Але Нордстрэм сядзеў у сталовай Піралахі ўжо ў абед: з апетытам еў тава-кебаб, запіваў гранатавым шэрбетам і вінавата ўсміхаўся.
Нічога страшнага, не перажывай паўтараў ён Нобелю. Я адразу даведаўся, што яны патрабуюць за мяне выкуп 10 000 рублёў. Уяўляеш, як я дорага каштую!
А ты сумняваўся? усміхнуўся нарэшце і Нобель. Вось толькі апратку тваю змяніць трэба. Прасмярдзеўся нафтай, як колішні скураны бурдзюк!
А Гэта вось ён дастаў з кішэні заільснелага пінжака бутэльчыну. Тут твой саляройл быў, яшчэ на заводзе набраў І выліўся, калі я на конскім хрыбце дагары нагамі гохкаўся І Нордстрэма нібыта падмянілі. І мне там, звязанаму, вось пра што падумалася А калі гэты саляройл паспрабаваць праз фарсункі ўпырскваць у наш рухавік Дызеля? і ўтрапёна зірнуў на Нобеля: Гарэць жа павінен не горш, чым у завадскіх цагляных печах?
Так генеральскае разгільдзяйства, якое не забяспечыла належную ахову нобелеўскаму канструктару, і хцівасць апшэронскіх бандытаў паспрыялі зяўленню ідэі, якая каштавацьме ў мільёны мільярдаў больш, чым тыя дзесяць тысячаў выкупу: ідэі безадходнай нафтавытворчасці
ІХ
«А ўсё ж жыццё не такое і кепскае, думаў Віктар Аляксандравіч Берг пад манерны перастук вагонных колаў. Калі б я яшчэ атрымаў нечарговы адпачынак з захаваннем пенсіёну?! Не гаворачы ўжо аб новай замежнай паездцы»
Цягнік без перасадак прывёз яго з жонкай у Вену, акрытую залатой восенню. Было цёпла і ўзнёсла. На ратушах і ветравіках даховак усміхалася сонца, а ў клумбах ды прываконных кошыках цвілі чырвоныя ружы.
Горад заціх ля падножжа Альпаў на беразе мітуслівага Дуная. Утульныя дамкі ў старым цэнтры клапатліва звязвала Рынгштрасэ (Кальцавая вуліца), пераплеценая жоўтымі, карычневымі, малінавымі, а дзе-нідзе яшчэ і зялёнымі бульварамі.
З выдуманым родзічам стрыечным дзядзькам Генрыхам Бергам яны сустрэліся на пляцы ля сабора Святога Стэфана. Пайшлі ў загадзя замоўлены гатэль непадалёк. Паабедалі ў тамтэйшай рэстарацыі, пагаварылі аб усім і ні аб чым. Елізавета выпырхнула на прагулянку па бліжэйшых крамках, а мужчыны зачыніліся ў нумары. Берг сапраўдны доўга не мог пераадолець збянтэжанасць: слухаў няўважліва, мітусіўся, раскладваў на ложак і зноў збіраў у чамадан свае рэчы.
Віктар Аляксандравіч, можа, супакоіцеся? Вы павінны мне тое-сёе перадаць, нарэшце не стрымаўся і амаль без акцэнту загаварыў па-расійску агент аддзела ІІІ-В нямецкага Генштаба. Вядомы вам спадар Генрых фон Люцыус даручыў мне атрымаць усе матэрыялы, аб тым ён папярэдзіў васпана яшчэ ў Пецярбурзе.
Так-так, заспяшаўся Берг і зноў пачаў распакоўваць скураны чамадан.
Выклаў фарфоравую кітайскую вазу з выявай зялёнага дракона на памаранчавым полі і стаў акуратна распрамляць ды складваць у стос скамечаныя папяровыя аркушы, якімі быў ашчадна перакладзены сувенір.
