Авантуры Вырвіча з банды Чорнага доктара - Рублеўская Людміла 8 стр.


Ля карчмы, не самай багатай на выгляд, людцаў вілося, як жамяры вакол сподачка з саладухай. У збітыя кулакамі ды ботамі наведнікаў дзверы ўрачыста зайшла чарговая кампанія. Ладны русачубы шляхцюк у шапцы набакір, з дзёрзкімі блакітнымі вачыма, высокі змрочны тыпус у чорным дарожным камзоле, троху сабе злавесны, і чарнявы фацэт з усмешлівымі пульхнымі вуснамі, у модным французскім каптанчыку з зялёнымі стужкамі.

Усмешлівы фацэт агледзеўся, не зважаючы на тлум і непрыветныя позіркі, і махнуў рукой:

 Вунь там, за печкай, у дальнім куце, ён звычайна і сядзіць Рушылі!

Фацэт рашуча адсунуў заседжаную мухамі сінюю баваўняную занавеску, з-за якой даносілася манатоннае бубненне, нібыта нехта пераціраў ды пераціраў у ступе зерне мудрасці. Ля печкі на пыльных падушках сядзеў шчуплы габрэйскі хлопец. Ягоны твар з тонкімі нервовымі рысамі быў засяроджана-натхнёны, а чорны халат чамусь выпацканы, быццам ім выціралі пыл. Хлопец пагойдваўся і чытаў кнігу, чые старонкі па краях былі ўжо колеру мінулагодняга лісця. Перад хлопцам некалькі худых мурзатых дзетак у лахманах час ад часу паўтаралі пачутае, гэтак жа пагойдваючыся

 Гэта твой рэбе?  абурана шапнуў русачубы шляхцюк на вуха фацэту.  Той, хто лепей за Бутрыма тайнапісы расчытвае?

 Не мяркуйце па знешнасці, пан Вырвіч,  шэптам адказаў фацэт.  Саламон з адзінаццаці гадоў уважаецца за рабіна. І жанілі яго тады ж. Ледзь не біліся, чыю дачку прыстроіць за такога вучонага маладога чалавека, нават выкрадаць яго спрабавалі. Мадам Рыся перамагла, уладальніца гэтага пастаялага двара, са сваёй дачкой ажаніла. Ён у чатырнаццаць гадоў бацькам стаў.

З адзінаццаціу сямейнае ярмо! Пранціш амаль з жахам зірнуў на выснажанага юнака, які, заплюшчыўшы вочы, з натхнёным тварам пагойдваўся і прамаўляў словы, што нібыта плавіліся на ягоных вуснах.

Трэба ж, пасярод бруднага ліцвінскага мястэчка людзі ў лахманах разгадваюць, што за божая мудрасць схаваная ў якім слоўцы і ў якой літары.

Малады рэбе змоўк і прыадплюшчыў вочы. Вочы глядзелі ў незямныя эфіры.

Давыд скарыстаўся гэтым момантам, каб прывітацца.

З незямных эфіраў вучоны Саламон вынырнуў не адразу, але калі засяродзіўся на госцю і пазнаў, узрадаваўся.

А як пачуў пра тлумачэнне таемных тэкстаў, аж вочы загарэліся, заківаў, залапатаў ухвальна. Пранціш габрэйскай не надта валодаў, але зразумеў, што да новых ведаў Саламон ласы не менш, чым Лёднік.

Перш чым паглыбіцца ў вывучэнне прывезенага гасцямі пергаменту, рэбе трывожна кінуў сюды-туды пагляд, як бы ў чаканні нападу. Ягоныя вучні паўтарылі тое за ім, круцячы тонкімі шыямі і нязграбна пацепваючы плячыма.

Вучняў, зрэшты, Саламон зараз жа і адпусціў. Бо працэс тлумачання скрадзенага пергаменту быў няпросты. У Пранціша, які прыстроіўся на зэдліку ля печкі, ажно ногі сцерхлі. Нат пазайздросціў Алесю, які застаўся ў карэце разам з пераапранутай у хлапчыску князёўнай Багінскай-Агалінскай.

