Ордэн Белай Мышы (зборнік) - Уладзімір Аляксеевіч Арлоў 11 стр.


Пад сукенкай на ёй не было анічога, апрача двух трохкутнікаў: большага сляпуча белай незагарэлае скуры і меншага густых жарых кудзерак.

Думаю, што, нягледзячы на бесцырымонную Аніну падмогу, мяне напаткаў бы поўны правал, але, ужо згараючы ад сораму і нянавісці да свайго бездапаможна выцягнутага на канапе цела, я інтуітыўна заплюшчыўся і ўявіў сябе на лазенным палку з ленінградскай бессаромніцай Зінкай. Там, на палку, усё атрымалася аўтаматычна, і я нават адчуў пах бярозавых венікаў і мулкасць дошак пад каленямі. «Толькі не адразу, цярпі, цярпі» усцешана зашаптала Аня, калі я ўжо не баяўся расплюшчыць вочы, і выгнулася так, што радзімыя плямкі апынуліся якраз насупраць маіх вуснаў. Я з лёгкім страхам дакрануўся да іх і яшчэ паспеў здзівіцца, што плямкі халодныя, як ваконнае шкло.

Калі мы апрануліся, я па-мужчынску ўпэўнена правёў па іх пальцамі і нарэшце падзяліўся сваім геаграфічным адкрыццём: «Ты ведаеш, яны падобныя на Новую Зеландыю». «Ну насмяшыў, адказала Аня і кіўнула на вывадак парцалянавых слонікаў, за якім на серванце стаяў будзільнік.  Зматваемся, а то Ленчына маманя можа раней прыцягнуцца». Выправоджваючы мяне з кватэры, мая другая жанчына папярэдзіла: «Мішка даведаецца з-пад зямлі дастане».

У аўторак на заняткі я не пайшоў. Я хацеў, каб здарылася адно з двух: або няхай Аня кожны дзень сцягвае перада мной сукенку, альбо няхай яе назаўсёды забяруць куды-небудзь у гімнастычную зборную СССР у Маскву.

У сераду маці пагнала мяне ў школу, дзе высветлілася, што Шадурка і праўда паехала на нейкія спаборніцтвы і ў цэлым горадзе нашу таямніцу цяпер ведалі толькі два шкілеты, якія з гэтае прычыны выклікалі ў мяне ледзьве не замілаванне.

Вярнулася Аня за пару дзён да зімовых вакацыяў. Яе зяўленне ў класе ўразіла нават ціхага дэбіла Дзіму Чыкіна, якога не адпраўлялі ў спецшколу дзеля таго, што ягоны бацька быў дырэктарам аўтарэмзавода. Аня, чаго раней з ёю ніколі не здаралася, па чарзе абыходзіла ўсе сталы і, цалкам ігнаруючы дзяўчынак, з кожным з хлопцаў віталася па імені. «Прывет, Вова,  прамовіла яна такім абыякава-бескалёрным голасам, што мне зрабілася ніякавата.  Прывет, Дзіма, я табе жвачку прывезла» Гэтую дзіўную працэдуру перапыніў прыход нашага фізіка Юліяна Людзвігавіча, што меў мянушку Кулон.

Далей падзеі разгортваліся надзвычай імкліва. Не паспеў Кулон кагосьці выклікаць, як Шадурка падняла руку. «Што ты хочаш, Аня?» запытаўся фізік, абсалютна, як і мы, упэўнены, што Аня можа хацець чаго заўгодна, але толькі не ісці да дошкі. «Юліян Людзвігавіч, я малекулы бачу»,  усхвалявана абвясціла Аня. Па кабінеце прашамацеў смех, які змяніўся насцярожаным маўчаннем. «Сядай, Шадурка, гэта не смешна»,  сказаў Кулон, і ягоная рука з асадкай папаўзла па журнальным спісе.

