Урэшце коннiк пад'ехаў да самага кабрыялета. Алесь убачыў перш за ўсё вузкiя, зеленаватыя, як у рысi, вочы пад пясочнымi брывамi, храшчаваты нос i маладыя, але ўжо шчэцiстыя вусы i бакенбарды. Твар быў бы амаль грубы, хаця i прыгожы, каб не вiшнёвыя вусны i зусiм юны, празрыста-ружовы румянец тугiх шчок.
Гэты чалавек кепска загараў: твар быў таго самага колеру, што i трыкутнiк грудзей пад расшпiленым каўняром блакiтнага мундзiра.
Але цiкавей за ўсё былi рукi: учэпiстыя, вельмi характэрныя i прыхавана-нервовыя, са сплюшчанымi на канцах, як долата, пальцамi. Адна рука сцiскала павады, другая гладзiла карак каня.
Упоперак сядла ляжаў доўгi англiйскi штуцэр; два пiсталеты былi слаба засунутыя ў сядзельныя сумы.
Дзень добры, Выбiцкi, сказаў паручнiк.
Дзень добры, пане Мусатаў.
Рысiныя вочы Мусатава абмацалi каня, кабрыялет, постаць Алеся.
У вальтэр'янцы гуляеце? спытаў паручнiк. Глядзiце, звыкне вось такi ездзiць, а потым паспрабуе i вас выпхнуць.
Гэта загоршчынскага пана сын, быццам просячы прабачэння, сказаў Выбiцкi. У Азярышчы быў дзядзькаваны.
У вачах Мусатава з'явiлася iскра цiкаўнасцi.
Польскiя штучкi, сказаў ён.
Што вы, пане Мусатаў. Загорскiя з карэнных тутэйшых Спрадвеку праваслаўныя.
А самi ў каталiцкi лес глядзяць.
Пабойцеся бога! У якi лес?! Выбiцкi быў вiдавочна пакрыўджаны i за сябе, i за паноў.
А чаму ж гэта стары Загорскi-Вежа загадаў малодшага брата вось гэтага хлопца ў касцёле ахрысцiць? Скандал быў на ўсю губерню.
Выбiцкi апусцiў вочы.
Я чалавек маленькi. Не мне ведаць намеры старога пана. Але ж зразумейце i вы: чалавек ён старасвецкi, з капрызамi.
Кацярынiнскага веку, iранiчна дабавiў Мусатаў.
Яго дзiвацтвы на грошах стаяць, сказаў Выбiцкi. Пад кожным яго капрызамтысяча рублёў. Стане на ўвесь сухадольскi суд. Так што не нам а з вамi яго судзiць.
На хвiлiну замаўчалi. Звiнелi над рунню жаўрукi.
Чаго гэта вы без дарогi? спытаў пан Адам.
Зараз нам дарогi непатрэбны Нiчога не бачылi?
Не, устрывожыўся Выбiцкi. А што такое?
Мусатаў прамаўчаў. Толькi ўчэпiстая рука паправiла штуцэр.
Чорны Война зноў у губернi, сказаў ён пасля паўзы.
Пан Адам падаўся наперад.
Уварваўся аднекуль, як шалёны воўк, сказаў Мусатаў. Спяшаецца рэзаць, пакуль пастухi не агойталiся. Два гады не было i раптам, як камень на галаву.
А казалi, што вы яго тады падвалiлi два гады таму.
Я каня ягонага падвалiў На гэты раз буду разумнейшы. Яго звалю, а на яго канi ездзiць буду. I адкуль ён толькi коней такiх бярэ? Стрыжы, а не конi.
Не ездзiлi б вы цяпер адзiн, пане паручнiк. Гэты не мажа.
I я не мажу, сказаў Мусатаў. Ездзiў вось крынiцы ў ярах паглядзець. А раптам недзе ля вады дрэмле Чорта з два.
А дарэмна. З яра далёка вiдаць. А на аднаго i не трэба многа. Стрэлi ўсё.
Многа памагло егерам, што яны не адны былi?
Ды што ўрэшце здарылася?
Пазаўчора ранiцай абстраляў з пагорка няпоўны ўзвод егераў. У той жа дзень, вечарам, затрымаў фельд'егера ад генерал-ад'ютанта. Пошту спалiў. Учора сустрэў на дарозе спраўнiка з людзьмi i разрадзiў па iх стрэльбу. Удзень ледзь не нарвалася на яго земская палiцыя, але ражна дагналi. Толькi жарабцоў хвост бачылi. А ўначы Раўбiч паведамiў: Война праехаў праз вёску.
