Авантуры Вырвіча з банды Чорнага доктара - Рублеўская Людміла 6 стр.


 Ваша княская мосць, пяцьсот гадоў прамінула!  не вытрымаў Лёднік.  Калі за гэты час ніхто рэліквію не знайшоў

 А яе ніхто і не шукаў!  пачаў злавацца Брастоўскі.  Усе дасюль упэўненыязагінула штуковіна падчас выбуху ў лабараторыі. Калі трактат быў напісаны, папа Іяан праменіў сваю мудрасць праз дванаццаць кніг за райскай брамай, а на суседняй аблачынцы гэтак жа праменіўся святы Тарэла. Аўтар, жамяра кніжная, нікому не быў цікавы. Рукапіс пыліўся ў бібліятэчных сховішчах. Ды каб пра датычнасць Тарэла да рэліквіі ведаліяго пячору па каменьчыках бы разабралі. Хто б адмовіўся аднойчы абрынуць сцены на ворагаў?

 Абрынуць сцены?  зачапіўся за словы князя дзёрзкі Лёднік.  Маем справу з пракаветнай зброяй, якая можа абрыньваць сцены? Зруйнаваць лабараторыю? Прывезеная з Палясціны Няўжо

Князь пакрывіў ганарысты рот.

 Я, здаецца, не памыліўся, захаваўшы табе жыццё. Кемны.

 Няўжо шафар? Трубы Іерыхонскія  уражана выдыхнуў і Давыд Ляйбовіч.  Не можа быць!

 А чаму не?  хмыкнуў Лёднік.  Чаго толькі не прыпёрлі тыя тампліеры з краёў пустэльных. Каб маглі, неба палясцінскае на дзіды б навязалі ды ў Еўропу прыцягнулі. Шафарзвычайны прадмет культа ў габрэяў. Ну, знайшоў нейкі рыцар старую трубу з рога, яму сказалі, менавіта тая, ад якой разваліліся сцены Іерыхона.

Князю Міхалу быў абыякавы скепсіс доктара.

 Тая, не тая. Мае вучоныя за мантыі адзін аднаго цягалі, высвятляючы. Што яны там кажуць, пан Машанскі?

Канфідэнт прыгладзіў рэдкія светлыя вусы.

 Пан Даміян Гужэлка лічыць, што гэта рог Ісуса Навіна, брат Вацлаўбаявы рог святога Георгія, які камандаваў целаахоўнікамі імператара Дыяклеціяна. А айцец Петрасшто гэта быў адзін і той жа прадмет, бо засведчана, што Святы Георгій зруйнаваў у імгненне ўсе стоды ў паганскім храме Апалона, як Ісус Навінсцены Іерыхона.

 Надта розныя версіі, вашамосць,  прамовіў Лёднік, ажывіўшыся ад «навуковага прэцэдэнту».  Габрэйскі шафар і баявая труба рымскага воіна. Яны ж з розных матэрыялаў, інакшага выгляду!

Брастоўскі нецярпліва тузануў плячом.

 Галоўнае, каб спадчына святога Тарэла апынулася ў руках караля, як пацверджанне, што наш уладарроду самага старажытнага, і абраны Госпадам быць выратаваўцам свайго народа.

Пранціш хмыкнуў сам сабе, уявіўшы спешчаную гладкую фізіяномію Цялка ў ролі біблейскага вайскаводцы. Але і Пане Каханку з амбіцыямі праблем не мае.

 Радзівіл, як яму даклалі пра знаходку, адразу ж узбурыўся ды паслаў людзей на пошукі,  пацвердзіў высновы Пранціша Брастоўскі.  Не ведаю, як яны з вернікамі дамовяцца, але пячору святога ды ягоную ўсыпальніцу, мусіць, як жвір, прасейваюць зараз. А ў свіце князя ў нас свае людзі. Зрэшты, гэта сімвалічна: на гербе Панятоўскіхрагатая істота, і тутрог.

Задумлівыя разважанні падскарбія перабіў Давыд Ляйбовіч:

 Шафары забаронена рабіць з бычыных рагоў, вашамосць! Каб не было сувязі з залатым цяльцом, стодам, якому маліліся паганцы. Толькі з баранніх рогаў, альбо з рогаў антылопаў. І карыстацца імі можа толькі веруючы габрэй!

Падскарбій нецярпліва махнуў, паказваючы, што на такія тонкасці яму пляваць.

 Ды хоць з цмокава рога ён будзе. Пакуль у Італію давезлі, хто ведае, хто ў тую трубу дзьмухаў. Крыжак, як там яго, які Ерусалім узяў.

