Тэорыя змовы - Уладзіслаў Ахроменка 9 стр.


 А нягож! Вольнае паветра адзіны шлях уратаваць святыню!

Вечка ёмістага куфра адкінулася, і на парапет жвавай малпачкай скочыў карлік у блазенскіх апранахах.

Каралева пранізліва віскнула. Паненкі злякана адступілі ў цемру. Засцянкоўцы крыху пацверазелі і сінхронна пацягнуліся да шабляў.

Дробны блазан зафіксаваў вачыма штандар з «Пагоняй», з палёгкай уздыхнуў, утаропіўся ў каралеву і пырснуў шчаслівым потам.

 Пані-спадарыня Бона? Жывая?  бліскучыя шархуны на каўпаку карліка недаверліва здрыгануліся.

 І калі ён толькі залезці паспеў?  Францыск Гастэла гідліва схапіў дробнага ўрода за каршэнь і выкінуў яго з кадра.  Мае прабачэнні, вашая каралеўская мосць! Яго Свяцейшаства, добры пантыфік Клімент VII папрасіў перахаваць да лепшых часоў у таргачоўскім замку вось гэта

Патаемнае дно куфра ўрачыста прыўзнялося. У святле паходняў таямніча бліснула сталёвае лязо

Знянацку экран ноутбука закрэслілі касыя палосы перашкодаў. З дынамікаў палілося мярзотнае трансфарматарнае гудзенне.

Пякельная панначка нервова матлянула хвастом. Парнакапытны брынкліва замэкаў, прыўзняўся з фатэльчыка і агледзеўся. Пуцаценькі, які толькі што салодка спаў паміж балотнай флоры, цяпер свідраваў кампутар нявіннымі валошкавымі вачыма і шкадліва пры гэтым пасміхаўся. Казёл пагрозліва прыўзняў над ім капыто, але ж у гэты час з экрана данеслася ўжо знаёмае яму конскае іржанне, у якім выяўляліся відавочна агрэсіўныя ноткі.

Экран раптоўна аджыў, і гэта прымусіла нячысцікаў забыцца на немаўля. Паводле законаў драматургічных спекуляцый, на экране адразу зявіўся буйны план: старарымская дзіда на барвовай падушцы. Месяцовы прамень бліснуў на дзюбе пякучай знічкай, і Казёл прагна прымружыў вочы.

На выяву наклаўся ўладны голас Боны:

 Месір Гастэла мусіць засведчыць Яго Свяцейшаству: мы дбайна перахаваем Дзіду Лангіна. Але як толькі рагатае быдла адсунецца ад Рыма, мы неадкладна павернем суперзброю законным уладарам!

Казёл нецярпліва паглядзеў на Прашмандоўку: маўляў, а дзе ж цяпер твой паэт? Без гэтага ідыёта да святыні не падступіцца

Паэтаў твар узнік у наступным кадры. Стоячы на парапеце фантана, Скіргайла неўпрыкмет касавурыўся на падушку з Дзідай, да якой можна было дацягнуцца рукой. Культавая італьянка знаходзілася на аналагічнай адлегласці. Шархуны блазенскага каўпака нервова дзінькалі: у паэце відавочна адбывалася барацьба паміж імгненнай мэтазгоднасцю і аўтарскім самалюбствам.

Як і мае быць, самалюбства перамагло.

 А можна, я вам свае адраджэнскія вершыкі пачытаю?  дрыготкім голасам прапанаваў малады спецыяліст.

Каралева Бона зірнула на паэта з прыхаванай іроніяй.

 Блазенскія вершы? Зрабі ласку

Празрыста цурчэў фантан, і пырскі блішчэлі ў святле паходняў таямнічымі дыяментамі. Ад сталоў плыў цудоўны водар стараліцвінскіх прысмакаў.

