Святло далёкай зоркі - Уладзімір Канстанцінавіч Касько 11 стр.


Адзначаючы вялікую работу аўтара па грунтоўным апісанні меж павета і валасцей, збіранні легенд і паданняў пра камяні, азёры, якія ў народзе называюцца святымі, Сержпутоўскі ў той жа час крытыкуе Анікіевіча за тое, што пры апісанні раслін і жывёл ён абмяжоўваецца толькі мясцовымі назвамі, што зніжае навуковую каштоўнасць працы. Рэцэнзент раіць аўтару кнігі больш крытычна адносіцца да афіцыйных статыстычных справаздач, у якіх значна завышаецца доля абшчыннага ўладання зямлёй.

Крытыкуючы Анікіевіча за тое, што ў яго кнізе мала новых звестак пра Сенненскі павет, Сержпутоўскі высмейвае заяву генерал-губернатара князя Хаванскага, які тлумачыў прычыны пагаршэння народнага дабрабыту нізкімі цэнамі на віно і пражываннем яўрэяў на тэрыторыі павета. «Як гэта нагадвае сучасную бюракратычную панацэю ад усіх няшчасцяў»,  іранізуе рэцэнзент.

У рэцэнзіі ўказваюцца і іншыя недахопы работы Анікіевіча. У прыватнасці, на думку Сержпутоўскага, аўтар удзяліў вельмі мала месца высвятленню складу насельніцтва, яго этнаграфічным асаблівасцям, быту, духоўнай і матэрыяльнай культуры, на скажонай рускай мове друкуе тэксты песень, змяшчае малюнкі нізкай якасці.

А. К. Сержпутоўскі ўмеў у кароткай рэцэнзіі выкласці сутнасць пытання, звярнуць увагу чытача на асноўныя праблемы, закранутыя ў рэцэнзаваным творы. Так, у рэцэнзіі на кнігу В. І. Сергіевіча «Крестьянское право и общинное землевладение в Архангельской губернии первой половины XVIII века»[53] ён правільна падмячае, што, распрацоўваючы сялянскую рэформу, Кацярына II і сенат клапаціліся не пра тое, каб сялянам стала жыць лягчэй, а пра тое, якім чынам памножыць свае багацці праз павелічэнне падушных падаткаў. На канкрэтных прыкладах вучоны пераканаўча даказвае, што, хоць зямля выдзялялася абшчыне, на самай справе ёй на правах уласнасці валодалі канкрэтныя сяляне члены абшчыны. Абшчына не мела права адабраць у іх гэтыя надзелы нават тады, калі сяляне пераязджалі на жыхарства ў іншае месца.

«Земледельческие орудия Белорусского Полесья». Вывучэнне духоўнага жыцця, маральнага аблічча беларускіх сялян А. К. Сержпутоўскі цесна ўвязваў з вывучэннем іх матэрыяльнай культуры, быту, заняткаў. У 1910 г. ён апублікаваў сваю новую працу «Земледельческие орудия Белорусского Полесья: к этнографии белорусов-полешуков южной части Слуцкого и северной половины Мозырского уездов Минской губернии»[54]. У аснову яе пакладзены назіранні і запісы, зробленыя вучоным падчас яго шматлікіх навуковых экспедыцый на Беларускае Палессе па даручэнні Рускага музея ў 19061907 гг.

Ва ўступнай частцы працы даецца кароткая характарыстыка быту і заняткаў палешукоў. Па словах аўтара, жылі яны пераважна ў малых вёсках, размешчаных на вялікай адлегласці адна ад адной, сярод непраходных лясоў і балот. Да апошняга часу сюды слаба пранікала гарадская культура. Па гэтай прычыне, заўважаў Сержпутоўскі, быт і ўклад дамашняга гаспадарчага жыцця сельскага насельніцтва гэтага забытага Богам і людзьмі кутка Беларусі мала чым адрозніваліся ад жыцця продкаў. Апісанне і малюнкі прымітыўных землеапрацоўчых прылад, якімі карысталіся беларускія сяляне, пацвярджалі словы вучонага.