 Готфрыд Бульёнскі, вашамосць!  паспешліва нагадаў канфідэнт.  Яго з-за рога і атруцілі, адзін зайздрослівы біскуп. Брат Вацлаў думае, што рог быў знойдзены крыжаносцамі ў палясцінскім горадзе Лод, дзе пахаваны вялікамучанік Георгій.

Няўжо да кожнай святой рэчы вядзе сцежка з крыві?

 Ну а вось чаму я ўпэўнены, што ніхто пакуль рэліквію не знайшоў.

Брастоўскі шпурнуў Лёдніку скрутак. Пергамент, спісаны дробнымі літарамі. Лёднік і Ляйбовіч адразу ўторкнуліся туды насамі.

 Ліст з трактата Абдамінатуса, вучня Іяана, выдраны маім чалавекам,  задаволена патлумачыў князь.  Запавет папы, як той святы рог, баранні ён, бычыны ці ад антылопы, перахоўваць. Мае вучоныя тхары па-ўсялякаму штудзіравалі. І выходзіць, месца сховішча не там, дзе ўсе думаюць, а ў Венецыі. Здабудзеш святыню, Лёднікне толькі вернеш міласць караля, але пасаду добрую займееш пры двары. І сын твой якім падчашым стане. А калі не  Брастоўскі ўстаў, пацягнуўся, пазяхаючы, быццам знаходзіўся сам-насам у спачывальні.

А што яму прысутнасць слугаўпры ніжэйшых істотах вялікія паны і патрэбу спраўляць не саромяцца. Калі перапе на тлумным застоллі, Караль Радзівіл пры ўсіх дагала распранаецца і загадвае сябе вадой абліваць.

 Вашамосць, але ж трэба адшукаць вашую дачку!  вырвалася ў Алеся.

Падскарбій хмыкнуў:

 А хто табе сказаў, шчанюк, што яе не шукаюць? Па маім загадзе ўсё ўжо абшукалі. Дамы вашы ў Полацку, у Гародні ды ў нейкай вёсачцы вытраслі, як кішэні.

Баўтрамей уздрыгнуў, відаць, уявіўшы, што давялося перажыць Саламеі і Сафійцы.

Князь ляпнуў дзвярыма, ажно ланцугі загайдаліся.

 Падобна, наша Фартуна перапілася на ашмянскіх заручынахтак яе з боку ў бок водзіць.  Давыд выцер спацелы лоб.  Каб ім саламіну ў вока і трэску ў вуха, і не ведалі, што раней вымаць.

Жытло княскім пасланцам саступіў Ігнарус. Пакой, адведзены для пражывання мясцовых катаў, быў зусім не страшны, відаць, ім карысталіся, як гасцявым. На лаўкі кінутыя старыя кажухісамыя выгодныя ложкі для вояў. Пранціш у дзяцінстве на такіх жа спаў. Грубка аблямаваная жаўтлявай плінфай з выявамі вінаградных гронак. Абраз Маці Божай Вастрабрамскай упрыгожаны бялюткім рушніком з мярэжай. Пахне цвілым хлебам і палыном, сівыя шорсткія скруткі якіх шчодра рассаваныя паўсюль ад блохаў.

 А вось дзеля чаго я вісеў кажаном на кратах.  змрочна паведаміў Бутрым, калі пасля абеду, на які адшчыкнулася ад нагатаванага для заручынаў, людзі вучоныя ўзяліся вывучаць трактат Абдамінатуса.  Князь Міхал не ўсё нам распавёў. Ягоны братка ўжо адлавіў аднаго пасланца ў Італію. І ўсіх наступных дэкляруе пераняць ды прыкончыць. Тут цэлыя сабачыя гонкі. Ад Тызенгаўза банда пасланая, ды яшчэ, аказваецца, ад Радзвілавай жонкі пані Тэрэзы. Чуў, яна з каралём раман круціць, і ці не ў каралевы меціць. Так што мыудалы выбар. На нас ніхто не падумае. А калі штонас і не шкада. І пра мяне пан Адам падказаў. Падскарбій пачаў здзекавацца, што брат у адрозненне ад яго адукацыі добрай не атрымаў і нічога не разумее ні ў рэліквіях, ні ў іхніх знаўцах, а пан Адам: «Лепшага знаўцу старажытных рэліквій ты ж горлам пакараў, доктара Баўтрамея Лёдніка». Не ведаў, што ў мяне такая слава, дарэчы.

