Быдлам не нараджаюцца, а становяцца, са стомленай посмешкай патлумачыў срэбнабароды. Але ж быдлізацыя людзей адбываецца неверагодна хутка. Як толькі чалавек перастае самастойна думаць, у яго неадкладна адрастаюць рогі, а мозг адпаведна змяншаецца ў абёме. Неўзабаве рагаты існуе адно на рэфлексах, а таму перастае ўсведамляць гісторыю, культуру, мастацтва, паэзію, адукацыю, пісьменнасць і нават гігіену. Мова яму таксама непатрэбная; дастаткова выклічнікаў, жэстаў і мацюгоў. Праз пэўны час быдла збіваецца ў статак, каб мэкаць ва ўнісон і грызці агульныя ночвы. Але ж кожны рагаты статак рана ці позна ўпадабае Казёл і павядзе яго ў пекла
І такіх цэлы народ! пыхліва нагадаў маладзён у ядвабным камзоле.
Скіргайла салідарна залыпаў рахманымі, бы ў цяляці, вачыма; маўляў, і з нашым тупарылым быдлячым народам Казла ніколі не зрынуць! Аднак выказаць рэспект і ўважуху не выпадала: аркебузная руля прыціскала адраджэнскую спіну, бы тая чыгуначная рэйка.
Але хто сказаў, што народ заўжды мае рацыю? ласкава запярэчыў дзядок.
Усе так кажуць! Вось і некаторыя адраджэнцы
Калі Збаўца ўязджаў у Іерусалім, народ радасна вітаў яго пальмавымі галінкамі. Неўзабаве той жа самы народ лямантаваў «Укрыжуй Яго!» На быдлярства можа захварэць хто заўгодна Нават цэлы народ! Але і ад гэтай хваробы можна і варта пазбавіцца. Трэба толькі навучыцца думаць і паважаць саміх сябе. І калі самае зацятае быдла нарэшце ўсвядоміць сябе людзьмі, то неадкладна скіне рогі і вырачацца свайго казла
Як той казаў, раней каменны анёл Сан-Анджэла ўздымецца ў нябёсы, чым мы дажывем да гэтай светлай часіны! скептычна азваўся аркебузер у ядвабным камзоле.
Тым часам штурм жаноцкага кляштара працягваўся. Фацат у нялюдскім шаломе дасягнуў другога паверха, з асалодай высадзіў вітраж і пераможна мацюгнуўся.
Рука з мігатлівым пярсцёнкам уладарна прыўзнялася над зубцом.
Калі месір не будзе такім гаваркім, то першым да тае часіны не дажыве іх правадыр! дзядок з нечаканым азартам перажагнаў аркебузу. Страляйце ж, слынны адраджэнец! І, клянуся Целам Хрыстовым, зараз на аднаго казла ў свеце паменее!
Па-над самым скіргайлавым вухам цяжка грымнула паэт злякана ўцягнуў голаў у плечы. Раскудлачаны пыж пакружляў у начным паветры і паволі паляцеў з бастыёну. Рагаты паскуднік цяжка пахіснуўся ў асветленым акне і навярнуўся. Бразгат латаў давёў, што цела дасягнула бруку. Пяныя хаўруснікі, пазбаўленыя правадыра, бязладна пасунуліся за Тыбр.
Цяжкая руля нарэшце паднялася ад паэтавай спіной. Адраджэнец ганарліва выпрастаўся і, шліфуючы ў галаве прывітальную фразу, павярнуўся да шаноўнага спадарства. Але прадставіцца так і не паспеў: брутальны ўдар шляхотнага бота адкінуў яго далёка ўбок, і паэт зацкаваным кацянём слізгануў за мураваны зубец.
Пякучая крыўда душыла Скіргайлу. Роля падстаўкі для аркебузы, хай нават і адраджэнскай, падавалася відавочна ганебнай. Ён ужо сабраўся было выказацца з гэтай нагоды з імпэтам і ад душы, але рэпліка аркебузера прымусіла неадкладна забыцца на ўсе знявагі.
