Па лістах ззаду нешта зашурхала, пайшло за Іраю, нібыта невялікі сабачка. Іра сцялася ад страху, баючыся азірнуцца, але, праходзячы ля канторы і трапіўшы пад аддаленае святло адзінага ў вёсцы ліхтара, пабачыла каціны цень і такі азірнулася трошкі. За ёй ішла котка, паласатая-насатая Дорашава котка, але гэта не магла быць Дорашава котка, бо тая не адкідвала б ценю. І напэўна, за ёй ішлі б таксама мёртвыя кацяняты, а тут ідзе адна котка, суцяшала сябе Іра. Ды і духі не шуршаць лістотай. Аднак страх усё рос і рос, адной рукой Іра сціскала крыжык на шыі, а другой пляшку ў кішэні і сорак разоў пачынала малітву Ойча наш, і з перапуду ні разу не скончыла.
Ніколі Іра не забудзецца на гэты начны паход, і ніколі не забудзецца жаху, з якім закопвала вузлік і палівала вадой з бутэлькі. Коткі не было бачна, толькі ціха, шурстка праносіліся цені мятлушак і дробных кажаноў.
Назад Іра бегла, некалькі разоў упала, абадрала рукі і калены, угваздала бацькаву куртку.
Але з гэтае начы яна спала спакойна.
Эпілог
Калі Маша ўбачыла Дораша, які ішоў сьцежкаю да іх хаты, яна ўхапіла хлебны нож і пабегла ў сенцы. Але на ганку Дораша перастрэў бацька ў сваёй старой куртцы, ішоў з хлява.
Мажэйка, прасьці за дочку.
Што, прыперла? Ты ж казаў, што не чапаў яе. Чаго ж цяпер ходзіш і просіш?
Паміраю я. Бачыш, як мяне расьперла? Дактары кажуць, цыроз, не пражыву я доўга. А я знаю, што не цыроз гэта, а кроў сьвіная мяне расьпірае. Дапіўса. Калоў сьвіньню, парэзаў пальца, а адтуль як пацячэ чорная, густая, страшная. І не сьціхае, не сьціхае, ня скручваецца.
Бог прасьціць.
А бачыш, як мяне раздула, жывот такі, што ног не бачу. Пазаві малую, на калені стану.
Малую я зваць ня буду і на калені не станавіся. Маці твая папастаяла тут на каленях, хопіць. Дый не даказаў бы я нічога. Але прасьціць цябе не магу.
Дай я табе яблыні прышчаплю. Прашчальныя яблыкі мае ў садзе ў вас будуць.
І яблык прашчальных тваіх нам тут ня трэба.
Маша стаяла калоцячыся на халоднай падлозе ў сарочцы, слухала і разумела, якая дарога чакае Дораша.
Праз шмат гадоў, брындаючы па могілках, яна натыкнулася на яго магілу і пабачыла, што ён быў вельмі малады. На мэдальёне выглядаў яшчэ маладзейшым і быў без свае хвастатае шапкі.
Ва ўсіх ваколічных лясах растуць прашчальныя яблыні Дораша, якія ён хадзіў і шчапіў, пакуль мог.
Маша пакачала яблык доўгай нагой у залатым басаножку. Цяпер ёй самой троху за трыццаць. Як завецца гэты яблык, увесь у сіняках, як наша доля? Белы наліў. Яшчэ вядуцца ў лясах такія яблыкі: бэры, дулі, апорты, ранеткі, цыганкі (шызыя кастрычніцкія) і антонаўкі. Дораш умеў біць сьвіней і шчапіць яблыні.
А Маша паказала яму дарогу.
Уладзімір Някляеў
Піянерскі салют
(урывак з рамана Лабух)
Пры беразе каля піянерскага лагера стаяла ў рацэ выгарадка з металічнай сеткі, каб піянеры з піянеркамі, купаючыся, не павыплывалі на рачную быстрыню і не патапіліся. Лагернае начальства больш за ўсё баялася страціць пагалоўе, бо ў тым залатым піянерскім часе за страту піянера, хай сабе нават самага засранага, любому начальству галовы адрывалі і сабакам кідалі. Гэта ўжо цяпер, у постпіянерскай прасторы, так павялося, што піянеры знікаюць масава, а начальству хоць бы хрэн.
