Гісторыі ў прыцемках (зборнік) - Зміцер Дзядзенка 4 стр.


Найманы экіпаж давёз іх вельмі хутка. Павятовая Ворша наогул выглядала горадам невялікім: з брукаванай Пецярбургскай, дзе стаяла амбулаторыя, да ўтравелай Малой Марямпольскай вуліцы дабраліся менш чым за чвэрць гадзіны. Можна было б прайсціся пешшу, але доктар не хацеў пакуль празмерна перагружаць нагу Вітушынскага. Дарогай Антон звярнуў увагу на першыя знакі нядаўняга вяртання Воршы да Беларусі: раз-пораз ужо трапляліся шыльды па-беларуску. У моры расійскамоўных яны выглядалі рэдкімі экзатычнымі цікавосткамі.

На дарожку, што вяла да дома, сустрэць іх выбегла каротка стрыжаная невысокая брунетка ў попельна-шэрай сукенцы. Расцягваючы словы, нізкім голасам яна ўсклікнула:

 Ах, Серж, як цудоўна, што ты прыехаў! Я ўжо стала хвалявацца. Ведаеш, так страшна быць адной дома. Заходзіла Наталля Андрэеўна («Нашая суседка»,  патлумачыў напаўголаса Скарына Вітушынскаму), расказвала такія страхоцці!

 Леначка, пазнаёмся: гэта Антон Валеревіч Вітушынскі, ён пажыве ў нас крыху. Ён мой пацыент, я нейкі час буду даглядаць яго.

 Вельмі прыемна!  дзяўчына ўважліва паглядзела Вітушынскаму ў вочы.  Серж, што ж ты не папярэдзіў, што прыедзеш не адзін? І я зусім-зусім не падрыхтава-аная

 Так атрымалася, даруй,  Скарына пацалаваў сястру ў шчаку. Скіраваўшыся ў дом, ён запытаўся: Дык што ж табе расказвала гэтая старая пляткарка, якой не сядзіцца дома? Здаецца, у яе ў жыцці такі дэвіз: «Не пакінь без нагляду ні блізкага свайго, ані жонкі ягонай, ані каня ягонага, ані вала ягонага».

 Ах, Серж, ты несправядлівы да яе: жанчыне проста вельмі сумна. Вось яна і заходзіць да мяне пагаварыць, па-суседску  Дзяўчына паспрабавала пакрыўдзіцца, але, відаць, доўга маўчаць і крыўдаваць папросту не ўмела: Яна казала, што каля суседніх дамоў надоечы бачылі нейкага падазронага бадзягу. Нейкі ён страшны, казала, звыродлівы. І паводзіць сябе дзіўна: нібы нешта выглядае ўвесь час можа, скрасці што хоча. А я тут акурат пераглядала старыя рэчы: вопратку, абутак і ўбачыла, што некуды зніклі боты. Памятаеш, такія чорныя, старыя, гумовыя? Яны былі велікаватыя нават табе

Доктар адказаў, што не памятае, дый нявартыя ўвагі старыя боты, якія некуды згубіліся:

 Займіся, калі ласка, абедам. А я пакуль пакажу нашаму госцю бібліятэку: ён цікавіцца ўсялякай старасветчынай.

 Ну вядома, жаночая справа займацца кухняй. А мужчыны тым часам будуць гаварыць свае разумныя размовы пра высокія матэрыі, Алена ўсурёз укрыўдавала.

* * *

Бібліятэка Скарыны сапраўды ўражвала. Вітушынскаму падалося, што ён трапіў у пячору Алі-Бабы. Толькі заміж перлінаў, золата, срэбра, смарагдаў і дыяментаў тут былі кнігі. Томікі, тамы, тамішчы Здавалася, тут ёсць кнігі з усіх галінаў веды: фізіка, хімія, астраномія, гісторыя, багаслоўе, філасофія, біялогія, геаграфія. Найбольш выданняў, вядома, было па медыцыне. Некалькі паліцаў займалі мастацкія творы. Цёмныя карэньчыкі, пацёртыя вокладкі, месцамі бліскае нявыцвілае золата літараў Асобная шафа адводзілася пад інкунабулы і старадрукі захоўваліся ў Скарыны і такія цікавосткі.

