Пагоркі незаўважна змяніліся роўнай, як патэльня, зямлёй. Стомлены дарогай кіроўца паціху дзёўб носам.
Які прывабны краявід! Якая паша! Якое поле! Ну проста цуд прыроды! пранікнёна пракаментаваў Баян. Тут табе не Гарадзеншчына. Стратэгічная роўнядзь ад краю да краю. Танкавая калона па ёй, нібы, на парадзе пойдзе. Шчаслівыя дзяўчаты ў вышыванках нашых вызваленцаў вітаць выйдуць, непераможных і легендарных. Вось толькі мост наперадзе, яго пілсудчыкі напэўна замініруюць. Варта загадзя парашутны дэсант скінуць.
Ага толькі і азываўся сонны кіроўца, ды далей дзёўб носам.
Насып набіраў вышыню, за шклом пабеглі парэнчы маста.
Глянь, дзеўкі! шчасліва выгукнуў Баян.
Ага прагучала з ранейшай санлівасцю.
У рэчцы плёхаюцца, што тыя бабрыхі!
Ну і хай сабе. Голыя! працягваў спакушаць старэйшы чакісты.
Кіроўца нарэшце зірнуў на раку млява і абыякава, нават галавы не павярнуў:
Хіба ж то дзеўкі? Простыя сялянкі! Вось на гарадзенскай Раскошы сапраўдныя дзеўкі стаяць! Майткі карункавыя. Панчохі ядвабныя. Вусны падведзеныя. А водар які ад іх сыходзіць! Не прамінуць. Мяне на Раскошу штовечар як магнэзам цягне. Каб не прапанаваў ты таварышу Праніку гэтага амерыканскага Хроснага, адцягнуўся бы я напоўніцу. У Kajakowym klubie сёння танцы. А пасля танцаў у кожнага шляхотнага фацата на кожным калене сядзіць па вясёлай кабеце.
Пакард мінуў мост. Сінія прыцемкі канчаткова апанавалі шашой. Запалалі фары, і ў конусах жоўтага святла мільгануў кіламетровы слупок. Баян зашамацеў картай-двухвярстоўкай. Падобны да сардэлькі палец упэўнена сунуўся па лініі дарогі, што ўпіналася ў грунтоўку.
Праз тры кіламетры канец шашы. Там збочваем направа, старэйшы чакісты тыцнуў у скрыжаванне, падобнае да літары Т.
Кіроўца падбадзёрыўся: Картуз-Бяроза зусім блізка?
яшчэ адзін праехалі, Баян адзначыў позіркам кіламетровы слупок і, каб не памыліцца, загнуў палец, і яшчэ кіламетр, другі палец прыціснуўся да далоні.
У святле фар насустрач нікеляванаму капоту бег па ўзбочыне трэці павапнавы слупок. Але ані Баян, ані кіроўца на яго не глядзелі, як не заўважылі і знак, што папярэджваў: шаша тут упінаецца ў гравейку, і трэба збочваць або налева, або направа. Абодва чакістыя, нібыта па нячутнай камандзе, прыкіпелі позіркамі да зграбнай дзявочай постаці ў негліжэ, што зрокава замыкала перспектыву начной шашы. Ядвабныя панчохі льсніліся ў святле фараў. Праз узорыстыя карункі парыжскіх майткаў прасвечвалі гладкія малочныя сцёгны. Пяшчотны ветрык забаўляўся пульхнымі бурштынавымі валасамі. Вялікія зеленкаватыя вочы гарэлі гарэзліва і юрліва.
Курва-а-а малітоўна прастагнаў кіроўца, зварочваючы шыю на дзеўку ў негліжэ.
Шоргат гумовых пратэктараў па бруку рэзка змяніўся сухім шамаценнем граверу. Колы браніраванага Пакарда храбуснулі сакаўной травой на ўзбочыне двухметровага насыпу і сталі намотваць на сябе паветра з ранейшым імпэтам. Таварыш Баян здзіўлена прыўзняў бровы і схамянуўся цяпер ён чуў толькі посвіст ветру, што абцякаў лімузін у свабодным палёце, ды роўны, як у самалёце, гул рухавіка.
Гамуй! спознена залямантаваў ён і заплюшчыў вочы.
Грымнула. Пакард з загамаванымі коламі падраненым бамбардыроўшчыкам ляснуўся на вільготную пашу. Нізкі ўзмоцнены бампер бязлітасна ўзараў дзёран. З-пад сарванай накрыўкі радыятара засвістала.
Таварыш Баян!.. Таварыш Баян!.. загаласіў кіроўца, як маладая ўдава на вясковых могілках. І толькі калі старэйшы чакісты зразумеў, што лёс гэтым разам усё ж злітваўся з яго, расплюшчыў вочы.
А-ёй!.. адразу ж сцяўся Баян.
З-пад самага лабавога шкла на яго самотна пазірала юрлівае зеленкаватае вока. Аднавокая нежывая курва ў падраных панчохах раскінулася на капоце ў позе марской зоркі. Праз бурштынавыя валасы няроўна струменіла пара. Бездакорныя цыцкі з ягадкамі смокчаў маціцова блішчэлі ў прывідным месяцовым святле.
Баян асцярожна падаўся наперад, зазірнуў у сляпую вачніцу курвы і здрыгануўся. Шкляное зеленкаватае вока гулка праценькала па лакіраваным капоце і скацілася ў траву.
Кіроўца баязліва падняў лабавое шкло. Яго дрыготкія пальцы кранулі бурштынавую пасму.
Давай яе сюды, прагучала каманда.
Агледзеўшы расколатую галаву, таварыш Баян каротка і нервова рагатнуў:
Твая праўда. З гарадзенскай Раскошы дзеўка. Яшчэ ўчора ў вітрыне французскай крамы стаяла. Манекен.