Ваша Свяцейшаства, а чаму мы, маючы ў Сан-Анджэла найвялікшую зброю цывілізаванага свету, мусім карыстацца прымітыўнымі бамбардамі, арбалетамі і аркебузамі? Дастаткова аднаго толькі руху, і
Каламутны маладзік зваліўся за зрэз хмараў. На фартэцыю насунуліся вільготныя начныя цені. Паэт нашаторыў вушы, напружыўся і завібраваў.
Пра тое, што Дзіда Лангіна ў Сан-Анджэла, ведаем толькі мы з вамі! дзядок у барвовым плашчы паглядзеў на аркебузера з нечаканай суворасцю. Дробнага ўрода пад увагу не бярэм Гэта яшчэ не адраджэнец. У адрозненне ад тых, хто са зброяй у руках бароніць святыню. Але мне зусім не хочацца, каб нашыя аркебузеры, арбалетчыкі і бамбардзіры дазналіся пра суперзброю. Інакш яны забудуцца на свае абавязкі, спадзеючыся адно на Дзіду. Нашто ўводзіць іх у спакусу?
Менавіта таму Ваша Свяцейшаства і замовілі мне выштукаваць копію?
Падробку, спагадліва паправіў срэбнабароды. Падробкі заўсёды лепшыя за арыгіналы. Іх ствараюць па пэўных замовах для канкрэтных нагодаў, а таму яны вызначаюцца дакладнасцю і выключаюць двухсэнсоўныя тлумачэнні. Падробка застанецца тут А праўдзівую Дзіду Лангіна мы пераправім у такое месца, дзе ніякае быдла не здагадаецца яе нават шукаць.
Ці далёка?
На самы скрай цывілізаванага свету, стары сцішыў голас да змоўніцкага шэпту. Увесь час забываюся, як тая зямля завецца Ці тое Сарматыя, ці тое Літва. На беразе Барысфена стаіць нейкі Таргачоў, уладарніцтва пляменніцы слыннага міланскага герцага Людовіка. Аўгусцейшая Бона Сфорца дАрагона, жонка тамтэйшага караля Жыгімонта мая кузіна.
Ці далёка?
На самы скрай цывілізаванага свету, стары сцішыў голас да змоўніцкага шэпту. Увесь час забываюся, як тая зямля завецца Ці тое Сарматыя, ці тое Літва. На беразе Барысфена стаіць нейкі Таргачоў, уладарніцтва пляменніцы слыннага міланскага герцага Людовіка. Аўгусцейшая Бона Сфорца дАрагона, жонка тамтэйшага караля Жыгімонта мая кузіна.
Няўжо ў гэтай дзікунскай краіне таксама вядуцца нейкія адраджэнцы? не паверыў маладзён у ядвабным камзоле.
І нават свядомыя! Яны і ўратуюць святыню. Галоўнае цяпер незаўважна для ўсіх пераправіць Дзіду туды.
Але ж місія цалкам невыканальная! Наша фартэцыя ў шчыльнае аблозе.
Дзядок задуменна паглядзеў на каменнага анёла. Доўгі меч пагрозліва блішчэў у святле паходняў. Жалезныя крылы выразна акрэсліваліся на тле глыбокага зорнага космасу.
Мой нунцый Францыск Гастэла здолее выканаць і не такі загад, загадкава патлумачыў срэбнабароды. Нунцый таксама адраджэнец?
Ён пакляўся мне ў вернасці на Мадоне Рафаэля! А цяпер, месір Бенвенута, я хацеў бы паглядзець на выштукаваную вамі падробку.
Крокі і словы сцішыліся ў замкавай анфіладзе. Скіргайла нясмела выбраўся з-за каменнага зубца. Зрок, слых і розум відавочна не маглі сінхранізаваць атрыманую інфармацыю. Малады спецыяліст намацаў у кішэні пляшку «Аліварыі», і гэта крыху замірыла яго з рэчаіснасцю.
