Маёнтак Рыбы - Аляксандар І. Бацкель 2 стр.


вось сусед паставіў у доме генэратар (эканоміць), які працуе на салярцы, і мала таго, што гэты агрэгат вельмі гучны, а па вечарох немагчыма сядзець на вуліцы, бо рэхам гук распаўсюджваецца яшчэ гучней і далей, дык колькі выхлапу! колькі пераапрацаванай саляркі выкідваецца ў паветра! неверагодна!

добра, аўтамабілі на электрычнасьці прыдумалі яшчэ ў шасьцідзясятых, і да гэтага часу толькі адзінкі езьдзяць па сьвеце на такіх машынах, і большасьць гэтых адзінак у Эўропе, а менавіта у Нямеччыне. і гэта толькі па тым чыньніку, што нафтавыя манапалісты, ці як іх там нафтавыя курдупелі, трымаюць пытаньне электрычнасьці, вадароду й бэнзыну ў сваіх руках, тым самым маючы права вырашаць пытаньне як усіх гэтых экалягічных дамоваў, так і агульнага пытаньня існаваньня Плянэты. і што, мы, 99 адсоткаў ад колькасьці насельніцтва зямлі, ня можам вырашыць праблему нафтаздабываньня сярод гэтых курдупеляў? ну ня змогуць нафтавыя бароны пабудаваць яшчэ адзін грэбаны хмарачос у

Дубаі, ну скончацца нарэшце ўсе гэтыя войны з боку Амэрыкі, якая нахабна гвалтуе адну за другой краіны Бліжняга Ўсходу! хіба гэта кепска?!

мы нарэшце дапаможам той жа Кеніі, дзе людзі паміраюць з голаду, а вакол гарадоў месьцяцца нафтаздабываючыя кампаніі і кампаніі па здабычы алмазаў. даўно ўжо гэтыя праблемныя дылемы грукаюцца не ў міністэрствы і дамы прэзыдэнтаў, а ў нашыя ўласныя ўваходныя дзьверы!

і я, такім чынам, пакрысе дайшоў да таго, што пачынаю распрацоўваць плян мантаваньня сонечных батарэй на свой дах. і, можа быць, у бліжэйшай будучыні, калі ў мяне зьявіцца шмат грошай, вазьму й набуду сабе hybrid electric vehicle і ўжо зраблю штосьці сапраўды вартае Чалавека.

лета

лета заканчваецца, і сёньня мне ўспомніліся найбольш смачныя ўражаньні, цалкам зьвязаныя з капілярамі языка, крывяноснымі сасудамі нёба, з жаваньнем, паглынаньнем і страваваньнем: *** упершыню паспрабаваў зрабіць соўс з маладой кукурузы: італійцы маюць рацыю неверагодна!

*** мой сябра прыдумаў новы кактэйль: ром зь бярозавым сокам.

*** надоечы быў на дні нараджэньня адной блізкай сяброўкі. галоўнай страваю стала былі сушы, якія, між іншым, вельмі хутка закончыліся, бо кожны з гасьцей апынуўся адным бяздонным галодным страўнікам, і пасярод сьвяткаваньня высьветлілася, што на стале, акрамя каньяку, мандарынаў і марынаванага імбіра,  нічога. і вось цуд! марынаваны імбір разам з мандарынамі пад каньяк смачна, вельмі!

*** і апошняе адкрыцьцё лета цёмнае піва з зэфірам.

коткі

адзін малады чалавек, канчатковы рамантык, па-свойму варят, з клясычным псыхічным наборам сындромаў, зьвязаных з галавою і ўспрыманьнем сьвету, трапіўшы на пастаноўку адной ня надта трывіяльнай песы, незваротна й неўзаемна закахаўся ў маладую акторку спадарыню Ф.

каханьне маладога чалавека вылілася ў неверагоднае жаданьне хадзіць на ўсе пастаноўкі з гэтай акторкай і, па магчымасьці, пакідаць ёй падарункам, альбо перад грымёрнай, альбо перад дзьвярыма кватэры, маленькае кацяня.

