Як фальклорныя дайшлі да нашых дзён вершы Яна Баршчэўскага Гарэліца, Дзеванька. У Пецярбургу пісьменнік выдаваў часопіс Незабудка, дзе друкаваў шмат матэрыялаў з жыцця беларусаў. Пасля разгрому сялянскага паўстання, у час вобыску ў Крошыне ў хаце таленавітага паэта-самавука Паўлюка Багрыма, беларускага Шаўчэнкі, быў знойдзены ўрывак аднаго з вершаў Яна Баршчэўскага.
У творах народнага складу ішлі актыўныя пошукі раскрыцця адметнасцей нацыянальнага характару беларусаў. Верш Я. Баршчэўскага Дзеванька (Ах, чым жа твая, дзеванька, галоўка занята) стаў папулярнай народнай песняй аб каханні, долі-нядолі беднай вясковай дзяўчыны, якая вымушана хаваць свае сапраўдныя глыбокія душэўныя пачуцці пад наўмыснай весялосцю. Песня была вельмі распаўсюджана ў народзе, яе любіла спяваць беларуская шляхта ў час застолляў.
Вершаваная паэма Рабункі хлопаў раскрывае стыхійнае бунтарства сялян, даведзеных да адчаю мясцовымі панамі і чужаземнымі заваёўнікамі (дзеянне адбываецца ў маёнтку пад Полацкам у 1812 г.). Карыстаючыся прыходам французскага войска, вяскоўцы заняліся экспрапрыяцыяй (рабункі нарабаванага) панскай маёмасці, вырашылі ўстанавіць новыя парадкі, але далей намераў не пайшлі, перапіліся, пабіліся і зноўку здаліся на літасць паноў. Ад стыхійнага бунтарства да актыўнага ўдзелу ў рэвалюцыйнай барацьбе такі шлях яшчэ не хутка пройдзе беларускае сялянства.
Характэрнай асаблівасцю развіцця новай беларускай літаратуры стала тое, што першыя арыгінальныя мастацкія творы на беларускай мове распаўсюджваліся ў асноўным сярод сялянства, а змаганне за беларускую мову і літаратуру было неаддзельнае ад абароны правоў простага люду, ад яго змагання за волю і лепшую долю. Пачынаць даводзілася з арганізацыі паасобных гурткоў: фальклорных, краязнаўчых, драматычных.
Усё больш перадавой разначыннай інтэлігенцыі гарнулася да беларускага слова, імкнучыся даць народу асвету, літаратуру на роднай мове. Сярод пачынальнікаў новай беларускай літаратуры варта ўпамянуць імёны Арцёма Вярыгі-Дарэўскага, Францішка Багушэвіча, Адама Кіркора, Адэлі з Устроні, Элігія Карафа-Корбута (Я. Вуля), Вінцэся Каратынскага, Франца Савіча, Вікенція Равінскага, Кастуся Каліноўскага, Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Алаізы Пашкевіч (Цёткі), Каруся Каганца. Вядучае ж месца ў стварэнні новай беларускай літаратуры належыць тром зоркам першай велічыні Максіму Багдановічу, Янку Купалу і Якубу Коласу.
Калі пра класікаў беларускага мастацкага слова мы ведаем многае, дык пра тых, хто пачынаў пісаць свае творы і па-польску і па-беларуску, хто ствараў іх на беларускім матэрыяле, вядома няшмат. Часта аўтары не называлі сябе беларускімі пісьменнікамі. У сваіх творах яны ўзгадвалі, як і А. Міцкевіч, старадаўнюю назву беларускіх зямель Літва, а самі называліся літвінамі.
