Мясцовы час - Алесь Аркуш 3 стр.


 Усё добра, толькі мова ня наша,  сказаў Воюш, праслухаўшы адну зь песьняў. Вось засьпяваеце па-беларуску будзе тое, што трэба. Па-беларуску вам нават лацьвей будзе сьпяваць, бо наша мова больш мілагучная.

Воюш быў аматарам распавядаць пра вялікія перавагі роднай мовы.

 Але тэксты вы нармалёвыя пішаце. Не банальныя і не прымітыўныя. І, галоўнае, ня ў лоб,  пахваліў я хлопцаў.

 Гэта мы са Сьвідрыцкім і пішам,  паведаміў Кузьмін.

Кузьмін спрабаваў гаварыць па-беларуску. Пэрыядычна зьбіваўся на расейшчыну, але вымаўленьне меў амаль бездакорнае. Горш атрымлівалася ў Сьвідрыцкага. Гаварыў ён па-расейску з выкарыстаньнем асобных беларускіх словаў. Але вымаўляў іх жахліва, як студэнт Наваполацкага політэхнічнага інстытута зь якіх-небудзь далёкіх краёў. Таму, відавочна, саромеўся і амаль не падаваў голаса. Толькі ляканічна адказваў на пытаньні, якія мы з Воюшам яму задавалі.

Разьвітваючыся, я запісаў музыкам свой службовы тэлефон і інтэрнатаўскі адрас. Хлопцы мне спадабаліся. Была ў іх нейкая жарынка, божая іскра. Бо нічога добрага нельга зрабіць, калі не гарыш справай.

Гісторык Сяргей Тарасаў, які прыканцы 80-х вёў археалягічныя дасьледаваньні Полацка, быў яшчэ і пісьменьнікам, таму нярэдка наведваў наваполацкія «Крыніцы». Пісаў ён апавяданьні на гістарычныя тэмы. Слухаць, як ён чытае свае аповеды, было цікава. Але яшчэ цікавей было знаходзіцца зь ім у археалягічным раскопе. У той год ён раскапаў на цэнтральным пляцы Полацка, на былым Вялікім пасадзе, унікальную, надзвычай вялікіх памераў сядзібу полацкага ювэліра-залатара. Знаходкі, якія трапляліся ў гэтым культурным слоі, датавалі сядзібу сярэдзінай ХІІ пачаткам ХІІІ стагодзьдзя. Якраз у гэты час жыў славуты полацкі ювэлір Лазар Богша, які зрабіў на замову Эўфрасіньні Полацкай легендарны Крыж. Сяргей Тарасаў выказаў здагадку: ці не на сядзібу слыннага полацкага залатара трапілі археолягі? Гэтая здагадка надавала нам, крынічанам, якія кожныя выходныя праводзілі ў раскопе, новых сілаў і азарту.

Вярталіся ў Наваполацак мы ўсім крынічанскім гуртам. Каб сесьці на аўтобус да Нафтаграду, трэба было ісьці ажно да аўтавакзалу. Па дарозе Уладзімер Арлоў расказваў пра старажытную сталіцу крывічоў. Калі мы абміналі старыя будынкі, у якіх на пачатку ХХ стагоддзя знаходзіліся мясцовыя гатэлі, Арлоў абавязкова згадваў іх назвы. Але я так і не запомніў, у якім быў «Лёндан», у якім «Эўропа», а ў якім «Гранд-Гатэль».

* * *

Падчас першага наведваньня кватэры Воюша я пазнаёміўся зь Вінцэсем Мудровым. Яго толькі нядаўна пачалі друкаваць у літаратурных пэрыёдыках і адразу ж пасьля першых публікацыяў наваполацкі прадстаўнік беларускага андэграўнду набыў вядомасьць. Ён не выглядаў на нейкага сурёзнага літаратара, які ходзіць па вуліцы з партфэлем. Наадварот, у яго абліччы яшчэ захаваліся рысы былога хіпана, прынамсі, меў даўгія валасы і бараду. Але, бадай, самай істотнай асаблівасьцю Мудрова быў ягоны надзвычай вясёлы характар жарты, показкі і прыкольныя гісторыі ліліся зь яго ракой. У гэтым ён быў падобны да Воюша, які таксама не прамінаў магчымасьці парагатаць і паблазнавацца. Некалькі гадоў таму Мудроў меў праблемы з КДБ з-за выданьня рукапіснага альманаху «Блакітны ліхтар». Усе нумары альманаху КДБ канфіскаваў, а самога рэдактара застаршыў і ўзяў на ўлік. Каб неяк ад гэтай гісторыі аддаліцца, Мудроў зьехаў са сваім сябруком паэтам Алегам Мінкіным працаваць на будаўніцтва нафтаправодаў спачатку ў Калмыкію, а затым у Цюмень. Праўда, і ў Цюмені ён не схаваўся ад пільнага вока камітэту да яго прыходзілі адпаведныя людзі і праводзілі адпаведныя гутаркі.

