Кніга пра Нішто (зборнік) - Валянцін Васільевіч Акудовіч 6 стр.


Карацей кажучы, далейшае пашырэнне дыскурсаў праблемы мне не ўяўляецца мэтазгодным. Незалежна ад колькасці прааналізаваных вымярэнняў я-чалавека ў бытнаванні існага, навідавоку выніку, пэўна, застанецца адно і тое самае адсутнасць хоць якога пазітыўнага адказу на самае прагнае чалавечае запытанне: хто я, чалавек? (і адсюль: навошта, дзеля чаго я, чалавек?) Верагодна, нямогласцю чалавека перад праблемай самога сябе тлумачыцца як досыць позняя актуалізацыя гэтай праблемы ў рэфлексіўным досведзе, так і тое, што калі потым яна раз-пораз максімалізавалася, дык звычайна ненадоўга і без якіх-кольвек істотных здабыткаў на карысць яе вырашэння. З апошняга можна зрабіць дадатную выснову, што адказ на сакральныя запытанні пра я-чалавека месціцца (калі месціцца хоць дзе) за межамі магчымасцяў чалавечага розуму. Ва ўсялякім іншым выпадку адказ неяк перагукнуўся б з веданнем чалавека пра сваё што.

Дарэчы, амаль напэўна, што феномен веры сфармаваўся (акрамя ўсяго іншага) вось і з гэтай нямогласці чалавечага розуму, які, як ні напінаўся, не змог зразумець сэнс я-чалавека ні з падтэксту самога чалавека, ні з кантэксту бытнавання існага.

Бог гэта татальная параза розуму. Ён межавы камень, які пазначае апошнюю магчымасць мыслення, тую скрань, за якой чалавечаму розуму не дадзена перарушыць. І тут пачатак імперыі веры

Вера гэта быццё без адказу на пытанне пра сэнс я-чалавека, дакладней, быццё без пытання, бо наяўнасць Бога ёсць універсальным адказам на ўсе верагодна-магчымыя запытанні, і сакральныя гэтаксама.

Аднак ёсць нешта ў чалавеку (ці нечага не дадалося веры?), што замінае яму канчаткова задаволіцца быццём без пытання пра сябе ў быцці. Час ад часу гэтае «нешта» пачынае смылець, і тады зноў чуецца нязбыўнае: хто я?

Аблуда сэнсу жыцця

Уласна, пытанне «хто я?» паклікаецца з моўкнасці досыць рэдка, звычайна яно застаецца ўтоеным у праблеме сэнсу жыцця, як у сваёй кідкай агортцы, якая для прафаннай свядомасці выдае сябе за займеннік сакральнага «хто я»?

Падмена пытання «хто я?» праблемай сэнсу жыцця верагодна паходзіць з нястрымнага жадання я-чалавека зразумець калі не сакральнае «хто я?», дык хаця б яго прафаннае алібі, прытоенае ў суплёце ідэальных універсаліяў ці, зніжана, сярод этычных, сацыяльных ды пабытовых імператываў.

Аднак у сюжэце стасункаў паміж «хто я?» і сэнсам жыцця, здаецца, прыхаваная зусім іншая ад той, што бачыцца на першы погляд, фабула. Пазней мы яе паспрабуем разгарнуць, а пакуль толькі зазначым, што, магчыма, тое, дзеля чаго жыве я-чалавек (сэнс жыцця) і ёсць тым, хто жыве дзеля гэтага. (Пра нешта падобнае ёсць згадка ў Святым Дабравесці паводле Матвея:

«Дзе скарб ваш, там будзе і сэрца вашае».)

Хаця пачнем мы, як быццам, нават з адваротнага

У досведзе чалавека няма хоць колькі-небудзь пераканаўчых аргументаў на карысць таго, што персаналізаванае існаванне мае нешта, што неўнікова сведчыла б на карысць нейкага сэнсу жыцця.

За тое, што сэнс жыцця анталагічна не ўгрунтаваны ў сутву чалавека, сведчыць нічым не ўтаймаваная фантасмагорыя тых сэнсаў, на якія чалавек арыентуецца ў розных гістарычных сітуацыях, і, што больш аглядна,  неістотная наяўнасці хоць якога сэнсу ўвогуле.