Па той бок баваўнянай занавескі шумела і дыхала часнаком карчма. Нехта патрабаваў яшчэ піва. Шчасліўчык! Даносіліся перлы пяной мудрасці: «Вінаградам у сэрца, цукрам у душу, браце, мяды мядам, нікому не дам! Гэтае зелле ўзімку не мерзне, улетку не кісне», «Гарэлка не дзеўка, не цалуй», «Перш чарку, а потым і па карку», «Пі, браце! Душа меру знае!», «Гэй-го! Першая чарка калом, другая сакалом, трэцяя дробнай пташачкаю!», «Пі, не порах, не разарве!» Праўда, такія-сякія слоўцы з пергаментнага дыспуту Вырвіч усё-ткі ўлоўліваў у дзіравы нерат сваёй моўнай абазнанасці.

Рэбе адразу заявіў, што пісаў дакумент знаўца Кабалы. Далей яны з Лёднікам давай счапляцца, Давыд нат рукой махнуў і не палез у занадта вучоныя жарсці. Пайшоў фіглі карчомнай прыслузе строіць: мясцовыя дзеўкі ўжо зачапіліся вокам за модны французскі каптанчык ды капялюш.

А Бутрым і рэбе смакавалі горкі мёд вучонасці. Саламон сцвярджаў, што перакладчыкі няправільна зразумелі сімвалы, і гаворка не пра будынак ці вежу, а пра слуп. Лёднік не згаджаўся, але ягоны атрутны тон і пагардлівы позірк, якія змушалі ў Вільні бедных студыёзусаў сцінацца, не мелі аніякага ўплыву на натхнёнага рэбе. У таго сваіх аргументаў і дэфініцый былоцабэрак ды гарнец зверху. Так што Лёднік урэшце здаўся. Абодва ў працэсе, падобна, пранікліся адзін да аднаго шчырай павагай.

Жыццё пафасу не любіць, і была ў гэтым варяцкая іронія: запавет рымскага папы-іспанца разгадваецца габрэйскім хлапчуком за печкай ліцвінскай карчмы.

Бутрым скасавурыўся на Вырвіча, уздыхнуў і пераклаў свайму былому студыёзусу высновы Саламона. Святы прадмет, паводле маладога знаўцы Талмуда, знаходзіўся зусім не ў храме святога Марка.

А ёсць тры слупы ў месцы, прысвечаным таму, чые парэшткі выкрадзеныя з дапамогай нячыстых жывёлаў. Адзін слупу вадзе. Другідля таго, хто носіць дзіду вастрыём уверх. Трэці слупклетка звера, які належыць уладару горада. У пашчы звера і патрабуецца схаваць інструмент, які ў час небяспекі абрыне сваім гучаннем ворагаў у ваду і на камні. І хай уздымецца абраннік з малітвай да пашчы звера, і суне туды руку, і паверне язык тры разы супраць сонца, і дасца яму па веры ягонай.

Аўтар велягурыстай лухты што, не мог па-чалавечы вытлумачыцца?

Раптам сіняя заслона рэзка адторгнулася, забег Давыд:

 Саламоне, цешча твая ідзе!

Адразу ж зазірнулі і спалоханыя вучні рэбе з тым жа папярэджаннем, і хуценька, як мышы, зніклі.

А рэбе вокамгненна адсунуў падушкі і нырнуў у схаваную за імі чорную дзірку падпечка, толькі белыя панчохі мільганулі. Вырвіч не паспеў вачыма лыпнуць. Давыд між тым, ніколькі не здзівіўшыся, паклаў падушкі на месца, на што з падпечка данеслася ўхвальнае мармытанне.

Тут жа занавеска ўзвілася ветразем. Бойкая кабета, яшчэ не старая, са зграбнай постаццю, зацягнутай у гарсэцік, у белым фартуху і карункавай накідцы, накручанай на галаву, крычала штосьці, час ад часу згадваючы імя «Саламон». Давыд са скрушнай фізіяноміяй развёў рукамі: маўляў, няма Саламона, не бачылі, не ведаем. Тады кабета спыніла суровы позірк брунатных пукатых вачэй на Лёдніку, як на самым старэйшым з кампаніі, і засакатала па-ліцвінску:

 Не, ну вы чулі, вельмішаноўнае панства! Няшчасная мая Сора! Што ёй за муж патрапіўся! Наравісты, свавольны! Бедная мая галава! Уявіце сабе, ноччу прачнулася ад страшнага выцця: стаіць нехта ў белым, са свечкай, і дакарае мяне, што я кепска абыходжуся з гэтым свавольнікам, зяцем, якога голага і босага ў сямю прыняла. Да сумлення майго заклікае! Я ледзь не самлела. Бо і праўда вырашыла, што гэта мой нябожчык-муж альбо светлай памяці бацька зявіўся. А тады прывід як заперхае, ды як плітане. А на падлозе сляды крэйды! Ну, я яму пакажу!..

