Мясцовы час - Алесь Аркуш 4 стр.


Брыль прыехаў у Наваполацак ажно на некалькі дзён. На аўтавакзале мы сустракалі шаноўнага госьця пісьменьніцкай дэлегацыяй, праўда, без аркестра і ганаровай варты,  Сокалаў-Воюш, Ірына Жарнасек, Навум Гальпяровіч і я. Адвялі ў мясцовы гатэль «Беларусь» і пасялілі яго там. Увечары ўся крынічанская тусоўка сабралася на «кансьпіратыўнай» кватэры ў Воюша. У вялікім пакоі гаспадары накрылі сталы і наладзілі знакаміты пачастунак. Янка Брыль быў душой кампаніі. Сьпяваў песьні, згадваў розныя забаўныя гісторыі, чытаў вершы. Пагулянка доўжылася да позьняга вечара. Правесьці Брыля ў гатэль даручылі мне. Па дарозе ён распытваў мяне: адкуль я, зь якіх мясьцінаў мае крэўныя. Затым неяк, ці то са спачуваньнем, ці то зь ветлівасьці, асьцярожна сказаў, што і раней сустракаў Аркушаў у Беларусі. Гэтая ягоная далікатнасьць мяне моцна расьсьмяшыла і я прызнаўся, што Аркуш мая «нацдэмаўская» мянушка. Ён спыніўся і ўжо сваім звыклым голасам спытаў: «А як тваё сапраўднае прозьвішча?» «Козік, але мне падалося, што гэта не зусім падыходзіць для літаратурнага імя, таму я ўзяў псэўданім»,  патлумачыў я старэйшаму калегу. І тут Брыль пачаў мяне пераконваць, што Козік вельмі мілагучнае і сэнсоўнае беларускае прозьвішча. Зноў спыніўся і чарговы раз спытаў: «А ты ведаеш, што значыць па-польску Козік?». «Ня ведаю»,  прызнаўся я. «Сьцізорык»,  выдыхнуў Брыль, нібыта паведамляючы мне вельмі сурёзную рэч. На гэтым абмеркаваньне маіх крэўных і прозьвішча спынілася і Брыль пачаў распытваць пра полацкае літаратурнае жыцьцё.

На наступны дзень усе сабраліся ў наваполацкай бібліятэцы. Было ўрачыста. Акрамя Брыля на адкрыцьцё курсаў прыехаў тэатральны рэжысэр Валеры Мазынскі. Нашая школа беларусазнаўства атрымала назву «Курсы беларускай мовы, культуры і гісторыі». Кіраўніком курсаў прызначылі Лявона Баршчэўскага.

Але на гэтым мы не разьвіталіся зь Янкам Брылём. На наступны дзень было прызначана паседжаньне «Крыніцаў». Збор быў самы поўны, з запрашэньнем і мастакоў, і музыкаў. Зь «Мясцовага часу» прысутнічалі два Алесі Кузьмін і Сьвідрыцкі, а таксама іншыя музыкі Ален і Аніса. З мастакоў Сяржук Цімохаў і ягоная жонка Рыта.

Мы чыталі вершы, празаічныя мініятуры, сьпявалі госьцю свае крынічанскія песьні. Янка Брыль у сваю чаргу расказваў пра свайго сябра Ўладзіміра Караткевіча, якога на той час ужо не было ў жывых, і легендарная постаць аўтара «Каласоў пад сярпом тваім» паўставала ў поўны рост.

* * *

 Ты ведаеш, што мне распавяла сёньня сястра?  Тацяна завіхалася ля кухоннай электрапліткі.

Нешта сьвірчэла на патэльні, і прыемны пах па-партызанску пранікаў у кожны закуток інтэрнацкага пакою. Я толькі прыйшоў з працы і нават не пасьпеў зьняць абутак.

 На прадпрыемствах на партыйных сходах расказваюць страшныя рэчы. Дарэчы, і пра цябе таксама. Кажуць, што прыехаў эмісар апазыцыі зь Менску і пачаў падбухторваць людзей да бунту.  Тацяна засьмяялася гучным сьмехам.  Так што, эмісар, сядай хутчэй за стол і падсілкуйся, пакуль па цябе не прыехалі.

