ветру ў хмызы схадзiць. Ешце во лепей.
I першы абскроб бульбiну аж да ружовай лушпайкi, разламаў, пара так i павалiла з сопкага разлому, i, ашчадна пасалiўшы, пачаў есцi.
Елi бульбу з тонкiмi скрылёчкамi сала. Бульба была смачная, i таму ва ўсiх аж за вушамi трашчала, так намiналi. Павал дык той, наогул, не трацiў часу, каб аскрабаць, i таму увесь рот у яго быў чорны, як у злога сабакi.
А ты не кажы, сказаў нарэшце Андрэй. Пабрахенькi-пабрахенькi, а такiя вось, як гэты, балотныя паны чааста па начах лётаюць. Гаўрыла з Драгавiчаў манiў, думаеш?
А я i не чуў нiчога, што ён там баяў, сказаў Кандрат.
Дык ты скажы, Андрэйка, папрасiў Павал.
Андрэй кашлянуў, збiраючыся з думкамi.
Гаўрыла гэты з панскага дазволу палюе. Калi там старому Загорскаму-Вежы качкi спатрэбяцца цi яшчэ што, дык Гаўрылу кажуць. I вось пайшоў ён раз у пушчу i заблудзiў. Бачыць, што да ранiцы ўсё адно дарогi не знойдзе, i вырашыў начаваць. А багна вакол, дык ён выбраў сухое месца, расклаў на iм цяпло i сядзiць, грэецца. Пачаў быў ужо драмаць. Аж тут бяжыць з цемры нейкi ягамосць, худы, вёрткi i тварам цемнаваты. «Як ты, мужык, смееш на панскiм шляху вогнiшча палiць?! Тут паны хутка будуць ехаць!» «Паночак, узмалiўся Гаўрыла, якая тут табе дарога, калi адно багнiшча ўсюдых. Жыватом хутчэй наложыш, чым канем праедзеш». Той i слухаць не стаў, параскiдаў у багну галавешкi, аж тыя засычэлi толькi, а сам пабег далей. Гаўрыла стаiць i чакае. «Во, думае, напасць. Вiсус нейкi, басурман, жартаваць надумаў з хрысцiянскай душы». А потым чуе: тупочуць капыты, вiшчаць колы. Кацiць карэта шасцерыком, вакол яе конныя. А зверху на карэце паля прывязана. Крык, рогат, конi ржуць. А паны, i у карэце, i на конях, усе чорныя, акурат як тэты, са змяёю. Твары цёмныя, валасы чорныя, вопратка чорная з золатам. I карэта чорная. «Набок, мужык!» крычаць. Тут Гаўрыла i зразумеў: балотныя паны. Кацяць па дрыгве, як па сухiм. Гарэзнiкi! I так цэлымi начамi ганяць будуць. Але Гаўрылу губляць няма чаго: яшчэ, можа, i ўдзень з дрыгвы не выйдзеш. Дык ён пачаў прасiць: «Мае вы паночкi, мае галубочкi, пакажыце дарогу, як мне выйсцi. Заблукаў». Тыя рагочуць: «Чапляйся ззаду за карэту». Гаўрыла падчапiўсяяк памчалiся яны. Памчалi, як куля. Грукат, дрэвы паабапал валяцца, рогат. Блiзка-далёка-вузка-шырока i вышэй, вышэй. Дух заняло. Зоры вось-вось нiжэй колаў будуць. I тут якраз над галавою галiна высокага дрэва. Ёнцуп за яе! Карэта з-пад ног iрванула i памчалася далей. Толькi хурман зарагатаў i крыкнуў: «Ну, маеш шчасце!» ды канцом доўгай пугiмiж вушэй. Гаўрыла заверашчаў, але галiны не адпусцiў. Трымаецца, крычыць гвалту. А далей агледзеўсяаж гэта ён у сваiм двары, вiсiць на перакладзiне, на сваiх варотах. Жонка з хаты выходзiць. Якраз першыя пеўнi. I жонка яму кажа: «Звечара, кажа, прапаў, халера. Чаго ты туды палез, чаго ты гарлаеш, чаго лопаiссi, п'янюга?»
