Ты яе зачапіў, перашкодзіў ёй а гэтага ніхто ня любіць.
Ды я незнарок! Навошта яна мне? Я збіраў грыбы і зусім пра яе не думаў.
Дарма. Ты прыйшоў у лес не ў сваё, а ў яе асяроддзе і павінен ведаць пра гэта, адпаведна паводзіць сябе. Іначай дабра не будзе.
Дык што: мне нікуды не хадзіць?
Не, даражэнькі, спазнаваць свет неабходна, але варта заўсёды памятаць, што ты не адзін.
Забудзешся тут: людзі на кожным кроку.
Наогул, Косьцік, ад чалавека больш бяды: да чаго б ён не дакрануўся, там дрэнь. Прырода яго не паважае, але чамусьці церпіць, іншым разам да гаркоты. Здараецца, што і помсціць. Бачыш, як ветралом загарадзіў дарогу. Раней па ёй шмат хадзілі: да чыгункі было рукой падаць. А цяпер прайсці немагчыма, павал усё перайначыў. Ніхто яго ўжо не прыбярэ, так і будзе ляжаць, покі не згніе. Людзі знойдуць іншы шлях. Так прырода завязвае вузлы, завальвае лёсы.
7
Як паводзіць сябе звер, калі нейкае ягонае пачуццё раптам засігналіць? задзірыстым дапытным узрокам Альгерд абвёў вучняў і ператварыўся ў чаканне.
Прасторная зала, насычаная энергетыкай неафітаў, умомант запярэсцілася ад іхняе разгубленасці і сумятлівых думак. Толькі што настаўнік прыгожа распавядаў пра вучэльню, яе парадкі, абнадзейваў ружоваю выгляднасцю і нечакана кінуў такое, здавалася, недарэчнае пытанне. Усе збянтэжана сцішыліся і толькі праз хвіліну падалі свае нясмелыя галасы.
Хвалюецца. Насцярожваецца.
Ускоквае.
Рыкае.
Пачынае шукаць.
Ці тое рэагуе адразу, без прамаруджвання і ніяк не стрымлівае свайго настрою? Так? Правільна! як бы падбадзёрыў іх Альгерд і нанова бліснуў вачыма. А расліна?
Юнакі ў непаразуменні пераглянуліся, нібыта пытаючыся адзін ў аднаго: а хіба ў флоры ёсць пачуцці? Але знайшліся цямлівыя і выгукнулі:
Шамаціць.
Гайдаецца і калыхаецца.
Гэта значыць, вонкава аднастайна і менш выразна, зноўку абагуліў Альгерд і зусім агаломшыў маладзьгу чарговым пытаннем. А камень?
Вялізная лавіна ўражаных поглядаў з усёю сілаю лінула да яго. Шчыраю ўсмешкаю ён стрымаў яе напор і, не дачакаўшыся галасоў, сам жа і адказаў:
Стаічна, нерухома, з неверагоднаю вытрымкай. Ці, можа, хто заўважаў, як хвалююцца камяні, горы, як яны выказваюць свой настрой?
Я, парушыў цішыню Кастусь.
Усе павярнуліся да яго. Альгерд пацікавіўся:
І як?
Яны мужна гудзяць.
Трапнае азначэнне. І дзе ты іх слухаў?
На маёй Радзіме такіх валуноў шмат. Яны розных памераў і параслі мохам. Падыдзеш да такога, прыкладзеш вуха і не можаш адарвацца ад яго дзіўнае песні.
І што яна табе навявала?
Нешта загадкавае, таямнічае і вельмі панаднае.
Ты спрабаваў вызначыць, што?
Так, але не мог.
