Але вось усё гатова для выгану жывёлы. Сямя выходзіць на двор, каб прысутнічаць пры ўрачыстым моманце. Наперадзе гаспадар, апрануты ва ўсё чыстае і белае. На ім новыя лапці з белымі анучамі. У торбе, якая вісіць на баку, акраец хлеба, соль, «хрэшчык» (крыж, выпечаны з мукі на Хрэсцы у сераду на чацвёртым тыдні вялікага посту), тры невялічкія каменьчыкі, нож, замок, бязмен, сякера, курынае яйка, грамнічная свечка.
Няспешна, з непакрытай галавой ідзе гаспадар у бок хлява, каб выгнаць жывёлу. Там ён бярэ тры пукі саломы, потым выцягвае са студні поўнае вядро вады, строга па сонцу абносіць яго вакол жывёлы, перакідвае праз статак каменьчык і аблівае вадой жывёлу. Гэты абрад паўтараецца тройчы.
Пасля гаспадар закопвае ў зямлю каля варот замок, бязмен, сякеру, яйка і разводзіць на гэтым месцы невялікае вогнішча, у якое кідае салому, выцягнутую са страхі хлява. Толькі пасля гэтай цырымоніі ён аддае торбу пастуху, і той праз агонь выганяе жывёлу з двара на вуліцу. Уся сямя ідзе за пастухом за ваколіцу. Урачыста сустракалі жывёлу і з пашы.
У нарысе падрабязна тлумачыцца кожны атрыбут, які суправаджаў запасванне жывёлы. Праганялі яе праз агонь з мэтай уберагчы ад нячыстай сілы і ліхіх людзей. Калі выкапанае яйка аказвалася цэлым гэта было добрай прыкметай: на працягу лета ўся жывёла будзе цэлай і здаровай. Замок закопвалі для таго, каб замкнуць пашчы ваўкам і мядзведзям, бязмен каб жывёла хутка набірала вагу.
Рытуальнай сілай валодала і вада, якой аблівалі жывёлу. Сяляне лічылі, што скура іх «гаўяда» будзе чыстай, а коні і каровы не будуць баяцца мошак, камароў, а таксама розных сурокаў. Салома, выцягнутая са страхі, павінна была клікаць жывёлу дадому, перакінутыя праз статак каменьчыкі адганяць ад яго звяроў і нячыстую сілу.
Гэты нарыс, як, дарэчы, і ўсе астатнія, засведчыў расійскаму чытачу новыя грані характару палескага селяніна, пазнаёміў з жыццём і бытам беларусаў.
«Ловля вьюнов». Глыбокае веданне жыцця палескіх сялян, іх звычаяў і традыцый мы назіраем у нарысе А. К. Сержпутоўскага «Ловля вьюнов»[50]. Як і ў іншых нарысах, тут апісваецца гаротнае жыццё палешукоў. «Нялёгкая гэта работа, піша аўтар, цэлы дзень стаяць на адной назе ў глыбокім чоўне, рызыкуючы кожную хвіліну зваліцца ў ціну. Харчуецца рыбак аднымі ўюнамі, спіць на голай зямлі пад адкрытым небам у любое надворе, а тут мноства камароў і мошак ссуць кроў, забіраюцца ў нос, вушы і прыносяць невыносныя мукі». Але цяжкасці гэтыя пераносіць паляшук стойка, разумее, што ад яго рыбацкага шчасця залежыць лёс сямі. Буйная рыба пойдзе на рынак, меншую засоляць, засушаць і будуць харчавацца ёй на працягу доўгай зімы.
Здаралася, што ў выніку зацяжных дажджоў балоты, па якіх працякалі рэчкі, станавіліся непраходнымі. Сялянам даводзілася галадаць у поўным сэнсе гэтага слова. Яны харчаваліся дзікімі яблыкамі, грушамі, жалудамі і нават пырнікам.