Што ж рабіць, калі тытрэсачка і трапіў у плынь? Плысці. Уверсе запаветнага аркуша было заканчэнне фразы на лаціне пра Божае блаславенне, а далей старагабрэйская. І Бутрым, і Давыд яе ведалі добра, і ўсё адно рады не далі. Прачыталі толькі:

«Не належыць захоўваць крыніцу голасу Божага ані ў зямлі, ані ў вадзе, ні пад каменем, ні пад жалезам, і нідзе, куды можа зайсці чалавек, але ў горадзе Святога Марка на самым высокім паветры дому ільва».

Што вучоныя княскія расшыфравалі, як гаворку пра венецыянскі сабор Святога Марка, чыім сімвалам быў леў.

Далейшыя ўказанні хаваліся ў знаках, падобных да алхімічных. Бутрым не ўзрадаваўся.

 Нібыта зноў янохская мова, барані нас, святы Кіпрыян. А я спадзяваўся, з гэтым скончана.

Лёднік, які цяпер пазбягаў, як дрыгвы, усялякіх таемных ведаў, час ад часу хрысціўся, засяроджана вадзіў доўгім пальцам па намаляваным дрэве са значкамі замест лісця і хмурнеў. Каб меўся час, дык са сваёй упартасцю ды ведамі расчытаў бы. Змог жа і трактат араба Альбукасіса зразумець, і напісаную янохскай мовай карту ангельскага доктара Дзі.

Давыд запэўніў, што ведае аднаго хлапца з-пад Нясвіжа, маладзюсенькі зусім, але ўжо рабін. Калі той не прачытаедык ніхто.

А доктар зайшоўся кашлем, які займеў, седзячы ў студні, потым ляпнуў па пергаменце даланёй:

 Які блёкат! Высільваемся. А для чаго? Каб прыцягнуць святую рэч у рукі бяздарнага ўладара, дзеля пыхі ягонай, ды галінасцейшага arborem porphirianam.

 Каб выжыць, дзядзька Бутрым!  ціха прамовіў Давыд.  Што толку, калі зараз вашумосць згнояць у студні? Жывы чалавек усё можа змяніць з Божай дапамогай.

Ашмяны ўсё яшчэ святкавалі заручыны. Гарматаў і феерверкаў не прадугледжвалася, але час ад часу пастрэльвалі ў паветра са стрэльбаў, пісталетаў, мушкетаў, фузеяў ды што яшчэ ў мясцовай шляхты мелася.

Лёдніку лепш было на людзях не паказвацца. Да таго ж саслабеў пасля сядзення ў студні. Застуду лячыў адварамі ды дыхальнай гімнастыкай. Таму Давыд і Пранціш адны пайшлі на пляц ля ратушы, дзівіцца на прадстаўленне з музыкамі ды блазнамі. Змрочны Алесь застаўся з бацькам.

Калі Вырвіч, уцякаючы ад навязлівай увагі адной шляхецкай кампаніі,  страціў смак да пяных двубояў,  вярнуўся ў старостаў дом, Бутрым сядзеў на лаўцы, захінуўшы аблічча рукамі, быццам увасабленне Меланхоліі.

 А дзе Алесь?

Доктар не варухнуўся. Вось яно што

 Пасварыліся?

Спавядацца нядаўні чалец Адукацыйнай камісіі не надта ўмеў, але нядаўні менскі суддзя так-сяк усвядоміў трагікамедыю. Размова Лёднікаў атрымалася такой, што хоць на сцэну, хоць у дамскі раман.

Алесь адразу выказаўся:

 Панна Праксэда цябе кахае.

Бутрым, які знясілена прылёг на лаўку, прыўзняў галаву:

 Што табе прымсцілася?.

 Я сам бачыў!  усхадзіўся малодшы Лёднік.  Выпадкова падгледзеў, як яна цябе па шчацэ гладзіла. Ты яе таксама кахаеш?

Бутрым з цяжкасцю сеў.

 Нават з галавы выкінь! Я кахаю Саламею. А тое, што ты падгледзеў Ты ведаеш, што белага колеру ў свеце не існуе? Ён проста ўтрымлівае ў сабе ўсе існуючыя фарбы. Пачуцці чалавечыя гэткія ж намяшаныя. Праксэда не вінаватая. І я таго не хацеў. Гэта як хвароба. Паталогія. Панна сама ўсведамляла. Урэшце, ну які з мяне Адоніс?  Бутрым збянтэжана запусціў руку ў чорна-сівыя лохмы.  Глупства. Я праўда доўга не заўважаў. Потым думаў, у яе пройдзе, як морак.

 А пані-маці ведала?

Алесь быў удзячны бацьку за шчырасць, але гнеў на яго цвяліў, як агеньчык у кноце.

Бутрым апусціў тужлівыя вочы, здушыў прыступ кашлю.

