Напэўна, гэта не самае лепшае месца для размовы. Ці не будзеце так ласкавы, каб зайсці? Дзядок паказаў на дзверы сваёй крамы.
Бася і Міхал спешна рушылі за ім. Прайшоўшы праз невялікую паўзмрочную залу, пан Альбрыхт падвёў іх да вузкіх дзвярэй. «Няўжо гэта тая ж самая крама?» мільганула ў Басінай галаве. Як толькі яны зайшлі ў кабінет, стары зачыніў дзверы і, запрасіўшы гасцей прысесці, сам уладкаваўся ў вялікім крэсле і сказаў:
Безумоўна, мадэмуазэль, я меркаваў, што вы пацікавіцеся і зазірнеце ў люстра. Таму і прапанаваў вам павесіць яго ў сябе на нейкі час. Але не думаў, што вы будзеце настолькі безадказная і застанецеся тут, не паспеўшы вярнуцца да таго, як люстра зачыніцца!
Але вы ж мяне ні пра што не папярэдзілі! абурылася Бася.
Так, але толькі ўявіце: калі б я вам хаця неяк намякнуў, што люстра вядзе да мінулага, кім бы вы мяне палічылі?
Дзяўчынка хмурна паглядзела на яго.
Я хачу дамоў, ціха прамовіла яна.
Я разумею, мадэмуазэль Барбара. Але, на жаль, такім цікаўным асобам, як вы, прыйдзецца правесці тут больш за паўгода.
Колькі?! у адзін голас усклікнулі Бася і Міхал.
Так, маладыя людзі. Менавіта так больш за паўгода.
Ну як жа?! у дзяўчынкі па шчоках пабеглі струменьчыкі слёз. Я не магу тут так доўга быць! Мне трэба дадому. Да матулі і татулі.
На жаль, мадэмуазэль, люстра не адчыняецца па першым жаданні. Гэта вам не вясёлы турыстычны шпацыр у мінулае. Для таго, каб даведацца, калі зявіцца праход, трэба правесці найскладанейшыя матэматычныя разлікі, якія звязаны са шматлікімі фактарамі і ўмовамі адчынення люстра. Таму вашаму спадарожніку выпадае цярпець вас некаторы час.
Засмучаная Бася кіўнула.
А чаму ж усё так складана? спытала яна.
Я бы з радасцю вам усё распавёў зараз, мадэмуазэль Барбара, але я крыху заняты і чакаю аднаго чалавека, з якім мне трэба заключыць надта важную ўгоду. Таму я буду чакаць вас тут у любы іншы дзень. Спадзяюся, што вам цікава даведацца пра люстра больш падрабязна. Дарэчы, а чаму вы ў мужчынскім адзенні? запытаўся стары.
У мяне не аказалася жаночага, патлумачыў Міхал. Таму давялося пераапрануць Басю хлопчыкам.
Ах, вось яно што, працягнуў стары. Тады будзьце асцярожныя ёсць рызыка, што нехта здагадаецца. А калі гэта здарыцца, дык мадэмуазэль Барбара можа апынуцца ў небяспецы.
Ужо здагадаліся, уздыхнула дзяўчынка.
Хто? занепакоіўся пан Альбрыхт.
Карміцелька Міхала.
Ну што ж, не думаю, што карміцелька можа ўяўляць нейкую небяспеку для вас, усміхнуўся стары.
Не, што вы! упэўніў яго Міхал. Наадварот, Бася ёй, відаць, надта спадабалася. Юнак паружавеў, узгадаўшы сваю ранішнюю размову з карміцелькай.
Але тым не менш, зрабіўся сурёзным дзядок. На вас, малады чалавек, зараз вялікая адказнасць за мадэмуазэль. Калі ласка, беражыце яе. А то бачыце, якая яна ў нас стары спыніўся, падбіраючы правільнае слова, непрыстасаваная.
Гэта я непрыстасаваная?! пакрыўдзілася дзяўчынка. Пан Альбрыхт толькі мякка рассмяяўся.
Вам ужо час ісці, сказаў ён. Прыходзьце, мадэмуазэль, я буду вас чакаць.
Міхал і Бася ўзняліся і накіраваліся да дзвярэй, але тут дзяўчынка нешта ўзгадала і павярнулася да старога:
Пан Альбрыхт, а колькі часу пройдзе ў мяне дома?
