Тут варта заўважыць, што бабуліны ўладаранні і татухнава лесапілка знаходзіліся ў непасрэдным суседстве, і калісьці гэта нават абумовіла шчаслівы збег акалічнасцяў. Дзякуючы ім юныя татухна і матухна панны Пракшыной не толькі мелі радасць пазнаёміцца, але таксама горача пакахаць адно аднаго, а крыху пазней і павянчацца. Праўда, тады маёнтак бабулі, якая ў той час яшчэ не перажывала негадзівы разрыў з адным са сваіх мужоў, яшчэ не прыйшоў у той заняпад, у каторым ён знаходзіўся цяпер. А лесапілка таксама гэтакай пакуль не сталася, бо землі тыя, якімі быў узнагароджаны за некаторыя заслугі перад сваёй айчызнай бацька пана Пракшына, новыя ўладальнікі толькі пачалі прыводзіць у належны для вядзення гаспадаркі стан. Аднак вельмі хутка пасля жаніцьбы Канстанцін Мікалаевіч выправіўся на Крымскую вайну, а па вяртанні звёз маладую жонку ў Ноўгарад, куды быў адпраўлены па чарговым абавязку службы, займацца лесапілкай не было каму. Але па вяртанні ў Менскую губерню пан Пракшын вырашыў аднавіць некалі распачатую справу, якая цяпер прасоўвалася ў яго надта паспяхова.
Увесьчасна на лесапілцы Канстанцін Мікалаевіч не знаходзіўся. Да Ноўгарада пабудаваць годны дом, у якім можна было б пасяліць сямю, ён не паспеў, а займацца гэтым зараз палічыў немэтазгодным. Адасабляцца паводдаль ад цывілізацыі было зарана, ды і пакідаць Лізавету Яўгенаўну з дачкой побач з вытворчасцю было б несправядліва. Вядома, пані Іллініч-Вялькоўская настойвала на тым, каб жыць у ейным маёнтку, але ажыццявіць яго поўнамаштабную рэканструкцыю зяцю яна не давярала. Таму маёнтак пуставаў з прычыны, што пан Пракшын палічыў найболей удалым вырашэннем набыць дом у самім Менску. І не дзе-небудзь на ўскраіне, але ў самым цэнтры дзе ёсць практычна ўсе выгоды сучаснага горада, хаця гэны некалькі і адставаў ад многіх іншых, у якіх даводзілася бываць Канстанціну Мікалаевічу падчас яго дзелавых вандровак.
І тым не менш на прадпрыемства сваё пан Пракшын наведваўся рэгулярна, а ў яго адсутнасць галоўным чалавекам на лесапілцы рабіўся галоўны інжынер, якому татухна суцэльна давяраў Людвіг Штэйн. Менавіта ён і абвінавачваўся ў забойстве. Зрэшты, Канстанцін Мікалаевіч быў упэўнены, што гэта было нейкай недарэчнай памылкай. Ну што магло падштурхнуць маладога інжынера, які на справе не раз давёў, што ён чалавек прыстойны ды разумны, да такога страшнага злачынства? Хто быў той чалавек, каторага знайшлі забітым? І што Штэйн рабіў, як паведамлялася ў тэлеграме, на станцыі? Куды ён накіроўваўся, калі паводле іх business плану ён якраз мусіў сачыць за наладкай новага абсталявання, каб паспець выканаць чарговую замову? Аднак пан Пракшын мусіў ва ўсім разабрацца асабіста.
