Набліжаючыся ўпершыню да горада па лясных ці палявых дарогах, падарожны найперш чуйна ўслухоўваўся ў наваколле: ці не памыліўся ён часам? Ці не абмінуў патрэбнае места? Але вось жа і не, бо хутчэй бяжыць конік, чуючы подых жытла, віляе хвастом рудая хорціца, што гэтаксама прадчувае набліжэнне прыгодаў. Змяняецца водар паветра. Цягне дымком, блізкай вадой. Далёкі стук ужо не пераблытаць з дзятлавым, і, нарэшце, вецер даносіць гук царкоўнага звона. Са стромкага пагорка адкрываецца доўгачаканы краявід. Гукі і пахі спакваля ўвасабляюцца ў дамкі і прыбудовы, камяніцы і бажніцы. Дарога, чым бліжэй да места, робіцца ўсё больш утаптанай, спрэс раскрэсленай слядамі ног і калёсаў. І вось, нарэшце, трапляюцца першыя людзі
У горад лепш прыязджаць засветла, каб не натыкнуцца ў прыцемках на вострыя калочкі кабылінаў, што паўсюль перагароджваюць праезд па вуліцах ды подступ да брамаў, не збочыць у якую лужыну дый увогуле не спаткацца з невядомым ліхам. Бо ноччу цёмна, вусцішна. Удзень жа нашмат прасцей, асабліва ў такім месцы, як Менск. Падыміся на якое ўзвышша, а найлепш на тое галоўнае, дзе ратуша, дый азірніся на ўсе бакі, пэўна не заблукаеш. Усюды, як дастаць вокам, бачны менскі караявід: рэчкі ў нізіне і стары Замак ў засені земляных валоў, рынкавы пляц, далей татарскі канец з мячэццю ў атачэнні балотаў наўсцяж. Сапраўды канец. Паўднёва-заходняя мяжа. Злева дамкі, сады, агароды ды дарога на Ракаў. Справа Траецкая гара. Недзе за плячыма ўрочышча У сосен радовых, што недаязджаючы Ляхавае Лукі, зусім непадалёк ад гораду. Бачная адсюль і Пярэспа.
Горад, аточаны з усіх бакоў урослым ажно ў сярэдзіну лесам, з плешкамі зялёных пагоркаў. Места, куды прыпаўзаюць вужакі, дзе ў мокрадзь пахне грыбамі, дзе чутныя лясныя рыкі.
Затое тут на Высокім месцы ногі цвёрда стаяць на бруку. Тут няма рызыкі зваліцца ў якую яміну, або спатыкнуцца аб глыжак. Тут іншы спазор і іншы рух. Зазвіняць званы ў храмах, склікаючы на малітву, і разабецца натоўп на шматлікія ручаіны, і пацякуць яны па вулицах для людей парубленых, кожная ў свой бок: ва ўніяцкую Казьмы і Дзямяна ці ў касцёл на Траецкаю гару, у евангелісцкі Збор, што на вуліцы ў бок Койданава, ці то ў праваслаўную царкву апосталаў Пятра і Паўла на Нямігу, ці то ў семинарыум. А як пакажуць сонца ў небе ды гадзіннік на ратушы свой пэўны час, так і заспяшаюцца жыхары кожны па сваіх патрэбах. Хто на рынкі і ў крамы, хто ў замкавую канцылярыю, у цэх на працу, хто ў аптэку ці на млын
Менскі аптэкар
Двадцаць гадоў менскім аптэкарам быў каралеўскі зямянін Матыс Чаховіч. Каб разам з якой сваёй рахункавай кнігай вёў ён хроніку менскіх падзеяў, сведкам якіх быў, пакінуў бы пасля сябе неўміручую памяць. Колькі месцічаў прайшло праз яго, кожны са сваім болем, сваёй гісторыяй! Мусіць, ведала яго ўсё места, бо за такі доўгі час шмат хто, відаць, звяртаўся да яго неаднаразова. Брать, ужывать лекарствы значыць лекавацца, змагацца з немаччу. Разам з бальверам-кровапуском аптэкар таксама чинил старане подчас хворобы месцічаў.