Адсутнасць універсальнага сэнсу ў жыцці я-чалавека не ёсць для яго рэальнай праблемай. Я-чалавек аднолькава інтэнсіўна існуе і тады, калі быццам ведае сваё «сакральнае» прызначэнне, і тады, калі не ведае яго. Увесь гістарычны досвед сведчыць, што логіка прысутнасці я-чалавека ў быцці не абумоўліваецца логікай разумення гэтай прысутнасці. У кантэксце існавання бытнага я-чалавек нічым не адрозніваецца ад расліны ці жывёлы: ён жыве таму, што зявіўся жыць. (І знікае таму, што зявіўся.) Але ні ягонае зяўленне, ні ягонае знікненне не залежаць ад таго, у сістэму якіх намысленых каардынатаў ён дастасоўвае сваё жыццё. Да таго ж сутнасць ягонага жыцця ў значэннях існавання ад гэтага таксама не залежыць. Яно, як у расліны ці жывёліны, нічым не зарыентавана на нешта яшчэ, акрамя як на прысутнасць у жыцці.

Пра тое, што ў персаналізаванага існавання няма нейкага іншага ад існавання сэнсу жыцця, гаворыць (акрамя шмат чаго яшчэ) як «інстытут смерці» ўвогуле, так і лакальна непарыўная адвеку чарга самагубстваў, і адтуль жа бясконцы гвалт над чалавекам у самых розных формах, ад крымінальных забойстваў да сусветных войнаў.

Калі б я-чалавек не проста прысутнічаў у быцці, як адна з формаў існавання бытнага, а прысутнічаў з нейкай уласнай я-чалавечай мэтай, выяўляў сваёй прысутнасцю нейкі іншы ад свайго існавання сэнс, дык тады гвалт над я-чалавекам якімсьці чынам карэктаваўся б на гэтае яго мета-значэнне. А паколькі ніколі нішто не адсланяла я-чалавека ад смерці, у тым ліку і гвалтоўнай, дык цяжка ўхіліцца ад банальнай канстатацыі, што я-чалавек не мае каштоўнасці большай за сваё існаванне.

Тады адкуль гэтае вярэдлівае пытанне пра сэнс жыцця, калі яно не вынікае з логікі і запатрабаванняў непасрэднага існавання, якое цалкам задавальняецца само сабой?

Відавочна, што праблема сэнсу жыцця гэта праблема не існавання я-чалавека, а праблема ягонага мыслення, якое ніяк не адбіваецца на жыцці як адбыванні жыцця. Калі б праблема сэнсу жыцця раптам выпала з інтэлектуальнага дыскурсу а-рэальнасці, дык ландшафт гэтага дыскурсу напэўна перамяніўся б кардынальным чынам, але ў прасторы рэальнага існавання я-чалавека з гэтай нагоды не ссунулася б ні адна канцэптуальная для існавання парадыгма.

Іншая рэч, што калі праблема сэнсу жыцця трапляе ў вір той ці іншай ідэалогіі і трансфармуецца там у нейкі ідэалагемны наратыў (імператыў), дык тады яна найістотным чынам уплывае на фармаванне гісторыі падзеяў, што ўрэшце непасрэдна кранае кожнае персаналізаванае існаванне. Сэнс жыцця, атаясамлены з вераю ў Бога, два тысячагоддзі рашуча ўздзейнічаў не толькі на ідэалагемны змест, але і на сацыяльна-эканамічны канструкт еўрапейскай цывілізацыі. Аднак што ад гэтага перамянілася ў самой сутве я-існавання? З тым ці іншым богам (як сакралізаваным сэнсам жыцця) ці ўвогуле без яго, я-чалавек меў бы тое, што мае,  калі не зважаць на форму маральных канонаў і вектары тэхнакратычных стратэгіяў.

Аднак вызнаўшы, што сэнс жыцця не зяўляецца нечым анталагічна ўгрунтаваным у сутву чалавека, нейкай яго неадемнай экзістэнцыйнай прыналежнасцю, мусім узяць пад увагу і тое, што сваёй наяўнасцю разбэрсаны, пераменлівы, неакрэслены сэнс жыцця, калі ён зведзены ў нейкую выразную сукупнасць, ставіць пад пытанне існаванне як галоўную каштоўнасць чалавека.