З-за адсутнасці сена ўсю зіму жывёлу пасвілі ў лясах.
«Бортничество в Белоруссии». Важнай крыніцай здабывання сродкаў да існавання зяўлялася для беларуса-палешука лясное пчалярства бортніцтва. У сваёй рабоце «Бортничество в Белоруссии»[51] А. К. Сержпутоўскі падрабязна спыняецца на гэтым нялёгкім промысле, прыводзіць цікавыя звесткі з гісторыі яго ўзнікнення, пралівае святло на сацыяльныя рысы сялянскіх узаемаадносін, якія яскрава праяўляліся пры сумесным здабыванні мёду.
З даўніх часоў палешукі па тых ці іншых прычынах (адкрыта гаварыць, што гэта былі за прычыны, аўтар, вядома, не мог) забіраліся ў глухія лясы, за непраходныя балоты і засноўвалі там новыя паселішчы. У той час у лясах вадзілася многа пчол і бортніцтва прыносіла нядрэнны даход.
Сяляне ставілі на борцях свае знакі, тым самым абяўлялі сябе ўласнікамі пчаліных семяў. Гэтыя няпісаныя законы строга выконваліся палешукамі. Забраць мёд з борці суседа лічылася вялікім злачынствам. Вінаватага сяляне маглі пакараць фізічна, але самым ганебным зяўлялася мянушка Пчаладзёр, якая пераходзіла і на яго дзяцей.
На думку беларусаў, пчолы добра водзяцца толькі ў самых сумленных людзей, таму кожны пчаляр у час работы каля борцяў лічыў за правіла памірыцца з суседам, не думаць пра яго дрэнна.
У ролі прымірыцеляў часта выступалі пчолы. Варта было рою аднаго суседа пасяліцца ў вуллі другога, як тыя з ворагаў ператвараліся ў сябрукоў, лічылі ўчынак пчол боскай воляй.
У ролі прымірыцеляў часта выступалі пчолы. Варта было рою аднаго суседа пасяліцца ў вуллі другога, як тыя з ворагаў ператвараліся ў сябрукоў, лічылі ўчынак пчол боскай воляй.
Часта борцямі карысталіся некалькі чалавек разам.
Збор мёду зяўляўся святам для ўсяго паселішча.
Памешчыкі нейкім чынам даведваліся пра такія паселішчы і сілай ператваралі сялян у сваіх падданых. Уласнасць палешукоў, у тым ліку і борці, пераходзіла ва ўласнасць памешчыкаў. Па гэтай прычыне бортніцтва на Палессі паступова выраджалася. Другой прычынай выраджэння бортніцтва было знішчэнне лясоў для прамысловага выкарыстання.
Умоўныя знакі ўласнасці ставілі палешукі і на іншых прадметах, якія не зяўляліся агульнай уласнасцю. Убачыць селянін свабодны кавалачак сенакосу, дрэва, якое можа спатрэбіцца яму для пэўнай справы, і адразу ж убівае побач калок, абвязвае яго вяхоткай з травы. З гэтага моманту тут не можа гаспадарыць ніхто іншы.
Асяніны. У архіве даследчыка ёсць цікавае апісанне асянін дня памінання продкаў, асенніх Дзядоў. Адзначалася гэтае свята праз тры тыдні пасля Пакроваў. Да гэтага часу асноўныя сельскагаспадарчыя работы былі выкананы, можна было крыху адпачыць.
Напярэдадні свята мужчыны наводзілі парадак у дварах, забівалі кабаноў, цялят, авечак, гусей. Жанчыны завіхаліся на кухні, думалі, як лепш сустрэць гасцей, чым парадаваць дамашніх.
Перад тым як сесці за святочныя сталы, палешукі ішлі ў лазню, апраналіся ў чыстае адзенне. У гэты дзень нават у бедных сялян падавалася не менш як сем абрадавых страў. У больш заможных сялян рыхтавалі да адзінаццаці страў. Абавязковымі былі тут куцця, кіслая капуста з ялавічынай, юшка, верашчака, посныя стравы.