Доктар пакінуў Вітушынскага сам-насам з кнігамі, спаслаўшыся на тое, што яму неабходна дапамагчы сястры. Антон з гэтай нагоды не пераймаўся: яму было дастаткова бібліятэкі. Спярша ён абышоў пакоі ўздоўж сценак, проста аглядаючы палічкі. Кнігі былі расстаўленыя па тэматыцы: геаграфія не блыталася з гісторыяй, філасофія з хіміяй, медыцына з фізікай. Суседзілі тут выданні расійскія з нямецкімі, ангельскія з французскімі, лацінскія з грэцкімі, польскія з іспанскімі. У невялікай колькасці трапляліся кнігі беларускія ды літоўскія. Запомніўшы прыблізны парадак размяшчэння кніг, Вітушынскі падышоў да шафы з старадрукамі. Узяў адну наўгад, раскрыў рукапісная. Старадаўні аўтар ці перапісчык старанна выводзіў літаркі ў кожным слове. Чытаць, аднак, усё ж было цяжкавата: шматлікія скарачэнні ды састарэлыя словы перашкаджалі лёгка ўспрымаць напісаны тэкст. Божае імя, як вялося ў такіх рукапісах, пісалася скарочана, пад значком-цітлам, аднак паўсюдна пазначалася чырвонай фарбай. На глосах там-сям сустракаліся тлумачэнні замежных словаў. А вось малюнкі адсутнічалі зусім.

«Заклінаем ця, стварэнне солі, у імя Айца Уседзяржыцеля, дабраславеннем Госпада нашага Ісуса Хрыста і сілаю святога Духа. Заклінаю ця Богам жывым, іжэ ця дзеля патрэбы чалавечае сатварыў ёсць: будзь усім верным, хто спавжываеця, на здароўе душы і цела, і хай пазбегне і адыдзе ад цябе ўсялякае зло і ліслівасць дябальская і ўсялякая шкодная ўлада, на цябе ад паслугачоў шатанскіх наведзеная. Дзеля таго молімся: Госпадзе, Божа наш, хай тое стварэнне солі ў імя Святое Тройцы сатворыцца выратавання душы тайна. Ты, Госпадзе, свенцячы пасвенці, бласлаўляючы блаславі, усім, хто прымае яе, спраўнае лекаванне ва ўтробе іхнай хай бу дзе. У імя Госпада нашага Ісуса Хрыста, іжэ прыйдзе судзіці жывых, і мёртвых, і свет агнём. Амэн».

Ясна, тут замовы на ўсялякія выпадкі жыцця. Будзем лічыць гэты рукапіс умоўна «медычным».

Вітушынскі зірнуў на гадзіннік. Божачкі, ён тут ужо ладныя паўгадзіны гуляе вакол кніжных паліц, а там, мабыць, яго чакаюць на абед. Паспее яшчэ вярнуцца да кніг: доктар жа абяцаў яму колькі дзён гасцявання. Ён выйшаў з бібліятэкі, пайшоў у бок веранды, дзе абяцалі накрыць абедзенны стол.

Там было яшчэ пуста. Толькі доктар Скарына сядзеў каля акна ў крэсле-качалцы з газетай у руках.

 Ранавата вы вярнуліся, Антон Валеревіч. Ах, не хацелі прымушаць, каб вас чакалі Што ж, тады пачакаць давядзецца вам. Вось-вось павінен падысці яшчэ адзін наш кампаньён мой асістэнт, Шумскі Уладзімір Уладзіміравіч. А я пакуль вось чытаю свежую газету. Нашу павятовую «Камуністычны шлях». Пішуць, што неўзабаве нас чакае навіна: плануюць каля горада пабудаваць ільнозавод. Хоць будзе які занятак сённяшнім беспрацоўным.

У гэты момант на веранду ўвайшла Алена Скарына разам з маладым чалавекам. Валасы на яго галаве адсутнічалі: чэрап быў акуратна паголены, нібы маладзён усё яшчэ жыў у мінулай вайне з яе невыводнымі вошамі, тыфусам і іспанкай.

Доктар задаволена прагаварыў:

 А вось і наш Уладзімір Уладзіміравіч. Знаёмцеся, гэта мой персанальны госць Антон Валеревіч Вітушынскі. Ён нейкі час будзе жыць у нас. Сядайце за стол, нешта мы і так прыпазніліся сёння.

 Ну што ты зноў мяне ганяеш? Нібыта я вінаватая ва ўсім  Алена цяжка ўздыхнула і з немай мальбой паглядзела на Антона. Яму падалося, што ў дзявочых вачах бліснулі слёзы незаслужанай крыўды.

