Што вам выканаць? змрочна пытаецца ён, настройваючы інструмент.
А што хочаш, літасціва дазваляюць бамжы.
З гаўбца чуваць шоргат і стрыманы кашаль. Але ўжо праз колькі хвілінаў фіялетавае сутонне поўніцца дробным гітарным пераборам, і вечаровы двор працінае маркотны тэнар:
Бывай, абуджаная сэрцам дарагая,
Чаму так горка, не магу я зразумець
Каля смеццевых кантэйнераў робіцца нязвыкла ціха. Бамжы розных узростаў, полаў і ступеняў маргінальнасці вылазіць на святло і паглядаюць на Песняра, рыхтык дрэсіраваныя пацукі на гамельнскага флейтыста.
Мулявін акуратненька кладзе апошні акорд. Клышаногі валацуга разгублена шкрабае патыліцу:
Супада-ае Можа, і сапраўды той самы Мулявін? Карацей, мужык, скідай бабло, зараз зганяем. Табе што чарніла ці гарэлкі?
А як у цябе лавэшак мала, дык дабавім! добразычліва дадае крымінальны галадранец з агідным тварам. Можа, яшчэ і закускі якой?
Пакуль эстэтызаваная басота-галота бяжыць да «начніка», маэстра нечакана натхняецца і ўжо без усялякіх заявак слухачоў працягвае канцэрт з песень сваёй маладосці ад «Касіў Ясь канюшыну» да «Александрыны». І выкананне гэтае цудадзейным чынам змяняе старога, спітага і паўзабытага ўсімі музыку. Голас маладзее, твар ільсніцца, вочы блішчаць Адбываецца тое, што наркаманы называюць «прыходам», лабухі «драйвам», а псіхолагі мастацкім афектам Творцы.
Пад гаўбец ціхенька падцягваецца астатняя дваравая публіка: гопнікі, блядзі і нават участковы мент. Усе слухаюць засяроджана і ўдзячна, і гэта наводзіць на філасофскія думкі пра душэўнае ачышчэнне і ўсеабдымны катарсіс.
Па хуткім часе з боку «начніка» зяўляюцца і бамжы-дарбадзеі. Прытым клышаногі яшчэ здалёк пераможна ўздымае па-над галавой пляшку гарэлкі, а агідны дэманструе ладны кавалак ліверкі. Праціскаюцца праз натоўп, сінхронна задзіраюць падбароддзі і з глыбокай пашанай паведамляюць:
Вось, купілі ўсё, што ты хацеў, і нават больш. Скідай вяроўку, зараз пляшку ў пакет пакладзем, падымеш.
Мулявін прыгладжвае лысіну, круціць вус, лашчыць гітарны грыф. Мружыцца і выдае нечакана:
Ды ну яе на хрэн, тую пляшку. А давайце я вам лепш яшчэ што-небудзь спяю!..
III. Тэрпсіхора. Муза танцаў
Як беларуская балетная трупа гастралявала ў Сярэдняй Азіі
Здавён у беларускім балеце існавала такая завядзёнка: перад сталічнай прэмерай «абкатваць» харэаграфічныя пастаноўкі на далёкай перыферыі, не прасякнутай высокай культуры. За часамі СССР гэткая практыка ўвогуле была нормай. Правінцыйная публіка, змораная выплаўкай чыгуна ці здабычай апатытаў, валіла на тыя спектаклі, бы гарбуша на нераст. А то дзе яшчэ пабачыш столькі прыгажунь у балетных пачках? Толькі па тэлевізары: лебедзі на пуантах, Чайкоўскі з касою, чарговы некралог на чарговага Генеральнага сакратара ЦК КПСС
Сярэднеазіяцкія рэспублікі мелі ў танцавальным асяродку не найлепшую рэпутацыю: спякота, нудота і антысанітарыя, з якой бессэнсоўна змагацца нават ударнымі дозамі алкаголю. Не кажучы ўжо пра тамтэйшую аўдыторыю, абазнаную ў класічнае харэаграфіі, не раўнуючы, як белавежскія зубры у святкаванні Наўруза. Зрэшты, маскоўскі «Саюзканцэрт», які тыя гастролі і арганізоўваў, мясцовай спецыфікі абсалютна не цяміў: ну, арыкі з урукамі, ну, саксаулы з аксакаламі Пралетарскі інтэрнацыяналізм не даспадобы? Партбілет кішэню адцягвае? А то зараз да запалярных аленегадоўцаў выправім, у чуме «Жызэль» ставіць! І камянее пасярод лянотнага азіяцкага мроіва старажытны цюркскі горад са сваімі мячэцямі, базарамі, ішакамі і тубыльцамі ў паласатых халатах, якія не толькі пра «Жызэль» пра пеніцылін ніколі не чулі. І звальваецца на гэты сацыялістычны халіфат танцавальна-аркестравы дэсант з Мінска; еўрапейскія твары, класічныя стройчыкі. Вядома ж, другі састаў, бо прымы з карыфеямі зехалі прапагандаваць дасягненні айчынай харэаграфіі бездухоўнаму Захаду, а ў Сярэдняй Азіі савецкія людзі, якія і самі ведаюць, што наш балет найпрагрэсіўнейшы ў свеце.
