Перавёў позірк, наліты крывёй, на Давыда:
I юдэй тутака! Радуецеся, што Польшчу маскалям прадалі?
У ваяроў у сініх каралеўскіх мундзірах не было вайсковай задачы, уласна кажучы, кароль жа з Расіяй не ваяваў. Але была моцная крыўда за ганебнае становішчаздалі палову краіны без бою. Ну і мелася з галадухі не менш моцнае жаданне разжыцца чымсьці. Толькі нязручна прызнаць сябе за рабаўнікоў, патрэбна апраўданне: вось ворагі, значыць, не рабаўніцтва. Але чацвёра ўзброеных мужчын у карэце занадта небяспечная дзічына, і ротмістр махнуў рукой сваім, аблаяўшы на развітанне клятых здрайцаў.
I ўсё абышлося б. Але Рэгінка адчыніла акенца і запусціла васковай вінаградзінай у белы свет. А не, не ў свет. А роўненька ў чырвоную фізіяномію афіцэра-крыўдзіцеля. А ў адказ на ягоную лаянку заклала чатыры пальцы ў рот, як яе навучыў заакіянскі пірат Джон, каб яму ромам захлынуцца, і як свісне. Конь ротмістра як стане на дыбкі. Ротмістр як грымнецца кулём. I закруцілася крывавая каруселя.
Лёднік, сціскаючы ў руцэ шаблю, схіліўся над жаўнерам у сінім мундзіры, памацаў ягоную шыю:
Жыць будзе.
Алесь з палёгкай выдыхнуў, намагаючыся, каб ніхто не заўважыў гэтай ягонай палёгкі: гэта ж ён уклаў ваяра выпадкова сустрэтага атрада на жухлую траву. Астатніх пан бацька і дзядзька Вырвіч проста пагналі. Вунь дзесь за валатоўкай, за лясочкам зніклі. Цяпер Алесь мог зразумець памкненне бацькі не забіваць нат у бойцы: бо так пагана было на душы, пакуль думаўзабіў. Каралеўскага жаўнера, не ворага ніякага. З-за васковай вінаградзінкі і шалёнага характару адной ліцвінскай князёўны.
А тая, як нічога не было, гэткі панок-з-кулачок, стаіць на купіне, завялікую шапку шляхецкую папраўляе, каб на вочы не спаўзала.
Wonderful! Мой пан-бацька таксама так умее біцца! А вы, пан маг, чаму не ператварылі гэтых нягоднікаў у прусакоў ці пацукоў?
Вось жа, мужчыны з-за выбрыка паненкі адзін аднаго ледзь не пазабівалі, сама з карэты на хаду выскачыла, каб не прапусціць цікавае відовішча, і ўсё ёй гулі.
Дарэчы, пра карэту.
Як павыхоплівалі паны шаблі, Фульчык толькі віскнуў ды тузануў лейцы. I дзе той здабыты ў Гнілой Гаці рыдван з барвовай тасьмой на акенцы, цяпер ведаюць толькі сарокі ды вароны на прыдарожных дрэвах.
Вось табе і прыкормліваў Бутрым салам-хлебам фурмана.
Добра хоць, пергамент пры сабе. Лёднік абвёў вачыма сваё гаротнае войска. А яно яшчэ гаротней: Давыд трымаўся за бок, на французскім каптанчыку распаўзалася цёмная пляма.
Праўду гавораць, хто пад лаўку хаваецца, таму ўсе гузакі наастачу Добра, Саламона з сабой не звезлі: не дараваў бы сабе, каб з ім што здарылася.
Давыд на сябе нагаворваў: пад лаўку ён не хаваўся, хаця шабляй не махаў. А вось пісталетам нападнікаў адпалохваў.
Пакуль Лёднік перавязваў аптэкара, Алесь прывёў каня непрытомнага жаўнера. Дактаровічу чамусьці заўсёды лепш, чым нават Пранцішу, які вучыў яго верхавой яздзе, удавалася ўпраўляцца з коньмі, прыманьваць нат чужых і напалоханых. I ўсе адправіліся ў карчму «Залаты леў» пад восеньскім ліцвінскім небам жывапіснай бандай: паранены Давыд і Рэгінка на кані, Лёднік з сынам і Пранцішпешкі.
Вось яна, Фартуна. Як сказаў Публій Сір, рымлянін старажытны і мудры, дае яна шмат чаго ў часовае карыстанне, і нічоганавечна.
