машына
абсалютная большасьць людзей забівала няверных не істотна якіх, але няверных абсалютная большасьць падпальваласухое гальлё пад вядзьмаркамі тапіла жанчын у водах рэк і азёраў абсалютная большасьць карала яўрэяў абсалютная большасьць заўсёды абсалютна ўпэўненая ў сваіх дзеяньнях абсалютная большасьць жыве пагана і за мяжою сярэдняга дастатку і гэта я бачу з майго вакна а таксама я бачу, як абсалютная большасьць паркуе свае машыны як быццам яна, гэтая большасьць, спусьцілася з гор, і там, у гарах, толькі так і магчыма паркавацца абсалютная большасьць глядзіць навіны і плюецца на тых, хто не такі, як яны абсалютная большасьць верыць у бога і прэзыдэнта абсалютная большасьць упэўненая, што гэта нармальна верыць у свайго бога-прэзыдэнта абсалютная большасьць ня ведае лічбу «пі»
і не цікавіцца базонам Хігса але абсалютная большасьць дакладна ведае, што гэта не галоўнае ў жыцьці абсалютная большасьць яшчэ стагодзьдзе таму ня верыла ў робатаў і не будавала хмарачосаў, ёй было дастаткова глядзець на неба і марыць абсалютную большасьць раней так ня гвалцілі і не рабілі зь яе спажывецкі фарш абсалютная большасьць ніколі непабудуе экалёгію бо абсалютная большасьць занятая іншымі справамі абсалютная большасьць нядаўна вырашыла, што ёй мала сваёй зямлі
сымптом
ня так даўно ў маім жыцьці на дзьве фобіі стала болей. хаця не, гэта ня фобіі, гэта бескантрольная баязьлівасьць ня ведаю, як сказаць дакладна, сьвядомая засяроджанасьць?
зьявіліся гэтыя дзьве вусьцішы такім чынам: аднойчы я ехаў у грамадзкім транспарце і слухаў аўдыёкнігу маркіза дэ Сада «Філязофія ў будуары». еду сабе, стараюся рабіць безуважны твар, бо тое, што мне ўліваецца ў вушы, неверагодныя сцэны, дзе ліжуць, сасуць, пальцамі паглыбляюцца паўсюль, дзе ўвогуле магчыма паглыбіцца, і вакол усіх гэтых рухаў вядуцца дыялёгі аб эстэтыцы, рэлігіі, этыкеце, філязофіі жыцьця, маралі. і вось мяне штурханулі, і я, як самы сапраўдны злодзей, рэзка павярнуўся, спужаны, дастаў плэер, каб паставіць на паўзу, як раптам ён вываліўся з маіх рук, і, пакуль ляцеў долу, навушнікі з яго вытыркнуліся, і праз невялікія дзірачкі ў корпусе, дзе хаваецца гэткі самы невялікі дынамік, усе, хто побач стаялі, пачулі, як актор чытае: «Некоторые любовники создают из них престол наслаждения: между двумя холмами Венеры любовник удобно устраивает свой член, женщина сжимает груди, сдавливает его и, после некоторых трудов, кое-какие мужчины могут добиться излияния туда восхитительного бальзама, истечение которого истинное счастье для распутников Кстати, мадам, не пора ли сказать нашей воспитаннице пару слов о члене, о котором мы будем говорить без умолку?..» пакуль я паднімаў плэер і сутаргава націскаў на паўзу, маім суседзям было аб чым падумаць, гледзячы на мяне
і я цяпер, нават калі проста слухаю музыку, думаю аб тым, што будзе неяк наёмка, калі хтосьці пачуе, якую музыку я слухаю
і вось яшчэ гісторыя.
раніца, я сплю, але частка мяне ўжо ня сьпіць, я чую, што Люба прачнулася, паўляжыць у ложку і гартае кнігу, праз павекі я заўважаю, што надворе сёньня файнае, сонейка сьвеціць і тут раптам я вельмі гучна пукаю. ну так, па-мужчынску пярджу.