I ўсё адзiн? спытаў Выбiцкi.
Усе адзiн. З апошняга мяцяжу адзiн. Ну, бывай, Выбiцкi.
I хвастануў карбачом каня. Пан Адам глядзеў яму ў спiну.
Паехалi, панiч, сказаў ён пасля паўзы.
Кабрыялет пачаў спускацца ў лагчыну. Паручнiк мiльгнуў кропкай на далёкiм пагорку i знiк Пан Адам сядзеў натапыраны i неяк дзiўна ўсмiхаўся.
Раўбiч яму паведамiў, буркнуў ён. Чорнага Войну, бачыце, так лёгка злапаць Не ты, брат, першы. Ла-вi-лi.
А хто такi той Чорны Война?
Вусны Выбiцкага няўлоўна пацяплелi.
Люблю смелых, сказаў ён. Можа, таму, што сам не такi. А Война смелы I страшны. Ездзiць сабе на вараным i страляе.
Чаго яму ездзiць?
Дваццаць год ездзiць. Усiх астатнiх пабiлi, пастралялi, па цытадэлях згнаiлi. А гэты ездзiць Апошнi день. Анi спаймаць яго, анi купiць Як дух Каб не спалi
Алесь зразумеў, што Выбiцкi больш нiчога не скажа, i не распытваў далей.
Зноў мiльганула з левага боку срэбная стужка Дняпра, трохi больш вузкага ў гэтым месцы. Справа пайшлi лясы. Маладыя каля дарогi, яны ўзбягалi на ўзвышша, рабiлiся ўсё больш i больш старасвецкiмi, пакуль не пераходзiлiна верхавiне градыу перастойную адвечную пушчу.
Дарога пайшла з грывы ўнiз, блiжэй да Дняпра, i тут вачам адкрылася прытульная i даволi вялiкая лагчына. Узгоркi абкружалi яе i прыцiскалi да ракi. Лагчыну, вiдаць, утварыла невялiчкая рэчка, якая злiвалася з Дняпром тут, амаль пад нагамi коней.
Папараць, сказаў Выбiцкi. Жэка цёмна.
Кабрыялет спускаўся да рачулкi па спадзiстым адхоне. Лазняк па берагах разарваўся, паказаўшы драўляны масток. За iм сталi перад вачыма вясковыя хаты, значна больш дагледжаныя, чым у Азярышчы: амаль усе з садкамi, амаль усе крытыя новай саломай, а сям-там нават i гонтамi.
Загоршчына, сказаў пан Адам. Ваш маёрат, панiчу.
А над Загоршчынай, вышэй па адхоне, слаўся пладовы вялiзны сад, абрываючыся ўверсе, як па лiнейцы, цёмнай i раскошнай сцяной iрэгулярнага парку.
У парку бялела нешта, перакрэсленае па фасадзе серабрыстымi мётламi iтальянскiх таполяў.
Чым блiжэй пад'язджаў кабрыялет, тым ясней вымалёўваўся двухпавярховы будынак з доўгiм мезанiнам i двума балконамі, над якiмi цяпер былi нацягнуты сляпуча белыя, бялейшыя, чым муры, маркiзы. Вакол дома iшла галерэя на лёгкiх каменных арачках.
Ложно понятый провансальскiй замковый стiль, сказаў, чамусьцi па-руску, пан Адам, сказаў з такой завучанай iнтанацыяй, што адразу можна было зразумець: гаворыць не свае словы.
Здалёк можна было яшчэ заўважыць у парку, лявей i глыбей дома, нейкi круглы павiльён, а яшчэ лявей i значна далейзграбную i вельмi высокую, вузкую цэркаўку на ўзгорку, такую белую i празрыстую, быццам уся яна была пабудавана з сонечнага святла.
Алесь, напэўна, паспеў бы лепей разглядзець усё гэта, але тут здалёк пачуўся тупат капытоў. Потым з вузкага жарала цёмнай алеi вырваўся, як ядро з гарматы, коннiк на белым канi i наўскапыта памчаўся да iх.
Асадзiў каня ля самага кабрыялета так рэзка, што конь як быццам урос усiмi капытамi ў зямлю. Алесь убачыў касы, нервовы зрак каня, яго раздзьмутыя ноздры. Здзiўлены, амаль спалоханы гэтым нечаканым з'яўленнем, не разумеючы яшчэ, што да чаго, ён баяўся ўзняць вочы i таму бачыў толькi белую скуру сядла i белы гарнiтур для верхавой язды. Потым нясмела, спадылба, кiнуў позiрк вышэй i ўгледзеў вельмi загарэлы, амаль шакаладны твар; усмешку, што адкрывала роўныя белыя як снег зубы; белакурыя, хвалiстыя вусы i грыву валасоў i, галоўнае, смяшлiвыя васiльковыя вочы з нейкiм нетутэйшым, доўгiм, мiндалевiдным разрэзам тонкiх павек.
