Рух - Алесь Пашкевич 8 стр.


 Ра-ана вам, дарагі-і Мікала-ай Льво-овіч, на супако-ой. Не така-ая на-ашая міністэ-эрыя бага-атая, каб раскі-ідвацца такі-імі людзьмі-і  А завяршыў ледзь не скорагаворкай:  Ды і імператар наш не заахвочвае пенсійныя надбаўкі. А таму дазвольце падумаць мне над пачутым і рашэнне прыняць пазней

Рэстарацыя даходнага дома Данілавых даўно стала традыцыйным і любімым месцам душэўных сустрэчаў Пятра Іванавіча Курапаткіна з многіх прычынаў, першыя з якіх някепская хатняя кухня, даўнасць і трываласць сямейных стасункаў з уладальнікамі, нешматлікасць наведнікаў і канфедэнцыяльнасць. Апошняе, пэўна, пераважала ўсё астатняе.

Пётр Іванавіч меў звычку прыязджаць сюды на сустрэчу хвілінаў на дваццаць раней: каб сесці за падрыхтаваны столік (і таму пачувацца за ім гаспадаром) ды правесці адпаведную «рэкагнасцыроўку на мясцовасці».

Неўзабаве зявіўся і Нобель. Таксама, відаць, меркаваў зявіцца першым.

 Добры дзень-добры дзень, Эмануіл Людвігавіч! Нягожа так надоўга забываць пра таварышаў  ваенны міністр на правах старэйшага абняў Нобеля і тройчы расцалаваў яго ў шчокі.  Сядайце, калі ласка, частуйцеся, чым, як кажуць, Бог паслаў. Распавядзіце, як жывяце-можаце?

Было заўважна, як Нобель зніякавеў ад такога вітання. Але змог перасіліць здзіўленне, нават далікатна ўсміхнуўся, кіўнуў галавой, адказаў «Дзякуй» і прысеў. Да напояў і ежы не дачапнуўся.

Ён быў маладзейшы за міністра на дзесяць гадоў. І нарадзіўся ў Пецярбурзе, у адрозненне ад выхадца з Пскоўшчыны Пятра Іванавіча. З вытанчанымі рысамі твару, з далікатнай бародкай, са шляхетнай мімікай і блакітам вачэй, ён быў падобны на ўпэўненага марскога капітана, які паспеў ужо зведаць і хмель незвычайных адкрыццяў, і адчай тагасветных штормаў. Пасля смерці брата Карла Эмануіл узначаліў усю бізнес-імперыю Нобеляў у Расіі: і Пецярбургскі механічны завод, і ўсе прадпрыемствы Таварыства нафтавай вытворчасці з багацейшымі радовішчамі на Апшэронскім паўвостраве каля Баку. Год таму ён быў прыняты ў расійскае падданства

 Разумею-разумею, што няпростыя часы настаюць,  як пра нешта іншае пачаў Курапаткін.  Гідры розныя галовы ўзняць могуць. А мне вось надоечы даклад быў, што наш запас марскіх мінаў знасіўся, а яго ж яшчэ Расійскай імперыі добрай памяці дзед ваш праектаваў і пастаўляў. Што скажаце пра гэта?

Эмануілу на хвілю здалося, што ён перастаў разумець расійскую мову. Зрэшты, і пачаў гаварыць цяжка, наноў шукаючы словы,  як у далёкім дзяцінстве:

 Вашая вялікасць, Пётр Іванавіч Хачу з разуменнем паставіцца да сказанага вамі Але, на радасць ці на жаль, наша Таварыства адышло ад тэмы ўзбраенняў

 Ды гэта я так, па старой памяці, як гаворыцца Ад вас надоечы прыйшоў ліст з просьбай аб сустрэчы,  генеральскі тон паступова пераплаўляўся ў афіцыйны.  Дык я вас уважліва слухаю.

 Я надзвычай удзячны за аўдыенцыю і пастараюся мінімальна забраць ваш час.  Нобель адклаў сталовыя прыборы і выструніўся:  Хочаце верце, хочаце не, дарагі Пётр Іванавіч, але пасля згаданых вамі мінаў ды і наогул выбуховак-нітрагліцэрынаў мы распрацоўваем больш магутную і эфектыўную зброю. А імя яе  ён зрабіў паўзу і прымружыў вочы,  імя ёй нафта.