Люба, вядома, пачынае сьмяяцца, але ціхенька, каб мяне не разбудзіць. божачкі, мне сорамна, хочацца праваліцца з ложкам куды заўгодна, і я засынаю.
прачынаюся праз гадзіну. на стале сьняданак,
Люба ў лэптопе, усё добра.
я пасьля такой падзеі цяпер увогуле баюся нават уявіць, што яшчэ магла чуць Люба, якая заўсёды прачынаецца раней за мяне!
жыць
Гаспар К. прачнуўся, прыняў душ, выпіў кавы ўпрыкуску з кавалачкам шакалядкі, апрануўся ў горад, узяў торбу, паклаў туды гаманец, ключы ды мабільны тэлефон і, замест таго каб ісьці на працу, вырашыў зьмяніць лад свайго жыцьця, бо яму раптам усё падалося досыць нудным, шэрым і бессэнсоўным.
Гаспар К. выйшаў з дому і пайшоў у невядомым кірунку. ішоў ён так каля гадзіны, пакуль сапраўды не заблукаў, бо кожныя трыста крокаў ён збочваў па чарзе то ў левы бок, то ў правы, і такім чынам апынуўся ў невядомых мясьцінах, але гэтага яму было мала, каб зьмяніць жыцьцё, і ён злавіў таксоўку і наказаў кіроўцу, каб той вёз яго такім чынам: тры кілямэтры проста, а потым паварот у правы бок, ізноў тры кілямэтры проста, а потым паварот у левы бок, і так ён мусіць праехаць сто кілямэтраў.
праехаўшы сто кілямэтраў, Гаспар К. заплаціў кіроўцу, які глядзеў на яго вялікімі вачыма, і выйшаў з машыны акурат на бераг невядомае ракі.
праехаўшы сто кілямэтраў, Гаспар К. заплаціў кіроўцу, які глядзеў на яго вялікімі вачыма, і выйшаў з машыны акурат на бераг невядомае ракі.
Гаспар К. ішоў па беразе доўгі час, і недзе бліжэй да шостай ён знайшоў стары човен, на якім спусьціўся па рацэ на восемдзесят кілямэтраў і ступіў на бераг акурат у цэнтры абсалютна невядомага гораду.
Гаспар К. завітаў у бліжэйшую кнайпу, выпіў мясцовага піва, зьеў тры беляшы і пайшоў у бліжэйшы шматпавярховік, дачакаўся, пакуль з падезду хтосьці выйдзе, увайшоў, спыніўся каля ліфта і пачакаў, пакуль той сам адчыніць перад ім дзьверы, ступіў у кабіну і з заплюшчанымі вачыма націснуў на кнопку.
Гаспар К. прыехаў на чацьвёрты паверх і таксама з заплюшчанымі вачыма націснуў на званок.
ён пазваніў у кватэру нумар сорак чатыры, і яму адчыніла дзьверы жанчына. яна глядзела на Гаспара К. зь цікавасьцю, бо той быў апрануты ня так, як прынята ў іхным невялікім горадзе, і да ўсяго пазваніў у дзьверы аб адзінаццатай.
я Гаспар К., я раніцай выйшаў з дому, каб зьмяніць жыцьцё, і цяпер я буду жыць у вас.
нават ня ведаю, што вам сказаць, у мяне трое дзяцей, муж і маці, і ўсе мы жывем у трохпакаёўцы. можа быць, толькі калі на кухні але вы праходзьце, ужо позна, вы напэўна стаміліся хм ну калі лёс, кажаце, то чаму б і не пажыць вам з намі, але вы будзеце другім мужам, першынство вам ніхто не дасьць, адказала жанчына, якая акурат на днях бачыла сон, быццам бы да яе ў дзьверы пазваніў незнаёмец.
