Але вылузвацца з блазенскай абалонкі пакуль аніяк нельга было. Некалькі разоў натрапілі на разезды. Праўда, калі жаўнеры зазіралі ў экіпаж, толькі пачырванелыя ад гарэліцы насы пагардліва крывілі на блазнаў. Вялізная павозка, чыя драўляная сцяна магла ператварацца ў заднік сцэны, гайдала ў сабе не менш дзіўныя істоты і рэчы, чым алхімік у турбане з падробным дыяментам з кулак велічынёй. Запыленыя анёльскія крылы суседнічалі па кутах з драўлянымі мячамі. Намаляваны на фанеры ружовы кустз кардонным цмокам. Пыса цмока крывілася, нібы ў агоніі, і была ўся ў дзірках ад дзіды якога-небудзь Святога Юрыя альбо паганскага Персея. Найболей жа пасажырам замінаў парык, ушчымлены паміж лаўкамі. Драцяная канструкцыя ў тры локці, абматаная шорсткімі валасамі і выцвілымі стужкамі, усаджаная пыльнымі папяровымі ружамі, нагадвала гняздо вялізнага павука, і страшна было ўявіць, як гэта можна ўзбурыць на галаву. Для такіх парыкоў куафёры спецыяльныя мапы складалі.
Так што Аляксандру Лёдніку пашанцавала. Парык на ягонай галаве быў у дзесяць разоў меншы і навейшы. Праўда, усё-ткі дамскі. Бо да абурэння нядаўняга студыёзуса, яго змусілі прыняць аблічча куртуазнай пастушкі Галатэі. У вандроўным тэатры мужчыны звыклі да жаночых роляў. А банда Чорнага Доктара якраз і выехала з Ашмянаў у вазку вандроўнага тэатрыка, які вяртаўся ў Варшаву. Сапраўдныя лёкаі і пакаёўкі Мельпамены ехалі наперадзе, у асобнай павозцы, а гэтую вылучылі падстаўным.
Абражаны Алесь, зацягнуты ў белую сукенку ў ружовыя кветачкі, час ад часу раздражнёна дзьмуў на завітую пасму рудога парыка, што лезла да вуснаў, і хутаўся ў сіні плашч, які быў бы зусім прыстойны, каб не нашытыя залацістыя буйныя зоры. А насупраць аптэкар-парфумер Давыд усміхаўся, нібы ўсё жыццё марыў красавацца ў зялёным балахоне са штучнымі галінкамі ды лістотай. Здаецца, малады Ляйбовіч мусіў увасабляць антычнага бога Вяртумна, які адказваў за змены пораў года.
Вось Пранцішу пашанцавала. Нават здзеклівыя падлючыя блазны з кракаўскай трупы, што падбіралі апранахі нечаканым спадарожнікам, разгледзелі ў ім сапраўднага воя. Так што Вырвіч самазадаволена аглядаў свае рыцарскія латы, зробленыя, праўда, не з металу, а з кардону.
І якую ж песу мы маглі б цяпер разыграць, панове? агучыў думку Вырвічусё-ткі ён быў недавершаны паэт, недапечаны драматург, і дзесьці ліцвінскі Плутарх.
«Шмат шуму з нічога» і тое не выйдзе, прабуркатаў раздражнёна султан. Вылучылі для нас касцюмы падзіўней з розных пастановак, каб шпегаў з тропу збіць, дый усё.
Фантазіі табе не хапае, Бутрым, весяліўся Вырвіч. Усю ў студні вымыла.
Алесь няўхвальна скасавурыўсяён ніяк не мог звыкнуць, калі дзядзька Пранціш ды пан-бацька змрочна жартавалі над рэчамі зусім нясмешнымі. Вось жапанна Праксэда знікла, пані-маці ў слязах адправілася з сястрычкай дадому, а тут жарцікі.
Не пакутуй, Ланцэлот, адшукаем тваю вучоную панну. Мы паннаў і з замкавай вежы, і з-за муроў кляштара, і з-пад варты цэлага палка даставалі! Пранціш правільна адгадаў перайманні «Галатэі».
Лёднік з няёмкасцю перхануў і прамовіў, не гледзячы на надзьмутага сына:
Саламея абяцала разведаць, з кім Праксэда сустракалася, можа, хто што чуў.