Міністр нібыта прачнуўся. Ён распраміў вусы ў адзін бок, у другі, падняў графін, наліў суразмоўцу і сабе каньяку, чокнуўся, пацепнуў плячыма, выпіў і пачаў прыкусваць. Нобель толькі ледзь прыгубіў і працягнуў:

 Ваенная бяспека новага стагоддзя будзе грунтавацца не на мінах, снарадах, бомбах, а на энергетычных складніках. І нафтавыя прадукты выцясняць менш эфектыўную паравую энергетыку. Расія мáе ўсе шансы заняць у гэтай новай стратэгіі першае месца. І вы, Пётр Іванавіч, ведаеце, што ўсё нашае сямейства ўжо не першае дзесяцігоддзе працуе на гэтай ніве. Нафтаправоды, нашыя цыстэрны і танкеры Гэта за некалькі гадоў замяніла тысячы конных падводаў і саматужную калодзежную здабычу. Распачалася масавая вытворчасць газы, бензіну, мазуты, парафіну, гудрону, нафталіну, якія з Баку чыгункай трапляюць праз Тыфліс да Чорнага мора, а праз Рыгу на Балтыку, з Астрахані і Ніжняга Ноўгарада развозяцца па ўсёй імперыі. І, прабачце, не мне вам нагадваць, колькі за ўсім гэтым ствараецца працоўных месцаў, як, зрэшты, і падаткаў ідзе ў казну Падпісаны дамовы і ўзрастаюць пастаўкі нафтапрадуктаў у Англію, Нямеччыну, Аўстрыю, Францыю, Бельгію, Італію, Скандынавію. І мы спакойна канкуруем з амерыканцамі, хоць, да прыкладу, газа, вырабленая з нафты нашых радовішчаў Піралахі, на 2030 адсоткаў даражэй, бо яна лепшай якасці. Вельмішаноўны Пётр Іванавіч, пры найменшым спрыянні ў гэтай сферы мы можам мець каласальны эфект!

Ад такога трыбуннага выступу ваенны міністр неўразумела скаўтнуў, па-карнецку пачухаў патыліцу, наліў сабе яшчэ каньяку і выпіў.

 Эмануіл Людвігавіч, вы мяне, часам, не зблыталі з эканамістам, статыстам ці якімсьці яшчэ далёкім ад ваеншчыны міністрам?

 Найдарагі Пётр Іванавіч, балюча чуць такія словы На вас надзею мáю, бо вы як чалавек з народнага мора, і дзяржаўныя, і народныя інтарэсы сілай, дадзенай вам Усявышнім і імператарам, абараніць можаце. Зразумейце, калі ласка Толькі нашае сціплае Таварыства здабывае нафты больш, чым усе Злучаныя Штаты. А падобных жа прадпрыемстваў вакол Баку дзясяткі! Але ж анічога проста не даецца, тым больш у такой стратэгічнай галіне. Апошнім часам правакатары пачалі агітаваць рабочых да забастовак, нейкія чорныя брыгады па начах тэрарызуюць семі нафтавікоў, асобныя галаварэзы забіваюць брыгадзіраў, адзначаны пашкоджанні нафтаправодаў, пачасціліся падпалы буравых вежаў і чыгуначных цыстэрнаў. Жандармерыя ўжо не можа справіцца з гэтымі арганізаванымі злачынствамі. Я, прабачце, далёка не вайсковага складу чалавек, але за ўсім гэтым бачу перадумовы лакальных ваенных дзеянняў

Ваенны міністр задуменна хмыкнуў і наліў у кілішкі цяпер ужо зноў суразмоўцу і сабе. Марудна выпіў, прыціснуў пальцам вусы і ўважліва ўгледзеўся ў Нобеля. Той гэтым разам таксама выпіў да дна, наспех прыкусіў лусцікам сыра і падагульніў:

 Пётр Іванавіч, вы разумееце і перажываеце больш, чым хто іншы Вы служылі ў тых мясцінах. Вы ведаеце іх. Урэшце, да сваёй высокай міністэрскай пасады вы былі начальнікам недалёкай ад згаданага бакінскага Апшэрона Закаспійскай вобласці Шчыра заклікаю і прашу: уладай і сілай, якой надзелены, заступіцеся і дапамажыце!