характэрнасьць
у мяне ёсьць сябра, які жыве як бомж: кватэра з паламанай мэбляю і ўваходнымі дзьвярыма, якія трэба не зачыняць, але падстаўляць у пройму, няма гарачай вады, сьвятло адна лямпачка на столь, а на кухні ён запальвае сьвечкі альбо газ. у яго разьбітыя ўсе вокны, сам ён сьпіць на падлозе і мае стары ноўт, які стаіць на зэдліку, і хлопец з падлогі піша на ім па замове для аднаго расейскага сайту артыкулы пра тое, як зарабляць грошы на азартных гульнях.
у мяне ёсьць сяброўка, якая мае чатырох дзяцей, і яна паганая маці, яна злуецца на іх, праклінае, штурхае штохвілінна і прымушае іх маўчаць увесь час альбо піздаваць (менавіта так яна ім кажа і дадае: «дасталі!») на вуліцу гуляць у любое надворе, але яна піша кнігі пра тое, як правільна выхаваць дзіця.
я дакладна ведаю аднаго чалавека, які абсалютна няўдалы прэзыдэнт.
і ёсьць у мяне знаёмы, які, атрымаўшы дзьве вышэйшыя адукацыі, застаецца на пасадзе тупога і бяздарнага рэдактара філіі расейскага выдавецтва ў Менску.
а ў маёй маці ёсьць сяброўка, якая з адукацыі біёляг, а працуе вельмі храновым, я б сказаў татальна інезваротна галімым цырульнікам.
і за ўсімі гэтымі людзьмі стаіць самая сапраўдная беларуская рыса характару цярпець, як бы пагана ні было.
хуткасьць
чалавек, які хутка жыў, не любіў чэргі і чаканьне ў любых праявах. ён шалёна сьпяшаўся выканаць усё як мага хутчэй, каб пасьпець з плянамі, пасьпець нажыцца, надыхацца, набегацца, накахацца. усё ён выконваў хутка і пасьпешліва і праз гэта пакутаваў: апошнія кроплі траплялі ў сподняе, выпітая вялікімі і хуткімі глыткамі вадкасьць даводзіла да ёкаўкі, адрыжкі й дыярэі, канчаў ён хутка, бо колькі можна рухацца, спаў кароткімі снамі, працаваў так: выканаў хутка ўсё як мае быць па пляне і рэшту вольнага часу сядзеў ды глядзеў на гадзіньнікі, подумкі прысьпешваючы хвілінную стрэлку.
ён аднойчы ехаў у тралейбусе, і той так доўга і марудна рухаўся, што наш герой ня вытрываў, кінуўся да кабіны кіроўцы ды пачаў крычаць на яго: «а ну давай, а ну хутчэй, сьмялей цісьнем газ, хутчэй, хутчэй, хутчэй!» і кіроўца праскочыў на сьветлафор, які ўжо міргаў, што для тралейбуса цуд.
чалавек быў нястрымным у сваім тэмпе, ён нават старэў хутчэй за астатніх, быццам і ў гэтым сьпяшаўся. можа быць, ён бы і памёр самотным, бо хто ж будзе зь ім жыць, калі той не жыве, але кожны час спаборнічае за любую хвіліну, як аднойчы, калі ён бег па бегавой дарожцы ў спорт-клюбе і лічыў свае рухі, да яго падышла жанчына, новы інструктар, і агаломшыла яго: «а ну-ка ногі ў рукі і пайшоў шпарчэй! што гэта за млявасьць! раз, два, раз, два, хутчэй, хутчэй, хутчэй!»
і хуткі чалавек закахаўся, і гэта здарылася зь ім імгненна і незваротна.
стол
пад маім старым сталом засталіся жыць зжаваныя жуйкі старыя налепкі нуль-першых «за свабоду»
і футбалісты разам з аголенымі фотамадэлямі пад сталом засталіся сьведкамі першых пякельных крананьняў толькі засохлыя соплі і там, пад сталом, засталіся першыя дарослыя заляцаньні і спатнелыя далоні раскрытыя падручнікі, падрыхтаваныя да экзамэнаў шпаргалкі і вусьціш, што цябе пабачаць, калі ты рукаблудзіш, бо ў суседнім пакоі бацькі