Не хапала ведаў. Пра сябе і іншых, адзначыў Альгерд. Іх заўсёды не стае, калі сустракаеш штосьці невядомае, новае, цёмнае. Я ўпэўнены, што кожнаму з вас знаёмыя такія адчуванні. Кастусь, мабыць, зазірнуў глыбей і пачуў гукі, як мы кажам, нежывой прыроды гэта добра. А ўвогуле, нічога мёртвага ў прыродзе, Космасе няма, усё навокал жывое, падобнае, складаецца з адных і тых жа часткаў, толькі розніцца між сабою іхняй колькасцю і ўмовамі спалучэння.
А што за часткі?
Элементарныя энергетычныя імпульсы.
Іх можна заўважыць?
Толькі калі яны праяўляюцца разам і ў канкрэтным асяроддзі. Тады выглядаюць як мітуслівае іскрыстае воблака. У асобных варунках і адна часцінка бачная як імгненны бліск. Але гэта найрэдкая з'ява і дасяжная нямногім, дый то пасля адпаведнай падрыхтоўкі.
Яны свядомыя?
Безумоўна.
І свабодныя?
Так.
А як яны злучаюцца, паводле дамоўленасці альбо кахання? скептычна хіхікнуў вёрткі дзяцюк, і шкаляры зарагаталі.
Воляю творцы, сур'ёзна адказаў настаўнік.
А хто творыць?
БОГ і мы.
Што менавіта?
Творчасць не мае межаў.
Ажыўленне імгненна казытнула юнакоў і яны задаволена закруціліся. Некаторыя тэатральна і з гумарам дэманстравалі, як іх быццам ахапіла празмерная пыхлівасць ад глыбокага ўсведамлення сваёй значнасці.
І як гэта рабіць?
Якія няўрымслівыя! з напускной перасцярогаю прамовіў Альгерд. Аб чым мы толькі што гаварылі?
Аб рэакцыі на знадворныя раздражняльнікі.
Працягнем размову. І на каго вы зараз больш падобныя?
Працягнем размову. І на каго вы зараз больш падобныя?
На жывёлаў і птушак.
А хіба можа быць інакш: мы і ёсць жывёлы, упэўнена, без сумневу вызначыў месца чалавека цяглісты хлапчына.
А вось і не, вярнуўся да ранейшай гульні Альгерд.
Здзіўленне ізноў скаланула паветра.
Біялагічна мы сапраўды як жывёлы, але духоўна бліжэй да больш вечных стварэнняў камянёў. Яны складаюцца з мноства хімічных элементаў і з'яўляюцца тыповымі прадстаўнікамі вялізнейшай, незлічонай арміі будаўнікоў Космасу. Усё знікае пад БОСКАЙ Далонню, камяні у апошнюю чаргу. Нават вада і паветра саступаюць ім месца, аддаючы сваю энергетычную моц на захаванне. Рашуча і смела імчаць яны па неабсяжнаму Сусвету, падуладныя толькі БОГУ і сабе. Спадзеючыся на творчае ўзбагачэнне, іх штурмуюць усемагчымыя касмічныя сілы адны з дабром, іншыя са злом. І яны ўспрымаюць гэтае ўздзеянне, палымнеюць і калеюць, безліч разоў пераўтвараюцца, аддаюць, нічога не шкадуючы, але захоўваюць сваю галоўную сутнасць і прытрымліваюцца зададзенага курсу. Як не захапіцца такімі натхняльнікамі Космасу!
Узбуджэнне настаўніка перадалося і вучням. Яны зачаравана глядзелі на яго, уяўляючы гэты жывы бясконцы рух.
Дык што, нейкія дзічакі дасканалей за нас?
Яны іншых касмічных каардынатаў. Ужо адно тое, што камяні, скалы, горы могуць існаваць мільярды гадоў, сведчыць аб іх неверагоднай загартоўцы і трываласці. Якім быў бы чалавек, калі б меў за плячыма такі досвед?
Усё б ведаў.
Дужа разумным.
Цяжка ўявіць.
Магутным.
Цягавітым.
Як камень.
Засвіднуў бы, выгукнуў хударлявы шкель і тым самым узнавіў хіхоты.