Кандрат пакiваў галавою i адразу заўсмiхаўся, таксама ўспомнiў:
З Гаўрылавым шваграм яшчэ лепей было. Той дачуўся ад кагось, што калi не есцi цэлы дзень у апошнiя дзяды перад каляднымi запускамі i потым аднаму легчы ў хаце i не гаварыць, не смяяцца, дык можна ўбачыць «дзядоў». Так i зрабiў. А вечар цёмны, лiстападаўскi. Во ён ляжыць i бачыць, лезуць праз вяршок для дыму Спачатку бацька ягоны, нябожчык, лезе, потым дзед, потым прадзед. Пэўна, усiх, аж да самога Адама, пабачыў бы. Аж за прадзедам лезе дзядзька. Святога жыцця быў чалавек, службы нiводнай не прапусцiў. Вечна яго жыццём малому вочы калолi, як, бывала, забярэцца ў чужы гарох цi рошчыны цiшком возьме i наесца. Лезе дзядзька i лезе, амаль увесь ужо прасунуўся, аж тут яго нешта затрымала: як нi тузаецца не пралазiць, i ўсё. Аж гэта ў яго да пояса барана прывязана. Украў у зямным жыццi i нават на споведзi не пакаяўся. Тут Данiлаў швагер прыпомнiў усе мукi, што праз дзядзькаву святасць нацярпеўся, ды як зарагоча. Ну i ўсё. Вылецелi яны ўсе ў вяршок i знiклi.
Паклаў у вогнiшча вялiкую сухастоiну.
Кладзiцеся ўсе, хлопцы. Досыць.
Усе паклалiся. Алесь толькi як ляжаў, так i застаўся. Андрэй паклаў кажух побач з iм, укруцiўся, цiха гукнуў.
Спiць? спытаў Кандрат.
Спiць, шапнуў Андрэй. А ты заўважыў, што ў Раўбiча агонь пагас?
«I не сплю зусiм», хацеў быў сказаць Алесь, але адразу правалiўся ў такi глыбокi сон, што не паспеў нават варухнуць вуснамi.
Дзецi спалi. Сухастоiна павольна дагарала, рассыпаючы жар. Туман узняўся з лагчыны i падступiў блiжэй, быццам хацеў паслухаць сонныя подыхi. Конi таксама ўжо танулi ў тумане, i толькi iхнiя галовы ды доўгiя шыi ўздымалiся над малочным туманным возерам.
IV
Палявая дарога нырала ў лагчыны, узбiралася на пагоркi i зноў звiвiста падала ўнiз. I так было без канца, а вакол ляжала густа-зялёная, без анiводнай праплешыны рунь, такая маладая i вясёлая на ўзгорках i бяздонная ў лагчынах, такая прагрэтая на сонцы i сцюдзёна-шызая ў ценю, што аж дух займала.
Вельмi-вельмi рэдка траплялiся пасярод бясконцага зялёнага кiлiма вялiзныя, як дубы, дзiчкi, ды там-сям, дзе ў яры выбiвалася крынiчка, схiлялася над ёй срэбная вярба.
I зноў рунь, адна толькi рунь. А над рунню, прывязаныя нябачнымi нiцямi, трапечуць жаўрукi. А на зямлi, на ўсiм яе густа-зялёным абшары, толькi адна рухомая кропка: едзе дарогаю рысорны англiйскi кабрыялет, а ў iм хлопчык адзiнаццацi год i трыццацiгадовы мужчына.
Хлопчык у белым палатне, як мужык. Мужчына ў чашунчовай тройцы, чаравiках i шыракаполым саламяным брылi
Можа, вам брыль аддаць, панiч? голас у мужчыны легкаважны, з выразным польскiм акцэнтам. Галоўку напячэ.