У розных вымярэннях час ідзе неаднолькава, але, паводле маіх першапачатковых разлікаў, у вас дома пройдзе не больш за пяць-шэсць дзён.
Мае бацькі зехалі на тыдзень. Калі іх не спалохае, што я не падыходжу да тэлефона, і яны не вернуцца раней, то я, мабыць, і паспею.
Ну што ж, заўжды трэба спадзявацца на лепшае. Да пабачэння.
Да пабачэння, развіталіся Міхал і Бася і пайшлі з кабінета старога.
Апусціўшы галовы, яны абодва крочылі па вуліцы.
Самае галоўнае не адчайвацца, паспрабаваў падбадзёрыць дзяўчынку Міхал. Неяк зладзімся.
Ага.
Бася журботна ўздыхнула. Раптам яна пачула пах свежай здобы і, пашукаўшы вачыма, убачыла хлапчука, які гандляваў піражкамі.
Міхал, давай піражкоў купім, жаласна папрасіла дзяўчынка.
Навошта? Ты ж паснедала.
Што? Я паснедала? ушчэнт абурылася Бася. Ты ж не даў мне паесці! Добра яшчэ, што твая карміцелька добрая і міласэрная жанчына дала мне кавалачак хлеба. А так я, ведаеш, якая галодная?
Ну добра-добра, куплю я табе піражок. Толькі не крычы так, папрасіўся Міхал і, кінуўшы гандляру дробную манету, узяў з латка два сабе і Басі.
Ну добра-добра, куплю я табе піражок. Толькі не крычы так, папрасіўся Міхал і, кінуўшы гандляру дробную манету, узяў з латка два сабе і Басі.
Ён працягнуў дзяўчынцы піражок і, пакуль яна падазрона абнюхвала яго і разглядала, зеў свой. Бася асцярожна адкусіла маленькі кавалачак і зморшчылася.
Смак у вашых піражкоў нейкі дзіўны, пераборліва сказала яна.
Не ведаю, піражок як піражок, паціснуў плячыма Міхал і, выхапіўшы ў Басі з рук ежу, адкусіў вялізны кавалак.
Міхал! крыкнула яна, не чакаўшы ад яго такой нахабнасці.
Што? здзівіўся юнак, запіхваючы ў рот кавалак, які застаўся.
Я не казала, што не буду есці! Міхал задушыўся і пачаў кашляць.
Выбачай, прамямліў ён. Ну, усё роўна мы хутка вернемся дадому і будзем есці.
Дурны! раззлавана прабурчала Бася.
Не дурны, а твой пан!
З чаго гэта? здзівілася дзяўчынка.
Памятаеш, што карміцелька сказала, калі я паведаміў, што ты пакуль будзеш пры мне? Маўляў, пан Міхал абзавёўся пажам, зарагатаў юнак, відавочна задаволены сваім недарэчным жартам.
Знайшоўся пан! Бачыла я такіх паноў, убок прамармытала дзяўчынка.
Што ты там кажаш? гучна спытаў Міхал.
Што пан самы разумны і храбры! смеючыся, усклікнула Бася.
Ну, бачыш, вось ты і развесялілася, юнак узрадваўся, што дзяўчынка кінула супіцца.
Але піражок і стужкі я табе ўсё роўна не дарую! паабяцала яна.
Міхал толькі хітравата ўсміхнуўся.
Вярнуўшыся дадому і паабедаўшы, яны пайшлі наверх, і юнак паказаў Басі пакой, у якім яна будзе жыць. Усё агледзеўшы, дзяўчынка прысела на века куфра, у які яны згрузілі ўвесь набыты сёння скарб, і склала рукі на грудзях, робячы выгляд, што ўсё яшчэ крыўдзіцца на Міхала. Ён прысеў побач і, злёгку штурхануўшы яе ў бок, паклікаў:
Бася.
Н-ну? незалежна прамовіла дзяўчынка.
Глядзі, юнак працягнуў ёй танюткую, сплеценую з залатых нітак сетачку для валасоў.
Ой, гэта мне? пралапатала Бася.
Ага. Гэта лепшае за стужкі і грабянькі?
Зразумела! Дзякуй, Міхалачак, вялікі табе дзякуй! засакатала яна, але ў наступную ж хвіліну зноў засумавала.
Што з табой? здзівіўся юнак.
Як жа я буду яе насіць, калі ты мне ўсе валасы абцяў? спытала Бася.