А для ўдасканалення сцэны над хмызнякамі і калюжынамі разносілася звонкае:
Fifteen men on a dead mans chest,
Yo ho ho and a bottle of rum.
Drink and the devil had done for the rest.
Yo ho ho and a bottle of rum.
Раздзел пятыУ ПАШЧЫ ЗАЛАТОГА ЛЬВА
Ведаў бы леў, што ў алхіміі ён сімвалізуе серу. Рэчыва, як вядома, смярдзючае і атрутнае.
А зялёнага ільва бачылі?
Алхімікі, відаць, бачылі. Надыхаўшыся выпарэнняў тае ж серы. Бо зялёнага льва яны лічаць увасабленнем моцнага расчыняльніка.
А вось калі афрыканскі драпежнік раптам пачырванееусё, радуйцеся. Гэта філасофскі камень.
Леў жа, які быў намаляваны на шыльдзе ліцвінскай прыдарожнай карчмы ля вёскі Старцавічы, здавалася, так і гатовы быў загаварыць. Дакладней, заблагаць. Што ж са мной такое ўтварыў злыдзень-мазідла? Чаму ў мяне фізіяномія, як у жоўтай рапухі, грывабы каптур з карункамі, ногі як у мядзведзя, а ўсмешка такая, што сёй-той з наведнікаў, занадта цвярозы, хрысціцца ў жаху?
Праўда, ніхто з кампаніі, што падыходзіла зараз да карчмы, на няшчаснага звыродца аніякай увагі не звярнуў.
Лухцень нейкая, Бутрым, русачубы шляхцюк раздражнёна азіраўся. Карчма была як карчма, а цяпер гульнявы дом. Разбудаваліся.
Сапраўды, на сціплую хату з гонтавым дахам звысаку пазірала двухпавярховая будыніна з калонамі на ганку і белымі разнымі аканіцамі. Пад таполямі, што паспелі прайграць восеньскаму ветру амаль усё сваё золата і нават медзь, стаялі шэрагам карэты, брычкі, дармезы. Лысы, але з доўгім саламяным чубам пан без шапкі і шаблі, у расхрыстаным жупане, з упартасцю барана ламіўся ў моцныя дзверы:
Мазурыкі! Латругі! Дайце адыграцца!
Паголеная галава няшчаснага чырванела, як райскі яблычак.
Дзверы на імгненне расчыніліся, выпусціўшы на вуліцу гуд шумнай бяседы і грамідлу ў сіняй венгерцы. Грамідла лёгка, як драўлянага жаўнерчыка, развярнуў надакучлівага госця і дапамог праляцець тры аршыны ў накірунку лужыны.
Пранціша перасмыкнула. Занадта добра ведаў, як гэтапрайграцца да кашулі, калі ніхто не пазычыць. Але спачуваць невядомаму няўдаліцы не выпадала, паранены Давыд і так доўга пратрымаўся. Яго належала завесці ў цяпло, заняцца ранай.
Гэта і ўдалося зрабіць у старым будынку карчмы. Звычнай такой ліцвінскай. Што падлога тут была драўляная, можна было толькі здагадвацца з-за слоя прынесенай на падэшвах зямлі і нацярушанага сена. Тут, праўда, таксама гуляліале не на вялікія грошы. Кідалі на стол плішкі. Там-сям стукалі аб стальніцы косткі. Карты ж калі ў каго і былі, дык старыя, пацёртыя, хутчэй за ўсё, кінутыя багатымі панамі пасля гульні па звычаі пад стол і падабраныя лёкаямі. Тут імі перакідваліся ў руса ці трышака, што меней стратна, чым фараон. Стаўкай, мяркуючы па ўсім, часцей за ўсё была чарка гарэліцы ці куфаль піва. Багацейшая публіка ішла ў суседні новы дом, для чаго не абавязкова было выходзіць на вуліцуразумныя гаспадары зядналі абодва будынкі пераходам. У тыя дзверы ўвесь час бегалі служкі з поўнымі збанамі і талеркамі.
Памяшканне пакуль знялі, якое было: аддзелены паркалёвай занавескай куток з сеннікамі, кінутымі дзе на нізкія лаўкі, дзе проста на падлогу.
Малая князёўна так і лезла падзівіцца, як з дзядзькі Давыда дастаюць кулю, і Лёднік сярдзіта загадаў Алесю адысціся з амерыканачкай куды падалей.