Калі б існаванне чалавека было забяспечана само сабой як сэнсам самога сябе, калі б яно было самадастатковым, экзістэнцыйна ды ідэалагемна самазавершаным у самім сабе, дык тады наўрад ці я-чалавека неадпрэчна вярэдзіла пытанне пра сэнс ягонага жыцця.

З апошняга, падобна, вынікае, што існаванне як прысутнасць у быцці таксама не ёсць той самадастатковай каштоўнасцю, якая б цалкам задавальняла я-чалавека, прынамсі такой каштоўнасцю яно зяўляецца далёка не заўсёды, і таму я-чалавек шукае свайму жыццю падставы ды абгрунтаванні за прасторай самога сябе Але чаму, не маючы большай за сваё існаванне каштоўнасці, я-чалавек шукае «свой скарб» дзе заўгодна, толькі не ў самім сабе?

Навошта чалавек сам сабе патрэбны?

Само гэтае пытанне і нават яго пазначэнне, лічы, заўсёды праміналася ўвагай. Пэўна, з гэтага нешта мусіць вынікаць?

Зрэшты, у тую пару, калі не было дзе і з чаго паўставаць праблеме чалавека ўвогуле, натуральна, не магло быць і размовы пра прычыны патрэбы я-чалавека ў самім сабе. Як не было месца рэфлексіям з гэтай нагоды і тады, калі я-чалавек належаў Богу.

Створаны Богам я-чалавек зяўляўся ўласнай патрэбай Бога і разам з тым сам быў боскай кропляй, апалай на зямлю з нябёсаў. У нейкі момант духоўная эманацыя гэтай кроплі перасягала ў адваротным кірунку ўсе дзевяць нябёсных сфераў і апыналася ў Эмпірыі жытле Бога, дзе і ўтаймоўвалася, мабыць, назаўжды.

У розную пару ў ідэалагічнай схеме «я-чалавек патрэба Бога» Бог мяняўся на «дзяржаву», «нацыю», «грамадства», «сямю», тую ці іншую адцягненую мэту (прыкладам камунізм), але сутнасць кампазіцыі, наўзбоч усіх гэтых пераменаў, выяўлялася той самай я-чалавек заставаўся абектам патрэбы нечага, што было па-за ім. І сам сябе ён не разумеў інакш, як прыналежнасцю адцягненай ад яго самога нейкай універсальнай патрэбы: не разумеў інакш нават тады, калі ўжо субектывізаваў, а потым і экзістэнцыяваў сябе.

Адсюль, са сваёй «сакральнай» прыналежнасці да нечага ўніверсальнага іншага, а не да ўласнага, сінгулярнага «я», я-чалавек і выбудоўваў сабе сістэму вартасцяў (сэнс жыцця), якой ацэньваў каштоўнасць ды сапраўднасць уласнага перабывання ў быцці.

Пэўна ж, такая ўпартая няўвага я-чалавека да значэнняў самога сябе для самога сябе зусім не выпадковая і няўхільна падсоўвае да думкі аб адсутнасці ў чалавеку хоць нейкіх значэнняў, якія маглі б сведчыць пра наяўнасць у ім каштоўнасцяў большых за тыя, што абумоўленыя ягонай прысутнасцю ў бытным. Верагодна, згаданую сітуацыю можна было б адразу заакцэнтаваць і разгарнуць, але ёсць яшчэ «сёе-тое», што замінае гэта зрабіць адразу.

Рэч у тым, што хаця стратэгіі інтэлігібэльных рэфлексіяў я-чалавека ў пошуках сэнсу жыцця скіраваныя вонкі, туды, дзе яго самога непасрэдна няма, але ўласнае жыццё я-чалавека татальна абумоўленае клопатам пра сябе нават у тых выпадках (не кажучы пра ўсе астатнія), калі для самога я-чалавека гэты клопат застаецца закамуфляваным у той ці іншай ідэалагеме.

Назад Дальше