Тут сто дзесяць старонак машынапісу гадавой справаздачы па Ваенным міністэрстве Мне было даручана падрыхтаваць паводле яе ўсёпадданейшую запіску для азнаямлення імператара ад непераадольнага хвалявання голас Віктара Аляксандравіча задрыжэў. Тут матэрыялы з з з галоўных упраўленняў пытанні арганізацыйныя, па пабудове крэпасцяў, па пераўзбраенні расійскай арміі і і па ўтварэнні інтэнданцкіх запасаў склаўшы, Берг акуратна прыціснуў усе паперчыны і, перадаўшы іх «родзічу», крыху супакоіўся: Міністр асцерагаўся, што гасудар будзе незадаволены тэмпамі ўзвядзення крэпасці ў курляндскай Лібаве, бо гэта тоіць небяспеку тамтэйшаму флоту Але падчас дакладу галоўнакамандуючы ўхвальна адазваўся найперш аб запланаваным выпрабаванні кулямётаў і фарміраванні асобных кулямётных ротаў, цікавіўся разгортваннем Балтыйскай флатыліі, абаронай Чарнаморскага басейна ды ўмацаваннем Прыкаспійскай арміі.
Ausgezeichnet![7] задаволены агент хутка перагартаў скамгаканы стос і ўважліва зірнуў на Берга: А дэталёвае штатнае і фартыфікацыйнае апісанне Прыкаспійскай арміі ды Балтыйскай флатыліі тут ёсць?
Твар Віктара Аляксандравіча і ўся ягоная пастава нібыта садзьмуліся.
Дазвольце нагадаць ён нервова аблізнуў вусны, перасмыкнуў пачырванелымі сківіцамі, паправіў над гарачымі зрэнкамі пенснэ і загаварыў хутка ды чамусьці паўшэптам і з надрывам: што я служу памочнікам начальніка Канцылярыі, і ў маёй непасрэднай кампетэнцыі толькі прадстаўленне Ваеннаму савету гаспадарчых, заканадаўчых, каштарысных і юрыдычных пытанняў А па марской ваеннай частцы ўсім займаецца асобнае Марское міністэрства!
Так-так, мы разумеем. Не хвалюйцеся паспяшаў супакоіць палкоўніка далікатны куратар, яшчэ раз перагартаў машынапісныя старонкі і падагульніў: Мы ўдзячныя вам за інфармацыю. Наступныя дырэктывы атрымаеце непасрэдна дома. Пстрыкнуў замок скуранога партфеля, у які схаваўся стос перададзенага даклада і з якога зявіўся пульхны канверт каляровых асігнацый. Калі ласка, ваш ганарар.
І ў тую ж хвілю ў дзвярах гатэльнага пакоя варухнулася ручка. Берг сунуў канверт пад падушку і пайшоў адчыніць. Перапыніўшы мужчынскую размову бадзёрым шоргатам сукенкі, Елізавета прысела на шырокую банкетку і залепятала:
Вы не ўяўляеце, якую незвычайную калону я бачыла! Ёй дзвесце гадоў! Яна аблеплена мармуровымі аблокамі, на якіх застылі фігуры святых, анёлаў і амураў. А над усім пазалочаныя шары, чарапы, крыжы! Я пацікавілася, а яе назвалі чумной Вось А я так нічога і не купіла. Вельмі ўсё тут дарагое
«Венскі родзіч» усміхнуўся, устаў і кіўнуў галавой:
Што ж, дазвольце на гэтым адкланяцца. Быў надзвычай рады сустрэчы і знаёмству. Адпачывайце. Спадзяюся, ён зірнуў на фраў Елізавету, майго сваяцкага падарунка вам хопіць на многа пакупак. Будзьце здаровымі!
Бергі ахвотна выйшлі праводзіць. Ад сабора Святога Стэфана моўчкі спусціліся ўніз па Ротэнтурмштрасэ і праз дзесяць хвілінаў былі каля Дуная, дзе і развіталіся.