Балетмайстар, малады і ўзнёслы эстэт, нервуецца, рыхтык школьнік перад іспытам: як, цікава, тутэйшая публіка ўспрыме прывезены спектакль? Усё, здаецца, мусіць быць зразумела: «Бахчысарайскі фантан» Барыса Асафева, з пазнавальнымі мінарэтамі, гарэмамі, рахат-лукумамі ды іншай арыентальнай лухтою. Галоўную жаночую партыю Зарэмы таньчыць, вядома ж, балетмайстарава жонка. Калі пастаноўку не асвішчуць тут у Мінску яна і пагатоў не праваліцца. А там, можа, і ў якое рэакцыйнае замежжа выпусцяць
Падрыхтоўка праходзіць на ўздыме. Мастак прыкідае, як найэфектней адбудаваць дэкарацыі і зарганізаваць святло. Рэжысёр, уражаны мясцовым каларытам, дапрацоўвае драматургію. Балетмайстар, песцячы ў галаве сарамлівыя мроі пра авацыі і трыумф, ганяе танцораў да поўнае страты свядомасці і раўнавагі; шліфуе рухі і мкнецца да дасканаласці. І вось афішы на глінабітных сценах, прэмера ў Палацы культуры бавоўнаробаў. Уся трупа вібруе ў нервовым чаканні. Аркестранты збіраюцца за гадзіну раней за належнае. Танцоры дбайна накладаюць грым. Рэжысёр выцірае насоўкай спатнелую лысіну. Балетмайстар, празрысты ад хвалявання, напружана прыпадае вокам да дзіркі ў тэатральнай заслоне. Гучаць велічныя акорды балетнай уверцюры. Нарэшце, заслона ўздымаецца
Вялізная няўтульная зала, практычна пустая. На першых месцах з тузін мясцовых эстэтаў: начальніцкія партфелі, стракатыя цюбецейкі, залатыя зубы. Лянотна жуюць самсу і паглядаюць на Хана Гірэя, які элегічна смуткуе на сцэне каля дэкаратыўнага «Фантана слёз», бы на хлопчыка ў чайхане. Балетмайстар перахоплівае позірк суворага татарскага ўладара і разумее, што таму зараз не таньчыць хочацца, а выхапіць шаблю і пашаткаваць гэтую неабазнаных у харэаграфіі ішакоў на люля-кебаб. Спектакль заканчваецца суцэльным правалам, бо ўжо ў другім акце залатазубыя балетаманы даядаюць прынесеныя прысмакі і сыходзяць проста падчас танцавальнага нумару.
Увечары ў беларускіх гастралёраў жальба і дэпрэсія. Усе аркестранты, кардэбалет, мастак, рэжысёр і нават Хан Гірэй з Зарэмаю, пяныя, як бэлькі. Смокчуць паскудную цёплую гарэлку тутэйшага разліву і скардзяцца адзін аднаму на азіяцкае дзікунства і маскоўскі «Саюзканцэрт». І толькі балетмайстар, непітушчы з прычыны далікатнага псіхаскладу, на самоце глынае пякучыя слёзы ў скверыку насупраць гатэля.