трэба сказаць, што спадарыня Ф. была з таго гатунку жанчын, якія здольныя плакаць, калі бачаць сацыяльную рэкляму пра кінутых дзяцей, альбо калі фільм заканчваецца на мінорнай ноце, ці калі бачаць пакалечанага сабачку. таму зразумела, што ўсе гэтыя кацяткі, якіх яе прыхільнік браў у пітомніку (прадстаўляючыся валанцёрам дабрачыннай арганізацыі дапамогі хатнім жывёлкам), акурат апыналіся ў кватэры акторкі Ф.

кожны новы тэатральны сэзон для спадарыні Ф. набліжаўся неспасьцігальнай, невыратавальнай, захопніцкай дзейнасьцю кашэчых. яна ня ведала, куды іх падзець, сваякі даўно адмовіліся, сябры разьбегліся, а котак у кватэры станавілася ўсё болей і болей. некалькі разоў аматара тэатру лавілі міліцыянэры, але доказаў не ставала, каб увогуле пазначыць ягоныя дзеяньні як перасьлед жанчыны.

час ішоў, котак у кватэры болела, тэатральная акторка пераехала ўва ўласны дамок пад Менскам, расьсяліла котак па пакоях, якія тыя вельмі хутка абадралі й памецілі. але што магло спыніць усе гэтыя шалёныя падарункі, калі прыхільнік спадарыні Ф. увасабляў сваё каханьне і бачаньне сваёй музы менавіта праз кашэчую ласку, праз мяккасьць кашэчых лапак, праз муркатаньне й казытаньне маленькіх вусікаў на цудоўнай пысцы.

акторка спраўна, як па гадзінах, раз на тыдзень альбо на два атрымлівала кацяня, нават нягледзячы, што ў тэатры ўжо не працуе, ўвесь свой час выдаткоўвае на кармленьне, догляд і прыбіраньне за коткамі, якіх стала настолькі шмат, што спадарыня Ф. вымушаная жыць, есьці і спаць на вэрандзе, сама не адпачнуўшая, нямытая, прапахлая коткамі.

акторка спраўна, як па гадзінах, раз на тыдзень альбо на два атрымлівала кацяня, нават нягледзячы, што ў тэатры ўжо не працуе, ўвесь свой час выдаткоўвае на кармленьне, догляд і прыбіраньне за коткамі, якіх стала настолькі шмат, што спадарыня Ф. вымушаная жыць, есьці і спаць на вэрандзе, сама не адпачнуўшая, нямытая, прапахлая коткамі.

і аднойчы котак на ганку перасталі пакідаць. і спадарыня Ф. зразумела, што больш у сьвеце яе ніхто ня любіць.

выратаваньне

блякада Ленінграда: у адной з кватэр спальнага раёну, дзе дамы месьцяцца адзін на адным, жывымі засталіся толькі бабуля й унучка, бабуля спаліла ўсю мэблю ў кватэры, яны разам зьелі ўсе кансэрвы, увесь хлеб, нават дагрызьлі каменную корачку, а бацькі так і не вярталіся.

каб неяк сагрэцца, бабуля апранула кажух паверх яшчэ аднаго кажуха, сама легла, абняла сабою шасьцігадовую ўнучку і так яны й паснулі, дыхаючы марознаю параю.

на раніцу ў жывых засталася толькі дзяўчынка, бабуля акалела і так засталася, зьдзервянелымі рукамі абдымаючы любімую крывіначку.

іх знайшлі толькі праз суткі, праз крыкі ўнучкі аб дапамозе. знайшоў сусед.

каб дастаць з абдымкаў нябожчыцы дзяўчо, давялося ламаць памерлай бабулі рукі.

сусед унучку забраў да сябе і разам са сваімі дачуркамі і старэйшым сынам здолеў нейкім магічным чынам адаслаць іх зь Леніграду да сваякоў у Магілёў. сам сусед да дзяцей не вярнуўся, а дзяўчынка пасьля вайны адправілася вучыцца ў Менск на настаўніцу, там і знайшла сваё каханьне, нарадзіла дачку, а тая ў сваю чаргу нарадзіла ёй унучку.