І ледзь стрымаў цяжкі ўздых. Размова з жонкай атрымалася нялёгкай. Пранціш, мусіць, упершыню бачыў, што дачка полацкага кнігара не ўсміхаецца радасна пры сустрэчы з каханым мужам. «Я занадта стамілася, Бутрым».
І Пранціш пачынаў патроху ненавідзець зніклую Праксэдугэта ж трэба было прымудрыцца перасварыць дружнае сямейства Лёднікаў! Таму што Алесь адмоўчваўся і адварочваўся ад бацькі. А Саламея, калі апынуліся з Пранцішам сам-насам ля ашмянскага палаца, пад вечаровым небам, і горка пах палын, і лісты не хацелі паміраць і злятаць, выдыхнула:
Ну вось скажы, пан Вырвіч, калі ніхто не вінаваты, чаму ўсім нам так кепска?
І махнула тонкай рукой, не патрабуючы адказу.
Ты ведаеш, што Бутрым вадзіў яе на лекцыі? І ў калегіюм у Гародні. І з сабой браў у Віленскую акадэмію і ў Кракаўскі ўніверсітэт. У мужчынскім адзенні. Тое, што ніколі не дазваляў мне. Хоць у юнацтве я сама пару разоў на падобнае ў Полацку наважылася, так ведаў хацелася. І сам жа Бутрым паўтарае: «Гасподзь дае мазгі не па спадніцах ці нагавіцах, не па кармазіну ці радну, а па чалавеку». А за мяне ён, бачыш, баіцца. Абараняе.
Што ж, у яго ёсць прычыны, мякка прагаварыў Вырвіч, са скрухай заўважаючы ля гожых сініх вачэй колішняй Сільфіды дробныя зморшчынкі і застарэлы цень. Апошні раз, калі цябе абвінавацілі ў вядзьмарстве, Бутрыму ледзь удалося выратаваць. І свае адкрыцці пра шлем Альбукасіса тады аддаў за сведчанне прадажнага калегі, і з пудовым мячом, які ледзь падымаў, супраць волата Ватмана выйшаў.
Саламея правяла рукой па абліччы, усё яшчэ гожым, велічным, удыхнула водар восеньскага палыну:
Я ведаю, што ён і цяпер за мяне гатовы на ўсё. Абараняе. Так. А вось асістэнтку сваю не бярог. Разам такія эксперыменты ўчынялі, да якіх мяне і блізка не дапушчаў. Два разы даводзілася абаіх з лабараторыі выцягваць пасля выбухаў, калі ад дыму смярдзючага ледзь не патруціліся. Абое толькі смяяліся.
Голас палачанкі дрыжэў.
Яна ж настолькі маладзей за мяне, Пранціш. І высакародная кроў. Гэта не выдумкігэта выхаванне з пялюшак. Пастава, манера кланяцца, ды нават брацца за кубак. То пазірае вінавата, а часам як блісне вачыма. Цішэй, не перабівай, гэта я ад крыўды ды зайздрасці. І яшчэ
Саламея прыкусіла вусны з дасканалым абрысамколькі мужчын калісьці гатовыя былі біцца хоць бы і з цмокам, каб не крывіліся горка гэтыя вусны!
Яны вельмі падобныя. голас гучаў глуха. Бутрым з Праксэдай. Не, не знешне. Але каб Лёднік нарадзіўся жанчынайякраз такой. Ганарыстыя, зацятыя, апантаныя Толькі яна больш стрыманая. Бутрым, калі да жывога дастала, выбухае, як салетра пры перагрэве. А Праксэда толькі маўчыць ды пагарджае. Думаю, ёй давялося шмат цярпець у жыцці. І так, мне яе шкада. Але як жа мне часам хацелася, каб яна знікла. Асабліва калі на яе пальцы ўлетку зявіўся срэбны пярсцёнак. Як ніхто не бачыць, яна да яго вуснамі дакранаецца, і на Бутрыма паглядае. Відаць, падарунак. Як я яе ў тыя моманты ненавідзела. І вось, збылося. Праўду кажуцьнядобрыя думкі, як забытая дома свечка. Вярнуўсяадны вугалі.
Пранціш адмахнуўся ад камара, худога і нахабнага, як мытар:
Ты ж яе з дому ў каршэнь не гнала.
