Гісторыі ў прыцемках (зборнік) - Зміцер Дзядзенка 5 стр.


 Зрэшты, калі працягваць нашую ранішнюю гаворку, то варта зазначыць, што без Еўропы, без немцаў не было б не толькі нашага роду Кнігі. Не было б значна большага славянскага кнігадруку.

 Гэта вы пра Гутэнбергава вынаходства?  да гаворкі з відочнай неахвотай і скепсісам далучыўся Шумскі.

 Не толькі. Можаце згадаць сюды ж, да кучы, яшчэ першага друкара, які пачаў выдаваць свае кнігі кірыліцай,  немца Швайпольта Фіёля. Калі не памыляюся, выходзілі тыя выданні ў Кракаве, недалёка ад нас. Адсюль і ўзнікае пытанне наконт вашае зацікаўленасці беларускім: ці магчыма вывучаць беларускую культуру (падкрэсліваю: усялякую культуру хоць духоўную, хоць матэрыяльную) у адрыве ад Заходняй Еўропы? Нават кнігадрук гэта найперш тэхналогія, а не духоўны прарыў. А тэхналогіі да нас спрадвеку прыходзілі з Захаду. Нездарма ў нашай бібліятэцы, як вы маглі заўважыць, так мірна суседзяць распоўзлы, круглы славянскі алфавіт з рэзкай, спічастай гатычнай лацінкай.

 Але ж нават з-пад напластавання заходніх цывілізацыйных набыткаў можна паспрабаваць вылучыць уласна беларускія карані, паспрабаваў запярэчыць Вітушынскі.

 Ды кіньце вы дурное!  Скарына адмахнуўся, нібы ад надакучлівай мухі. Гэта ўсё казачкі для прафанаў. Вось Ластоўскі, які сядзіць у Коўне, у сваім часопісе «Крывіч» таксама ўсё прапануе такія тэорыі пра беларусаў як самую чыстую славянскую нацыю, якая не зазнала моцнага чужынскага ўплыву.

 Дык а хіба ён не мае рацыі?  Шумскага зачапіў безапеляцыйны тон Скарыны. Колішняй абыякавасці ў паглядзе ўжо не адчувалася.

 Гледзячы ў чым. Калі даследаваць чысціню крыві, то для гэтага пакуль мала звестак. Магчыма, што тут ён і не памыляецца: беларусы самая чыстая з славянскіх нацыяў. Магчыма Але што тычыцца культуры і цывілізацыі, дык тут я толькі паўтаруся: кім бы мы былі без уплываў як з Захаду, так і з Усходу? Вы згадайце хіба толькі тое, што грамату для славянаў прыдумалі грэкі Кірыла і Мяфод. Нашыя продкі, можа, на той час і не былі абсалютнымі дзікунамі, але ўсё ж мала ад іх адрозніваліся.

Для Вітушынскага ягоныя словы гучалі калі не абсалютнай ерассю, то прынамсі досыць дзіўным цверджаннем. Але пакуль што ён не мог знайсці ў вычварнай логіцы Скарыны слабога месца. А так хацелася знайсці і ўдарыць. З усяе моцы. Самымі забойчымі аргументамі.

 Ну вось, пра жанчыну ніхто і не думае: завялі сваю катрынку пра навуку ды вынаходствы,  Алена спрабавала ўвязацца ў размову.  Ясна, што ў нас шмат чужога, прывезенага. Нават мяса, і тое гатуецца па-французску!

Тым часам Скарына, не зважаючы на сестрыны словы, працягваў:

 Вось і атрымліваецца, што без замежных уплываў мы самі па сабе нічога не можам паказаць. Няма ў нас нічога свайго.

Вітушынскі, які спярша хацеў падтрымаць Алену якім-небудзь жартам, ад доктаравых словаў завёўся і адказваў ужо яму, абмінаючы ўвагай дзявочую рэпліку:

 Але ў такім разе мала хто можа паказаць нешта сваё: французы пазычалі ідэі ў італьянцаў, немцы у ангельцаў. Чаго варты быў бы французскі Рэнесанс без італьянскага? Ці быў бы магчымы нямецкі пратэстантызм без таго выпадку, калі брытанскі кароль абвясціў сябе кіраўніком англіканскай царквы?