Аня села, але адразу зноў падняла руку, прычым, быццам першакласніца, якой карціць атрымаць пяцёрку за вывучаны вершык, цягнула яе ўсе вышэй і вышэй. Кулон падняў вочы. «Што яшчэ, Шадурка?» «Юліян Людзвігавіч, я ўжо атамы бачу, захлынаючыся ад радасці, загаварыла Аня.  Чэснае камсамольскае. Вось, вось, лётаюць» Яна выбегла з-за стала ў праход і паказвала пальцам у паветра. «Нармалёва»,  прысвіснуў нехта з «камчаткі». Кулон асцярожна ўзяў Аню пад руку і вывеў з класа.

Аню лекавалі ўсю зіму і вясну: спачатку ў былым бернардзінскім кляштары, дзе перад вайною выбівалі прызнанне ў Юлькі, а ў пяцідзесятыя гады адчынілі абласную варятню, потым дзесьці ў Падмаскоўі.

У дзесятым класе наша парачка шкілетаў зноў убачыла Аню. Яна ніколі ні з кім не загаворвала. Яе не выклікалі адказваць і вызвалілі ад выпускных экзаменаў. Яна не ездзіла на зборы і чэмпіянаты і прыкметна пакруглела. Паміж сабой мы са шкадобаю называлі яе Малекулай. Мы даўно ведалі, што на апошніх у Аніным жыцці спаборніцтвах пасля пянкі яе згвалцілі трэнеры. Трох ці чатырох пасля гэтага пасадзілі.

Калі Аня па-ранейшаму бачыла малекулы і атамы, дык вырашыла пра гэта маўчаць. Адзіны чалавек, каму яна магла даверыць сваю таямніцу, быў Мішка Яжэвіч, бо ён, як ні дзіўна, не кінуў з ёю сустракацца і часам чакаў яе пасля ўрокаў на лавачцы каля школьнага саду. Іх разам з памаранчавым намётам бачылі то на дзвінскім беразе за Сафійскім саборам, то ў чыгуначнай лесапасадцы, дзе за год да гэтага знайшлі выкінуты з маскоўскага цягніка поліэтыленавы мех з трупам нетутэйшай жанчыны. Старэйшыя хлопцы з нашага двара з зайздрасцю казалі, што Мішка ўладкаваўся, як кароль: трахае дурніцу і галава ні пра што не баліць.

Прыехаўшы праз год з Менска дадому, я ўбачыў Мішку Яжэвіча з маладой жонкаю і дзіцячай каляскай. Малекулы ў горадзе не было. Яе бацьку-макаронніка хацелі пасадзіць за крадзяжы, і ён прадаў дом і зехаў у Стаўрапаль. Разам з ім паехала і Аня, якая перад тым працавала прыбіральшчыцай у цырульні «Ландыш», што насупраць цяперашняга помніка Францішку Скарыну.

Гадоў праз дзесяць пасля тых падзеяў Мішка Яжэвіч заснаваў кааператыў, што вырабляў жаночыя паясы, і збудаваў сабе на ціхай заможнай вуліцы двухпавярховы катэдж. Яшчэ гадоў праз дзесяць мне расказалі, што аднойчы Мішка не вярнуўся ўвечары дахаты і раніцою міліцыя павезла ягоную жонку ў лес пад Лепель. Апазнаць Мішку ў выцягнутым са спаленага «фольксвагена» абгарэлым трупе ўдалося па верхняй сківіцы з залатымі зубамі.

І без таго цяжкія хаўтуры былі азмрочаныя двума вусцішнымі здарэннямі. Па-першае, у фатографаў ніяк не атрымліваліся здымкі на жалобны партрэт: пасля павелічэння добрых, здавалася б, фатаграфіяў твар нязменна выходзіў чорны. Нехта падрадзіўся зрабіць партрэт са здымка ў замежным пашпарце, але атрымалася яшчэ горш: на месцы вачэй выступілі чорныя кругі, а на шыі белы пасак накшталт вяроўкі. Другое здарэнне было яшчэ жудлівейшае: калі рыхтаваліся апускаць труну, у магілу спрабавала кінуцца нікому не вядомая пяная жабрачка, што збірала на кладах пустыя пляшкі.

У фінале маёй гісторыі Маэм зноў будзе прадстаўлены толькі кіпцястай птушынаю лапай.

