Дурняў друкуюць пры жыцці, а варятаў і пасля смерці.
Я пазычыў пугу і цяпер шторанак выганяю аблокі на пашу. З пугаю на плячы я пільную далягляд, каб якая хмарка не вылузнула за небакрай. А ноччу, калі людзі і аблокі паснуць, я запальваю газнічку і, падхапіўшы матыля на гусінае пёрка, сягаю ў мроі. Аднак і там, лунаючы, я ніколі не забываюся на межы дазволенага апошнімі пастановамі ўрада. Яшчэ на падысподзе небяспекі я абрываю матылю крылы, бо дырэктар выдавецтва мусіць быць пэўны, што ад майго розуму яму не прыбудзе лішняга клопату. Вось чаму мне вельмі не падабаецца, калі сёй-той на вёсцы кажа: бачыш, які разумны ў Васіля сын. Мы з паперай за хлеў ходзім, а ён з яе грошы робіць
Не, не трэба лічыць мяне лішне разумным. Ніхто не ведае, як яно далей абернецца, а я хачу сваёй смерцю памерці і на бацькаўшчыне а не заўчасна на паўночных скразняках.
Што да астатняга, то справы ў мяне каб лепей дык навошта. Хутка пабачыць свет мая першая кніжка. Я назваў яе «Ідыёцтва». Рэдактар, які працуе над маім рукапісам, ставіцца да мяне памяркоўна, але ён катэгарычна адпрэчвае назву. Я не пераканаў яго нават тады, калі згадаў, што ў Хведара Дастаеўскага ёсць раман «Ідыёт».
То ідыёт, а то ідыёцтва, магчыма і слушна запярэчыў рэдактар.
Вядома, мне шкада такой харошай назвы, але ж я не дурань які, каб надта ўпарціцца. І вы таксама на вокладку не звяртайце ўвагі. Бывае, на плоце слоўка з трох літараў прачытаеш, а насамрэч за плотам папілаваныя дровы ляжаць
Показкі
Вырай
Аднойчы Той, хто ўсё можа, паклікаў да сябе нашых хлопцаў і кажа:
Надта вы разумныя, хлопцы. І гэта вам не падабаецца, і тое не ў смак. Апрыкла мне слухаць дурную лаянку. Давайце свае прапановы, а потым паглядзім, ці добра будзе.
Пачалі хлопцы выдумляць. Адзін пра кісельныя берагі, другі пра малочныя рэкі, трэці пра гаючую ваду ў кожнай студні. А чацвёрты кажа: каб нічога не хацелася!
Вярнуліся хлопцы ў вёску, а там ужо баль як гай шуміць. Дзень шуміць, два гудзе, сто год не спыняецца. Стрэхі з хат паабвальваліся, на дарогах пушча вырасла, а мы і гора не ведаем. І так нам добра, што словам не выказаць. Таму на мову сталі забывацца і рохкаць пачалі.
Але яшчэ лепей было чацвёртаму. Ён нават да ветру не меў патрэбы хадзіць, бо і гэтага не хацелася.
Цяпер ужо цяжка сказаць, калі тая выгода скончылася. Толькі аднойчы Той, каму да ўсяго ёсць справа, выглянуў з-пад хмурынкі і пытаецца:
Ці добра вам, хлопцы?
А мы маўчым, бо ўжо ад слоў адвыклі, а рохкаць перад чужым сорамна.
Тады ён мацней:
Ці добра вам, пытаюся?
Перапалохаліся мы і, напэўна ад страху, загаманілі па-людску:
Ой, не, пагана нам.
Дык якога ражна вам яшчэ патрэбна?
Вярні былое, просім.
Вярнуў і не шкадуючы. Даведаліся пра нас у іншых месцах, расцярэбілі на зарослых дарогах пушчу, і сышліся сюды валацугі, жабракі ды недалэнгі з усяго свету. Патапталі кісельныя берагі, выпілі ўсё малако з рэчкі, вычарпалі гаючую ваду з калодзежаў і пайшлі сабе Нічога нам не пакінулі, акрамя дарогі цераз пушчу.