Назіраючы, як татухна засяроджана хмурыцца, нічога не заўважаючы вакол сябе, Яўгенія Канстанцінаўна паўтарыла сваю прапанову прайсці ў вагон-рэстарацыю. Па-першае, пана Пракшына трэба было адарваць ад затурбаваных роздумаў. Да станцыі, непадалёк ад якой і знаходзіўся бабулін маёнтак, ехаць было не менш за тры гадзіны, ды і там яшчэ ледзь не гадзіну па разезджанай дарозе трэсціся. Тэлеграму пра сваё прыбыццё татухна ўжо даслаў, вось толькі ж ці варта зараз дарэмна нервавацца, калі ні пра якія дэталі яны пакуль усё роўна не ведаюць? Па-другое, нашай дзявіцы раптам неадкладна захацелася выпіць кофею, ад якога яна мела глупства адмовіцца дома. Разлічваць на першакласнасць напою не выпадала, аднак прабавіць час у вагоне-рэстарацыі было куды займальней. Ды і па-трэцяе, Яўгенія Канстанцінаўна крыху хвалявалася, каб выпадкова ў неадпаведным яе статусу вагоне дзявіцу не заўважыў нехта са знаёмых, памылкова залічыўшы Пракшыных да кампаніі ніжэйшай, чым да якой яны належалі. Усё ж прозвішча іх было не найвышэйшага дваранскага шэрагу, што падмацоўвала ў нашай дзявіцы некаторую схільнасць да snobbery[21]. Падумаўшы, што ў вагоне-рэстарацыі ёй дакладна не пагражаюць непрыемныя сустрэчы, панна Пракшына пераканала татухну ў тым, каб хутчэй справіць няхітры brunch[22].
У чаканні кофею Канстанцін Мікалаевіч паглыбіўся ў чытанне «Ведомостей», якія не паспеў скончыць за сняданкам, а панна Пракшына ўзялася крэмзаць у адным са сваіх адмысловых падарожных нататнічкаў, час ад часу запускаючы руку ў невялікі кошык, каторым яе забяспечыла матухна. Кошык Яўгенія Канстанцінаўна размясціла, сама сеўшы бліжэй да акна, побач на сядзенні каля праходу. Там сумаваў Тэдзі. Нечаканае забойства, як бы па-блюзнерску гэта ні прагучала, сталася выратавальнай падставай збегчы з Менска не толькі для Яўгеніі Канстанцінаўны. Яно таксама дазволіла і Тэдзі пазбегнуць пакарання з боку пані Канстанцыі. Зрэшты, гадаванец панны Пракшыной не надта быў гэтаму ўзрадаваны: пра пагрозы расправы ён ужо паспеў забыць, а вось пераездаў надта не любіў. Асабліва з прычыны таго, што яму выпадала сядзець у нязручным кошыку, а Тэдзі, як ужо вядома, вышэй за ўсё цаніў свабоду самавыяўлення.
Панна ж Пракшына разважала ў гэтую хвіліну пра само злачынства. Трэба адзначыць, што ўразіла яе хутчэй не столькі жудасная вестка, але перспектывы яе творчага выкарыстання ў якасці літаратурнага сюжэту. Сораму ад гэтага яна ні кропелькі не адчувала, і здаецца, зараз Яўгенію Канстанцінаўну нарэшце наведала муза, што ўзялася таропка нашэптваць на вуха мноства захапляльных ідэй, а таму нашая дзявіца знаходзілася ва ўзнёслым стане.
Зараз яе хвалявала адно пытанне. Некалькі гадоў таму Яўгеніі Канстанцінаўне выпала прачытаць даволі нудны на ейны густ раман знакамітага рускага пісьменніка, каторы, дарэчы, насамрэч быў гэтакім жа рускім, як і сама панна Пракшына, бабуля распавядала пра яго шляхоцкае паходжанне. Сам гэты пісьменнік, як ні бязглузда, ці то хаваў, ці то нават пагарджаў ім. Раман жа яго апавядаў пра крывавае забойства, аднак панну Пракшыну ён цалкам расчараваў, і больш за ўсё з-за бясконцых разважанняў і moralité[23], трываць якія не было ніякіх сіл. Душа і сэрца Яўгеніі Канстанцінаўны патрабавалі прыгод, а таму яна выкручвала падобную гісторыю на розныя лады, каб яе можна было ператварыць у нешта сапраўды захапляльнае. Яна вельмі спадзявалася патрапіць на мейсца злачынства, каб натхніцца яго жахлівай атмасферай, аднак пісаць маркотныя гатычныя гісторыі ёй зусім не хацелася. Панну Пракшыну цікавілі толькі факты і іх супастаўленне.
