VIII
Пасля далучэння да Расіі гэта быў павятовы цэнтр Каспійскай вобласці, які пазней уліўся ў Шэмахінскую губерню. Але ў 1859-м Шэмах зруйнаваў землятрус, і новай сталіцай стаў ён Баку. На той час яго ваколіцы ўжо прасвідравалі некалькі першых нафтавых вежаў. Цяпер жа яны як аграмадныя пяўкі прысмакталіся да ўсяго Апшэронскага паўвострава. А вакол мёртвы пясок, вапняк, калючкі сонныя антылопы, гідкія змеі каля берага і зноў: чорныя калюгі смярдзючай нафтавай жыжы, шкілеты (драўляныя ці ржава-металічныя) свідравін, кішкі трубаправодаў, дашчаныя масткі, пясок, вапняк, калючкі і калюгі нафтавай жыжы.
Пра «гаручую чорную ваду» тут ведалі яшчэ ад старажытнасці. Капáлі калодзежы і скуранымі мяхамі чэрпалі нафту, якая ў тых краях так і называлася: па-азербайджанску, па-персідску і па-турэцку нэфт. Затым нястомныя вярблюды, абвязаныя бурдзюкамі, везлі яе ў Шэмах, Нахічэвань, а таксама ў Грузію і Персію. І выкарыстоўвалася тая нафта па ўсім Усходзе найперш як мазь-лекі ад пацёртасці ды часоткі ў вярблюдаў
Хоць ужо заканчваўся кастрычнік, тут было палетняму цёпла. Яны Эмануіл Нобель з кіраўніком свайго пецярбургскага канструктарскага бюро Карлам Нордстрэмам (і нядаўна прыстаўленым целаахоўнікам са штата бакінскага ваеннага гарнізона) абышлі амаль усё заходняе ўзбярэжжа Піралахі і цяпер стомлена сядзелі каля маяка, за якім віднелася некалькі баракаў для рабочых, стары будынак перагоннага завода ды кантора «Бранобіль», і назіралі, як апускаецца ў ваду малінавае сонца. Для Нордстрэма, летуценнага шведскага інжынера, гэтая паездка была экскурсіяй: у нафтаздабычы ён мала што разумеў, а калі неяк пачуў ад Нобеля назву востраў Піралахі перапытаў: «Гэта недзе ў Фінляндыі?» Нобель усміхнуўся і адказаў: «Амаль што Паехалі са мной, пакажу. Развеешся і, можа, адпачнеш ад сваёй майстэрні».
Эмануіль Нобель
За паўмесяца да іх Піралахі, выкуплены Нобелямі, наведаў са сваімі памочнікамі яго вялебнасць генерал-лейтэнант Лобіч. Узыйшоў на маяк, выкурыў цыгару, да якіх прычасціўся ў нудным цягніку, і задаволена пахітаў галавой. «Неяк вось так А то, панімаеш, развялі тут нестатутныя адносіны ды іншыя слізкія анцімоніі пыхнуў дымам, прымружыў адно вока. Як мне далажылі, Піралахі азначае Святыня Бога, ці, як тут кажуць, Алаха Цяпер жа і надалей тут таксама павінна быць ціха і спакойна. Вось так! ён востра агледзеў сваю «світу»: губернатара Андрэя Дзмітрыевіча Адзінцова, гарадскога галаву, начальніка штаба Бакінскага гарнізона, камандзіра тамтэйшага казацкага палка, начальніка жандармерыі, і здзіўлена хмыкнуў: А па-мясцоваму «пір» гэта святыня, святое месца, зняў фуражку, выцер мяккай насоўкай пот, прыгладзіў раздзьмутыя ветрам бакенбарды. Так што без піра мы з вамі сёння не абыдземся»
У старажытнасці на гэтым месцы знаходзілася святыня ці то зараастрыйцаў, ці то мусульман. Цяпер там пакланяліся найперш яго вялікасці рублю. Ну і зрэдку не зважаючы на мусульманскія забароны зялёнаму змею. Але «парадак і спакой» на Апшэроне вайсковымі часцямі і жандармерыяй былі адноўлены: спыніліся і падпалы, і рабаванні, і забастоўкі
Будынак перагоннага завода быў пад маяком, перад баракамі, стары, узведзены яшчэ бацькам Эмануіла Людвігам Нобелем. І яны, безумоўна, не маглі яго не наведаць.