Усё, злівай ваду, гастролі праваленыя, у наступны горад і ехаць не варта. Можна, вядома ж, дамовіцца з мясцовымі гаркамамі партыі, каб тыя задарма распаўсюдзілі квіткі ў вайсковых частках, школах і на базарах, але ж дзе гарантыя, што гэтыя дзеці барханаў зноўку не пераблытаюць балетны спектакль з караван-сараем? Уратаваць «Бахчысарайскі фантан» у змозе хіба што джын, а яны, як вядома, у савецкай Сярэдняй Азіі даўно звяліся.
І тут са спякотнага марава нібы матэрыялізуецца зухаваты і небяспечны маладзён, па выглядзе тыповы басмач. Ты, кажа, нацальніка танцаў? Ну, я, панура адказвае балетмайстар, а што? А то, кажа маладзён, што з табой будзе гаварыць адзін вельмі паважаны чалавек. Вунь, бачыш чорную «Волгу»? Ідзі туды хуценька, не прымушай яго чакаць!
У салоне хударлявы стары: шафранавы твар, пергаментныя павекі, хіжыя кіпцюрыстыя пальцы. Гэткі грыф-сцярвятнік, гаспадар тутэйшых пустэльняў. На галаве грыфа расшытая золатам цюбецейка, а на касцістых плечыках пінжак з зоркай Героя Сацыялістычнай працы. Стары настойвае выразную паўзу, нечакана пасміхаецца балетмайстру і кажа: маўляў, ведаю пра твае праблемы, толькі ты не пераймайся. Сёння на вашае «Лебядзінае возера» адно шакалы з аддзелу культуры прыходзілі, яны свае пасады за барашкаў купілі. А вось у нашым бавоўнаробным калгасе сапраўдныя знаўцы класічнай харэаграфіі. Калі цікава маю гонар запрасіць у свой сціплы калгасны дамок, абмяркуем, як сурёзныя людзі
Праз якія паўгадзіны ачмурэлы балетмайстар сядзіць у сціплым калгасным дамку. Зрэшты, гэта не дом, гэта палац з «Тысячы і адной ночы». Мармуровыя сцены, завешаныя ядвабнымі дыванамі з мудрагелістымі арнаментамі. Велічныя зборы, бы ў медрэсэ Улугбека. Цяністы панадворак з крышталёвымі фантанамі і пыхлівымі паўлінамі. І ўся гэтая азіяцкая раскоша міжволі асацыюецца ці то з Амарам Хаямам, ці то з крадзяжамі сацыялістычнае маёмасці ў асабліва буйных памерах.
Непрыкметныя халуі выстаўляюць перад балетмайстрам бясконцыя пачастункі: духмяны плоў, паравую асятрыну, смажаныя яйцы баранаў ды іншыя шашлыкі-машлыкі. Гаспадар паблажліва паглядае на разгубленага госця, разлівае па антыкварных чарках французскі каньяк і прапануе ідэалагічна вытрыманы тост за мастацтва, якое належыць народу. Балетмайстар ідэю падтрымлівае, дадаючы пра сябе, што мастацтва вымагае адпаведнай аплаты, асабліва мастацтва харэаграфічнае. Але выпіць ветліва адмаўляецца маўляў, выбачайце, непітушчы. Так, а што за прапанова?
Прапанова вельмі простая, адказвае гаспадар: паставіць у нашым калгасе-мільянеры ваш балет. Танцораў з музыкамі пасялю ў сябе, дарагімі гасцямі будуць. Сам спектакль мае праходзіць на адкрытай эстрадзе калгаснага Палацу Культуры, я яго адмыслова збудаваў, каб было дзе новыя зоркі Героя Сацыялістычнай працы атрымліваць. Ганарар ну, які самі сабе прызначыце. Толькі маю адну дробную ўмову