Кіпцястая лапа належала жабрачцы гадоў на шэсцьдзесят, апранутай, нягледзячы на ліпеньскую спякоту, у страшэнна брудны восеньскі палітон, які даўно ўжо забыўся, што такое гузікі. У яе былі нямытыя, напэўна, ужо колькі месяцаў валасы загадкавага колеру і гэткага ж колеру вочы, якія таксама хацелася назваць нямытымі.
Мне цяжка падаваць жабракам каля храмаў. У падземных пераходах зусім іншае: можа, з тае прычыны, што вулічныя жабракі спадзяюцца адно на тваю шчодрасць, не шантажуючы цябе абавязкам перад Усявышнім. З такімі не надта дабрачыннымі думкамі я падняўся па ўсходах у пустэльную свежасць сабора, але каля шапіка са свечкамі нешта змусіла мяне азірнуцца на жабракоў.
Калісьці я ўжо бачыў дзве такія малінавыя плямы на шыі
Калісьці я ведаў, да чаго яны падобныя Падлога гайданулася ў мяне пад нагамі. Калісьці я цалаваў іх
Некалькі імгненняў памяць дзейнічала, як відэамагнітафон, што перакручвае назад патрэбную касету, а потым я ўбачыў Дзвіну, у якую разам з Сафійкай глядзелася яшчэ незруйнаванае барока сабора святога Стэфана.
У тыя гады Дзвіну нельга было ўявіць без задзвінскай варяткі Юлькі, што ўлетку, «каб наша рэчачка не высахла», вёдрамі цягала на бераг ваду з калонкі. Знямогшыся, яна сядала на траву і, баязліва паглядаючы на рыбакоў, зацягвала сваю ўлюбёную песню пра Лілю.
На бірагу сідзела Ліля,
А радам с нею капітан
выводзіла Юлька тонкім дзяціным галаском, які, відаць, толькі і мог існаваць у яе выпетраным целе. Далей песня рабілася журботнай:
Уж год прашол, марак ні едзіт,
А Ліля к берагу ўсё йдзёт
Ніхто з нас тады не ведаў, што Юлька зваряцела яшчэ перад вайною пасля допытаў у колішнім кляштары бернардзінаў, дзе, не вытрываўшы, падпісала штосьці страшнае пра каханага хлопца, якога «варанок» павёз у невараць у тую самую ноч, калі Юльку адпусцілі дадому. У нашым дзяцінстве дарослыя былі не надта ахвочыя да такіх успамінаў, хоць Юльку шкадавалі і не давалі ёй памерці з голаду.
Фінал у песні быў трагічны:
Красотка Ліля утанула,
Яе уж большэ ні відно.
Юльцы выпаў лёс яе гераіні. Аднойчы вудалі налілі спявачцы чарку гарэлкі, і яна, канчаткова ўвасобіўшыся ў вобраз сваёй Лілі, кінулася каля чыгуначнага моста ў Дзвіну.
Пустая, зарослая вышэй вокнаў крапівою і здзічэлымі парэчкамі Юльчына хаціна палохала вока на пачатку той вуліцы, дзе жыла Аня Шадурка, найпрыгажэйшая дзяўчына майго класа.
Вядома, Аня адно здавалася мне такой, бо калі я гляджу на выпускное фота нашага 8 га «А», дык знаходжу тварыкі значна прыгажэйшыя. Напрыклад выдатніцы Светкі Цімафеевай, той самай Светкі, якую праз гадоў дваццаць я сустрэў каля менскага гатэля «Планета» і ўзрадавана прапанаваў дзе-небудзь пасядзець, на што аднакласніца адказала, што можа са мной і пасядзець, і паляжаць, але гэта будзе каштаваць са скідкаю трыццаць баксаў.
Рэч у тым, што Аня першая ператварылася ў жанчыну з налітымі грудкамі-яблыкамі, з тонкай таліяй, стройнымі і заўсёды загарэлымі нагамі і вачыма зялёнага колеру, у глыбіні якіх плавала нешта такое, што зноў і зноў прыводзіла іх уладарку ў мае сны.