Нялёгкі лёс выпаў Францу Савічу (1815 каля 1845). Беларускі дзекабрыст Ф. Савіч, сын святара з-пад Мінска, утварыў Дэмакратычнае таварыства ў Віленскай медыка-хірургічнай акадэміі, дзе ён вучыўся. За сваю рэвалюцыйную дзейнасць, як у свой час М. Ю. Лермантаў, А. I. Паляжаеў, А. А. Бястужаў-Марлінскі, Ф. Савіч быў сасланы ў дзеючую армію на Каўказ, уцёк адтуль, праз Маздок, Стаўрапаль, Таганрог дабраўся да Малдавіі, каб пераправіцца ў Румынію, але быў затрыманы як беглы салдат. Яго зноў чакала салдатчына. Пазней Ф. Савіч заняўся медыцынскай практыкай, ратаваў людзей ад халеры, але сам не ўсцярогся, памёр ад гэтай хваробы. Пахаваны ў Астрожску ва Украіне.
У паэме Адэлі з Устроні Мачыха родная зямля ў неспрыяльных умовах уціску і несправядлівасці стала мачыхай для дзяўчыны, лёс якой склаўся нешчасліва, бо яна рана засталася сіратой. Злая мачыха забараняе ёй сустракацца з любым. Паэма напісана ў форме плачу-галашэння спакутаванай душы, якая трывожыцца за лёс каханага, нагадвае плач Яраслаўны на гарадской сцяне ў Пуціўлі. Гэта сведчыць аб несумненным таленце стваральніцы і трываласці мастацкіх традыцый Слова пра паход Ігаравы ў беларускай літаратуры. Назва прытока Нёмана Устронь стала псеўданімам аўтаркі, сапраўднае імя якой, гады нараджэння і смерці невядомы.
З глыбінь народнага жыцця нараджаліся творы, аўтары якіх пад сваімі імёнамі, пад псеўданімамі распавядалі пра лёс і лад думак беларуса.
Адным вершам вядомы пісар Віцебскай палаты дзяржаўных маёмасцей Э. Карафа-Корбут, які запісаў у альбом свайму паплечніку А. Вярыгу-Дарэўскаму наступныя радкі (К дудару Арцёму ад наддзвінскага мужыка):
За ўдзел у паўстанні 18631864 гг. пад кіраўніцтвам К. Каліноўскага Э. Карафа-Корбут быў сасланы ў Сібір.
Яшчэ больш трагічны лёс дудара Арцёма. Арцём Вярыга-Дарэўскі (18161884) быў кіраўніком атрада паўстанцаў на Віцебшчыне ў 1863 г., наладзіў кантакты з арганізацыяй Зямля і воля. За гэта быў сасланы ў Сібір, куды разам з ім адправілася яго дачка Габрыеля. У ссылцы, якая доўжылася больш за 20 гадоў, паэт і памёр. Захаваўся Альбом Арцёма Вярыгі-Дарэўскага, куды запісваліся беларускія вершы: Бяседа над Нёманам, Дзіця дзвюх матак, Скромны ў бяседзе не страціць, Яшка і Цімошка і інш.
У альбоме-альманаху пакінулі свае запісы В. Дунін-Марцінкевіч, яго дачка Каміла, А. Кіркор, згаданы ўжо Э. Карафа-Корбут, У. Сыракомля.
Адам Ганоры Карлавіч Кіркор (18181886) быў выдатным літаратурным крытыкам, выдаўцом, літаратуразнаўцам, фалькларыстам, публіцыстам, заснаваў у Вільні салон, вакол якога групаваліся літаратурныя сілы. Усё шырэй станавілася кола беларускіх пісьменнікаў. А. Кіркор стаў членам-карэспандэнтам Імператарскага археалагічнага таварыства, напісаў нарысы па гісторыі беларускай літаратуры ў кантэксце славянскіх літаратур кнігу Пра літаратуру братніх славянскіх народаў, ён жа адзін з аўтараў Живописной России.