 Ну зусім зваряцелі!  Такой увагі да сваёй пэрсоны я абсалютна не чакаў. Адчуваюць свой канец, падлюкі.

 О, не спадзявайся на хуткі канец. Не за нашым жыцьцём.  Тацяна мела здольнасьць аптымістычна супакоіць.

 І што нам застаецца?

 Жыць. Гадаваць дзяцей. Займацца мастацтвам. Падарожнічаць. Сустракацца з добрымі людзьмі. Бачыш, колькі ўсяго шмат.  Яна зноў засьмяялася.  Не бяры да галавы. Ня ты тут галоўны эмісар, і там добра пра гэта ведаюць. Але і па-пустому не падстаўляйся.

Больш за ўсё я баяўся, што падобная навіна, а да мяне ўжо даходзілі трывожныя чуткі, напалохае Тацяну. Бо калі ў сямі пачнецца чаканьне «чорнага ворану», то тады будзе не жыцьцё, а кашмар. Тацяна ўспрыняла ўсё без перабольшваньняў. І мяне гэта радавала.

З Тацянай мяне пазнаёміў мастак Сяржук Цімохаў. Ягоная жонка Рыта вучылася разам зь ёй у адным клясе ў інтэрнаце для таленавітых дзяцей. Яны сябравалі і зь дзяцінства рыхтаваліся стаць мастачкамі. Рыта стала кніжным графікам, а Тацяна мастачкай па тканінах і габеленшчыцай. Некалькі сьвятаў мы адзначалі ў агульнай кампаніі. Пры першым знаёмстве Тацяна мне сказала, што ёй вельмі падабаюцца мае вершы, і нават прадэклямавала адзін зь іх. Мяне гэта надзвычай уразіла, гэта быў першы выпадак у маім жыцьці, калі незнаёмы мне чалавек прачытаў па памяці мой верш. Калі яна любіць мае вершы, то, магчыма, палюбіць і мяне,  з надзеяй падумалася мне той хвілінай. Мы пабраліся шлюбам праз тры месяцы пасьля першага знаёмства. Любім нават жартаваць, што да вясельля бачыліся ўсяго некалькі разоў. Праз восем месяцаў пасьля вясельля ў мяне выйшла першая кніга. Празь дзевяць месяцаў у нас нарадзіўся першы сын.

Неяк, калі ўсе пасыходзілі з кватэры Воюша і я застаўся з гаспадаром сам-насам, то выказаў яму прапанову распачаць на Полаччыне ўласнае кнігавыданьне. Для пачатку заснаваць літаратурны альманах. На той час у Менску пачалі зьяўляцца, праўда, падпольна, безь якіх-кольвечы рэгістрацыяў і ўзгадненьняў, грамадзка-палітычныя і літаратурныя пэрыёдыкі. А таварыства маладых літаратараў «Тутэйшыя», да якога мы з Воюшам таксама належылі, пачало выдаваць альманах «Літаратура». Воюш ня вельмі загарэўся гэтай ідэяй.

 Вось ты гэтым і займіся,  сказаў ён жартаўліва.

Ягоны блазнаваты стыль паводзінаў напачатку ставіў мяне ў тупік. Я так і ня мог даўмецца: ці гэта ён кажа сурёзна, проста ў такой жартаўлівай форме, ці блазнуе і гэтыя ягоныя словы нічога ня вартыя.

 Добра, я гэтым займуся. Балазе, ужо маю прапанову заснаваць такі пэрыёдык на Полаччыне. Ёсьць людзі, якія мне дапамогуць з друкам.

 Ну і цудоўна!  Воюш ня стаў распытваць і ўдакладняць, што гэта за людзі.

 Спадзяюся, што ты мне дасі свае творы для друку.

 Абавязкова! Дарэчы, ёсьць у мяне што табе прама зараз прапанаваць.  Воюш пачаў перабіраць на сваім стале паперы, узяў у рукі звычайны вучнёўскі сшытак і працягнуў яго мне.

На вокладцы было напісана ўжо добра знаёмым мне воюшаўскім почыркам: «Сяржук Сокалаў-Воюш. Раніца Рэспублікі. Міні-песа». Нядаўна Воюш пачаў працаваць загадчыкам літаратурнай часткі Віцебскага драматычнага тэатру, таму і захапіўся драматургіяй.