Не трэба, пане Выбiцкi.
То добжэ, глядзiце. Нех тылько панi потым не лае Выбiцкага, калi ў дзiцяцi забалiць галоўка.
Я каровы на сонцы пасвiў. То яны часам загiзуюць i бягуць як шалёныя, а самому нiчога.
Пан Выбiцкi глядзiць на хлапчука, i на яго маладым, наiўным твары з'яўляецца пакутнiцкi выраз: дзiця пасвiла каровы, Езус Марыя! Яму хочацца зрабiць хлопцу нешта прыемнае, i ён лезе пальцамі ў кiшэнь камiзэлькi.
На цукерэк.
Нашто? сур'ёзна кажа мужычок. Яны грошай каштуюць. Завязiце лепш сваiм дзецям.
Але ж у мяне няма дзяцей, непаразумела кажа Выбiцкi. Зусiм няма. Бяры.
Ну, тады ўжо давайце.
Пан Выбiцкi са скрухаю кiвае галавою. «Мужычок, зусiм мужычок. I гэта сын загоршчынскага князя. Спадкаемца амаль дваццацi дзевяцi тысяч сем'яў, калi прыйдзе час. Дурны звычай!»
Выбiцкаму да слёз шкада хлапчука.
Так яны едуць i едуць. А вакол рунь, рунь i рунь.
Пан Адам Выбiцкi яшчэ шэсць год назад ледзь не памiраў з голаду разам з бацькамi. Быў ён з чыншавай шляхты, жыў, як большасць такiх, земляробствам. Але стаў на гаспадарку ў няшчасны час.
Нават год яго нараджэння быў годам чорнага недароду. А потым пайшло i пайшло. Чатыры галодныя гады, з дваццатага па дваццаць чацвёрты. Год адпачынку. А потым пяць год страшнай пошасцi на худобу, калi па ўсiм Прыдняпроўi ледзь засталася дзесятая частка коней i iншай худобы. Каб не кончыцца наглай смерцю, давялося прадаць восем дзесяцiн зямлi з дзесяцi. Ды i апошнюю няма чым было абнасенiць, i яна зарастала гiрсаю, i асотам, i, ад вялiкай кiслаты, хвашчом. У дваццаць чатыры гады Адаму было ўжо так, што хоць у кавалкi iдзi. Тут яго i падабраў Юры Загорскi. Аканомам хлопца прызначаць было рана, i таму пан зрабiў яго чымсьцi накшталт фактара i перакупшчыка, з пенсiяй трыццаць рублёў месячных ды яшчэ з панскiм жыллём, вопраткай i ежай. З таго часу Выбiцкi ног пад сабою ад радасцi не адчуваў.
Фактар з яго быў нявопытны, але рухавы i, галоўнае, бездакорна сумленны, капейкi пад ногаць не зацiсне. I таму Загорскi прывык да яго i адпускаць не хацеў.
I вось зараз яны ехалi ў панскiм кабрыялеце, белы, як апошнi мужык, шэравокi панiч i Выбiцкi, гарбаносы i кашчавы, ушчэнт спалены сонцам, але са старанна дагледжанымi вусiкамi. Ехалi моўчкi, насцярожаныя адзiн да аднаго.
Што ж, цi падабалася там панiчу? спытаў нарэшце Выбiцкi.
Вельмi.
То ж бачыў я, што тая хлопка так плакала, быццам роднага сына за свет вязуць.
Яна не хлопка. Яна Марыля, другая мацi мне.
Пан Адам пакруцiў галавою.
За што ж гэта вы iх так паважаеце, панiч?
Бо яны працуюць, як Адам i Ева, завучана сказаў хлопец. Аруць зямлю i прадуць лён.
Выбiцкi ўздыхнуў:
Э-эх, панiч. Прайшоў той час, калi на зямлi былi толькi Адам i Эва. Прайшоў i не вернецца. Цяпер над Адамам i Эвай цар, потым губернатар, потым ваш ойцец, а потым я, паўпанак.