У вагоне-рэстарацыі было даволі ажыўлена: пастукванне фаянсу ды разрозненыя галасы, што зліваліся ў адзіны гудзёж, крыху адцягвалі ўвагу панны Пракшыной ад творчага трымцення, да таго ж за суседнім сталом бесцырымонна закурыла тройца прышчавых гімназістаў. Аднак у той момант, калі татухна ўжо хацеў быў зрабіць сцярвяцам, што назалялі ўсёй публіцы, строгую заўвагу, у вагоне-рэстарацыі аднекуль зявіўся адзін пан.
Ён быў малады і вельмі неблагі сабой, хаця велічэзным ростам альбо празмернай глыбінёй голасу, як магла пачуць Яўгенія Канстанцінаўна, калі ён звярнуўся да гімназістаў, не адрозніваўся. Аднак жа было нешта асаблівае ў разлёце яго броваў ды развароце плячэй, ды такое, што ўсе цыгарэты былі ўраз патушаныя, а вагон адразу ж праветраны. Усё і ўся дзіўным чынам быццам бы паменшылася ды расступілася перад гэтым панам. Калі ён праходзіў міма стала, занятага Пракшынымі, Яўгенія Канстанцінаўна паспешліва адвяла позірк, каб выпадкова не праслыць тым, што яе бабуля звычайна называла «разява». А вось Тэдзі, як і адпавядае psu, што добрасумленна сцеражэ сваіх гаспадароў, вырваўся з кошыка і паспрабаваў кінуцца на незнаёмца. Той павёў сябе дзіўна. Замест таго, каб прынамсі падскочыць ад нечаканасці, як на яго мейсцы зрабіў бы любы колькі заўгодна вытрыманы і рахманы чалавек, гэты толькі рассмяяўся і нават працягнуў сабаку руку. Тэдзі з незадаволеным вуркатаннем рэтыраваўся назад да Яўгеніі Канстанцінаўны.
Тадзік, Тадзік!
Яна пакруціла галавой.
Выбачайце? з усмешкай звярнуўся да панны Пракшыной незнаёмец.
Што? не зразумела яна.
Вы гэта мне? ён, здаецца, быў крыху навязлівы.
Я размаўляла з сабакам, адклікнулася Яўгенія Канстанцінаўна.
Вы клічаце яго Тадзікам?
Сабаку клічуць Тэдзі.
Але ж Тэдзі гэта не толькі Тэадор, аднак і Тадэвуш, ці не так? хітра прыжмурыў рысіныя вочы незнаёмец, што рашуча не спадабалася панне Пракшыной.
Вельмі магчыма.
Даволі смела, кпліва заўважыў той.
Што менавіта? непрыхільна прыўзняла брыво Яўгенія Канстанцінаўна.
Называць сабаку ў гонар героя паўстання, ён нават не думаў сунімацца.
Даволі смела дзяліцца з незнаёмымі людзьмі сваімі сентэнцыямі, парыравала яна.
Мяркую, што для таго я маю некаторыя падставы, бо мы, відаць, усе трое цёзкі, дзёрзка абвясціў малады чалавек і звярнуўся цяпер да татухны: Андрэй Вікенцьевіч Падгорскі.
Які ж вы ў такім выпадку цёзка?
Маё поўнае імя Андрэй Тадэвуш Банавентура, таксама названы ў гонар героя, праўда, я аддаю перавагу ўсё ж першаму імені. Мне думаецца, яно пазбаўлена непатрэбнага кансерватызму.
Пракшын, Канстанцін Мікалаевіч, заспяшаўся прадставіцца татухна, пакуль яго дачка не адхіліла маладога чалавека, які падаўся пану Пракшыну, нааадварот, вельмі прыемным. А гэта мая дачка, Яўгенія. З нашым гадаванцам вы ўжо знаёмыя. Ці магу я вас запрасіць далучыцца да нас у знак выбачэння за дзёрзкасць маіх сямейнікаў?
Баюся, я не змагу прыняць вашых выбачэнняў з прычыны, што ні ў якім разе не лічу сябе абражаным. Аднак запрашэннем скарыстаюся з вялікай радасцю, адказаў новызнаёмец.