Не забывалі, вядома, і пра памерлых продкаў. Успаміналі іх цёплым словам, ставілі на падаконнік талерку, у якую клалі па лыжцы кожнай стравы: няхай душы блізкіх таксама далучацца да застолля. Гаспадар запальваў свечку ад агню перад абразамі, звяртаўся да памерлых са словамі: «Прыходзьце да нас на асяніны ўсе тыя, што займалі гэту сядзібу». Каб не патрывожыць спакой продкаў, гаворкі за сталом вяліся нягучныя. Прыпаміналіся розныя выпадкі, што адбываліся некалі з тымі, у гонар каго наладжваліся асяніны, прыводзіліся іх парады, настаўленні жывым. А потым пераходзілі да надзённага, набалелага, разважалі пра будучы ўраджай, жывёлу, пра дзяцей і ўнукаў.
У рытуале асянін бачыцца высакароднасць беларускага селяніна, яго павага да блізкіх, старэйшых, пераемнасць пакаленняў, чаго так не хапае нам сёння ў жыцці.
У 1916 г. у Мазырскім павеце А. К. Сержпутоўскі быў сведкай таго, як на асяніны ў адну з вёсак прыйшлі прадстаўнікі мясцовых улад, пісары, папы, іх жонкі. Яны выпрошвалі ў сялян яйкі, збожжа, грэчку, лубін, грыбы, нават лапці і валёнкі. Адзін поп звалок з сядзібы вялізную ступу.
* * *Шырокая эрудыцыя А. К. Сержпутоўскага, веданне матэрыяльнай і духоўнай культуры беларускага народа праявіліся ў яго шматлікіх працах па беларускай этнаграфіі. У рэцэнзіі на кнігу А. М. Харузіна «Славянское жилище в Северо-Западном крае», якая выйшла ў 1907 г. у Вільні, ён адзначае не толькі моцныя, але і слабыя яе бакі. Адным з галоўных недахопаў, на думку вучонага, зяўляецца выбар абекта даследавання. Замест тыповых для карэннага беларускага насельніцтва пабудоў Харузін вылучыў толькі тую частку, у якой прыкметны ўплыў іншых народнасцей палякаў, літоўцаў. Па Мінскай, Магілёўскай і Віцебскай губернях аўтар кнігі выкарыстаў зусім нязначны матэрыял, хаця менавіта тут найбольш поўна захаваліся старажытныя пабудовы. Рэцэнзент выказвае здзіўленне, што ў аналізуемай ім кнізе адсутнічаюць звесткі аб такіх распаўсюджаных у палескай частцы Беларусі па цячэнні ракі Проні збудаваннях, як свіронкі, клеці, палаткі на дрэвах (для начлегу і засад пры паляванні на звяроў), адонкі або сцяжары (аснова для стагоў). Аўтар ні словам не абмовіўся і пра культавыя збудаванні крыжы, капліцы, цэрквы, касцёлы, надмагільныя помнікі і г. д.
Не згаджаецца Сержпутоўскі і са сцверджаннем Харузіна, што беларуская сялянская хата бярэ свой пачатак ад клеці. Ён раіць аўтару кнігі пазнаёміцца з вынікамі этнаграфічных экспедыцый, якія рэгулярна друкуюцца на старонках газет і часопісаў, а таксама ў навуковых зборніках Рускага геаграфічнага таварыства.
Глыбокае веданне гісторыі, права, звычаяў народа знаходзім у рэцэнзіі А. К. Сержпутоўскага на працу К. Т. Анікіевіча «Сенненский уезд Могилевской губ.: Опыт описания в географическом, этнографическом, бытовом, промышленном и историческом отношениях, с картою уезда, схемою двух озер и рисунков в тексте»[52].