 Твая мацімудры чалавек. Мудрэйшы за мяне. Яна даўно гаварылаПраксэда павінна паспрабаваць жыць сваім жыццём, не пры нас. Можа сама працаваць акушэркай.

 А ты што?

Дзесьці за акном насмешна задудзелі дуды.

 Праксэда вельмі добрая асістэнтка. Мне не хацелася нічога мяняць. Крыўдзіць яе. Сам бачышяк пачула пра пераезд у Вільню, ажно з дому ўцякла.

 Ты хацеў трымаць яе пры сабе! Яна табе падабалася! Толькі сляпы мог не закахацца ў яе! Бачыў, як пераймаецца, дражніў. А сам цешыўсявось, маладая, а па мне сохне. А можа, і штось большае між вамі было?

Голас юнака ганебна зрываўся, так, што Баўтрамей аж захлынуўся ад жахлівай здагадкі:

 Сыне Алесю Панна цябе за сэрца зачапіла?

 Ну давай, скажы цяпер мне, што гэта паталогія, хвароба, морак. Што пройдзе.

Лёднік устаўнапэўна, хацеў абняць, прытуліць узрушанага сына, але той выбег з пакоя, як пяты падсмажылі.

Вось і пагаварылі.

Пранціш, уявіўшы сцэну, толькі ў кудзеры свае русявыя ўчапіўся.

 Помню, вучылі мы яшчэ ў калегіюме гісторыю пра грэка Фалеса, які ішоў, назіраючы зоры, ды ўваліўся ў яміну. Як ёсць пра цябе. Мне не Праксэды шкада, а Саламеі.

Лёднік сярдзіта бліснуў цёмнымі вачыма:

 Мне што, і табе паўтарыць, што між мною і дзяўчынай нічога не было?

 Сэрца парваць можна і не дакранаючыся,  змрочна прагаварыў Пранціш, прысаджваючыся на суседнюю лаўку.  Столькі часу трымаў дзвюх жанчын, як на распаленай блясе. Адна адну шкадуюць, абедзве цябе кахаюць. І лаяцца ім нібыта падстаў няма, і спакою таксама няма.

Дзве познія восеньскія мухі ўсё яшчэ спадзяваліся знайсці сэнс жыцця ў бясконцым кружлянні між сценаў.

 А што я мусіў рабіць?  агрызнуўся Бутрым.  Я ж бедную дзяўчыну таксама шчыра шкадаваў. Як успомню, якой яна ў наш дом трапіла. Запаленне лёгкіх. Рукіяк сцябліначкі, голас, як націнка. Чаравікі з голаду прадала, босай ішла. Ды як?  Лёднік панізіў голас.  Яна вельмі прасіла, каб ніхто не даведаўся. Яна ж была ў мужчынскім касцюме. Валасы абстрыгла. Спадзявалася патрапіць ва ўніверсітэт, мо ў Кракаве, мо ў Вене. Яна ж па-нямецку гаворыць вольна. Па дарозе абрабавалі. Застудзілася, упала на вуліцы ў гарачцы. Добра, у наш шпіталь прынеслі. Думаю, у Праксэды ўдзячнасць да мяне неяк вычварылася.

 Вычварылася,  перадражніў Вырвіч, скептычна акінуўшы поглядам худую постаць на лаўцы катава пакоя.

Пранціш ніколі не мог зразумець, што прываблівае да дзюбаносага змрочнага сына полацкага гарбара самых прыгожых і разумных жанчын. Калісьці гэта вельмі злавала маладога шляхціца. Цяпер, праз гады, Вырвіч дапускаў, што выпускнік двух універсітэтаў Лёднік мог выклікаць захапленне, калі займаўся справай, у якой яму не было роўных. Напрыклад, фехтаваннем, хімічнымі доследамі, складанымі аперацыямі. У ягоным абліччы тады выяўлялася каралеўская ўладнасць, той унутраны агонь, якому Пранціш таксама зайздросціў. Хоць той агонь часцяком заводзіў Бутрыма далей, чым належала добраму хрысціяніну і пачціваму грамадзяніну.

 Я веру, што ты кахаеш Саламею. Але прызнайся, няўжо столькі часу побач з маладой дзяўчынай, якая да цябе хінеццаі ты зусім абыякавы? Той пярсцёначак, пра які Брастоўскі казаўдарыў, відаць?

Бутрым пацёр лоб, прыкрашаны шнарам, атрыманым калісьці за тое, што не даў казаць абразлівыя словы пра Саламею.