У наступны момант моцныя рукi бесцырымонна схапiлi яго, падкiнулi ўгору i зноў спаймалi, i легкаважны, гучны голас весела пракрычаў нешта незразумелае i адначасова нiбы трохi і зразумелае, але прызабытае.
Моn реtit рzinсе Zаgоrski!
Збянтэжаны, ён паспрабаваў выкруцiцца, але рукi трымалi яго моцна, а рот чалавека, якi пахнуў нейкiм вельмi прыемным тытунём, цалаваў яго твар.
Мы пратэстуем!.. Тоut vа biеn! Тоut vа biеn, mоn реtit fils!
Сiнiя вочы смяялiся, заглядаючы ў зрэнкi маленькага звераняцi, што скурчылася на руках, унiкаючы чужых вуснаў.
I тады белы сцёбнуў лёскай каня i закурыў у алею, у зменлiвы цень, у скокi сонечных зайчыкаў, пакiнуўшы далёка за сабою кабрыялет.
Алея разарвалася на два паўколы з дрэў, i наперадзе, за клумбай, за кругам гонару, стаў дом, шырокi ганак, аблямаваны лёгкiмi арачкамi, i белакаменная тэраса, на якойневысока ад зямлiстаяла жанчына ў шырокiм ранiшнiм уборы.
Белыпроста праз клумбупадскакаў да тэрасы, зноў узняў Алеся i лёгка перасадзiў яго цераз парэнчы, на рукi жанчыне. Потым стаў на сядло i перакiнуў над балясамi свае гнуткае цела.
Аh, Gеоrgеs! сказала з дакорам жанчына.
I адразу прыпала да хлопчыка, важлiва заглядаючы ў яго вочы сур'ёзнымi, цёмна-шэрымi, як у Алеся, вачыма.
Гаварыла i гаварыла нешта гартанна-страснымi i цiхiмi словамі i толькi потым спахапiлася:
Ён не разумее, Жорж.
Аi-jе biеn аttасhе lе grelot? Koнiмара хлапчукоў. Вось я i пракацiў.
З самага пачатку i так па-чужому, Жорж.
Чорт, я i не падумаў, сказаў смяшлiвы.
I абхапіiў жанчыну i хлопчыка, прыцiснуў іх да сябе:
Ну, пацалуй мяне, пацалуй яе Ну!
Жанчына і Белы, абое яны гаварылi па-халопску з модным акцентам, але ўсё ж гаварылi, i гэта рабiла iх неяк больш блiзкiмi.
Пацалуй мяне, сказаў Белы.
Але хлопчыку было няёмка, i ён, схiлiўшыся, пацалаваў, зусiм як Кагутова папу, руку жанчыны, пяшчотна-тонкую, асаблiва белую сярод чорных карункаў шырокага рукава.
Fасоn dе vоir d'un сhеvаliеr, засмяяўся мужчына. Я ж казаў, што ён мой сын, мой. Да рукi жанчыныперш за ўсё. Сhе-vа-liеr!
Gеоrgеs! зноў з дакорам сказала жанчына.
Алесь на ўсе вочы глядзеў на яе. Не, гэта было не тое. У яе былi маленькiя рукi i ногi, непрыгожа танклявая постаць.
Але ж яе твар з такiмi цёплымi шэрымi вачыма, з такiм спакойным ротам! Але ж каштанавыя iскрыстыя валасы! Усё гэта было роднае, толькi на хвiлiну забытае, i вось цяпер усплывала ў памяцi.
I ён раптам несамавiта, нечакана крыкнуў:
Ма-ма!
Крыкнуў амаль як сялянскае малое, на якое рушыць вулiцай карова, крыкнуў, цвёрда верачы, што вось зараз мацi прыйдзе i ўратуе. Крыкнуў i адразу засаромеўся.
Ёй толькi таго i трэба было. Абхапiла, пачала шаптаць на вуха. Але ў iм ужо расло абурэнне i сорам, быццам ён здрадзiў хаце, рукам Марылi, вачам братоў. I ён так разрыдаўся ў гэтых вузкiх руках, быццам сэрца яго рвалася на шматкi.
А яна цалавала.