Па беразе кульгаў прыгорблены Максім Герасімавіч Блонак, папросту Блонька, старшы лагерны важаты і баяніст, які злосна зыркаў на кожнага, хто набліжаўся да сеткі, і адразу кідаўся ў пагрозлівы крык:
Я табе падплыву! Я табе паднырну! Я табе яйцы адарву, байструк!
Яйцы ён гразіў адарваць і піянерам, і піянеркам хто іх там у вадзе разбярэ.
У адрозненне ад усяго астатняга лагернага начальства, якое сердавала на піянерак з піянеркамі праз магчымую і зусім верагодную бяду, злавала з-за страху застацца без галавы, кінутай сабакам, Блонька злаваў з-за нянавісці. Ён зусім не хацеў захаваць піянерскае пагалоўе, ненавідзеў нас і насампраўдзе жадаў толькі таго, каб мы ўсе паднырнулі пад сетку, павыплывалі на быстрыню, патапіліся і каб рака знесла нас у далёкае Балтыйскае мора. І тады б ён сказаў начальству: Глядзі, як ціха і як чыста!..
Глядзі, як ціха і як чыста, пачатак песні, якую Блонька сам прыдумаў, сам, як ён казаў, трохі падзаікаючыся, са-склаў і штодня змушаў нас спяваць:
Чуваць маскоўскі бой курантаў,
І горны ўскінулі гарністы,
Дванаццаць юных музыкантаў!
Блонька заплюшчваў вочы, баян раздзіраючы, так яму было ў кайф! Глядзі, як ціха і як чыста, чуваць маскоўскі бой курантаў запяваў ён высока, голаса не шкадуючы, зноў і зноў, і кожны раз Зоська Путырская казала яму, вочы вылупляючы, бо ў яе свае кайфы былі: З якім жа слыхам вам, Максім Герасімавіч, нарадзіцца пашчасціла, каб праз васемсот восемдзесят пяць кіламетраў бой курантаў маскоўскіх пачуць!..
Блонька заплюшчваў вочы, баян раздзіраючы, так яму было ў кайф! Глядзі, як ціха і як чыста, чуваць маскоўскі бой курантаў запяваў ён высока, голаса не шкадуючы, зноў і зноў, і кожны раз Зоська Путырская казала яму, вочы вылупляючы, бо ў яе свае кайфы былі: З якім жа слыхам вам, Максім Герасімавіч, нарадзіцца пашчасціла, каб праз васемсот восемдзесят пяць кіламетраў бой курантаў маскоўскіх пачуць!..
Праз гэту песню, у якой дванаццаць юных музыкантаў перайначваліся намі роўна ў столькі ж юных мастурбантаў, праз баян ды музыку, а не з-за таго, што быў ён кульгавы, прыгорблены ды падзаікасты, Блоньку і кахалі студэнткі-піянерважатыя. Часцей за ўсё кахалі ўночы, але іншым разам і ўдзень, і з адной з іх, Святланай Мікалаеўнай, мы Блоньку высачылі, падлавілі і сфатаграфавалі са спушчанымі штанамі ў лесе за мурашнікамі. Святлана Мікалаеўна, ухапіўшыся за пахіленую сасонку, стаяла нагнуўшыся, і на фотакартцы ўсю яе было не распазнаць, але Блонька, які прыстроіўся да яе ззаду, праз горб свой і сухотную нагу распазнаваўся ўвесь. Мы падкінулі фотакартку ў футарал баяна і яна выпала з яго на ранішняй лінейцы
Мы ўскінулі рукі ў салюце!
Блонька, заіскрыўшыся нянавісцю так, што пераіскрыў світальнае сонца, зыркнуў на нас, схаваў фотакартку ў кішэнь, баян у футарал, і песню, са-складзеную Блонькам, мы не праспявалі.