Мудроў якраз прыехаў у адпачынак на радзіму. Ён з прагнасьцю акунуўся ў мясцовае культурніцкае жыцьцё хадзіў да Воюша, удзельнічаў у археалягічных раскопках, зьбіраў па кватэрах подпісы за беларускамоўныя клясы, ну і перадусім наведваў паседжаньні «Крыніцаў», дзе чытаў свае творы, напісаные ў далёкіх камандзіроўках. Мы неяк хутка зь ім сышліся і бачыліся амаль штодня.

Напярэдадні яго вяртаньня ў Цюмень мы вырашылі зрабіць фатаздымак на памяць. Такі клясычны, якія любілі рабіць у фотасалёнах «маладнякоўцы» ў 20-х гадах. Фотастудыю выбралі на наваполацкай вуліцы Якуба Коласа. Схадзілі, сфатаграфаваліся. Пасьля чаго пайшлі да Арлова глядзець футбол па тэлевізары. Мудроў быў заўзятым аматарам футболу, а я пайшоў хутчэй дзеля кампаніі. Пасьля матчу Мудроў чытаў нам свой новы аповед «Кантакт». Гэта было фантасмагарычнае апавяданьне пра кантакт галоўнага героя з іншаплянэтнікамі. Вясёла-трагічнае. Мудроў, чытаючы свой твор, час ад часу камэнтаваў падзеі аповеда, гучна рагатаў і паўтараў: «Так і магло быць насамрэч!» Арлоў таксама шчыра сьмяяўся. Затым папрасіў даць рукапіс яму, маўляў, для літстаронкі ў «Хіміку» аповед завялікі, таму трэба яго завезьці ў Менск. Неўзабаве тое апавяданьне і было надрукавана ў нядаўна заснаваным сталічным часопісе «Крыніца».

Зь ліста Вінцэся Мудрова, дасланага з Улан-Хола, Калмыцкай АССР 6 кастрычніка 1987 г.

Твой ліст я атрымаў дзякуй! Асабліва мяне ўзрадаваў факт адкрыцьця ў Наваполацку беларускае клясы. Гэта сапраўды выклік 200 тысячам (насельнікі Полацка + Наваполацка) сучасных мясьцюхоў, патрыётаў уласнага трыбуха, якія зьлітнаю масаю піхаюцца ў нікуды! Цяпер толькі ня даць гэтай, няхай пакуль і мізэрнай, ясачцы згаснуць! Напішы, ці мяркуецца з боку «Крыніцаў» якая спамога ў гэтым дачыненьні, якія імпрэзы і г.д.

Трэба абавязкова сабраць бібліятэчку беларускіх ксёнжак, дапаможнікаў, настольных гульняў. На Новы год пажадана павіншаваць кожнага вучня і вучаніцу паасобку. Карацей, трэ варушыцца. Дзякуй Богу, надышла часіна Дзеі. Гэта падарунак Гісторыі, і яго неабходна выкарыстоўваць.

* * *

Колькі людзей сабралося на мітынг, цяжка было падлічыць. Улада дазволіла апазыцыйнае мерапрыемства каля помніка першай палатцы ў Наваполацку, а там не было вялікага адкрытага пляцу, таму людзі атачалі помнік, які ператварыўся ў трыбуну, з усіх бакоў. Людзей было процьма. А яны ўсё ішлі і ішлі да палаткі з боку Маладзёжнай вуліцы.

Мітынг апазыцыянэры прысьвяцілі кепскай экалёгіі ў горадзе самай надзённай праблеме Нафтаграда. Не было ніякага сакрэту, што пратэстная акцыя была падрыхтаваная Сержуком Сокалавым-Воюшам і ягонымі паплечнікамі, якія затым утвораць моцную суполку Беларускага Народнага Фронта ў Наваполацку.

Сяржук цэлую ноч перад мітынгам пісаў адмысловую песьню, якую зьбіраўся выканаць пад гітару перад шматтысячным натоўпам. Хацеў напісаць нешта накшталт экалягічнага гімна Нафтаграда. Раніцай мы сустрэліся. Воюш прасьпяваў мне тое, што атрымалася.

 Ну як?  гарэзьліва спытаў ён, гледзячы на мяне чырвонымі ад недасыпу вачыма.

 Добра! Толькі ты словаў ня ведаеш, па паперцы сьпяваеш.  Хутчэй гэта быў жарт, чымсьці крытыка.

 І на мітынгу прасьпяваю па паперцы. Дзялоў тых. Ты ж таксама будзеш чытаць верш па паперцы?  Воюш быў у гуморы. Ён як апантаны рыбак прадчуваў добрую рыбалку. Мітынг дазволілі. І людзі на яго абавязкова прыйдуць. У гэтым Воюш быў перакананы.