А дужа занятага венецыянца Эрнэста знайшлі толькі ўвечары, у новазбудаваным гульнявым доме, куды Пранціша і Лёдніка гардыяны прапусцілі за срэбны талер і з умовай пакінуць зброю ў спецыяльным куфры пры ўваходзе.
Затое Эрнэста, белазубы ды чарнявы, быццам абсмалены, з выспай лысіны ў кароткіх курчавых валасах, пабачыўшы Пранціша, не закапыліў губумаўляў, колькі тых жаўнераў праз карчму прайшло, усіх не прыпомню. Шчыра ўзрадваўся, абняў.
Benvenuto! Сіньёр Франтасіё! Ніколі не забудуся, як пан выратаваў мяне ад шалёнага кліента, які ледзь шабляй сваёю не нарабіў бяды ў «Залатым ільве». Рады бачыць, што ваенныя віхуры пакінулі вас не толькі жывым, але ўзмужнелым! Можа, сіньёр Франтасіё стаўся сямейным чалавекам?
Вырвіч падзяліўся навінамі асабістага жыцця. Ого, дык ці не выпіць за жонку і сынка шаноўнага сіньёра? Бо і ў Эрнэста нядаўна прыбаўленне ў сямі, трэцяя дачушка нарадзілася. Шкада, Бог сыноў не дае, але дзяўчыначкі-анёльчыкі чарнавокіяуцеха сэрца бацькоўскага
За збанам вінадарагога, празрыстага, як кроў Сільфаў, расповеды венецыянца ліліся, бы з дзіравага вядра. Марупабудаваць гульнёвы дом, падобны славутаму рыдота ў квартале Сен-Марка, Эрнэста, які прыжаніўся на дачцэ ліцвінскага карчмара, здзейсніў дзякуючы выпадку і, вядома, святому Арману, апекуну рэстаратараў ды півавараў. Неяк спыніўся ў карчме граф Лудус, чалавек яшчэ досыць малады, але неверагодна разумны. I абыграў усіх. Патрапіліся двое ў пазалочаных карэтахбез карэтаў зехалі. Граф пераначаваў, папіў з Эрнэста кянці. Выслухаў расповеды пра кавярні і казіно залатой Венецыі. I ўклаў грошы ў гэты вось будынак, не шкадуючы.
Вырвіч агледзеўся. Не параўнаць з «чорнай карчмой». На сценах шпалеры ў кветачкі. Падлога нашараваная воскам. Буфеты з херувімчыкамі. Што ж, таямнічы граф Лудус не памыліўся, разлічваючы, што сюды пацягнецца багатая публіка. Якраз у глушмені, далей ад спраў, ад цікавання сваякоў і знаёмцаў, і зручна мантачыць маёмасць. Граф пасля адкрыцця пайграў колькі дзён, каб надаць установе рэпутацыю саліднага прытона, зехаў у Кракаў і атрымлівае працэнт ад даходаў «Залатога льва». Абавязкова, як будзеце ў Кракаве, знайдзіце графа ў доме з сінімі рыбкамі. Перадайце прывітанне ад Эрнэста Манчыні, і Кракаў ля вашых ног.
Венецыянец шчоўкнуў пальцамі, і служка ў бялюткім фартуху бегма паставіў на стол штоф з бурштынавай вадкасцю. Калі бурштын забулькатаў у шклянкі, Вырвіч па густым ёлкім паху зразумеў: старка! Пры нараджэнні сына ў сумленных шляхецкіх семях налівалі гарэлку ў новую дубовую бочку, і адкаркоўвалі толькі, калі хлапцу споўніцца дваццаць адзін год.
А да старкі шкалонда вэнджаная з кменам, гусіныя вантробы з чорнай падлівай ды брахоцкі сыр, жоўты, як поўня ў зорную кастрычніцкую ноч.