Скіргайла адкашляўся, выцер спатнелы лоб і ганарліва выпрастаў спіну:

Як паэтычна пахне каўбаса!
Даўно грыбочкі ў бочачцы стамілісь.
А ў пляшачцы так дыхае краса,
Гарэлачка з Палесся прытаілась!

Грамада падтрымала дэкламатара ўхвальным гулам. Шляхотныя кавалеры і прыўкрасныя паненкі шматзначна перазірнуліся. Засцянкоўцы-выганоўцы голасна дэкларавалі, што такому чалавеку варта наліць.

Адраджэнскі паэт змачыў перасохлае ад хвалявання горла рэшткамі «Аліварыі» і з дакорам глянуў на Бону: маўляў, нашто ты Дзіду Лангіна павяртаць сабралася? А як жа наша шматпакутная Беларусь абароніцца ў будучым ад рагатага быдла?

І Скіргайлаў голас зазвінеў нечаканым металам:

І сала ў кмене вуснаў прагных мэта.
І з печы хлеб, і з хрумсткай шкваркай гусь.
Калі ты млееш, слухаючы гэта,
Чаму ж ты, блядзь, не любіш Беларусь?![1]

Агні паходняў злякана здрыгануліся. У злавеснай цішы дзінькнула і сцішылася лютня.

 А хто такая «блядзь»?  цікаўна пасьміхнулася каранаваная чужаземка.

Скіргайла не стаў чакаць, пакуль прагучыць старабеларускі адпаведнік. Ён схапіў Дзіду Лангіна разам з папскай булай і на злом галавы кінуўся ў ратавальную цемру.

З данжона неадкладна данеслася каманда найміта-прусака:

 Хальт! Цурук! Хэндэ хох!

Шчоўкнуў арбалет страла знесла блазенскі каўпак. У натоўпе пагрозліва бразнулі шаблі. Скіргайла бездапаможна азірнуўся і кінуўся да замкавай брамы, прыціскаючы да грудзей Дзіду Лангіна левай рукой, а папскую булу правай.

З данжона неадкладна данеслася каманда найміта-прусака:

 Хальт! Цурук! Хэндэ хох!

Шчоўкнуў арбалет страла знесла блазенскі каўпак. У натоўпе пагрозліва бразнулі шаблі. Скіргайла бездапаможна азірнуўся і кінуўся да замкавай брамы, прыціскаючы да грудзей Дзіду Лангіна левай рукой, а папскую булу правай.

Фатэльчык пад Казлом пранізліва рыпнуў парнакапытны азартна падаўся наперад. Дужыя жоўтыя зубы нервова грызлі капыто, чорная дупа нецярпліва дрыжала. Прашмандоўка закусіла губу, замянціла хвастом і падалася да ноутбука І толькі пуцаценькі задуменна прымружыўся.

Чароўным дукатам залацілася поўня над замкавым дворыкам, і яе зманлівае святло аблівала самотнага ўцекача, за каторым каціўся разюшаны натоўп. Бразгалі шпоры, рыпелі боты, і бліскучыя шаблі зухавата ўздымаліся па-над галовамі.

Скіргайла імчаў з хуткасцю сабакі, якога пераследуе зграя гіцляў. Несіметрычныя зігзагі ўцекача не пакідалі прусаку-арбалетчыку на данжоне аніякіх шанцаў. Але ж засцянкоўцы набліжаліся з нечаканым для піякаў спрытам. Маладзён удала ўхіліўся ад аднаго шляхцюка, адштурхнуў другога і баднуў галавою ў жывот трэцяга. Да замкавай брамы заставалася зусім мала, але падножка чацвёртага зваліла дробнага блазна на брук.

Гострая шабля са свістам пайшла на бездапаможнага паэта. Распластаны Скіргайла злякана заплюшчыў вочы, інстынктыўна прыкрываючыся Дзідай Лангіна

Гартаваны клінок абрынуўся на суперзброю, але жалобна ценькнуў і шкляным дажджом абсыпаўся на брук. Шляхцюк разгублена захаўкаў, аглядаючы пусты эфес. Гэта дазволіла адраджэнцу падхапіцца і пабегчы далей.