У кватэру Сержука з раніцы пачалі сьцякацца мясцовыя апазыцыйныя сілы. Бэнээфаўцы, рокеры, актывісты-эколягі, крынічане і розныя іншыя неабыякавыя людзі. Усе разам, гэтым стракатым збоем, мы й рушылі да першай палаткі. Там ужо актывісты мантавалі гукавы ўзмацняльнік, дружыньнікі зь бел-чырвона-белымі павязкамі атачылі і сам помнік, і прылеглы сквэр. Ва ўсіх быў нейкі ўзьнёслы настой. Нібыта сабраліся на сьвята.

 Будзеш трымаць мне тэкст пад носам, сапраўды словаў не памятаю,  сказаў мне ўжо на трыбуне Сяржук.

Людзі сустракалі кожнага выступоўца вельмі цёпла. Воюш прамовіў і прасьпяваў як мацёры мітынгоўшчык. Калі вядоўца мітынгу абявіў мяне, натоўп прывітаў гэта такім гудам, нібыта я як мінімум Зянон Пазьняк. Аказалася, што за маёй сьпінай дружыньнік узьняў на руках маленькую дзяўчынку, якая згубілася. Але гэты гуд людзкога мора мяне нібыта наэлектрызаваў. І я, заведзены на поўную шпулю, пачаў чытаць вершы:

Зноў людзкія адбіткі заганныя,
Як музыкі, ў нябёсах лятаюць
Працінаюць пякельную ноч.
Нараджаюць мэлёдыі танныя:

Дзьмуць у комінаў доўгія пальцы,
Дзьмуць да чырвані пацерак-воч.
Іх музычны імпэт без падману
Не жартуюць браты-блюзьняры.

Уздымаюцца клубы туману,
Тлум цярушыцца на ліхтары.
Што паперныя столі і дахі!
Тлум укрые таксама і нас.

Тлумны час, як заўсёды, ня ў час.
І мацнеюць мэлёдыі жаху,
І цярушацца пёрамі птахаў
Варяцее атрутны джаз.

* * *

На адным з паседжаньняў «Крыніц» вырашылі, што пара выходзіць на шырокую аўдыторыю і заснаваць курсы беларусазнаўства. У якасьці пляцоўкі абралі наваполацкую гарадзкую цэнтральную бібліятэку, з кіраўніцтвам якой мелі даўнія шчыльная кантакты. Адкрыцьцё курсаў заплянавалі на пачатак кастрычніка. Ганаровым госьцем запрасілі Янку Брыля.

Брыль прыехаў у Наваполацак ажно на некалькі дзён. На аўтавакзале мы сустракалі шаноўнага госьця пісьменьніцкай дэлегацыяй, праўда, без аркестра і ганаровай варты,  Сокалаў-Воюш, Ірына Жарнасек, Навум Гальпяровіч і я. Адвялі ў мясцовы гатэль «Беларусь» і пасялілі яго там. Увечары ўся крынічанская тусоўка сабралася на «кансьпіратыўнай» кватэры ў Воюша. У вялікім пакоі гаспадары накрылі сталы і наладзілі знакаміты пачастунак. Янка Брыль быў душой кампаніі. Сьпяваў песьні, згадваў розныя забаўныя гісторыі, чытаў вершы. Пагулянка доўжылася да позьняга вечара. Правесьці Брыля ў гатэль даручылі мне. Па дарозе ён распытваў мяне: адкуль я, зь якіх мясьцінаў мае крэўныя. Затым неяк, ці то са спачуваньнем, ці то зь ветлівасьці, асьцярожна сказаў, што і раней сустракаў Аркушаў у Беларусі. Гэтая ягоная далікатнасьць мяне моцна расьсьмяшыла і я прызнаўся, што Аркуш мая «нацдэмаўская» мянушка. Ён спыніўся і ўжо сваім звыклым голасам спытаў: «А як тваё сапраўднае прозьвішча?» «Козік, але мне падалося, што гэта не зусім падыходзіць для літаратурнага імя, таму я ўзяў псэўданім»,  патлумачыў я старэйшаму калегу. І тут Брыль пачаў мяне пераконваць, што Козік вельмі мілагучнае і сэнсоўнае беларускае прозьвішча. Зноў спыніўся і чарговы раз спытаў: «А ты ведаеш, што значыць па-польску Козік?». «Ня ведаю»,  прызнаўся я. «Сьцізорык»,  выдыхнуў Брыль, нібыта паведамляючы мне вельмі сурёзную рэч. На гэтым абмеркаваньне маіх крэўных і прозьвішча спынілася і Брыль пачаў распытваць пра полацкае літаратурнае жыцьцё.

Назад Дальше