гэтая ўнучка два тыдні таму яшчэ сядзела са мною ў двары, перад вогнішчам, мы елі смажаныя курыныя крылцы, пілі піва й віно, гутарылі, яна распавядала мне пра сваю бабулю, цуд, выратаваньне, лёс, а на наступную раніцу зьехала зваротна ў Менск разам зь сяброўкаю й сябрамі.

ня ведаю, ці пабачымся мы зь ёю яшчэ раз.

галяграма

адно з маіх улюбёных заняткаў, калі хочацца разьмяць мозг,  разгляданьне прац Босха. гэта адзіны мастак, карціны якога мяне натхняюць, кожны ягоны пэрсанаж гэта свая асобная гісторыя, якая вельмі лёгка можа памнажацца на дзясяткі іншых гісторый. мая мара напісаць на кожную істоту Босха асобную мініяцюру, стварыць свой уласны Сад Істотаў, пераасэнсаваць сутнасьць існаваньня кожнае зь іх, паглыбіцца ў нэтры пачатку сьвету. гэта як дайвінг уласнага падсьвядомага, глыбей, глыбей ціск падвышаецца, вось і кіслароду не стае, але ўсё роўна паглыбляесься. гэта як калі пачынаеш разважаць пра сэнс свайго жыцьця, калі думкамі даходзіш да той самай мяжы, дзе ўяўленьне ўласнага цела ў прасторы, што завецца атмасфэра, падаецца цалкам варяцкім і ненатуральным, быццам бы ты ня ёсьць сапраўднай жывой істотай і ўвесь гэты жыцьцёвы побыт, ня мае нічога агульнага з запачаткаваным жыцьцём.

пару дзён таму я даведаўся, што ўсе нашыя электроны і пратоны даўно ня самыя дробныя часьціцы, зь якіх складаецца сьвет, што ёсьць элемэнты, якія ўзьнікаюць пасьля сутыкненьня пратонаў, гэтыя часьціцы як іскры ляцяць у розныя бакія, і склад у іх іншы, і падабенства незвычайнае, і вось сьвет складзены ўжо інакш, чым я ўяўляў, і вось гэтыя часьціцы ўжо запісаныя ў адмысловую табліцу, якая мае агулам 9 элемэнтаў, якія атрымалася ўбачыць, сутыкнуўшы трыльёны пратонаў у Вялікім адронным каляйдэры ў Швайцарыі, стварыўшы сіксьцільёны новых элемэнтаў.

а далей распачала сваё існаваньне новая тэорыя сьвету тэорыя Галяграмы. увесь наш сьвет ёсьць аднамерным, але праз тое, якім чынам рухаюцца пратоны, мы яго бачым як трохмерны, і гэты сьвет рухаецца, але насамрэч мы ёсьць адбіткам рэальнага сьвету. экспэрымэнт даказаў, што, калі пратон праходзіць празь любы танэль, любы прадмет, які мае скразную дзірку,  пратон на выхадзе дзеліцца, то-бок увесь наш сьвет мае яшчэ адзін падобны сьвет, у якім я таксама сяджу за кампутарам, але пішу крыху інакш, і, магчыма, у мяне іншы колер вачэй, а можа быць, у мяне пішацца ня гэты тэкст, але саната. такім чынам вынікае, што наша сутнасьць неверагодна далёкая ад нас й неспасьцігальная, як і спроба ўявіць самога сябе галяграмаю.

і вось што яшчэ дзіўна калі чалавек назірае за пратонамі, яны паводзяць сябе інакш, ніж калі за імі назірае кампутар, сам чалавек са сваімі ўласнымі малекуламі ўносіць у працэс дасьледаваньня збой гэта мне здаецца самым прыўкрасным: калі мы хочам дазнацца пра існасьць сьвету, сьвет хавае ад нас сваю існасьць.

Назад Дальше