Ён плакаў, бо адчуваў, што злоўлены, што з гэтым шэптам канчаецца для яго ўсё.
Яго павялi мыць i пераапранаць. I калi бацька i мацi засталiся на тэрасе адныусмешка няёмкасцi так i не сышла з iхнiх вуснаў. Пазбягаючы глядзець мужу ў вочы Антанiда Загорская глуха спытала ў пана Адама, якi стаяў наўздалёк:
Што, пан Адам, як вам панiч?
Пан Адам мяўся.
Праўду, цiха сказала яна.
Мужычок, проша панi, наважыўся Выбiцкi. Але з чыстым сэрцам, з добрай душою.
Нiчога, нават з нейкай палёгкаю ўздыхнула мацi. Навучым.
Бацька лёгкаважна зарагатаў, паказваючы белыя зубы.
Бачыце, пан Адам? Так лёгка i навучым. Lеs fеmmеs sоnt раrfоis vоlаgеs.
Гэтую iдэю падаў ты, Gеогgеs, шэрыя вочы мацi сталi вiльготнымi. I ты не маеш права
Скажам, i не я, сказаў пан Юры. Скажам, бацька мой, i нам нельга было не паслухацца.
Але чаму яго аднаго?
Самадурства. Меў на Алеся вялiкiя надзеi. I ты ведаеш, што ён мне сказаў перад дзядзькаваннем?
Кажы.
«Як шкада, што я не аддаў у дзядзькаванне цябе, Юры. Можа, тады ты, сын, быў бы чалавекам, а не прадметам для царквы i псярнi».
Гэта я зноў аднавiла ў Загоршчыне царкоўную службу. I ён не любiць цябе праз мяне.
Кiнь. Глупства.
Ну, а чаму не хоча дзядзькавання для Вацлава?
Баюся, што Вацлаў яму абыякавы.
Другi ўнук?..
Я не хацеў, Антанiда. Я ж толькi сказаў аб легкадумнасцi
Мацi ўжо ўсмiхалася:
Дык што ж зробiш, Gеогgеs, калi ты ўсё бачыш еn nоir.
Зноў гаротна задрыжалi яе веi:
Забыў усё. Забыў французскую. А гаварыў, як маленькi парыжанiн Я прашу цябе, я вельмi прашу, Gеоrgеs, не спускай з яго вачэй, хадзi за iм у першыя днi, бо яму будзе сумна Ах, жорстка, жорстка гэта былоаддаць!
Пан Выбiцкi далiкатна кашлянуў, прастуючы да сходаў, i толькi тут панi Загорская спахапiлася, ускiнула на яго рахманыя вочы:
Прабачце, пан Адам, я была такая няўважлiвая. Вельмi прашу васпаснедайце разам з намi.
Бардзо мi пшыемне, пачырванеў Выбiцкi, але ж прабачце, я зусiм па-дарожнаму.
Ах, нiчога, нiчога Я вас вельмi прашу, пан Адам.
Выбiцкi нiякава палез у кiшэнь па чырвоны фуляр, якi нагадваў невялiчкi абрус.
Лёгка i па-англiйску выкацiлi на тэрасу стол на кольцах, прыставiлi яго да накрытага ўжо абедзеннага стала. Матуля начала здымаць накрыўкi з мiсаў.
Накладайце сабе, пан Адам, сказала мацi. Вазьмiце курыную пячонку «брашэ» Бачыце, снедаць будзем па-англiйску. Першыя днi яму будзе нязручна са слугамi, беднаму.
Аконам спачувальна крэкнуў, стараючыся зрабiць гэта як мага больш далiкатна i не абразiць тонкага слыху панi.
I якраз у гэты момант з'явiўся ў дзвярах Алесь у мярэжанайпад народны густсарочцы, сiнiх шальварыках i чырвоных кабцiках. Менавiта так, на думку панi Антанiды, выглядалi ў свята дзецi багатых сялян, i таму хлопчыку можна было не адчуваць нязручнасцi. Бацька хацеў быў пырснуць у сурвэтку, але стрымаўся, памятаючы нядаўнюю жончыну крыўду. Таму ён толькi паказаў на крэсла побач з сабою.
Сядай, сыне.
Алесь, зазвычай такi зграбны, медзведзявата палез на крэсла. Глядзеў на ломкiя абрусы, на старое серабро, на двухзубы iтальянскi вiдэлец, на блакiтны крыштальны келiх, у ломкiх гранях якога драбiлася нейкая янтарная вадкасць.
Што гэта? амаль без голасу спытаў ён.