Ды ўсё ты тут зразумееш, супакойваў Нордстрэма гаспадар і сам спакайнеў (пэўна, і праз тое, што гаварыў з тым як і некалі з бацькамі па-шведску, што пры ягоным занятку здаралася рэдка). Усё зразумееш, паўтарыў Нобель. Не складаней, чым звычайны самагонны апарат, толькі большых памераў.
І насамрэч, памеры ўражвалі, а ў астатнім Амаль 80 гадоў таму расійскія прыгонныя майстры браты Дубініны ўпершыню ажыццявілі перагонку нафты, выкарыстаўшы прынцып самагонаварэння. Нафту (як спіртавую брагу) даводзілі да кіпення ў жалезным кубе, умазаным у цагляную печку. З куба спіралілася медная труба, якая астуджвалася ў водным рэзервуары-халадзільніку (=самагонны змеявік), пасля чаго на выхадзе збіраўся прадукт кандэнсацыі газа (=пяршак). Раней з 40 вёдзер нафты атрымлівалася каля 15 асвятляльнай газы. Цяпер жа маглі здабываць крыху болей за 50 адсоткаў ад выкарыстанай сырой нафты. І найперш дзякуючы распрацоўкам Мендзялеева, які ўпершыню сканструяваў куб бесперапыннага дзеяння. Яго прынцып паспяхова прымяніў на Піралахі яшчэ бацька Эмануіла Нобеля.
Рускія не паспявалі перапрацоўваць нафту і прадавалі яе за бесцань. Ці папросту спальвалі ў паравозных топках заместа вугалю. А геніяльны Мендзялееў, Нобель узняў палец уверх, а затым абвёў ім завадскую перапрацоўчую канструкцыю, запярэчыў: «Паліць нафту гэта як паліць грашовыя асігнацыі!» Наймудрэйшы чалавек! Не зважаючы на тое, што меў спрэчкі і непаразуменні з маімі бацькам і дзядзькамі Яго кубавая перагонная батарэя у аснове і гэтага завода. Выпампаваная нафта тут падзяляецца на бензін, газу і мазут. Мазут адстойваецца ды ідзе на падагрэў у печах новай партыі сырцу.
У памяшканні было не прадыхнуць: вільгаць, спёка, дым Але Нобель як не заўважаў гэтага. Нордстрэм жа мусіў узняць кашулю і прыкрыць ёю нос. Затым асцярожна разгледзеў рэзервуары канчатковай перапрацоўкі, доўга, як малое дзіця, гуляў-маракаваў з выпускнымі кранамі, падстаўляючы шкляныя бутэльчыны, у адну набраў газы (панюхаў, усміхнуўся, адставіў), у другую наліў мазутнага адгону, таксама панюхаў, закаркаваў, паглядзеў на святло і падышоў да Эмануіла:
Ім падаграюць тут сырэц?
Так Гэта саляройл,[6] Нобель ужо быў стомлены «экскурсіяй». Ну не вугаль жа сюды з-за краю свету прывозіць. А з драўнінай тут сам бачыў
Ну вядома ж адказаў Нордстрэм, запіхнуў бутэльчыну ў кішэню і задумаўся пра нешта сваё
Яны дайшлі да барачных пакояў ужо ў цемры, свецячы электрычнымі ліхтарыкамі. Амаль адразу развіталіся і, не вячэраўшы, леглі спаць.