Кабета патрэсла ў паветры кулаком, і Пранціш мімаволі ўспомніў уласныя пракуды і ў звязку з імі кухталі і розгі.

Калі Саламонава цешча сышла, не перастаючы лаяцца, падушкі заварушыліся, і засмучоны рэбе паказаўся з падпечка. Абтрос халат, прамармытаў, як шкада, што так і не навучыўся рабіцца нябачным. З тужлівай зайздрасцю паглядзеў на Давыда ў французскім каптанчыку, пра нешта запытаўся, пачуў адказ і прамовіў на ламанай ліцвінскай:

 Я паеду з вамі. Задушна мне тут. Таксама вучыцца хачу. Свет глядзець хачу. Буду з вамі шукаць. слупы тыя.

Бутрым незадаволена пакруціў галавой, але згадзіўся далучыць да іх банды яшчэ аднаго чальца. Што ж, Лёднік больш за ўсё паважаў у людзях прагу да ведаў. Сам калісьці вырваўся з гарбарні свайго бацькі з дапамогай кнігара Рэніча ды аптэкара Лейбы, адправіўся ва ўніверсітэты. I лічыў абавязкам дапамагаць такім жа гаротным хлапцам.

Саламон не збіраўся пакаваць куфры, закруціў кнігі свае, скарб адзіны, у клуначак і рушыў, хаваючыся за спіны новых знаёмцаў, з такой надзеяй на твары, што Пранцішу сумлення не хапала пярэчыць.

Але варта было маладому рэбе паставіць нагу на падножку дарожнай карэты, у ягоны халат учапіліся моцныя жаночыя рукі:

 Вось ты дзе! Што ўдумаў?

Шынкарка Рыся пільнавала дабрабыт сямі лепей за каршука.

Пранціш глядзеў, як яна праганяе штуршкамі няшчаснага Саламона ў бок карчмы, перад імі разбягаюцца нядошлыя белыя куры, і было і смешна, і сумна.

 Я ўсё роўна зеду!  крычаў юны рэбе, і шапачка на ягонай галаве была чарней адчаю.  Увесь свет яшчэ дазнаецца пра Саламона Маймона!

Мадам Рыся ўзнагародзіла мудраца яшчэ адным штуршком у худыя плечы.

Фурман Фульчык, які ледзь не пад экіпажам ад разюшанай кабеты хаваўся, борздзенька ўскочыў на сваё месца і тузануў лейцы. Пранціш адвярнуўся ад акна і няўпэўнена прамовіў:

 Можа, варта было адбіць небараку?

 I мадам Рысю на двубой выклікаць?  хмыкнуў Лёднік.  Нічога. Светлая галава ў хлапца. Думаю, ён не прападзе. Выберацца да навукі.

Давыд пасумнеў, відаць, згадваючы ўласныя сутычкі з тымі аднапляменнікамі, якія ўважалі яго за блюзнера. За модныя каптанчыкі, за навучанне ва ўніверсітэтах, за падазронае сяброўства. Пільнавальнікі традыцый усіх народаў знойдуць, да чаго дачапіцца.

Акно іхняга экіпажа хтось упрыгожыў барвовай тасьмой з кутасамі. Кутасы былі такія брудныя, што здаваліся здохлымі шэрымі чмялямі. Да аднаго прычапіўся лёгкі залаты бярозавы лісток, і дарэмна трапятаў, спрабуючы вырвацца на волю. Пранціш з цяжкасцю адчыніў шыбу з памутнелым шклом і выпусціў лісток на вецер, нібыта жывую істоту. А толку? Ён усё роўна ўжо мёртвы. I лёс яму адзін: згнісці, стаць зямлёй.