Ну, я думаю, што да таго часу, як табе яе насіць, яны ўжо вырастуць, супакоіў яе Міхал і ўсміхнуўся, задаволены тым, што здолеў пацешыць сваю госцю.
Раздзел 5
Басі так карцела хутчэй даведацца, чаму яна не можа вярнуцца дадому, што на другі ж дзень яна папрасіла Міхала завесці яе да пана Альбрыхта. Юнак згадзіўся. Яму трэ было ісці на службу, таму ён папярэдзіў дзяўчынку, што можа затрымацца да позняга вечара, і дамовіўся, каб яна пачакала яго ў старога.
Калі яны ўвайшлі ў краму, то ўбачылі, як пан Альбрыхт гандлюецца з кімсьці з пакупнікоў. Дзяўчынка памахала купцу рукой. Заўважыўшы яе, стары паклікаў памагатага, каб той заняўся пакупніком, а сам, кіўнуўшы ў бок ужо знаёмых дзвярэй, накіраваўся да свайго кабінета. Міхал і Бася паспяшаліся за ім.
Павітаўшыся, стары сказаў:
Я так і думаў, што вы прыйдзеце сёння. Зрэшты, ваша нецярплівасць зразумелая. Прысаджвайцеся!
Мне трэба ісці на службу. Можна Бася застанецца ў вас, пакуль я не вярнуся? спытаў юнак.
Вядома, адказаў стары. Мне шмат чаго трэ будзе распавесці мадэмуазэль. Не турбуйцеся, нудзіцца ў яе не будзе часу.
Міхал кіўнуў. Ён развітаўся з Басяй і купцом і пайшоў.
Размяшчайцеся, мадэмуазэль, паўтарыў стары.
Бася прысела на нізенькую лавачку і падрыхтавалася слухаць.
Напэўна, вы надта здзівіцеся, мадэмуазэль, калі даведаецеся, што я нарадзіўся ў XVI стагоддзі, сказаў дзядок.
Ад нечаканасці Бася зехала на падлогу.
Як гэта магчыма? апамятаўшыся, усклікнула яна і зноў залезла на лавачку.
Дзядок усміхнуўся:
Так, я сапраўды нарадзіўся ў XVI стагоддзі. Калі мне было прыкладна столькі ж гадоў, як вам зараз, бацька паклікаў мяне да сябе. Ён распавёў, што наш род ужо даволі даўно захоўвае таямніцу люстраў. Выявілася, што і мой бацька, і мой дзед ледзь не ўсё жыццё правялі ў даследаваннях іх уласцівасцяў. Рэч у тым, што кожнае люстра здольнае паказваць свае Успаміны, а іншы раз і ўпусціць у іх чалавека. Але не трэба думаць, што гэтыя Успаміны бесцялесныя. Не, гэта пэўны адрэзак часу ў гісторыі чалавецтва. Гэта як паралельны свет. Каб трапіць у яго, трэба правесці найскладанейшыя даследаванні і разлікі. Для таго, каб люстра зрабілася мостам паміж двума вымярэннямі, павінны супадаць месца, гадзіна, размяшчэнне планет і фаза Месяца. У паралельных вымярэннях час ідзе неаднолькава. Калі ў адным прайшло ўсяго толькі некалькі хвілін, у другім прайшоў цэлы век. Але калі ў двух вымярэннях усё супадае, то тады яны нібы дакранаюцца адзін да аднаго, час замірае і скрозь люстра можна патрапіць у іншы свет. Не кожны можа зрабіць гэта. Люстра само абірае чалавека. Калі ж усё-такі яно адчынілася, дык трэба быць надта асцярожным. Толькі маленечкая хмарка наплыве на месяц і люстра адразу зачыняецца. Каб вярнуцца дадому, неабходна прачакаць шмат часу, пакуль яно адчыніцца зноў. Нярэдка бывала так, што людзі з ХІХ ці ХХ стагоддзя знянацку траплялі ў Сярэднявечча. Там яны намагаліся распаўсюджваць ідэі свайго часу. Тады іх лічылі ці геніямі, ці ерэтыкамі. І тады іхні лёс быў маркотны. Дарэчы, мадэмуазэль Барбара, я настойліва вам рэкамендую не казаць шмат пра ХХІ стагоддзе і не спрабаваць сеяць ідэі, уласцівыя вашаму часу.