Але час быў страчаны: у браме ўжо пашыхтавалася замкавая варта. Скрыжаваныя алебарды пагрозліва блішчэлі ў месяцовым святле.

 З дарогі! На капусту пашаткую!  дэклараваў злосны карлік, выстаўляючы перад сабой суперзброю.

Вартаўнікі, аднак, не адрэагавалі на папярэджанне. А шабельнікі ўжо набліжаліся з трох бакоў. Няпэўныя агні паходняў скакалі па скляпеннях, гудкім рэхам рассыпаліся крыкі ваяроў-загоншчыкаў.

Пастка з хрубастам зачынялася. Скіргайла замітусіўся, ліхаманкава выглядаючы, куды б схавацца І тут начны вецер вынес з цемры бялюткае пёрка. Яно крутанулася і паволі паплыло ад брамы, нібыта паказвала шлях да паратунку. Паэт гіпнатычна зірнуў на пёрка і кінуўся следам. За спінай уцекача бразгала зброяй, тупацела абцасамі, імпэтна лаялася шляхецкая лава.

Пёрка праляцела вузкім праходам і бязважка апусцілася на высокі памост, застаўлены пузатымі бочкамі. Дубовыя плахі пругка ўгіналіся пад вінным і піўным цяжарам.

Шляхцюкі адважна наступалі паўколам, выставіўшы наперад клінкі. Шызыя і чырвоныя насы прагна шморгалі, уцягваючы чароўны водар каралеўскіх запасаў. Скіргайла скочыў на памост.

 Зловім урода, пасадзім на палю і адсвяткуем!  данеслася ананімная прапанова знізу.

 А то!  салідарна адгукнуліся пераследнікі.

Засцянкоўцы адважна палезлі за блазнам, і драўляны пандус імгненна адгукнуўся прагным тупатам.

 А хрэн вам у вочы!  Скіргайла наваліўся плячом на бочку, і засукаў боцікамі.

Бочка цяжка зрушылася, з пагрозлівым грукатам пакацілася насустрач нападнікам, змяла з тузін шляхотных пянтосаў і смачна вухнула ў мур. За ёй пакацілася наступная. За ёй яшчэ адна

Абложнікі панічна разбягаліся. Хрумсцелі абручы, разляталіся клёпкі. Чорнай крывёй пырскала віно, шугала па бруку медавуха, аблокамі шампуню выбухала піва. Вусатыя засцянкоўцы сарамліва паўставалі з піўнога шуму, бы Венеры адраджэнца Батычэлі.

За апошняй бочкай, скінутай на шляхцюкоў, адкрыліся жалезныя дзверцы таемнага ходу. На цяжкім замку трымцела бялюткае пёрка. Скіргайла ўзмахнуў непераможным старарымскім лязом

Пякельныя істоты знерухомелі перад маніторам у трывожным чаканні развязкі. Пуцаценькі шчасліва мружыўся ў сне. І тут панараму на экране ўзбагаціла адметная дэталь: з-за замкавай вежы паволі выплываў жахлівых памераў кажан. Гіганцкія скураныя крылы на якую секунду засланілі поўню. Відавочна, папскі нунцый Гастэла вырашыў даць рады тутэйшым барацьбітам са змагарамі.

Карцінка ў ноутбуку недарэчна завіравала. Мільганулі замкавы мур і касцельная вежа ў будаўнічых рыштаваннях. Нечакана ў экран упоўз вялізны штандар з геральдычным вершнікам, але праз секунду перад нячысцікамі праявілася іншая карцінка

Па раскошных зорных нябёсах паволі праплываў крылаты нунцый, несучы здабычу віхлястага блазна. Скіргайла, задраўшы голаў, бездапаможна вымахваў Дзідай Лангіна правай рукой, і пляшкай з-пад «Аліварыі» левай.

Назад Дальше