Змрочныя думкі былога суддзі адагнала сакатанне князёўны, якая, мяшаючы ліцвінскія, польскія і ангельскія слоўцы, распавядала пра цудоўнае амерыканскае жыццё. Тата здабыў фісгармонію і крышталёвую люстру, праўда, адбіў кулямі на ёй тры падвескі. Пані маці лаялася. Мядзведзі ў Амерыцы ўтрая большыя за тутэйшых, з вялізнымі ікламі і кіпцямі. Тыя звяркі, якіх беларускія цыганы на ланцугу водзяць, не мядзведзі, а так, медзведзяняткі. Дзядзька Джон мае замест левай рукі металёвы крук. Ён марак. Навучыў Рэгінку свістаць. I проста вуснамі, і закладаючы ў рот чатыры пальцы. Вось так. I так. Чаму не трэба? Панам вушы баляць? А гэта я яшчэ ціхенька свістала! Магу гучней, вось так! Англічане кепскія, яны падаткамі вольных амерыканскіх пасяленцаў душаць. Тата кажа, англічашак гнаць трэба. I гарбату забараніў у доме піць. Бо англічане такім падаткам гарбату абклалі, што амерыканцы паскідалі прывезеныя імі цюкі ў акіян. Тата з сябрамі ўжо ваявалі супроць войск караля Георга. I перамаглі! I зараз армію збіраюць, тата фермераў на жаўнераў муштруе.

Пранціш слухаў і думаў, што вось жа, і на тых дзікіх прасторах за сваю волю біцца трэба. Відаць, пакуль не напоіш яе крывёй, як гругана Рагнарока, не прыманіш да сябе.

А чаго гэта Алесь сядзіць злосна-разгублены? Аказваецца, пакуль панства ў карчомцы таемныя знакі разгадвала, паненка Агалінская абыгрывала малодшага Лёдніка. I ў пяць каменьчыкаў, і ў саломінкі, і ў «што пакладзеш у кошык», і ў плішкібярозавыя пруткі, разрэзаныя ўздоўж. А ў якасці ўзнагароды патрабавала, каб Алесь, прыкладам, даў ёй са свайго пісталета пастраляць. Вунь па тых птушачках на прыдарожных дрэвах. А яшчэ жадала есці, піць, адчыніць акно, зачыніць. Парывалася прагуляцца.

Падобна, у Ланцэлота трохі пахіснулася вера ў высокае прызначэннеслужыць Даме, і дактаровіч з пяшчотай успамінаў малодшую сястрычку Сафійку, якая здавалася часам такой шкодніцай. Пакуль ён з князёўнай Рэгінай не пазнаёміўся.

 А яшчэ мяне дзядзька Джон песні навучыў. Сапраўднай пірацкай.

Fifteen men on a dead mans chest

Yo ho ho and a bottle of rum

Drink and the devil had done for the rest

Yo ho ho and a bottle of rum.

Князёўна, ссоўваючы на патыліцу завялікую для яе шляхецкую шапку з собалем, старанна выводзіла пранізлівым галасочкам суровую мелодыю. Лёднік адвярнуўся і спрабаваў стрымаць рогат, толькі плечы трэсліся. Пранціш не надта разбіраў ангельскую, але пра бутэльку рому таксама ўлавіў. Самая дзявоцкая песенька.

А між тым належала разгадваць загадкі старога пергамента. Будзе чароўная труба ў рукахможна і пагандлявацца за свае жыцці. Лёднік, спрабуючы не зважаць на пірацкае спяванне анёлачка побач, неахвотна прызнаўся, што пра Венецыю ведае мала.

 У Мілане быў, у Турыне. У горадзе святога Маркане. Дарэчы, менавіта парэшткі гэтага святога ўратавалі з дапамогай нячыстых жывёлаў. Крыжаносцы вывезлі ягоныя мошчы з Александрыі, схаваўшы на калёсах пад свінымі тушамі. Мусульмане не захацелі кранаць такое плюгаўства.

Пранціш скасавурыўся на Рэгінку. Паненка, якой дужа пасаваў убор хлапчыскі, занялася адзінай сваёй лялькай у пышнай сукеначцы з карункаў. Ляльку і кошык з васковым вінаградам прыхапілі з балаганнай карэты дзеля забавы князёўны, зразумела, старанна хаваючы ад артыстаў наяўнасць тае князёўны. Ляльчына сукенка паціху ператваралася пад спрытнымі пальчыкамі ў лахманы, у якіх бегаюць па лясах індыяне. Трэба малому Яначку з паддарожжа якіх цацак прывезці. Жаўнерчыкаў, напрыклад. А Дамініцы сукенку. Карункавую.

Давыд уздыхнуў:

 Распытаць бы якога італійца пра венецыянскія помнікі

Вырвіч ажывіўся:

 А помніш, Бутрыме, калі мы былі ў канфедэрацкім войску, тут непадалёк спыняліся ў карчме, уладальнік якой італіец. I да таго ж сапраўдны венецыянец! Якраз пасля бойкі, калі пан Мартыновіч загінуў.