Кіроўца баязліва падняў лабавое шкло. Яго дрыготкія пальцы кранулі бурштынавую пасму.
Давай яе сюды, прагучала каманда.
Агледзеўшы расколатую галаву, таварыш Баян каротка і нервова рагатнуў:
Твая праўда. З гарадзенскай Раскошы дзеўка. Яшчэ ўчора ў вітрыне французскай крамы стаяла. Манекен.
Курва парцалянавая, пагадзіўся кіроўца, прыехалі
Старэйшы чакісты абышоў машыну і прысвіснуў.
Згубілі мы з табой класавае чуццё за буржуазнымі майткамі ды белапольскімі цыцкамі варожую правакацыю не згледзелі. Чорта лысага мы адсюль без дапамогі выберымося. А праз гадзіну Сміта-Весона трэба падабраць. Давядзецца таварышу Праніку сігналізаваць.
Кіроўца падняў сядзенне, выставіў на капот грувасткую рацыю з доўгай антэнай-чарацінай.
Халодная галава, Халодная галава шэптам выклікаў камандзіра Баян, я Доўгія рукі
Раптам скрозь хрубаст радыёперашкодаў прабіўся здзеклівы голас Шалёнаса Халераса:
Галава галава чэляс табе ў глоткас, каб галава не хісталася. Ну як, упадабалі французскую Альжбету вясёлую кабету? Таварышу Праніку нашае жмудзінскае прывітанне!
4
Халодны туман слаўся па-над самымі балотнымі хмызамі. Чорныя вокны вады дрыготка адбівалі размытыя абрысы чаратоў. Недзе ў непраходнай пушчы злавесна закугукаў пугач, і галодны воўк азваўся працяглым жудасным скавытаннем.
Хросны скакаў з купіны на купіну на злом галавы. Скрозь шоргат чаратоў яму ў спіну неслася злоснае бабровае рохканне. Чалавеку, які пражыў, бадай, палову свайго ліхтужнага жыцця ў каменных джунглях, нялёгка было спаборнічаць у спрытнасці са спракаветнымі насельнікамі беларускіх балот. Дый хто мог даць рады ўцекачу?
Хроснага нарэшце спыніла рака. Былы вязень у роспачы азірнуўся галодныя грызуны бязлітасна падступаліся.
Стасік, Чэсік лагодна прамовіў Хросны. Адчапіцеся! Хрыстом-Богам прашу!
Нажаль, добрае слова не дапамагло. Галодныя бабровыя вочкі не пакідалі надзеі на паразуменне. Шырокія, як секачы, зубы, хіжа ляскалі ў цемры. Мокрыя хвасты нервова мянцілі па траве.
Рох-рох! ашчэрыўся Чэсік і агрэсіўна пасунуўся наперад.
Былы вязень ніколі не спадзяваўся на цуды, ні ў каго не прасіў літасці: ані ў копаў-жандараў, ані ў прыроды. Махорка з разарванага зубамі кісета паляцела ў вусатыя бабровыя пысы. Стасік з Чэсікам адразу заенчылі і зацерлі лапкамі зацярушаныя вочкі.
Бывайце здаровы, жывіце багата, прымірэнча развітаўся з імі ўцякач і няспешна падаўся да крывога бервяна-кладкі, што рэльефна чарнела ніжэй па рачной плыні.
Тайнік з гумовым мехам Хросны адшукаў адразу. Някідкі, але шляхетны стройчык быў пашыты нібыта па мерцы, знятай з былога вязня. Праўда, навюткія палатняныя чаравікі з лакіраванымі насамі крыху мулялі. Пінжак падаўся яму падазрона зацяжкім. І не дзіва у кішэнях ляжалі дакументы, наладаваны партцыгар, запальнічка, ладны пачак новых златовак і нават срэбны гадзіннік на доўгім ланцужку. Але ўцекача больш за ўсё ўсцешыў цяжкі нікеляваны браўнінг з пукатым рыфлёным дзяржальнам.
Былы палітвязень нарэшце выбраўся з балота і агледзеўся. Шаша з прысадамі была непадалёк. Але дзе тая сухая яблыня-дзічка, пад якой яго павінна чакаць вялікая амерыканская машына?
Літыя гумовыя падэшвы хрумсцелі жвірам. Кіслародная свежасць вольнага ветру прыемна асцюджала твар. Хроснаму вельмі хацелася прылегчы ля старога гасцінца, рукі вольна раскінуць ушыркі і слухаць, як шумяць бярозы, калышуць-люляюць свой напеў векавы. Але ён мусіў ісці світанак ужо фарбаваў скрай неба ў колер малінаўскага яблыка.
За паваротам уцякач прыпыніўся. На ўзбочыне ўрачыста, нібыта пацярпелы аварыю акеанічны лайнер, высіўся вялікі самохуд. Былы чыкагскі бутлегер беспамылкова вызначыў марку грузавіка Студэбекер. Вялікі амерыканскі самохуд, згадаў Хросны словы маладога капэзэбоўца. Супала.
З-пад узнятага капота лілося бляклае электрычнае святло. Нябачны механік корпаўся ў рухавіку, насвістваў самому сабе Янкі дудль. На тэнтаваным брэзентам кодабе бялеў вялікі надпіс JANKI. Ну, хлопцы зусім з глузду зехалі. Яшчэ б амерыканскі сцяг вывесілі! жахнуўся былы чыкагскі бутлегер.
Але Хросны не спяшаўся падыходзіць да машыны, бо колькі ні ўглядаўся ў краявід старой сухой яблыні так і не ўбачыў. І тут з-пад узнятага капота пырснулі-разляцеліся дробныя электрычныя жарынкі.