Але менавіта я намовіла Бутрыма, каб сказаў Праксэдзе ў Вільню пераязджаць, Саламея апусціла галаву, прыкрытую маленькім ваўняным капелюшом з вітым срэбным шнурам, які пабліскваў у прыцемку. Апошнім часам мы з паннай амаль не размаўлялі. Яна з Сафійкай куды болей шчырая была, чым са мной. Ды яшчэ хадзіла да нейкай сяброўкі ці сваячкі. Вярталася ўзнёслая і заплаканая. Думаю, знайшла каму перайманні свае выказацьжанчынам гэта часам проста неабходна.
Можа, тая сваячка і дапамагла ён знікнуць! усхвалявана зазначыў Вырвіч. Гэх, каб нам не за нейкай рэліквіяй перціся
Саламея шчыльней захінулася ў плашч.
«Рэліквія». І зноў Бутрым дазваляе сябе выкарыстаць. Абрыдзелі ўсе гэтыя палітычныя гульні. Наш маёнтак Караблі праезджыя расейскія стральцы разрабавалі. Святара ў сажалку кінулі, добра, там вады па пояс. Бацюшка крычыць: «Праваслаўны я, брацці!» А яны: «Какой ты православный, поляк ты!» А новыя канфедэраты, патрыёты Рэчы Паспалітай, калі перамогуць, зноў за дысідэнтаў возьмуцца. І бацюшку нашага зноў пагоняць. І так былі прынялі закон, каб за пераход з каталіцкай веры смерцю караць. Дзе мы ўсе тады апынемся?
Пранціш толькі ўздыхнуў. Вечна ліцвін паміж чужых жорнаў.
Выкруцімся, выслізнем. Баўтрамей мяжы не пяройдзе.
Тонкая рука Саламеі, што прытрымлівала край плашча, ледзь заўважна дрыжэла.
А дзе тая мяжа, пан Вырвіч? Я ведаю, Бутрыму здаралася за гэтыя гады быць з іншымі жанчынамі.
Пранціш з няёмкасцю хэкнуў, але жанчына працягвала «слізкую» размову.
Можаш нічога не прыдумваць, Бутрым мне ўсё распавёў сам. Тыя выпадкі быліяк на вайне. Там жа кагось параніць, кагось закіне ў варожае войска ці ў палон Цяпер жаздрады цялеснай няма, а так балюча.
Напрыканцы размовы з Саламеяй збоку шаргатнулі кусты, здаецца, чыясь худая постаць слізнула ў прыцемку. Пранціш нават падумаўці не Алесь падслухоўвае? Але малодшы Лёднік нічога не сказаў ні пасля, ні цяпер.
А Пранціш толькі і мог, што парваць чарговую паперку з незакончаным вершам.
І зноў забівае сонца сведкаў свайго гарэння.
Крылаў яно не любіць і Вавілонскіх вежаў.
Толькі ў напрамку сонца нашы лятуць марэнні,
Толькі ў напрамку неба зноў вырастаюць вершы.
Сыпецца попел шэры на зямныя галовы.
Апёкі гараць на душах, і чырвань перад вачыма.
І зноў у напрамку сонца ўзлятаюць сляпыя строфы,
Хоць там яны непатрэбны, а тут яны немагчымы.
За вокнамі тэатральнай карэты пачаў невыразна дэкламаваць свае рэплікі дождж, нат не дождж, а дажджыска. Дробны, як малодшы пісар магістрата. Пранціш выцягнуў ногі ў высокіх бліскучых ботах, дзякуй святому Франтасію, не бутафорскіх. Бот упёрся пад лаўкай у нешта мяккае.
Ай!
З-пад лаўкі пачуўся тоненькі піск. Нехта чхнуў. Зашаргатала.
А затым з пыльных нетраў карэты, міла ўсміхаючыся, вылезла княжна Багінская, панна Агалінская, нявеста малодшага фон Штакельберга, у накручанай паўзверх змятай і перапэцканай ніжняй кашулькі зялёнай посцілцы.
Кардонны цмок трохі падумаў і зваліўся на спіну Давыда.
А каб цябе распрындзіла. разгублена прамовіў аптэкар, спіхваючы з сябе пашарпанае страшыдла.
Гэта вы мне? з удаваным здзіўленнем прамовіла паненка звонкім галасочкам, і ў яе блакітных вачах так і скакалі вельмі знаёмыя Пранцішу Вырвічу гарэзныя жарынкі.
А на носіку стракацелі рабацінкі, якія зусім не пасуе мець высакароднай панне.
Бедлам. разгублена прамармытаў Лёднік.