Тым часам Вітушынскі з Шумскім паціснулі адзін аднаму рукі і прадставіліся. Антон звярнуў увагу на дзіўнаваты акцэнт у гаворцы новапрыбылага: ён гаварыў, заўважна расцягваючы свісцячыя. З-з-з, с-с-с, ц-с-с загулі ў паветры пагрозлівыя авадні.

 Паслухайце, тут такі артыкул ёсць. Магчыма, Аленачка, гэта якраз пра твайго падазронага бадзягу: «Учора каля рынку затрымалі падазронага чалавека. Пры спробе затрымання ён пачаў страляць. Паказаўшы ўзор мужнасці, супрацоўнікі Аршанскага акруговага аддзелу міліцыі В. і М. затрымалі злачынцу. Ім выявіўся вядомы палітычны бандыт Гозіюш, вядомы таксама як атаман Вецер. Апошнія месяцы менаві та яго банда ўчыніла дзёрзкі напад на валасное праўленне ў Пугляях, дзе скрала валасную касу. Мяркуецца, што Гозіюша бліжэйшым часам адправяць у Менск, дзе расследаваннем поўнага спісу яго чорных злачынстваў зоймуцца жалезныя рыцары АДПУ». Бачыш, Леначка, можаш цяпер не баяцца нічога. Будзем абедаць?

 Ой, не кажы! Жахі якія!  Алена зазірнула брату праз плячо.  А вось тут бачыш, што пішуць: «У вёсцы Браздзечына невядомыя бандыты напалі на мясцовага сялькора і актывіста Паўла Верасніцына. Яго моцна збілі на ва чах сямі, прыгаворваючы, што цяпер сялькор павінен пісаць пра Саветы без камуністаў. Верасніцын патрапіў у больніцу. Супрацоўнікі акруговайміліцыі падазраюць, штона яго напала банда Моніча». А ты кажаш не баяцца

На абед падалі мяса па-французску, гарнірам да яго была фасоля, перамяшаная з смажанай цыбуляй ды маслам. Размова, аднак, не клеілася. Шумскі сказаў, што з самага ранку нядобра пачуваецца і зусім не мае апетыту. Ад прапанаванай Скарынам чаркі аперытыву для апетыту адмовіўся.

Неўпрыкмет за сталом размова пайшла пра старажытнасці. Завёў гаворку Скарына, спытаўшыся ў Вітушынскага, ці знайшоў той што-небудзь цікавае ў бібліятэцы.

 Вельмі багатая і разнастайная калекцыя кніг,  зазначыў Антон.  У мяне склалася ўражанне, што іх падбіралі не адно пакаленне. Верагодна, нават не два і не тры.

 Так, у нас у сямі даўняя любоў да кнігі. Як юдэі называюць сябе народам Кнігі, так мы можам назваць сябе родам Кнігі.

Скарына крывавата пасміхнуўся. Вочы ягоныя, аднак, заставаліся сурёзнымі і засяроджанымі. Пацягнуўшы з сподка карнішон, ён казаў далей:

 Зрэшты, калі працягваць нашую ранішнюю гаворку, то варта зазначыць, што без Еўропы, без немцаў не было б не толькі нашага роду Кнігі. Не было б значна большага славянскага кнігадруку.

 Гэта вы пра Гутэнбергава вынаходства?  да гаворкі з відочнай неахвотай і скепсісам далучыўся Шумскі.

 Не толькі. Можаце згадаць сюды ж, да кучы, яшчэ першага друкара, які пачаў выдаваць свае кнігі кірыліцай,  немца Швайпольта Фіёля. Калі не памыляюся, выходзілі тыя выданні ў Кракаве, недалёка ад нас. Адсюль і ўзнікае пытанне наконт вашае зацікаўленасці беларускім: ці магчыма вывучаць беларускую культуру (падкрэсліваю: усялякую культуру хоць духоўную, хоць матэрыяльную) у адрыве ад Заходняй Еўропы? Нават кнігадрук гэта найперш тэхналогія, а не духоўны прарыў. А тэхналогіі да нас спрадвеку прыходзілі з Захаду. Нездарма ў нашай бібліятэцы, як вы маглі заўважыць, так мірна суседзяць распоўзлы, круглы славянскі алфавіт з рэзкай, спічастай гатычнай лацінкай.

Назад Дальше