Вінцэсь Каратынскі (18311891) паэт з мужыкоў, нарадзіўся ў в. Селішча Карэліцкага раёна. Працаваў хатнім настаўнікам, быў сябрам і сакратаром У. Сыракомлі. Выдаў кнігу вершаў на польскай мове Чым хата багата, тым і рада з відавочным беларускім каларытам і скіраванасцю да стыхіі народнага жыцця. Беларускія вершы паэта мелі выразную песенна-народную аснову. У адным з іх пад назвай Туга на чужой старане чуецца боль па роднай старонцы:
Ой, саколка, ой, галубка!
Не пытайся, не,
Што мне тошна, мая любка,
Ў гэтай старане
Я ж зямліцу меў радную,
Быў свабодзен сам.
Ох, ці днюю, ці начую,
Я ўсё там ды там.
Яшчэ адзін верш на беларускай мове Уставайма, братцы!.. зяўляецца яркім фактам вобразнага і каларытнага прыгожага пісьменства.
Незвычайны лёс Вікенція Равінскага (1786 каля 1855), верагоднага аўтара паэмы Энеіда навыварат. Ён адносіўся да перадавых людзей свайго часу. Удзельнічаў у Айчыннай вайне 1812 г., прайшоў з рускім войскам праз усю Еўропу, да Парыжа. Быў адютантам генерала Д.С. Дохтурава, за бітву пад Барадзіно ўзнагароджаны залатой шпагай. Вярнуўшыся на радзіму, пісаў унук Равінскага, Вікенцій Паўлавіч смела мог назваць сябе перадавым чалавекам, так рэзка адрозніваўся ад большасці памешчыкаў таго часу. В. Равінскі стварыў камедыйна-сатырычныя творы Шлюб паняволі, Вялікі муж субардынацыі, вершы, якія распаўсюджваліся ў спісах. На жаль, яго творчая спадчына страчана.
Ананімныя паэмы Энеіда навыварат і Тарас на Парнасе
Асноўная ідэйна-эстэтычная вартасць беларускай Энеіды навыварат заключаецца менавіта ў тым, што адмоўныя рысы характараў падаюцца не як прыродныя, а як сацыяльныя, спароджаныя прыгонніцтвам, канкрэтна-гістарычнымі абставінамі жыцця, адзначаў А. Лойка. Што ўяўляла сабой паэма Энеіда навыварат, якая прыпісваецца В. Равінскаму? Захаваўся толькі пачатак паэмы, якая, па ўсім відаць, пісалася на Смаленшчыне.
Беларуская паэма Энеіда навыварат спроба пераапрануць у беларускую вопратку і не ў гераічнай, а ў іроікамічнай (з грэч. іроі перакладаецца як не-герой) форме перадаць прыгоды героя са старажытнарымскай паэмы Вергілія Энеіда. Багі паводзяць сябе на нябёсах, як звычайныя беларускія сяляне. Замест высокіх, узнёслых апісанняў перад чытачом паўстаюць каларытныя і смешныя малюнкі штодзённага сялянскага побыту. Багі тут займаюцца звычайнымі хатнімі справамі, яны па-зямному надзелены мноствам самых нечаканых і самых экзатычных рыс характару: галоўны бог Алімпа Зеўс гарэлку з мёдам там сцябаў ды закусь з паддоння пальцам калупаў. Багіня прыгажосці Венера, што народжана з марской пены, паўстае моднай засцянковай шляхцянкай, якая андарак з насоўкай апранула.
У беларускай Энеідзе захаваны толькі сюжэт паэмы Вергілія і асобныя імёны, назвы. Каларыт і стыхія жыцця глыбока народныя. Сваім ідэйным зместам твор скіраваны на антычалавечыя праявы сацыяльнага жыцця (А. Лойка).
Багі, як кажуць, маюць хіба што незямныя заганы. Для нас сёння цікавым зяўляецца рэалістычна-канкрэтны змест, замалёўкі быту, якія падаюцца ў творы, жывыя карціны натуральнага існавання сялянства, каларыт і стыхія жыцця беларускай вёскі і яе насельнікаў.