Алесь, пачырванеўшы, спрабаваў садраць з сябе ганебны жаночы парык.
А я не снедала. Sorry.
І жаласны позірк.
Уменне кіраваць людзьмі, напэўна, перадаецца ў спадчыну, як колер валасоў. Таму кудзеркі юнага стварэння адлівалі меддзю, а заміж таго, каб лаяцца ды распытваць, нейкі час чацвёра мужчын у блазенскіх уборах былі занятыя падрыхтоўкай сняданку для маленькай галоднай князёўны.
А вытой самы доктар? панна Рэгіна вымавіла гэта не зусім выразна, бо жавала булку з сырам.
Лёднік хмыкнуў:
Не ведаю, ці той самы, але доктар.
Нечаканая госця заківала:
Пані маці мне пра вас гаварыла. Magician. А зрабіце, каб мне зараз жа стала васямнаццаць, я жаніху такога гарбуза пашлю!
Падобна, Паланэя Багінская распісала дачцэ магічныя здольнасці Чорнага Доктара ў фарбах і блішчынках. Якраз адпаведна касцюму казачнага султана.
Расповед радавітай бягляначкі перасыпалі ангельскія слоўцы. Увішная Рэгінка расла на амерыканскіх прасторах. Ад сонца не хавалася. Умела, як і маці, скакаць на кані, страляць са стрэльбы і індыянскага лука, залазіць на вялізныя дрэвы, падслухоўваць размовы і ўцякаць з-пад любога нагляду. Ну такая звычайная ліцвінская князёўна. Усё парушыў ліст з-за акіяна. У Паланэі з Багінскіх аж рукі трэсліся, калі разгортвала аркуш. Калі Паланэйка збегла ў Амерыку разам з мужам, рудым панам Гервасіем Агалінскім па мянушцы Амерыканец, ейны брат, вялікі гетман Міхал Казімір Багінскі, страшэнна ўгневаўся. Звязалася з радзівілаўскім прыпечкам, шляхцюком сярэдняй рукі! І выкрасліў яе са сваёй памяці, ні шэлега ў пасаг не вылучыўшы. Праўда, пан Агалінскі сам дакляраваў, што адмаўляецца ад таго пасагу і ўсялякіх зносінаў з фанабэрыстай жончынай сямейкай. Агалінскі ў сваю чаргу шлюбам з Багінскай выклікаў няміласць сюзерэна, Радзівіла Пане Каханку. А пан Гервасій жа быў альбанчыкамчальцом банды альбанцаў, сяброў юнацтва Пане Каханку, што разам з ім гадаваліся і пракуднічалі ў нясвіжскім прадмесці Альба. Там здрады не даравалі. Так што маладым сужонцам ледзь удалося ўцячы за акіян ад разятраных іхнім самавольствам магнатаў, не без дапамогі Вырвіча і Лёдніка. І вось на табеліст. Ды яшчэ з якой спакуснай прапановай! Князь Багінскі паведамляў сястрыцы, што гатовы забяспечыць для яе сына самае бліскучае становішча пры двары. Усё сямейства можа вярнуцца, і атрымаць належную частку ўладанняў Багінскіх. Як толькі Рэгіна Агалінская, удачароная дзядзькам, стане Багінскай і заручыцца з радавітым жаніхом.
Нездарма на вёсках раілі не браць дворку, гэта значыць, панскую прыслугу, за жонку. Хто пакаштаваў палацавага жыццябудзе заўсёды яго хацець. Паланэя пачувалася страшэнна вінаватай перад дзецьмі, якіх пазбавіла прыдворнай кареры і належнай іх званню раскошы. Так што, нягледзячы на тое, што пан Гервасій толькі разюшыўся ад паслання швагра, Паланэя цішком пачала намаўляць дачку. Ах, якія цуды яе чакаюць у Вялікім Княстве Літоўскім і Каралеўстве Польскім, якія ўборы ў яе будуць, як цікава адбываюцца каруселі рыцарскія і тэатральныя спектаклі! Такога ў іхнім форце сярод дзікіх лясоў ніколі не пабачыць! Ну і, скарыстаўшыся тым, што пан Гервасій зехаў да чырванаскурых дзікуноў, каб запісаць новыя легенды, Паланэйка адправіла дачку з братавым пасланцом на радзіму.