Пасля першай жа чаркі гаспадар, умела скіраваны агідна цвярозым Лёднікам, працягнуў сагі і быліны пра ўлюбёную далёкую Венецыю. Эрнэста, хоць больш дасягнуў у справе кухарскай, якая яго і прывяла ў Вялікае княстваз барнаботаў, збяднелай венецынскай арыстакратыі, што жылі з картачнай гульні і сяліліся ля царквы Святога Барнаба. Згодна з законам, патрыцыям было забаронена займацца рамяством. А калі яны рабіліся такімі беднымі, што не маглі ні адукацыю атрымаць, ні апрануцца ў шоўк, каб прыйсці на паседжанне гарадской рады, улады вылучалі небаракам мізэрную дапамогу з умовайне жаніцца і не мець нашчадкаў, каб не пладзіць жабракоў. Вось Эрнэста, які якраз пад той закон падпадаў, і ўцёк, прыляпіўшыся да світы аднаго ліцвінскага князя: ведаў некалькі рэцэптаў народных страў і не лічыў за ганьбу іх гатаваць. А да гульні здольнасцяў не меўФартуна ў ягонай прысутнасці слепла і глухла. А шкада. На кожным кроку ў горадзе Льва былі гульнявыя дамы. Нават на пляцы Святога Марка паміж калонамі стаялі гульнявыя столікі, куды кожны мог падысці. Іх калісьці дазволілі ўладкаваць там у якасці ўзнагароды архітэктару Нікола Барацьеры, за тое, што паставіў на пляцы калоны, з Канстанцінопаля прывезеныя на караблях. Барацьеры падняў тыя калоны метадам мокрай вяроўкікалі вяроўка высыхае, яна, як вядома, робіцца карацейшай. Праўда, няўдача спасцігла: адна калона ўпала ў мора. I дасюль не знайшлі. Гадаюць, якой была. На дзвюх жа ўсталяваныхсвяты Тэадор з дзідай і кракадзілам і Залаты Леў з Евангеллем, сімвал святога Марка. Так, каменны леў, вялізны, з разяўленай пашчай. Ці падымаўся хто на тыя калоны? Хіба што вароны, галубы ды чаіцы марскія. Каб вы бачылі тыя грамадзіны, сіньёры! З цэльнага граніту, гладкія, як шкло. Але венецыянцыспрытнюкі. Штогод пад канец карнавалу хтосьці ўскараскваецца па вяроўцы на званіцу Сан-Марка. Мусіць, і на калоны падымаліся, толькі сам Эрнэста таго не бачыў.
Ну вось і зясавалася пра хованку святога рога.
Раптам звычны гуд карчомнага жыцця перакрыў дзявочы віскат. Амерыканачка!
Вырвіч і Лёднік кінуліся на крык.
Пакой на другім паверсе, з дываном і высокімі бронзавымі кандэлябрамі, быў як восеньскім лісцем засыпаны картамі. Віновыя дамы і жалудовыя каралі разгублена надзімалі яркія вусны. Адлічаны студыёзус Аляксандр Лёднік настаўляў аголеную шаблю на сваіх праціўнікаў, прыкрываючы княжну Багінскую, а тая, вызіраючы з-за свайго абаронцы, вішчэла пагрозна:
Вы не мелі права заручаць мяне без згоды пана-бацькі! Вярніце мяне майму бацьку, пану Гервасію Агалінскаму!
А вось і той, на каго паненка крычыць. Пан Брастоўскі ўласнай персонай!
Лёднік, узброены кандэлябрам, умомант адкінуў гардыянаў Брастоўскага ад сына, вянгерац вагой зусім не з кураня адляцеў ад скіраванай на яго далані Чорнага Доктара, хаця той, здаецца, і не дакрануўся. Амерыканачка ажно падскоквала з віскам захаплення: «Так, так іх, пан магік!»
Вырвіч паўдзельнічаў у вікторыі з прыхопленай ля грубкі качаргой, змусіўшы апошняга гардыяна прысесці ў кут, трымаючыся за анямелае плячо.
Мама мія! Маледэта! лаяўся ў дзвярах няшчасны гаспадар «Залатога льва», запусціўшы рукі ў валасывыспа лысіны мусіла пашырыцца.
Уражвае! князь Брастоўскі нат шаблю з похваў не дастаў, і спыніў жэстам сваіх людзей, што ірваліся да сатысфакцыі. Вы, пан Лёднік, сапраўды. неардынарны чалавек. Хоць зблізу бачу вас упершыню.
Што ён вярзе? Пан з задавальненнем назіраў разгубленасць нечаканых нападнікаў:
Паненка дарэмна вінаваціць мяне ў сваіх нешчаслівых заручынах. Япан Адам Брастоўскі. I дзеянні майго браткі-блізнюка Міхала зазвычай не ўхваляю, а часам і ўсяляк ім перашкаджаю.
Вось табе на. Патрапілі проста ў рукі таго, ад каго хаваліся, апранаючы балаганныя ўборы. I зноў усё з-за паненкі Багінскай-Агалінскай, вось жа паслаў лёс назолу!