Хоць ён і даў табе грошы, але мне не спадабаўся. Нейкі халодны слізняк Насамрэч гэты чалавек не твой родзіч? ужо ў гатэлі спытала Елізавета, але адказу не пачула
Назаўтра, нібы скінуўшы нябачны цяжар, яны новым цягніком выправіліся ў Венецыю, якая ў сонечным бляску паўстала казачнай прыгажуняй: далікатна прылегла пагрэць свае каменныя плечы на Адрыятычным узбярэжжы.
За Венецыяй была сярэднявечная Балоння. Яна запомнілася чырвонымі вежамі, плошчай Нептуна з мілым фантанам, базілікай Сан-Дамініка са скульптурамі работы самога Мікелянджэла і гатычнымі палацамі. Пачуўшы, што Балонню называюць кулінарнай сталіцай Італіі, наведвалі рэстарацыі, дэгуставалі мясцовае віно ды смакавалі суго баланьезе (аказаўся звычайным свіным рагу, як сказалі б французы), свежазапечаныя каўбаскі сальсічча, тартэліні, падалося, звычайныя пельмені. Аб тым і намякнулі чарняваму кельнеру. Аднак той (таксама выдатна разумеў і гаварыў па-нямецку) не пагадзіўся:
Існуе легенда, што тартэліні прыдумаў закаханы балоннеўскі повар: цеста з начыннем ён абгарнуў вакол пальца і такім чынам вылепіў пупок сваёй дзяўчыны. Але больш вопытнейшыя сцвярджалі, што ў яго атрымаўся бутон ружы ці малады афіцыянт апусціў вочы, хітнуў галавой улева-ўправа і адышоў.
Беладжыа
Грунтоўна запіваючы легендарныя тартэлліні паўсухім віном, Берг кідаў глыбокія погляды на Елізавету і па дарозе да сну ў шыкоўныя апартаменты Palazzo del Podestа быў мядовым і ўзбуджаным, але жонка у які ўжо раз! адхіліла ягоныя заляцанні.
З таго часу яны перасталі размаўляць адно з адным. Усю дарогу да швейцарскай мяжы праз Мілан у Беладжыа панура глядзелі ў вагоннае шкло, не заўважаючы краявідаў. Цягнік выскачыў з тунэля, і насустрач яму раскрыўся аграмадны восеньскі сад над чароўным трохкутнікам міжгорнага возера.
З гатэльчыка Берг выцягнуў жонку прайсці па турыстычнай сцежцы на вяршыню, каб адтуль палюбавацца незвычайнай прыгажосцю лесу, гор і вады. Падём аказаўся доўгім і цяжкім. Вакол ні душы. Елізавета стамілася, захацела піць. Пачала сварыцца, абражаць палкоўніка найапошнімі словамі А тут такая райская мілата! Некранутая каменная цясніна, бездань пад нагамі, сіняя роўнядзь зманлівай вады пад абрывам А яна, як заведзеная лялька, крычыць і крычыць на яго, і вочы далёкія, халодныя Колькі ж так можна?
Усё!!! адной рукой ён ірвануў каўнер пінжака, а другой правай піхнуў жанчыну ад сябе.
Моцна. У апошні раз. У каменную прорву
З Беладжыа ён дабраўся да Луганы. Дзень насычаўся незвычайнымі мясцовымі пейзажамі, а на ноч праз гатэльнага адміністратара замовіў найдаражэйшую на курорце прастытутку.
Я хачу пасля адстаўкі сустракаць тут сваю старасць. Мілыя мясціны! нібыта пра штось далёкае і недасяжнае, сказаў ён па-расійску.
Дзеўка неўразумела прымружыла туманныя вочы і паціснула плячыма
Усю дарогу праз Берлін у Пецярбург ён праспаў, а дома кухарцы сказаў, што жонка вырашыла пагасціць у ягоных венскіх родзічаў.