 Дзякуй! То з гэтага твору і пачнем першы нумар «Ксэракса Беларускага».

 Як-як?  перапытаў Воюш. Яго відавочна зацікавілі апошнія мае словы.

 Вырашыў назваць альманах «Ксэракс Беларускі». Ну, па аналёгіі з кніжкамі Багушэвіча «Дудка беларуская» ды «Смык беларускі». А слова «ксэракс» як сымбаль падпольнага выданьня. Альманах жа будзе падпольны.

Воюш засьмяяўся і выцягнуў правую руку з узьнятым вялікім пальцам.

 Кляс! Так бы мовіць, пераемнасьць з папярэднікамі! У рэчышчы беларускай традыцыі!

Вельмі апэратыўна адгукнуліся на мае просьбы даць свае тэксты ў новы літаратурны альманах Уладзімер Арлоў і Вінцэсь Мудроў. Арлоў прапанаваў сваё найноўшае эсэ «"Совершенно секретно" або Адзін у трох іпастасях», якое затым шырока друкавалася ў беларускім пэрыядычным друку. Але ўпершыню яно было надрукавана менавіта ў «Ксэраксе». Эсэ было прысьвечана прафэсару-гісторыку Абэцэдарскаму, які лічыўся адным з асноўных фальшавальнікаў беларускай гісторыі.

Мудроў прапанаваў апавяданьне «Час камара». Прыканцы 80-х Вінцэсь быў акрылены першымі сурёзнымі публікацыямі. Зьявіліся спадзяваньні на кнігу. Дарэчы, гэтае апавяданьне затым і трапіла ў ягоны першы зборнік «Жанчыны ля басейну», які выйшаў у 1992 годзе ў дзяржаўным выдавецтве «Мастацкая літаратура».

Свае вершы далі Лявон Баршчэўскі і Валянціна Аксак. Гэта былі практычна дэбюты. Валянціна Аксак толькі нядаўна на паседжаньні «Крыніцаў» прызналася, што піша вершы, і «Ксэракс» падтрымаў талент. А Лявон Баршчэўскі, які неўзабаве стане дэпутатам Вярхоўнага Савета і возьме ўдзел у абвяшчэньні незалежнасьці Беларусі, быў вядомы выключна як перакладчык, і сваіх уласных твораў нідзе не друкаваў.

Па аналёгіі з «тутэйшаўскім» альманахам «Літаратура», які ў першым нумары зьмясьціў тэксты рок-гурта «Мроя», у першы «Ксэракс» я ўключыў тэксты «Мясцовага часу» зь іх дэбютнага беларускамоўнага альбому «Слота».

Ну і, натуральна, у першым нумары «Ксэракса» знайшлося месца і для маіх новых вершаў.

* * *

Тацяна выйграла на працы талён на пакупку тэлевізара «Гарызонт». Дапамагчы з набыцьцём дэфіцытнага апарату вызваўся Сяржук Сокалаў-Воюш. Як вялікі знаўца тэлерадыётэхнікі, Сяржук старанна выбіраў тэлебачар нехта з маладых пурыстаў з кампаніі Воюша прапанаваў такім словам называць тэлевізар. Сяржук круціў ручкі, задаваў гандляркам прыкольныя пытаньні, хахміў і жартаваў.

Затым мы пагрузілі тэлевізар на дзіцячыя саначкі і пакацілі набытак ад крамы «Арбіта» да нашага з Тацянай інтэрната. Цэлы вечар глядзелі целік. Ясная справа, пад выпіўку, закуску, жарты і сьпевы Сержука.

* * *

Прыходзілі да мяне Кузьмін са Сьвідрыцкім, прыносілі тэксты да новага альбому, напісаныя па-расейску. Папрасілі перакласьці на беларускую. Тэксты мяне зьдзівілі. Нейкай сваёй духоўнасьцю, як бы гэта ні гучала дзіўна ў адносінах да рок-паэзіі. Нячаста пачуеш, каб рокеры сьпявалі пра сэнс жыцьця, пра шлях дамоў, пра сваю любімую ўскраіну, пра тое, каб было ня сорамна сказаць: я жыў! Паабяцаў, што зраблю пераклад.

Назад Дальше