 Дык і я ж пра тое вяду гаворку,  Скарыну відавочна забаўляла тэма.  Мы не можам разглядаць нашую гісторыю ў адрыве ад еўрапейскай ад яе ўплываў, ад яе падзеяў.

Антон набычыўся і прывёў аргумент, які падаваўся яму важкім і неаспрэчным:

 Аднак жа не варта механічна пераносіць на нас іх падзеі. Напрыклад, рэлігійныя войны, якія скаланалі Еўропу, нас не закранулі. Не было ж у нас такой Баўтрамеевай начы, падчас якой у Парыжы кроў залівала вуліцы!

 Ці дакладна вы гэта ведаеце? А калі я дакажу вам іншае?  з твару доктара не сыходзіла скептычная самаўпэўненая ўсмешка.  Гісторыю пра Язафата Кунцэвіча ведаеце? Яго ж проста не пускалі ў гарады: у Магілёве і Воршы з гарматаў стралялі, каб не заехаў уніяцкі казаннік у горад. І што гэта, на вашу думку, калі не рэлігійная вайна? А такіх прыкладаў безліч. Кунцэвіч хіба што самы вядомы і самы вымоўны. Былі ж яшчэ і выгнанні з цэркваў, смяротныя бойкі паміж уніятамі й праваслаўнымі. Вы мне скажаце пра дыспуты. Канечне, было і такое. Але хіба не тое ж самае з дыспутамі і адначаснымі крывавымі закалотамі дзеялася ва ўсёй Еўропе? Магу вам нагадаць толькі, што забойства Кунцэвіча гэта гадоў праз сорак пасля Баўтрамеевай начы і гадоў за дваццаць да аблогі Ля-Рашэлі. Немцы гэтым часам рэжуць адзін аднаго ў Трыццацігадовай вайне, у ангельцаў выспявае антыманархічная рэвалюцыя

Задаволены сваімі аргументамі, Скарына адкінуўся на спінку крэсла.

 Але цяпер жа ў нас не так, як у Еўропе,  Вітушынскаму ўсё ж карцела настаяць на сваім.

 Чаму вы так упэўнены ў гэтым?  Скарыну, здаецца, нават здзівіў факт, што нехта імкнецца аспрэчыць ягоныя тэзісы. Ён выцер насоўкай лоб і працягваў: Мы цяпер жывём паводле дактрыны Карла Маркса, народжанай у Нямеччыне. Канцэпцыі, на якіх спрабуюць збудаваць сваю дзяржаву тыя ж чэхі, палякі ці балгары,  таксама карэняцца ў Заходняй Еўропе: ідэя нацыянальнай дзяржавы прыйшла да нас адтуль, і досыць нядаўна. Зрэшты, і ў саміх французаў альбо ангельцаў яна выкрышталізавалася параўнальна не так даўно гадоў трыццаць-сорак. Час пакажа, наколькі гэта жыццяздольная ідэя.

 Думаю, вельмі разумная, прадуктыўная і жыццяздольная. Гэта прызнала нават новая ўлада: нездарма ж яна правяла ўзбуйненне Беларусі!  выдыхнуў Шумскі з відавочным раздражненнем. Вітушынскаму зноў драпнула слых вымаўленне Шумскага.

Алена яўна ўстурбавалася тым, які кірунак атрымала гутарка. Было відаць, што яна сумнявалася, ці варта дазваляць мужчынам спрачацца далей. Спрабуючы перавесці размову на іншае, яна ціха заўважыла брату, што, магчыма, злоўлены бандыт усё ж не той бадзяга, пра якога распавядала суседка:

 Але я пабойваюся. Раптам ён не адзін такі тут хадзіў? Лепш за ўсё, відаць, будзе пільнавацца ўсякіх чужых

Вітушынскі адчуваў сябе госцем, таму прыціх, як мыш пад венікам, і з падрабязнымі роспытамі наконт бібліятэкі не лез. Але ж карцела! Так карцела, што аж язык свярбеў. Толькі пры канцы абеду, калі перайшлі да кавы (сапраўднай!), ён запытаўся, адкуль у доктара такі скарб у бібліятэцы.