Аказалася, паненка згледзела прыезд пана Брастоўскага і вырашыла прасачыць: што ягамосць тут робіць, калі мусіць быць зусім у іншым месцы? Ці не ўдасца даведацца пра лёс бацькі? Выслізнула спрытненька з-пад увагі малодшага Лёдніка, пралезла ў пакоі. Была заўважаная. Не дзіцязброя небяспечная!
Брастоўскі між тым, не зважаючы на аголеныя шаблі, спакойна і трохі здзекліва разважаў:
Значыць, вось каго братка паслаў здабываць пацверджанні радавітасці Цялка! Не разумею, як вы з Ашмянаў выбраліся праз маіх шпегаў. Ты ж, Лёднік, зараз ці гнісці ў турме мусіш, ці магільных рабакоў карміць за забойства маёй пляменніцы. А ты яшчэ і другую маю пляменніцу скраў. Вы ж, спадзяюся, ведаеце, што мая жонкародная цётка гэтага мілага дзіцяці? Ну што, загадаць вас перастраляць, як курапатак, альбо пагутарым шчыра?
Выслухаўшы версію падзей, Брастоўскі злосна пакрывіў вусны.
Мне паведамлялі, што да пана Караля ў Венецыю падаслалі забойцу. Здрадніка з альбанчыкаў, які перакінуўся да ворагаў з-за выгаднай жаніцьбы. На шчасце, яго ўдалося схапіць, пан Адам пастукаў даланёй па ломберным століку, за якім, відаць, паспеў прайграць не адну залатую карэту. Значыць, пану-дабрадзею Каралю Радзівілу спецыяльна ў вушы ўвялі, каб бацьку гэтай паненкі прыбраць, і Міхал мог яе ўдачарыць і здзейсніць свой гешэфт са Штакельбергам. Ганьба якая. Бедны пан Караль, кругом яго адны здрайцы ды шпегі. I першаяжоначка, Тэрэза са Ржавускіх, змяюка.
Апошняе імя пан вымавіў ажно з прысвістам ад нянавісці.
Падумаць толькі, што і з ёю мы ў сваяцтве апынуліся! Гэта ж мой братка зрабіў яе хроснай маці маіх пляменніц.
I панны Праксэды? ускінуўся Лёднік.
Падобна, лёс асістэнткі ўсурёз не даваў яму спакою.
I яе, скрывіўся пан Адам. Думаеце, Міхал такі вось добры, з-за пакутаў сумлення паклапаціўся пра дзіця, прыжытае ў Нямеччыне і асірацелае? У іх дамова. З пані Тэрэзай і Юзэфам Радзівілам, старостай менскім, які зараз лапу наклаў на маёнткі нашага пана Караля. Ведаеце самі, што бацька Юзафа, варят Марцін, дзяцей сваіх так збіваў, што ў Юзафагорб. А брат ягоны малодшы Якуб дык зусім пачвара. Сам яго не бачыў, але дакладна ведаюдурань, да жабы падобны, толькі бурбалкі ўмее пускаць. Але калі яго прызнаюць дзеяздольным, можа прэтэндаваць на кавалак бацькавай спадчыны, які быў у маёмасці пана Караля, а зараз у секвестры пад каронай. Тут адзіны сродакжаніць. Але не на простай дзеўцы, а, паводле тастаменту Марціна, каб у далёкім сваяцтве з Радзівіламі была. Як Брастоўскія. Вось і дамовіліся: дачка Міхала, памылка юнацтва, як падрасце, выйдзе замуж за варята. Яе мужу перадаюць належныя ўладанні, іх дзеляць мой брат і пан Юзаф. Ну і пані Тэрэзе, якая ўсё і прыдумала, за спрыянне штось перападае. Пан Караль, як з ёй развядзецца, ні перліны паскудніцы не пакіне.
Хтосьці загарлаў, патрабуючы прынесці новую калоду, бо карты мечаныя, яму адгукнуўся хор гэткіх жа абураных галасоў. Брастоўскі на імгненне ўслухаўся, хмыкнуў, ягоны абцас няўважна прыціснуў звановага валета.
Паўсюль шалберства. Дык вось, Праксэду прывезлі, забраўшы ад бедных сваякоў у Прусіі. Тэрэза Ржавуская ўзялася яе выхоўваць, пахрысціла з лютаранства. Тады аддалі піярам, з тым, каб вучылася медыцыне, догляду за цяжка хворымі. Бо гарбаты староста жадае, каб няшчасны брат займеў ідэальную жонку. Дачакаліся спрыяльнага моманту, каб прэтэндаваць на ўладанні. Але перад шлюбам Праксэда ўцякла.