Аня была гімнастка, кандыдатка ў майстры спорту, і ўвесь час прападала то на спартовых зборах, то на спаборніцтвах, пасля якіх на школьных лінейках яе называлі нашым гонарам, а настаўнікі спраўна выстаўлялі ёй за чвэрць тройкі, бо часу на падручнікі Ані не хапала. Неяк яна, не паспеўшы зехаць на чарговае першынство, трапіла на кантрольную па гісторыі і спісала з разгорнутага на каЛёнях падручніка ў свой сшытак, што значэнне паўстання на браняносцы «Пацёмкін» у тым, што маракі здаліся румынскім уладам.
У восьмым класе пяцёркі Аня мела выключна за фізкультуру і маляванне. Чаму за маляванне, мы даведаліся, калі ўбачылі, як яна сядае за школай на матацыкл нашага настаўніка. Аднак неўзабаве мастацкія здольнасці пакінулі Аню, ператварыўшы пяцёркі ў звыклыя траякі. У студэнта кааператыўнага тэхнікума Мішкі Яжэвіча з майго двара не было матацыкла «Ява», затое былі магнітафон з добрымі запісамі «бітлоў» і «ролінгаў» і дубальтовы польскі намёт памаранчавага колеру, што, як звысаку казаў нам гаспадар гэтага багацця, адразу здымаў праблему хаты.
Пасля тых летніх вакацыяў я вярнуўся ў школу, ужо маючы першы мужчынскі досвед. Пазбягаючы лішніх дэталяў, скажу, што маёй настаўніцай была сяброўка стрыечнай сястры, кірпатая жыхарка горада Ленінграда Зінка, якую штогод прывозілі ў бабуліну вёску і з якой мы з маленства разам мыліся ў цётчынай лазні, пакуль аднаго разу не заўважылі, што мыцца такім манерам далей нам нешта замінае. Дарэчы, Зінчыны ўрокі распачаліся на сухім, з прыліплым бярозавым лісцікам палку ў той самай лазні і паўтараліся штодня, пакуль цётка ледзьве не заспела нас на гарачым, сабраўшыся гнаць у лазні самагонку.
Пасля тых летніх вакацыяў я вярнуўся ў школу, ужо маючы першы мужчынскі досвед. Пазбягаючы лішніх дэталяў, скажу, што маёй настаўніцай была сяброўка стрыечнай сястры, кірпатая жыхарка горада Ленінграда Зінка, якую штогод прывозілі ў бабуліну вёску і з якой мы з маленства разам мыліся ў цётчынай лазні, пакуль аднаго разу не заўважылі, што мыцца такім манерам далей нам нешта замінае. Дарэчы, Зінчыны ўрокі распачаліся на сухім, з прыліплым бярозавым лісцікам палку ў той самай лазні і паўтараліся штодня, пакуль цётка ледзьве не заспела нас на гарачым, сабраўшыся гнаць у лазні самагонку.
Цяпер я глядзеў на Аню ўжо зусім іншымі вачыма. Начамі мне сніліся пакутлівыя сны, як я кранаю яе грудзі і праводжу рукой па залацістых валасках загарэлых ног, як мы ўзасос цалуемся, а потым, задыхаючыся, любімся то на лазенным палку, то ў замацаваным за нашым класам кабінеце біялогіі, дзе з шафаў за намі ўважліва назіраюць два шкілеты. Мяне (не ў сне, а наяве) заўсёды займала праблема: штучныя гэта шкілеты ці яны калісьці належалі жывым людзям, якія вось гэтымі косткамі елі, пілі і абдымаліся ў ложку. Яшчэ, як памятаю, мы спрабавалі высветліць, ці адрозніваецца чым-небудзь істотным жаночы шкілет ад мужчынскага.
Прачынаючыся пасля тых сноў, я даваў сабе слова, што не пазней за сёння прапаную Ані ўвечары схадзіць у парк на новы атракцыён «Пятля Несцерава», але па дарозе ў школу падступна выплывала якая-небудзь нявыпраўленая тройка па алгебры або чацвёрка па гісторыі, і дата пачатку рашучых дзеянняў зноў пераносілася.