 Доўгая гісторыя. У нашай сямі здавён кнігі збіраюць і перадаюць у спадчыну. Хадземце ў бібліятэку, я вам раскажу адну гісторыю.

Калі яны выходзілі, Антон краёчкам вока пабачыў: Алена задуменна глядзіць ім услед, злёгку пакусваючы вусны.

* * *

Ведаеце, маім далёкім продкам быў Францішак Скарына. Так-так, той самы Скарына, першадрукар. Як бачыце, род мой спрадвеку жыве ў гэтых краях. Хоць і вандруе пакрысе, але прынамсі, застаецца ў адной мясцовасці, не пакідае яе.

І нават можна сказаць, што ў нас склалася своеасаблівая сямейная традыцыя быць дактарамі. Толькі продак мой спецыялізаваўся больш у сваіх сямі вольных навуках, а я Наша эпоха патрабуе больш вузкай спецыялізацыі. Але я, зрэшты, не пра тое збіраўся расказваць

Прапрапрадзед мой, як ведаеце, кнігі свае пачаў друкаваць у Празе. У нас, у Вільні, ён выдрукаваў толькі «Малую падарожную кніжку» у гонар гэтага акурат пару гадоў таму адзначалі 400-годдзе беларускага друку. Мяне нікуды на святкаванні не запрашалі, але я не крыўдую. Напэўна, я б сам адмовіўся, нават калі б і запрасілі: не хачу быць недзе ў ролі вясельнага генерала. Маёй жа заслугі ў тым, што маю славутага продка, ніякай няма.

Як кажуць нашыя сямейныя паданні, доктар Скарына быў чалавекам шырокіх поглядаў. Папаездзіўшы па розных краях, убачыў ён безліч самых розных людзей. Проста здурэць можна, калі падумаеш, з якімі прайдзісветамі і мудрацамі ён сустракаўся. У Празе ён звёў знаёмства з тамтэйшым кабалістам рэбэ Аронам. Не прыкладу галавы, як яму ўдалося паразумецца з тым рабінам: габрэі тады жылі даволі адасоблена, самі па сабе, сваім кагалам што ў нас, што там. Думаю, тут уся штука была якраз у перакладзе Бібліі на старабеларускую, які рабіў прашчур Францішак. Рабін Арон блізка сышоўся з ім. Яны сталі такімі сябрамі, што стары пражскі кабаліст дапамог полацкаму доктару пачаць сваю справу. Думаю, вялося тут не толькі пра грашовыя гешэфты, хаця, відаць, і без іх абысціся ніяк не магло: Францішак, хоць і меў бацьку-купца, наўрад ці здолеў бы пачаць друкарскую справу на чужыне з нуля. Як кажа легенда, рэбэ Арон дапамог нашаму продку больш істотна: ён зрабіў для яго голема.

Вы чулі гэтую старую пражскую легенду пра чалавекападобную істоту, злепленую з гліны на ўзор таго, як Госпад Бог зляпіў першага чалавека? Ніколі? Вы ж адукаваны чалавек! Хаця ў наш час у такія легенды ніхто не верыць, але вы ж, я бачыў, цікавіцеся старасветчынай Ах, значыць, толькі сваім, беларускім Ну нічога, гэта ў вас хутка праміне! Як толькі пачняце ўнурацца ў тэму, дык убачыце, што без шырокага агляду ўсё адно нічога вартага ў вас не атрымаецца. Давядзецца знаёміцца ну хаця б павярхоўна!  з іншымі культурамі, з суседнімі народамі. Вы пабачыце, як багата ў нас падобнага, ды што там аднолькавага, супольнага!

Назад Дальше