«Го-Сатэрн», адказаў бацька. Гэта, брат, такое вiно, што i ты можаш пiць.
Вiна не хачу, ад яго людзi дурныя. Лаюцца.
Выбiцкi зморшчыўся ад скрухi, i, убачыўшы гэта, Алесь раптам раззлаваўся. Урэшце, iхняя гэта была вiна. Урэшце, гэта самi яны давялi яго, а цяпер яшчэ ўчынiлi яму гэткае катаванне.
Таму ён смела палез падрапанай лапай у хлебны кошычак, палажыў кавалак на сваю талерку i лыжкаю пацягнуўся да бацькавай талеркi, адчуваючы ў сэрцы пачуццё, блiзкае да адчаю.
Еш, еш, сыне, спакойна адказаў пан Юры. Мацуйся. Давай мы i табе на талерку пакладзем.
Але маленькi зацкаваны мужычок ужо нёс да рота самы вялiкi кавалак. Яму было нязручна, i таму ён успёрся левай далонькай на край стала, а калi ўспёрсяз-пад гэтай далонькi ўпаў на падлогу падрыхтаваны кавалак хлеба.
Дзiця пачало павольна спаўзаць з крэсла пад стол. Спаўзло. Знiкла. А потым з-пад стала з'явiлася сур'ёзная галава.
Сурова, з адчуваннем важнасцi моманту, малады князь пацалаваў паднятую з падлогi скiбу i сур'ёзна сказаў:
Даруй, божухна.
I ўжо зусiм па-гаспадарску хлопец сказаў наступныя словы:
Пакладзiце гэта, калi ласачка, каню.
Пан Адам пакутлiва пачырванеў. Няёмкасць трывала доўга. Потым бацька, увесь час аглядаючыся на мацi, пачаў тлумачыць сыну, што так нядобра, што так не робяць, i выгляд яго, вiдаць, быў горшы, чым у Алеся, бо мацi раптам засмяяласяласкавым сумным званочкам.
Лёд растаў. Перастала быць няёмка Алесю. Усе засмяялiся. Ды толькi смех яшчэ гучаў не вельмi весела.
Что же вы, например, ели сегодня на завтрак, мой маленький? спытала панi Антанiда.
Сёння на заўтра? неўразумела перапытаў Алесь.
Антонида, сказаў пан Юры. Если можешь, говори по-мужицки.
Што ты еў сёння на сняданне? спытала мацi.
Крышаныя буракi, басам адказала медзведзяня. I курыцу елi Зарэзалi з такой прычыны старога пеўня Марыля сказала: «Усё адно ўжо, дык няхай хаця панiч-сынок памятае».
Мацi ўсмiхалася, яе забаўлялi «крышаныя буракi».
Жорж, сказала яна, няўжо стары певень для iхсвята? I як мог жыць маленькi? Нашто такая жорсткасць з боку старога Вежы?
Шакаладна-матавы твар бацькi спахмурнеў.
Я вiнен перад табою, Антанiда. Бацька даў толькi лёгкi намёк на тое, што Алеся пажадана аддаць на «дзядзькаванне». Астатняе дадумаў i вырашыў я. Кагутылепшыя гаспадары. Майстры. Сумленныя, здаровыя людзi.
Яго моцныя рукi сцiснулi край абруса:
Бачыш, ты i ўсе лiчылi мяне легкадумным. Я не хацеў, каб сын пайшоў у мяне. Я хацеў, каб ён быў моцны, увесь ад гэтай зямлi. Няхай сабе яго не кармiлi каплунамі. Ты паглядзi на большасць яго аднагодкаў: спешчаныя, саслабелыя. Заўсёды добра рабiць, як рабiлi дзяды. Яны былi не зусiм дурнi. Я хацеў, каб з яго вырас сапраўдны пан, мацнейшы за хлопаў не толькi розумам, а i целам.
Памаўчаў. Потым сказаў:
Сын графа Хаданскага, даражэнькага суседа, едзе дарогаю мiж iльноў i кажа ўсур'ёз, што мужычкi будуць з хлебам. Якi з яго будзе гаспадар? Якой павагi яму чакаць ад прыгонных? А гэты будзе iншы Некалькi год сярод жытнiкаў, простая здаровая ежа, шмат паветра, фiзiчныя практыкаваннi, размеранае жыццё. А лоск мы яму вернем за год.
Хiтравата ўсмiхнуўся у вусы:
Пад'еў, сынок? На вось табе. Гэта цукраваная садавiна. Гэта называюць цукатамi. Можаш узяць да iх фiлiжаначку кавы.