Аня была па-жаночаму назіральнай, і ўсё скончылася тым, што аднойчы на перапынку яна сама папрасіла мяне затрымацца пасля заняткаў у кабінеце. На апошнім уроку геаграфіі я ўжо амаль не чуў настаўніка, а думаў, як запрашу яе ў парк, спытаюся, ці чытала яна Эміля Заля, і паведамлю, што яе радзімыя плямкі падобныя да Новай Зеландыі.
Калі ў кабінеце біялогіі апрача нас засталіся толькі шкілеты, мой сцэнарый быў безнадзейна перакрэслены. Аня у кароткай жоўтай сукеначцы з тонкім зялёным паяском узяла мяне за руку і сказала, што я свой хлопец, а таму заўтра павінен прыйсці да яе дадому, дзе маці не будзе, бо яна зехала ў Стаўрапаль, а бацька ніколі не хадзіў на бацькоўскія сходы і мяне не ведае, а таму паверыць, калі я скажу, што мой старэйшы брат ідзе ў войска і што ў суботу мы запрашаем яе, Аню, на праводзіны, і мая мама прасіла перадаць, што пакідае яе пад сваю адказнасць начаваць у нас, бо мы жывём ажно ў ФРГ (з нашага тагачаснага слэнгу ФРГ перакладалася як Фэдэратыўная Рэспубліка Грамы і азначала самую далёкую полацкую ўскраіну).
У мяне ніколі не было ні старэйшых, ні малодшых братоў, але назаўтра я падыходзіў да Анінага дома дакладна ў прызначаны час, бо нарэшце пачалася дыфузія сноў і рэальнасці: на вуснах у мяне гарэў яе ўчарашні, пакінуты пад наглядам шкілетаў і неверагодна смачны ад памады пацалунак з прыкусам, а каламутнае адчуванне таго, што мяне выкарыстоўвалі як хлопчыка на пабягушках, не здольнае было перамагчы грахоўна-салодкага пачуцця дарослай мужчынскай разбэшчанасці, народжанага Аніным абяцаннем разлічыцца са мною адразу пасля выхадных. Я жадаў яе, і пляваць мне было на гэтыя міфічныя праводзіны ў войска і на міфічнага брата, якога звалі Мішкам Яжэвічам, і на вульгарнасць яе абяцанкі, і на папярэджанне, што на двары ў іх злы сабака, які аказаўся ўкормленым ваўкарэзам, ад якога я ледзьве ўратаваўся, кінуўшыся назад у весніцы.
Анін бацька быў макароннік. Тады італьянцы трапляліся ў нас так рэдка, што макароннікамі называлі выключна прапаршчыкаў савецкай арміі. Па-змоўніцку міргаючы мне, Аня ўтаймавала ваўкарэза і паклікала бацьку. У вялізным калідоры пахла мышамі і нечым ядомым. Пры сцяне стаяў штабель скрынак, на адной з якіх было сапраўды напісана: макароны. Тамсама, у калідоры, прапаршчык Шадурка, з-за плячэй якога Аня ўсяляк дапамагала мне вачыма, і выслухаў маю старанна адрэпетаваную хлусню, пасля чаго моўчкі пасунуўся ў глыб дома. Зачыніўшы дзверы, Аня захіхікала і прыціснулася да мяне. Я пацягнуўся да яе вуснаў, але ў доме пачуліся крокі, жаласнае мяўканне, і прапаршчык са словамі: «Лаві мышэй, блядушка», выкінуў у калідор котную рыску.
Разлік адбыўся ў панядзелак у кватэры Анінай сяброўкі з гімнастычнай секцыі.
Аня сустрэла мяне ў прывезенай з замежных спаборніцтваў смараідавай сукенцы з залацістымі маланкамі на рукавах і кішэнях. Магнітафон заядаў і рваў стужку. Ціха вылаяўшыся, Аня апошні раз пстрыкнула пераключальнікам і павярнулася да мяне. «Ты хоць умееш?» запыталася яна, страсянуўшы светлымі валасамі стрыжанай русалкі. «Што?» бязглузда адказаў я. «Джыгі-джыгі», засмяялася яна, сцягваючы цераз галаву сукенку.