Вось толькі Рэгінка дужа расчаравалася ў абяцаным ёй сапраўдным княскім жыцці. Узяліся вучыць яе галантным паводзінам, нават розгаў упершыню ў жыцці пакаштавала. Гарсэт скабы перацягвае, туфлікі завузкія, пальчаткі завузкія, не бегай, не смейся, не плач. І жаніх выявіўся зусім не чароўным прынцам, а мелюзгой смаркатай. Рэгінка падслухала, як абмяркоўвалі прыстаўленыя да яе людцы, што ейны бацька, пан Гервасій, кінуўся следам за дачкою і нат пераплыў акіян. І што яго збіраюцца затрымаць, каб не перашкодзіў заручынам. А пасля радавалісятрапіў руды Амерыканец у італійскую турму, ды самую страшную, каменныя калодзежы ў Венецыі. А нядаўна Амерыканачка падслухала развагі пана Брастоўскага і ягонага канфідэнта, якім чынам выправіць банду на чале з Чорным Доктарам у тую ж Венецыю. Як пасля такога не збегчы?
Не халера, дык адзёр, прамармытаў Чорны Доктар. Не хапала нам яшчэ скрасці гетманаву прыёмную дачку!
А паненку шукаюць, мусіць. Знойдуцьніякія італьянскія місіі нас не ўратуюць, меланхалічна зазначыў Давыд. Вярнуць трэба яе княскую мосць апекуну.
Я ўсё адно збягу!
Вусны Рэгінкі кранальна дрыжэлі, блакітныя вочы напоўніліся слязьмі. Ну як тут Ланцэлоту змаўчаць?
Мы павінны абараніць панну!
Алесь ваяўніча аглядаў спадарожных. Уражанне псавала сукенка ў кветачкі, бялілы на худым абліччы і пёры са сцягнутага парыка, якія заселі ў валасах.
Ад каго і ад чаго абараніць, шаноўны пан Аляксандр? уздыхнуў былы менскі суддзя. Каб мне прадставілі на разгледжанне гэтую справу, я змушаны быў бы асудзіць выкрадальнікаў, бо апякун панны Багінскай ніякай шкоды ёй не ўчыняў, а, наадварот, уладкоўваў яе будучыню.
Я не вярнуся! звонкі крык малой нявесты мог пачуць фурман, але на шыканне спадарожнікаў панна Агалінская не зважала. Гетман мне не бацька! У мяне свой бацька ёсць! А калі вы мяне аддасцё, скажу, што звезлі гвалтам! Зачаравалі! Катавалі! Пачну крычаць «Ратуйце!»
Уліплі. Так ці інакшне пазбегнуць гневу вялікага гетмана, падскарбія і расейскага пасла, усяго кубла разам.
Рэгінка між тым набрала паветра ў лёгкія, збіраючыся ўсчаць благанне.
Адзіны, хто можа аспрэчыць права гетмана на апякунствапан Агалінскі, змрочна вымавіў Лёднік, і Рэгінка перадумала крычаць, яе блакітныя вочы загарэліся надзеяй. І ёнадзіны, каму мы паводле закона можам перадаць панну.
Ну так, неахвотна пагадзіўся Вырвіч. Калі бацька сам ад дачкі не адмовіўся, дазволу на апякунства не даўяно незаконнае.
Панове, я, вядома, усяго толькі аптэкар і ў рыцарскіх справах не кемлю, але мы што, збіраемся валачы гэтую дзеўчынёху ажно ў Італію? у голасе Давыда быў сапраўдны жах.
А за мной вось гэты высакародны рыцар у сукенцы прыгледзіць! хітруля Рэгінка нечакана зірнула на разгубленага Алеся, і Ланцэлот адразу ўспомніў кодэкс куртуазны і прыняў пагрозны выгляд, рыхтуючыся абараняць даму.
Яшчэ б ад клятай спадніцы пазбавіцца.
Гэта ўдалося ў заціснутым між двух балотаў маёнтку аднаго з кліентаў пана Міхала Брастоўскага. Маёнтак меў жывапісную назву Гнілая Гаць, а ўладальнік не менш жывапіснае прозвішча Жаба-Равуновіч. Там шпегам вылучылі дарожную карэту з двума коньмі. Гэткі прадзедаўскі рыдван, падобны да буфета на колах. І да яго фурмана, дробнага і палахлівага, як мыш, якога звалі Фульчык.
Фульчыку было абыякава, куды кіраваць коней. На Наваградак? Як панству заўгодна. Абы ў каршэнь не таўклі.