З цемры бліснула вытанчаная лытка, аблітая клятчастым капронам.
Спадар Скіргайла нечым незадаволены? зацурчэў зманлівы, бы ў русалкі, голас.
А чаму гэтыя фацаты называлі мяне, адраджэнскага паэта, дробным уродам? Скіргайла нервова каўтануў з рыльца.
Таму што ты насамрэч і ёсць дробны ўрод! сінявокая брыгітка эфектным рухам паднесла да скіргайлавага твара люстэрка.
Адраджэнец глянуў і скамянеў у паралюшы. Мозг актыўна адмаўляўся ўсвядоміць інфармацыю, баронячы крохкі розум
Са срэбнага прамакутніка на Скіргайлу глядзеў сумны карлік у блазенскім каўпаку з бліскучымі шархунамі рыхтык, джокер са старасвецкай картачнай калоды.
Доўгі хвост з дагледжаным пэндзлікам зашархацеў пергаментам з адбіткам казлінага капыта.
Чытай сам. Згодна «Кантракту на запродаж душы», ты дробны паплечнік вялікага адраджэнца, пякельная прыгажуня вяла сваю лінію з прагматычнасцю бульбакапалкі. Твой гаспадар месір Бенвенута Чаліні, адраджэнскі тытан, ювелір, штукар і бамбардыр. А ягоны нядаўні суразмоўца, срэбнабароды дзядок з высокім посахам Папеж Клімент VII з роду Медычаў, праўдзівы сваяк каралевы Боны з роду Сфорцаў. Дзіда Лангіна ўсё яшчэ тут, у Сан-Анджэла. Але завалодаць ёй можна толькі ў тваім цяперашнім абліччы
Скіргайла мужна праглынуў слёзы.
І я магу здабыць суперзброю для Беларусі? самааддана запытаўся ён.
З маёй дапамогай. Слухай і запамінай
Халодны змрок канчаткова апанаваў Вечным Горадам. Нізкія хмары паволі ахутвалі замак Сан-Анджала. І толькі каменны анёл-абаронца ганарліва прастаў крылы па-над фартэцыяй, і яго доўгі меч пранізліва залаціўся ў зманлівым месяцовым святле.
7
Рука з гострым пінцэтам хіжа ўзнеслася над спіною пуцаценькага і тарганула з крывавай ранкі бялюткую стрэмку. Немаладая доктарка-педыятр у залатых акулярах крытычна агледзела пёрка на святло. Пінцэт дзінькнуў у стэрылізатар.
Птушыны грып? напружыўся Талаш.
Можа, наступствы Чарнобылю? шурпатая далонь Талашыхі абярэжна накрыла спіну немаўля.
Залатыя акуляры бліснулі з нечаканай суворасцю.
Алкаголікі ў сямі ёсць?
Ды якія ж з нас алкаголікі! амаль пакрыўдзіўся стары. Я так разумею: ці пі, ці працуй. А ў нас з бабай грады
Мы ўжо сыночка і зялёнкай мазалі, тужліва падхапілася Талашыха, і ў святаянніку мылі, і попелам пасыпалі, і нават яйкам выкатвалі А ранкі на спіне ўсё адно большаюць і большаюць. Стрэмкі гэтыя зноўку лезуць І адкуль яно бярэцца?!
Доктарка разгублена зашархацела бланкамі з аналізам крыві. Вынікі бянтэжылі: у дзіцёнка аказаліся ўсе чатыры групы крыві адначасова. Пры гэтым лейкацыты і эрытрацыты былі ў норме, і пра лабараторную памылку не магло нават весціся гаворкі. Клінічная карціна дапаўнялася абсалютна невытлумачальнай паталогіяй: на ружовенькай спіне малога рэлефна крывяніліся дзве доўгія ранкі, якія міжволі наводзілі на думкі пра бізуны і гемафілію.
Першы раз у маёй практыцы такое, доктарка згасіла хірургічную лямпу над сталом, дастала шпатэль і схілілся над пуцаценькім. А цяпер скажы «А-а-а»