Праз гадзіну Нордстрэма разбудзіў незнаёмец і з моцным мясцовым акцэнтам паведаміў:
Паважаны Карл! Гаспадын Нобэль тэрмінова клічэ вас на завод! Там штос здарылас
Наспех апрануўшыся, швед выбег за чалавекам у прапахлай нафтай робе, павярнуў галаву на невысокі серп месяца і нечакана атрымаў па ёй нечым цяжкім і цвёрдым. Небараку, як мяшок, ускінулі на востры конскі хрыбет, уткнулі ў рот смярдзючы кляп, чорная зямля і свядомасць захісталіся і страціў прытомнасць
А раніцай уладальнік Піралахі не знайшоў свайго сябра. Час сняданку пераплыў у абед, затым малінавае сонца зноў сабралася акунуцца ў Каспій, і нервы Нобеля не вытрымалі. Паслаўшы рабочых па ўсіх астраўных ваколіцах на пошукі Нордстрэма, ён конна ў суправаджэнні маўклівага целаахоўніка выправіўся да прыстані, адкуль параходзікам праз паўгадзіны дабраўся да мацерыка і, зноў конна, да начнога Баку. І наўпрост на кватэру Лобіча на Велікакняжацкай, каля сабора Аляксандра Неўскага.
Агаломшаны генерал, страсаючы рэшткі сну і хмелю, чухаў сівыя бакенбарды і ў адказ штось манатонна бубнеў. Нобелю было не да шляхетнасці:
Я разабраўся з амерыканцам-Ракфелерам, я ўтаймаваў француза-Ротшыльда, а тут праз вашае разгільдзяйства аніяк не магу справіцца з нейкімі смярдзючымі неданоскамі! Вы са сваім Курапаткіным атрымліваеце ад мяне сродкі, на якія можна наняць цэлую армію, а маіх людзей усё роўна выкрадаюць сярод начы, як авечак!
Я папра-ашу пачаў было генерал, але Нобель ужо бразнуў дзвярыма і выйшаў.
Яшчэ праз гадзіну ён быў на паўночнай ускраіне Баку на шыкоўнай віле «чорнага шаха Апшэрона» Мірзоя. Але яго служнікі пратрымалі Эмануіла да раніцы. Толькі тады ў па-персідску інкруставаную гасцёўню да яго прыйшоў гаспадар вілы у адпрасаваным смокінгу, chapeak a la Garibaldi, беласнежнай накрухмаленай кашулі пад гальштукам a la Biconsfield і лакаваных чаравіках.
Твой сябар знік з месца святога Алаха? І востраў абшукалі? Значыць, калі ён сам не можа хадзіць па вадзе, яго даставілі да берага на лодцы Мірзой задумаўся, запаволена прыгладзіў бараду, на тоўстых пальцах бліснулі пярсцёнкі з дарагімі дыяментамі. Што ж, я дапамагу. Спадзяюся, і ты калі-небудзь дапаможаш мне. Да заходу сонца твой жоўтагаловы госць будзе на месцы ці я больш не назавуся Мірзоем!
Але Нордстрэм сядзеў у сталовай Піралахі ўжо ў абед: з апетытам еў тава-кебаб, запіваў гранатавым шэрбетам і вінавата ўсміхаўся.
Нічога страшнага, не перажывай паўтараў ён Нобелю. Я адразу даведаўся, што яны патрабуюць за мяне выкуп 10 000 рублёў. Уяўляеш, як я дорага каштую!
А ты сумняваўся? усміхнуўся нарэшце і Нобель. Вось толькі апратку тваю змяніць трэба. Прасмярдзеўся нафтай, як колішні скураны бурдзюк!
А Гэта вось ён дастаў з кішэні заільснелага пінжака бутэльчыну. Тут твой саляройл быў, яшчэ на заводзе набраў І выліўся, калі я на конскім хрыбце дагары нагамі гохкаўся І Нордстрэма нібыта падмянілі. І мне там, звязанаму, вось пра што падумалася А калі гэты саляройл паспрабаваць праз фарсункі ўпырскваць у наш рухавік Дызеля? і ўтрапёна зірнуў на Нобеля: Гарэць жа павінен не горш, чым у завадскіх цагляных печах?