Пагаравалі мы, ды няма чаго рабіць. Ускінулі на плечы таго, які нічога не хацеў, і пакіравалі за прыхаднямі ў свет. Толькі недалёка адышліся, бо раптам той, што ўладкаваўся на плячах, заўпарціўся:
Навошта мяне валачы невядома куды, калі мне ўсюды аднолькава добра?
Тут яшчэ нехта кажа: хіба мы цыганы якія, каб на дарозе радзіцца і паміраць?
І то праўда. У нас ёсць свая зямля, і на гэтай зямлі сам Пан Бог намі апякуецца.
Тады той, што заўпарціўся першым, кажа:
Давайце апошні раз Яго папросім: каб нам усім нічога не хацелася.
Пасварыліся трохі, аднак папрасілі і засталіся на сваёй зямлі. І што потым ні здаралася злодзеі прыйдуць, халера ці канец свету, нам усё добра. Чужаніцы глядзяць на нас і нічога не разумеюць. Нават Той, які ўсё ведае, дзівіцца і часам перапыніць каго ды запытае:
Можа, табе чаго-кольвек хочацца?
Не, нічога не хочацца. Як яно ёсць, гэтак і добра.
Ну дык і няхай сабе, скажа. Але, перш чым зноў схавацца за хмурынку, будзе доўга чухаць патыліцу і нешта мармытаць сабе ў бараду.
Там, дзе неба сыходзіцца з зямлёй
Там, дзе неба сыходзіцца з зямлёй, жылі маленькія мужчыны і яшчэ меншыя ад іх жанчыны. Вядома, пад нізкім небам і дрэвы і людзі не могуць вырасці высокімі. Праўда, у дробязях гэтыя людзі нічым не адрозніваліся ад нас, хіба што на пісьме не мелі вялікіх літар. А яшчэ помнікаў у іх не было, бо помнікі, як вы разумееце, ставяць адно вялікім
Як я ўжо казаў, жылі яны чортведама дзе, але бабы з нашай вёскі адвеку ездзілі да іх па голкі, а мужыкі каб падзівіцца. Раней ездзілі коньмі, а потым, як паклалі калейку, на цягніку. Што-што, а голкі ў іх атрымліваліся файныя. Далібог, ва ўсім свеце ніхто не рабіў лепшых. Больш спрытная баба такой голкай магла з адных плётак спадніцу выштукаваць. Толькі ўсё гэта ў мінулым
Аднойчы апынуўся ў тых мясцінах надта вучоны чалавек.
Апамятайцеся, людзі, накінуўся ён. Зямля круглая, і таму неба ўсюды аднолькава высокае.
Калі неба аднолькава высокае, дык чаму мы маленькія?! упікнулі яго.
Няма маленькіх людзей, ёсць дурныя і разумныя, запэўніў ён.
На ўсё боская воля, нагадалі яму.
Толькі не быў бы то вучоны. Не адразу, але неяк пераканаў іх, што зямля круглая і неба аднолькава высокае ўсюды
Тады гэтыя людзі кінулі вырабляць голкі і звялі ўсё жалеза на помнік таму вялікаму чалавеку.
Файны атрымаўся помнік. Але дзівіў не гэтак сваімі памерамі, як вытанчанасцю дробязяў. Шкада толькі, што ён і дасюль покатам марнуецца ля кузні, бо няма каму ўсцягнуць яго на пастамент. Вядома, якія там людзі пад нізкім небам! Адно што празываюцца людзьмі
Аргумент
Адзін з нас меў аргумент, а ўсе астатнія ішлі туды, куды дзьме вецер.
Сёння вецер быў з аднаго боку, заўтра з іншага, і таму рана ці позна, але мы зноў вярталіся туды, дзе на выспе за вёскай сядзеў той з аргументам.
Куды гэта вы, хлопцы? шкадуючы, пытаўся ён і пазяхаў так, што нават дурань разумеў: гэты чалавек мае аргумент, і яму няма патрэбы куды б там ні было цягнуцца і недзе нешта шукаць.
Звычайна яму не адказвалі, толькі хіба найбольш стомлены, бывае, гняўліва буркатне:
А табе што за справа, абібок?!