 Не залаты дзянёк, не для ўрачыстых летапісаў. нахмурыўся Лёднік.  Мяне тады і самога секанулі па плячы. А галоўнае, цяжка параненых шмат. З ног збіваўся. Раны зашываў, косткі складваў. Аднаму капітану давялося нагу адпілавацьна яго конь паваліўся. Замест суставакрывавая каша. А абязбольваючага ніякага, акрамя гарэлкі. Так што, выбачай, у мяне чырвоны туман у вачох плыў ад стомы ды болю, ні карчмы, ні карчмара ў памяці не аднаўлю.

Пранціш збянтэжана хмыкнуўён жа тады і вінца добрага сербануў у кампаніі таго ж карчмара Эрнэста, і ў карты перакінуўся з ацалелымі панамі-братамі. I песні гарлаў «аморэ, аморэ», прадаставіўшы Лёдніку дзесь займацца ягоным рамяством. Той сабе і шляхецтва здабыў, і званне афіцэрскае, а лічыў сваім доўгам працягваць лекаваць. З полацкіх мешчукоў доктар, што з яго ўзяць. Вырвіч жанашчадак рымскага князя Палямона, з радаводам даўжынёй з Дняпро. Мала што ў юнацтве зямлю з бацькам араў. Рабілі ж тое высакародна, пры шаблях і ў ботах! Справа шляхціцавайна і палітыка. Гэтага пераканання ніхто з Пранціша не выбе.

Але цяпер было чамусь сорамна. За тое, што шляхетна піў ды высакародна ў карты гуляў, пакуль паранены Бутрым ратаваў таварышаў.

 «Залаты Леў» называлася карчма,  адвёў вочы Вырвіч.  За Старцавічамі адразу, на скрыжаванні.

Што ж, усё адно па дарозе. Бутрым высунуўся ў акенца да фурмана, паведаміў змену маршруту. Не забыўся сунуць Фульчыку лусту хлеба з салам з іхніх прыпасаў і папытацца наконт хворага горла. Ці не даць мікстуры? Па разгубленым вісклівым галаску Фульчыка было зразумела, што фурман не звык да такіх панскіх клопатаў і нат пабойваецца.

Калісьці Пранціш пагардліва хмыкнуў бы: плябей пра плябея турбуецца. Сёння толькі ўздыхнуў: халоп, біты столькі разоў, што нат не задумваецца, ці балюча, ці крыўдна, дабрыню ўспрыме як слабасць. Або сведчанне, што дабрадзейне пан, а такі самы халоп, толькі ў пана адзеты, значыць, плюгавец і шалбер.

Праўда, Вырвіч ведаў, што Лёднік абурыўся б: у самым заняпалым, забітым чалавеку можа адкрыцца нечуваная душэўная прыгажосць.

Ага, а пакуль адкрыецца, гэты заняпалы цябе з вантробамі прадасць.

А між тым да рыдвана, які калыхаўся на выбітай дарозе, як сапраўдны карабель, набліжаўся чарговы атрад. Няшмат, чалавек сем. Каралеўскія войскі. Цёмна-сінія, гранатавыя, мундзіры, чорныя плюмажы на каскетках. Але ў забранай краіне лясун ведае, каму хто застаўся служыць. Калі жаўнеры параўняліся з рыдванам, можна было заўважыцьне ў гуморы ваякі, твары злыя, галодныя, адзенне бруднае. Вырвіч успомніў нараканні знаёмага драгунакароль зусім перастаў выплачваць сваім жаўнерам грошы, і тыя пачалі разбягацца, хто да магнатаў, а хто і проста ў грабежнікі.

Фульчык спалохана войкнуў, коні спыніліся. Ротмістр з чорнымі, быццам вугалем хтось правёў пад носам, вусамі, у памятым гаржэцеметалёвым нагрудніку, і заляпанай бурцы, зазірнуў у карэту:

 Маскалі?

 Не, васпане, сумленныя ліцвіны. Падданыя ягонай каралеўскай мосці Станіслава Панятоўскага.

Вырвіч гаварыў на польскай, але не дапамагло: жаўнер слізнуў вачыма па пасажырах, зачапіўся позіркам за абразок Святога Юрыя ў руках блакітнавокага хлапчыскі: Рэгінка выцягнула ў Аляксандра з кішэні, спакусіўшыся срэбным бляскам аклада.

 Дакладна схізматыкі! З-за такіх, як вы, Айчына згінела!

Назад Дальше