Час і прастора такому даўгавеку даюць шмат мажлівасцяў для духоўнае моцы, крыху счакаўшы, прамовіў Альгерд з націскам на апошнія словы. А яна без мудрага самавалодання не з'яўляецца. Менавіта камень увасабляе такі стан унутранай дасканаласці.
Мы жывём вельмі мала, і нам гэтага не дасягнуць.
Вельмі шкада.
Так дадзена.
А хацелася б.
Няўжо нельга падоўжыць чалавечы век?
Мноства ўніклівых вачэй утаропілася на настаўніка. Можна, адказаў той і расхінуўся цёплаю ўсмешкай.
У зале дадалася святла і шчырасці.
Альгерд паглядзеў на выхаванцаў і адчуў іхнюю гарачую зацікаўленасць.
Але гэта вельмі складаны шлях. Па-першае, ён не для ўсіх, па-другое, яго не кожны праходзіць годна. Вы абраныя, і вам дазваляецца ступіць на яго.
Радасць расцяклася па юначых сэрцах. Ніхто не хаваў свайго прыўзнятага настрою і не стрымліваў сябе. Многія весела тузаліся і абдымаліся.
Альгерд хвіліну, другую з інтарэсам назіраў гэтую ўтрапёную валтузню, затым узняў руку і папярэдзіў:
Калі хто адчувае хоць мізэрны сумнеў, няўпэўненасць, страх, няхай смела аб гэтым паведаміць. Яго не абгавораць і не зганяць, а зразумеюць і вернуць на радзіму. Раю не падманваць сябе і іншых, бо потым будзе цяжка. Навука, якую вам будуць выкладаць у нашай вучэльні, адметная і патрабуе своеасаблівага светаўспрымання і самааддачы. Некаторыя не вытрымліваюць, ламаюцца і абіраюць заганны накірунак, здараецца, што гінуць.
Цішыня запанавала ў зале. Схіліўшыся над вучнямі, яна з цікавасцю назірала, як ліхаманкава ўспыхваюць іхнія пачуцці і мятушацца думкі. Ёй здавалася, што зараз выбухне вялікая нязгода, бо вагаліся многія. Але голас падаў толькі адзін:
Мабыць, я чагосьці не ўтаропіў, але мне не падабаецца такі падыход. Той, хто па-сапраўднаму любіць сваю краіну і свой народ, мяне зразумее. На Зямлі мільярды людзей. Усе маюць розум, сэрцы, душы і спадзяюцца на БОСКУЮ літасць. Але пашанцавала толькі нам, абраным. Мы будзем жыць і тварыць вечна. А што будзе з астатнімі? Які лёс іх чакае? Безумоўна, не такі, як наш. Ім напэўна суджана пакутаваць і памерці. Дык ці маю я права пакідаць іх і цешыцца ў вечнасці? Не, гэта будзе здрадай і сама вялікай ганьбай. Я сабе гэтага ніколі не дарую. Лепш застануся з імі і буду рабіць усё, каб палепшыць іхнае жыццё. Прабачце і бывайце. Жадаю поспехаў.
Дамоўца азірнуў равеснікаў, паважна кіўнуў галавой настаўніку і хутка выйшаў.
Праз хвіліну за ім рушылі ўслед яшчэ некалькі смельчакоў.
8
Азіраючыся, яны падняліся па драбіне на гарышча, зачынілі дзверцы і прыселі каля франтона. Моўчкі дасталі пачак з запалкамі, сшытак, зірнулі адзін на аднаго.
Бацькі ніколі не дазвалялі дзецям карыстацца жыранкамі, хавалі іх у недасяжным месце, у вузельчыку пад самай столлю, і заўсёды палохалі пажарам. Бэйбусы ўважліва слухалі, ніякіх пытанняў не задавалі і думалі, што не такія ўжо яны і дурні, каб не ўмець шоргнуць сярнічкай і нашкодзіць. Агонь заўжды можна патушыць, як гэта робяць пры аказіі дарослыя.