Я не спытаюся ў гэтай старэйшай ад мяне гадоў на дваццаць істоты, ці памятае яна Мішку. У мяне не знойдзецца буйной купюры, каб пакласці ў яе зашмальцаваную мужчынскую кепурку з абразком святой Еўфрасінні. А калі б смуглым ад бруду пальцам і заманулася скамечыць мой даляр у маленькі шарык, каб яго праглынула птушка, дык грыфы ўсё роўна засталіся ў Веракрусе, а тут скакалі па непадмеценых прыступках адно сытыя манастырскія верабі.

1995

Я марыў стаць шпіёнам

Сёння не будзем гаварыць ні пра паэта, якога амаль год трымаюць у турме за легкадумны вершык, ні пра чыесьці спаленыя партрэты, ні пра новыя арышты.

Давай уявім, што там, за вакном, звычайная для Эўропы прыпозненая вясна, і я раскажу табе якую-небудзь займальную гісторыю, штосьці такое, аб чым мужчына і жанчына, якія адчулі прыхільнасць адно да аднаго і ўжо не першы год адчуваюць яе да добрага чырвонага віна, могуць гутарыць зараз за столікам кавярні недзе там, дзе разлічваюцца кронамі альбо крэдытнымі карткамі.

Напрыклад?.. Напрыклад, калі пачынаць ab avo* ( Літаральна «ад яйка»; з самага пачатку (лац.), паслухай, кім я марыў стаць у дзяцінстве.

Зрэшты, я выказаўся не зусім дакладна. Мары вырастаюць на падмурку хоць нейкага жыццёвага досведу, а я збіраюся казаць пра свае першыя гады, калі толькі пачынаў адасабляць сябе ад навакольнага свету, калі дарослыя ўжо бралі мяне з сабою ў кіно (тэлевізараў на нашай вуліцы ды, пэўна, і ва ўсім горадзе тады не было), але кніга яшчэ доўга заставалася таямніцаю за сямю пячаткамі. Тут, згадзіся, трэба весці гаворку непра асэнсаваныя мары, а пра своеасаблівыя сны наяве

Калі ласка, бутэлечку ламбрускі. Што яшчэ? Два келіхі і попелку.

Так, менавіта пра сны наяве, тлумачыць якія мы павінны, зыходзячы не з іх літаральнага сэнсу, а паводле той самай методыкі, што і сны звычайныя, у якіх злоўленая рыба абяцае не рыбалку, а цяжарнасць, а пажар грошы.

Калі ў такім узросце ў дзіцяці пытаюцца, кім яно хоча стаць, то вядуць дыялог з падсвядомасцю, а таму трохі дзіўна, што дзіцячым адказам на гэтае сакраментальнае пытанне не надавалі належнае ўвагі адэпты псіхааналізу.

Афіцыянт не спяшаецца, і з твайго дазволу я пачну з таго, што выдатна памятаю не толькі тое, кім хацеў быць, але і тое, кім ні ў якім разе не хацеў. Прычым гэты антывыбар, у адрозненне ад выбару са знакам плюс, нярэдка, як гэта здараецца і ў свеце дарослых, быў абгрунтаваны значна лепей. Вытлумачыць, чым той ці іншы чалавек табе не даспадобы, заўсёды, на мой погляд, прасцей, чым знайсці прычыны сваёй прыхільнасці.

Дык вось, гадоў з двух з паловай я быў перакананы, што ніякая сіла не змусіць мяне, як вырасту, зрабіцца следчым.

Следчым працаваў дзядзька Чаглей, які жыў у нашым драўляным доме праз сценку.

Дзядзька Чаглей прыехаў у Полацак з Сібіры, але ў той дзень, калі ён падхапіў мяне сваімі дужымі валасатымі рукамі пад пашкі і падкінуў над галавой, а я з гэтае верхатуры абсікаў яму бліскучы плех, у той дзень пра паходжанне нашага суседа, як і пра існаванне ягонай далёкае радзімы, я і не здагадваўся, а мой пругкі і трапны струменьчык нарадзіўся не ад нейкага перададзенага па генах асаблівага пачуцця да сібіракоў або да міліцэйскіх следчых, а ўсяго толькі ад лішку радасных пачуццяў, што перапаўнялі маю юную істоту.

Назад Дальше