А. К. Сержпутоўскі падзяляе гэтыя прылады на пяць груп. Да першай ён адносіць прылады для апрацоўкі глебы: матыку, рыдлёўку, саху, сошку, вершаліну, смык і барану. Самай старажытнай прыладай, з якой першабытны чалавек прыступіў да апрацоўкі зямлі, была, на думку вучонага, матыка. Першапачаткова яна ўяўляла сабой сук дуба або граба з круком на канцы. Паступова матыка ўдасканальвалася: на канцы крука прымацоўваўся жалезны наканечнік. Такой прыладай можна было ўжо не толькі рыхліць пясчаную або балотную глебу, але і ператвараць у зябліва падлесную глебу, у якой было шмат каранёў ад дрэў.

Удасканаленне і развіццё матыкі прывяло да зяўлення рыдлёўкі, сошкі, сахі і плуга. Як і матыка, рыдлёўка выраблялася з моцнага дрэва дубу ці грабу. Па форме яна напамінала сённяшнюю рыдлёўку, толькі па баках завостранай дошкі-ляза былі размешчаны два сукі. Пры рабоце селянін рукамі трымаў дзяржанне даўжынёй каля метра, а нагой наступаў на сук, прасоўваючы лязо рыдлёўкі ў зямлю. Крокам наперад было вынаходніцтва жалезнага наканечніка, які мацаваўся на вострай частцы драўлянага ляза. З цягам часу на змену драўлянай рыдлёўцы прыйшла рыдлёўка металічная. Яна значна аблегчыла працу сялян, пацясніла саху і барану на невялічкіх латках сялянскіх надзелаў.

Цікава апісвае вучоны такія прымітыўныя прылады, як вершаліна, саха, плуг. Вершаліна ўяўляла сабой верхнюю частку ствала дрэва з моцнымі завостранымі сукамі. Галоўнае яе прызначэнне рыхліць падлесныя землі, якія з-за мноства каранёў, што засталіся ў іх, не паддаваліся апрацоўцы сахой або плугам. Па такіх участках хадзілі быкі або коні і цягалі за сабой вершаліну-валакушу. Пасля таго як больш трывалыя карані былі выкарчаваны, наступала чарга сошкі, сахі або плуга.

Саха прымянялася для акучвання бульбы, пракладвання барознаў на полі. Складалася яна з рычага моцнага дубовага ствала з сукам і загнутым коранем, да якога прымацоўваліся ручкі. На сук насаджваўся лямеш з дзвюма дошчачкамі, якія адыгрывалі ролю адкідвальнікаў зямлі. Рычаг ствол дрэва заканчваўся адным або двума сукамі, да якіх прыладжваўся каромысел з аглоблямі. У іх упрагалі вала або каня.

Вялікага майстэрства патрабаваў ад сельскага ўмельца выраб бараны сельскагаспадарчай прылады для паверхневай апрацоўкі глебы баранавання. На Палессі шырокае прымяненне знаходзіла ў XIX ст. плеценая барана. Корпус яе звязвалі дваццаццю парнымі кольцамі, скручанымі з моцных лазовых пруткоў. Кольцы ахоплівалі пры перакрыжаванні мноства тонкіх пруцікаў, паміж якімі замацоўваліся 25 дубовых, ясеневых або кляновых зубцоў даўжынёй 35 сантыметраў з нахілам наперад.

Важнымі дэталямі бараны зяўляліся каблук, а таксама лука дугападобны прут, які з трох бакоў ахопліваў барану і заканчваўся вушкам. На ім свабодна перамяшчалася драўлянае кольца, да якога прымацоўваўся каромысел з пастромкамі. Дзякуючы гэтаму барана рухалася наперад толькі па дыяганалі, рады зубцоў не супадалі па прамой лініі, што забяспечвала раўнамернае рыхленне зямлі. Для таго каб зубцы бараны глыбей пранікалі ў глебу, на барану клалі груз.