На вуснах яго з'явiлася iранiчная ўсмешка.
А яны з усiх нас пасмейваюцца, бо нiчога больш не могуць зрабiць. Пра цара не чуў, а губернатара, як яны кажуць, кулагай аблiлi. Князь, па iхняму прыслоўю, «лярва, хоць i ў барве». А я, наогул, «цi пан сам пан, цi пан у пана служыць?». «На назе бот рыпiць, а ў гаршку трасца кiпiць». Так што нiколi вам, панiч, не быць мужыком, а мужыку не быць панам. I таму час вам забыць аб тым, што вы гулялi з хлопскiмi дзецьмi ў цыркi. Час вучыцца панаваць Нiколi iм, на жаль, не быць вольнымі, як старапольская шляхта. Заўсёды над iмi будзе прыгон. Чалавек гэта такая халера што прыдумае
А белае жарабя? спытаў Алесь i схаладнеў ад самага нутра, бо зразумеў, што ледзь не ляпнуў лiшняе.
Якое белае жарабя? спытаў пан Адам, уважна гледзячы на Алеся.
Камень унь у яры, няспрытна выкруцiўся Алесь. Ляжыць у траве, як белае жарабя.
А-а, сказаў абыякава Выбiцкi. Дык гэта, панiч, хутчэй на белую авечку падобна
Вочы ягоныя амаль зусiм непрыкметна смяялiся.
Дык, значыць, вучылi вас там, панiч?
Вучылi.
То i добра. Прынамсi, не зблытаеце льну з пшанiцай.
Абодва зноў маўчалi. Цёплы ветрык павяваў у твары, кабрыялет мякка пагойдвала. Пасля амаль бяссоннай ночы Алеся хiлiла ў сон, i ўрэшце ён задрамаў
Не было ўжо нi рунi, нi жаўранкаў над ёю, нi сонца. Была ноч, i туман, i доўгiя конскiя шыi над белым возерам. Як тады, у начлежнай няпэўнай дрымоце, ён падступаў траха не да ног, гэты туман, i з туману паступова вырасталі, выходзiлi на ўзгорак, як на бераг, дзiўнай прыгажосцi белыя коні. Маўклiвыя белыя конi, якiя павольна перабiралi нагамi. Ён адзiн ляжаў ля напалову згаслага вогнiшча, а конi стаялi вакол яго i часта, пяшчотна схiлялi да яго галовы i дыхалi цёплым i харошым, а iхнiя вочы былi такiя глыбокiя i такiя добрыя, якiя бываюць толькi ў чалавечай мацi, калi яна глядзiць на дзiця Конi стаялi i журботна, ласкава глядзелi на яго, а памiж iмi стаяла яшчэ мокрае белае жарабя са смешным тоўстым хвастом I гэта было такое незразумелае шчасце, што Алесь ледзь не заплакаў. А малочны туман збягаў з зямлi, як вада, i ўсюдых былi белыя белыя белыя конi
У сне ён адчуў, што нешта змянiлася, што кабрыялет стаiць, i прачнуўся ад няяснай трывогi.
Вакол зноў былi рунь i жаўранкi. А па гэтай рунi, здалёку, нехта ехаў на дарашаватым канi.
Чаго сталi? спытаў Алесь.
Ды ён вось гукнуў
А гэта што за важны такi, што дарогi яму няма?
А гэта жандарскi паручнiк Апалон Мусатаў I чаго гэта з Сухадола яго прынесла, ды яшчэ аднаго?
Коннiк павольна наблiжаўся да рунi. Баяўся, вiдаць, кратовак i хамячыных нор. Часам амаль з-пад самых капытоў вырывалiся спуджаныя жаўранкi, конь стрыг вушамi, але, пакараючыся ўладнай руцэ, як па струнцы, iшоў да дарогi.