І мы ішлі далей, хаця сёй-той, употайкі ад іншых, доўга азіраўся туды, дзе сядзеў гэты, з аргументам, і сачыў за дымам над комінамі. І неаднойчы сямутаму карцела запытацца, чаму ён сядзіць, калі ўсе мы ходзім. Толькі запытацца ніяк не выпадала, бо калі адзін пытаецца ва ўсіх гэта натуральна, але дзе вы чулі, каб усе пыталіся ў аднаго?
І мы крочылі далей і мелі шляхетны гонар ад упартай хады, сэнс якой быў у няспынным руху. І калі што нас палохала, дык гэта не стома, пабітыя ногі ці смага, а спакой. Раптам вецер сціхаў, і мы спыняліся, як бы спатыкнуўшыся, бо без ветру не ведалі, куды нам цяпер праставаць.
Што ў тыя хвіліны рабілася цяжка казаць, ды, дзякаваць Богу, усялякі раз вецер падымаўся зноў, а разам з ім падымаліся і мы, каб рушыць далей.
Так здарылася, гэтак аднойчы мусіла здарыцца, што вецер суняўся якраз тады, калі мы праміналі выспу, на якой сядзеў той, з аргументам. Упершыню мы не енчылі, не камечылі апратку, не кусалі сябе за локці. Упершыню наша змучаная сціжма затаіла ўласны жах, бо на нас, шкадуючы, пазіраў ганарысты лайдак. Але гэтым разам, пэўна ад збянтэжанасці, мы не вытрывалі і запыталі: які такі важкі аргумент ён мае пры сабе, што не баіцца сядзець на адным месцы, калі ўсе астатнія спыняюцца адно тады, як спыніцца вецер?
Колькі б вы ні хадзілі, хлопцы, усюды ў вас пад нагамі будзе зямля, над галавой неба, а на карку дармаед з пугай, гэтак адказаў ён. І наастачу яшчэ раз запэўніў: Усюды.
Толькі нямногія з нас пачулі ягоныя словы, бо раптам далягляд абазваўся лагодным ветрыкам, і мы ўсхапіліся
Мы ўсхапіліся і, зедліва пазіраючы лайдаку ў твар, рушылі паўз выспу туды, куды праставаў вецер.
На тым і гэтым свеце
Не ведаю, як цяпер, але яшчэ за панамі наш кавалак пекла знаходзіўся якраз паміж польскім і расейскім. Аб гэтым распавёў мой сусед, кульгавы Яўхім, які трапіў туды не ў свой тэрмін і быў адпушчаны дахаты чакаць свайго часу.
З нашай вёскі шмат хто дзе бадзяўся, але калі мы сышліся ў Яўхіма, дык нават вядомы пляткар Здэнек зашпіліў свой язык на ўсе гузікі. Зрэшты, яно і зразумела. На гэтым свеце ты адно дзеля прыліку, а туды ідзеш, каб назаўжды спраўдзіцца.
На нашай дзялянцы ціха. Так распачаў сваю казань Яўхім. Я нават падумаў, што, можа, чаго наблытаў. Вакол усё гудзе, стогне, енчыць, а ў нас хіба што воўхне нехта і зноў ані згадкі. Я тады наўзбоч азірнуўся і бачу, што непадалёк хударлявы панок на барвовай патэльні таньчыць. Ён мяне таксама заўважыў і кліча: «Прошам пана, прошам пана». Зразумеў я, што, здаецца, не туды мне трэба, але панок прычапіўся, нават скакаць перастаў. Куды, кажа, пан пойдзе, дзе лепшай долі знойдзе? І абслуга тут далікатная, і патэльні парыжскага вырабу А хай пан паглядзіць, што ў вас робіцца (ківае туды, дзе ціха): абслуга не абслуга, быдла нейкае рагатае. Увесь час адно крэкча і рыкае. А ўмовы матка Боска, што за ўмовы! У гной да барады загоняць і потым па галовах капытамі скачуць. У нас хоць і прыпякае часам, але як схопішся таньчыць, дык нават і весела.