Пазней бароны сталі вырабляць з металу, што значна падоўжыла іх век. Вядома, і цана такой бараны была значна вышэйшай. Па гэтай прычыне беларускія сяляне аддавалі перавагу плеценым і драўляным баронам. Праўда, яны часта замянялі дубовыя зубцы металічнымі.

Аддаўшы належнае плугу, баране, сярпу і касе, А. К. Сержпутоўскі нагадвае, што ў сялянскіх хатах у сераду на чацвёртым тыдні вялікага посту выпякалі хлеб у выглядзе названых прылад працы, а таксама «хрэшчыкі» крыжападобны хлеб, які нагадваў сабой капу, у якую на полі складвалі снапы. Тым самым беларускі селянін выказваў глыбокую ўдзячнасць сельскагаспадарчым прыладам, якія аблягчалі яго працу, дапамагалі атрымаць добры ўраджай, мець дастатак у гаспадарцы.

Вучоны падрабязна апісвае прылады, якія прымяняліся для ўнясення ўгнаенняў (сахор, крук), сяўбы (сявок, сеўнік, каробка), касьбы і жніва (серп, каса, граблі), малацьбы і ачысткі зерня (валёк, чэр, веялкі, шуфлі) і г. д., суправаджаючы апісанне ўласнымі малюнкамі. Дзякуючы гэтай працы шматлікія чытачы змаглі пазнаёміцца з жыццём народа заходняй ускраіны Расіі, зрабіць для сябе вывад, што з такой адсталай тэхнікай на малаўрадлівых беларускіх землях высокі ўраджай не збярэш, а значыць, беднасць і галеча не хутка пакінуць гэты край. Многім беднякам і сапраўды нічога іншага не заставалася, як кідаць свае невялічкія надзелы і падавацца на сплаў лесу, займацца рамізніцтвам, рыбалоўствам, пчалярствам. Аднак і гэтыя заняткі не гарантавалі сямі палешука бязбеднае існаванне.

А. К. Сержпутоўскі прымаў актыўны ўдзел у рабоце многіх навуковых, асветніцкіх, грамадскіх арганізацый. Ён зяўляўся членам антрапалагічнага і геаграфічнага таварыстваў, сакратаром пастаяннай камісіі па складанні геаграфічных карт Расіі, кансультантам па пытаннях матэрыяльнай культуры беларусаў пры Рускім геаграфічным таварыстве. Па даручэнні апошняга ён склаў беларускую частку этнаграфічнай карты царскай імперыі, за што быў удастоены малога залатога медаля.

Заслухаўшы ў 1911 г. на пасяджэнні Рускага геаграфічнага таварыства паведамленне Сержпутоўскага аб гаспадарчым побыце, промыслах беларусаў-палешукоў, таварыства даручыла яму распрацаваць падрабязную праграму для збірання матэрыялу па этнаграфіі рускага насельніцтва Расіі. Заданне было выканана хутка і бліскуча. «Распрацаваная Сержпутоўскім праграма можа служыць узорам стварэння творча прадуманай сістэмы, навуковага падыходу да збірання этнаграфічных матэрыялаў людзьмі розных узростаў, кваліфікацыі і адукацыі»[55], пісаў А. Кіркор.

Асаблівую каштоўнасць уяўляла прыкладная схема складання апытальных лістоў па розных раздзелах праграмы. Так, напрыклад, высвятляючы ўсе бытуючыя ў пэўнай мясцовасці акалічнасці, што былі звязаны з агнём, Сержпутоўскі падказваў рэспандэнтам мноства дэталяў, якія дапамагалі ім лягчэй справіцца з заданнем. Вось як выглядалі некаторыя пункты гэтай анкеты, у распрацоўцы якой прымаў удзел А. Кіркор.

Назад Дальше