Зразумела, што мы гэта не ўсе піянеры з піянеркамі, колькі нас было ў лагеры, але Блонька не ведаў, хто канкрэтна распазнаў яго пры аголеным азадку Святланы Мікалаеўны, і таму ненавідзеў кожнага і ўсіх. Аднак найперш ён і справядліва падазраваў і ненавідзеў мяне, бо адзіны фотаапарат, які меўся ў піянераў з піянеркамі, быў маім.
Да таго ж я граў на баяне і не горш за Блоньку.
Дзе твая Змена? адвёў ён мяне ў лес, у самы гушчар, быццам забіць збіраўся і ламаччам закідаць.
Сам абшукаўся, Максім Герасімавіч Нехта ўзяў
Калі ўзялі?
З тыдзень таму. Я ўжо хацеў ці вам, ці начальніку лагера сказаць, ды запіску падкінулі.
За вуха Блонька хапаў балюча, касціста, але я трываў
Што ты мне лепіш?.. Якую яшчэ запіску?
Гэтую во круціўся я туды, куды круціў Блонька, каб толькі не адарвалася вуха, бо што я тады за музыкант?..
Запіску я сам са-склаў, напісаўшы тлустымі, нібы друкаванымі літарамі: ФОЦІК ВЕРНЕМ. ПРЫХОДЗЬ СЁННЯ АПОЎНАЧЫ Ў ШОСТУЮ ПАЛАТУ. МАЎЧЫ!
Блонька глянуў на мяне недаверліва.
Там жа піянеркі
Я здзівіўся з ягонай недаверлівасці.
А то піянеркі фоцік сцягнуць не могуць!
Апоўначы Блонька паляваў на піянераў з піянеркамі каля дзвярэй шостай палаты. Піянеркі пад гэты час палатамі з піянерамі памяняліся, пакінуўшы піянерам адну Зоську Путырскую, якой ужо ў трынаццаць гадоў на ўсё было чхаць і пляваць, толькі смерць як паглядзець хацелася, як піянеры мастурбіруюць на хуткасць. Мы паабяцалі ёй паказаць і яна згадзілася пастаяць пасярод палаты на карачках, аголенай срачкаю да дзвярэй.
Пачуўшы ў шостай палаце песню Глядзі, як ціха і як чыста, якая выконвалася прыглушанымі недзявочымі галасамі, Блонька ўварваўся, запаліў святло і ўбачыў тое, што ўбачыў: голую срачку і паўкругам вакол яе дванаццаць юных мастурбантаў з горнам, барабанам і чырвоным лагерным сцягам. Відовішча ўразіла яго да зацьмення мазгоў, але пакуль ён кульгаў па лагеры і падымаў трывогу, піянеркі перабеглі да сябе, піянеры, вярнуўшы на месца сцяг з горнам і барабанам, скочылі да сябе, патушылі святло ды паклаліся спаць і Блонька паўстаў перад трывожна паднятым начальствам, якому не хацелася лішняга скандалу, кульгавым і гарбатым ідыётам, якім ён і быў. А чаму піянеры аказаліся ў раптам спусцелай палаце піянерак, калі ў іх свая палата ёсць? А што яны там адны рабілі? Калі тое, пра што вы, Максім Герасімавіч, кажаце, дык гэта яны маглі і ў сябе рабіць. І куды падзеліся піянеркі, чаму іх піянеры павыганялі, пакінуўшы адну нейкую голую срачку? Піянеры ўсе, па-вашаму, псіхічна хворыя?.. пыталася начальства ў Блонькі, і ні на адно з пытанняў Блонька талкова не мог адказаць. Нашага спектакля, жарту нашага ён не зразумеў і з той ночы з ідыёцкай сваёй зацыкленасцю думаў адно пра помсту. І ўрэшце ён мяне дапёк.
Плёскацца нам, як нейкім жабінам, у скаламучанай выгарадцы было невыносна, але тых, хто паднырваў пад сетку і вырываўся на вольную плынь ракі раз і другі, на трэці раз з лагера выганялі. За мной былі ўжо два разы