 Я ўсяго толькі грэшнік, пан Вырвіч. Я не магу прысягнуць, што нават выпадкова не заўважаў прывабнасці сваёй памочніцы. Не захапляўся яе розумам. Што хоць на нейкае імгненне мне не была прыемнай яе прыхільнасць. Алесь мае права мяне дакараць. Я ніколі не пераступіў бы мяжы. Але

Пранціш цяжка ўздыхнуў.

 Не буду я цябе дакараць. Усе мы Грэшныя. Вось, дома ў мяне жонка цудоўная, сын малы. А я пабачыў адну дзяўчыначкуі сэрца кроіцца ўспамінам.

І распавёў пра заручыны, маленькую нявесту і яе просьбу.

 Эх, няўчасна гэта. Не зможам мы яшчэ і гэту магнацкую справу на сябе ўзваліць,  стамлёна прызнаў Бутрым.  Распытацца б, дзе зараз пан Гервасій і Паланэя, няўжо без іх згоды дачку прасваталі? Але, пагадзіся, не да паненкі нам. Шлюб гадоў праз дзесяць толькі здзейсняць, калі па Статуце, бо жаніх і нявеста etate minnorenuitale. А да гэтага паненку будуць берагчы. Гусей пасвіць не пагоняць. Вернемся жывымітады.

І Вырвіч ведаў, што гэта слушна, але ніяк не мог забыцца на блакітныя вочы, што глядзелі на яго калісьці то з фанабэрыяй, то з какецтвам. Не, не яму дакараць Лёдніка.

Ой, Божа ж ты, мой Божа, дзеўчыну люблю.

Сам я добра знаю: яе не вазьму.

Дай ты жа мне, Божа, вечара даждаць,

Пайду да дзяўчыны я ў апошні раз.

За акном надрываўся тонкі голас спевака і плакала скрыпка. І каціліся па чорнай шчацэ неба буйныя восеньскія зоры. І хтосьці радаваўся, пабачыўшы такую вогненную слязу, і думаў, што яму ж гэтана ўдачу.

Кожная чужая слязакамусьці на ўдачу, так ужо створаны свет.

А потым жанчына з прыўкрасным, змучаным ад гора і доўгай дарогі тварам, стаяла пасярод пакоя, калісьці адведзенага для катаў, а зараздля ахвяраў. І вучоны доктар абдымаў яе калені. А маленькая дзяўчынка з цёмнымі і бліскучымі, як вішанькі, вачанятамі на мілым тварыку гладзіла яго па галаве і казала:

 Тата, ну не трэба плакаць. Ты ж вялікі.

І на гэта ўсё глядзеў з кута пакоя чалавек са звыродлівым лішаём на твары, глядзеў з прыхаванай, пякучай зайздрасцю, і ціха прамаўляў:

 Гаўдэамус. Гаўдэамус, казюркі. Памятай, доктар, ты памечаны мной. Падранак катавальні ты ёсцека. Такія, як ты, заўсёды вяртаюцца на крукі свае і ланцугі свае ў сутарэнні і студні. Мы дачакаемся цябе, доктар, з царствам маім.

Раздзел чацвёртыЯК ПРАНЦІШ МУДРАСЦІ БІБЛЕЙСКАЙ СЕРБАНУЎ

Кажуць, калі герцаг Курляндскі мусіў сустрэцца ў Вільні з каралём Уладзіславам Вазам, каб улагодзіць сюзерэна, запрасіў нямецкіх артыстаў разыграць на пляцы Шэкспіра. Але кароль прыехаў такі злосны, што загадаў узведзеную сцэну парушыць на трэсачкі, а Гамлетаў ды Афелій гнаць, як мышэй.

Пры ўсіх уладарах глумцы, блазны, паэты, музыкірэдкія стравы да стала. Іх можна зесці, можна выплюнуць, можна разам з талеркай запусціць у твар кухару.

Затое небяспекі ў іх бачаць не болей, чым у клёцках ці пірожным.

Баўтрамей Лёднік, вучоны доктар і трошкі маг, аніяк не быў падобны да пірожнага. Хіба да пярцовай настойкі на добрым спірытусе. Вырвіч ледзь стрымаў усмешку, каб яшчэ больш не злаваць былога настаўніка, якому, трэба прызнацца, вельмі пасаваў турбан з залацістай кітайкі велічынёй з добрую балею і стракаты атласны халат у жоўта-чырвона-юлёвыя палосы. Худая фізіяномія Лёдніка была шчодра вымазаная брунатнай фарбай, пад носам абвіслі вусы з чорнага шаўковага шнура. Вось цесць Пранціша, пан Гараўскі, вялікі аматар таямнічага Ўсходу, ацаніў бы.

Назад Дальше