За сталом у невялікай, ціхай і адасобленай зале запанавала маўклівая паўза. Пётр Іванавіч рукой паказаў госцю на закускі, пачаў сам марудна накладваць і паглынаць салаты і мяса, доўга запіваў кампотам, а затым старанна выцер вусны бялюткай ільняной сурвэткай і прамовіў нібы між іншым:

 Пяць адсоткаў ад агульнага прыбытку і вы забудзеце пра ўсе клопаты і беды.

Эмануіл Нобель наструніўся, адхінуўся ад стала і зрэагаваў імгненна:

 Згода!..

Пасля сустрэчы ў рэстарацыі Данілавых Пётр Іванавіч вярнуўся ў кабінет на Садовай і выклікаў да сябе начальніка Канцылярыі Лобіча.

 Мікалай Львовіч Толькі што меў я кансультацыю адносна вашага хадайніцтва,  пачаў ён бадзёра, кіўнуўшы на столь, і адразу ж агаломшыў:  Як і думалася, імператар раскідвацца такімі людзьмі жадання не мае. Аднак мы можам пайсці насустрач у пытанні і службовым, і пенсіённым. Вы, упэўнены, начуты пра стварэнне асобнай Каспійскай арміі? Там і цяплей, і паспакойней будзе. З годзік яшчэ, калі ласка, пацярпіце

Міністр не дагаварыў: яго нястрымна перабіў старэйшы па ўзросце генерал:

 Пётр Іванавіч, дарагі, ты што?.. Зноў мяне ў боты і падалей? Памілуй: за што?!

 Ды даслухай ты  не стрымаўся ды «тыкнуў» і гаспадар кабінета.  Будзеш пры арміі маім надзвычайным прадстаўніком з самымі найвысокімі паўнамоцтвамі. І штаб, і інтэнданцкую службу пад сябе прыціснеш. А да ўсяго і з дзяржаўна-стратэгічнай задачай справішся,  і ён пачаў па звычцы расцягваць нібыта гэтым гіпнатызуючы словы,  бо, са-ам разумееш, няма-а ў тако-ой спра-аве найбо-ольш во-опытнага і адда-анага імпера-атару чалаве-ека  Міністр спакмеціў, як у Лобіча зацікаўлена расцягнуўся лоб, нават бакенбарды ўзняліся над вушамі.  Так-так, няма. Трэба ўзяць пад кантроль бакінскі нафтапромысел. Там, ведаеш, з нафтай многа ў апошні час і муці рознай усплывае.  І міністэрскі тон зноў ператвараўся ў мядовы.  Дык найперш, калі ласка, ёй і займіцеся. Парадак, ахова, дзяржаўныя інтарэсы і гэтак далей, словам Неадкладна сустрэньцеся з Нобелем, ну ведаеце цяперашні кіраўнік Таварыства нафтавай вытворчасці Скажаце, што маё, і не толькі, асабістае даручэнне. Ён патлумачыць, чым дапамагчы. Адпаведныя дакументы аб надзвычайных паўнамоцтвах на подпіс падрыхтуеце самі каму, як не вам, аксакалу Канцылярыі, вядома ўсё наперад?..  і бачачы ў вачах падначаленага вострыя хітрынкі, Пётр Іванавіч завяршыў, як адрэзаў:  І не калі́ мяне, Мікалай Львовіч, сваімі зрэнкамі, бо яшчэ дзякаваць стомішся. Пасля гэтай камандзіроўкі грашовага забеспячэння табе на некалькі жыццяў хопіць. І, прабач, не толькі на карты ды казіно ўсякае  міністр напрыканцы даў зразумець пра сваю абазнанасць у няпростым і пакручастым лёсе генерала Лобіча.  Ну давай, з Богам!..

Назад Дальше