Улетку 1600 г. уначы аптэкар разам са сваёй сямёй перажыў страшэнны спалох, калі раптам на ягоны дом напала банда злодзеяў з пулгакамі, ручніцамі, сагайдакамі і, павыбіваўшы оболоны, ледзь не ўварвалася ў святліцу, его самого мала не постреливши. У тую ноч шмат хто пацярпеў у горадзе і шмат хто што страціў. Дарэчы, дом аптэкара ў гэты перыяд складаўся з дзвюх святліцаў, павеці по другой стороне і піўніцы пад камораю. За гэты час аптэкар паспеў пахаваць сваю першую жонку, нарадзіўшы з ёй дзвюх дачок, і ажаніцца яшчэ раз, але заможным, напэўна, так і не стаў, бо ў 1600 годзе вымушаны быў прадаць свой дом за трыццаць коп грошаў, напэўна, больш паспяховаму ў справах злотніку Людвігу Бальцаровічу, а праз 20 гадоў у тэстаменце усё яшчэ называў сваю маёмасць убогай.
Пры канцы зімы 1620 года старога менскага аптэкара Матыса Чаховіча при бытности сямі пахавалі каля Менскага касцёла, паводле ягонага пажадання, поруч з прахам першай жонкі Раіны Рындзянкі. Складаючы тэстамент, Чаховіч запісаў, між іншым, у ім сваю мару і надзею пэўную на тое, што ягонае цела на суд Страшного суда цалком нескажоное встане. Маёмасць жа сваю падзяліў паміж шматлікімі сваякамі так дбайна, як, мусіць, важыў мазі ды адсыпаў парашкі сваім кліентам. Жонцы грошы і спрат домовы, дык каб лыжку срэбную выкупіць не забылася. Дачцэ Настассі і зяцю Яну Ганецкаму фальварак Затычын, дачцэ Марухне і яе мужу Яну Андрыеўскаму дом у месце Менску з аптэкаю со всим будованем и приналежностю, а таксама вала, ручніцу дый скрыню дубовую. Не забыўся дзед і пра ўнукаў: Ганне 10 коп грошай на дагляд, Настассі кубак срэбраны, ліхтар масянжовы, круцыфикс і карэтку. Унуку ж Ярашу дасталіся дылея лазуровая з вялікімі гузікамі ды макавы жупанРазышліся з касцёла асірацелыя сямейнікі, снег неўзабаве прысыпаў шматлікія сляды
Менскія адрэсы
Месца, дзе стаяў дом аптэкара, невядомае, але, напэўна, блізка Новага Рынку, бо чалавек ён быў патрэбны. Тут жа, у Новым месце ля дома Людвіга Залатара ў 1600 годзе стаяў дом яшчэ аднаго аптыкара Паўла Міхайловіча, а ў 1618 яшчэ аднаго залатара Івана Амазікавіча. У рынку новом, против ратуша жыў земскі суддзя Грыгорый Макаравіч, які, апроч таго, меў яшчэ маёмасць на Траецкай гары. Побач, таксама насупроць ратушы, стаяў дом краўца Івана Макранскага, у якім гасподаю стаяў сын менскага старосты Уладыслаў Станкевіч. У доме, што меў назву Дзеравянчын, жыў служэбнік князя Фёдара Друцкага-Горскага Венцлаў Макранскі з Марушай Грамычанкай, а дом з назвай Макаравичовский земскі суддзя Марцін Валадковіч набыў у пана Крыштафа Макаравіча ды падараваў у 1622 годзе сваёй жонцы Дароце Монвідаўне Дарагастайскай. Ён стаяў таксама насупраць ратушы паміж дамамі Івана Злотніка і Яна Цырульніка. У 1641 г. дом згарэў, і ў дакументах згадваўся ўжо толькі голы пляц. Пасля смерці Марціна Валадковіча ягоная жонка Дарота дала дазвол сыну Крыштафу будаваць на тым голым пляцу будынки, якие захоча.
Дарэчы, пожар огнисты, які ў 1641 і 1646 гадах знішчаў Новае места, нарабіў у Менску шмат бяды, спустошыўшы безліч гарадскіх пляцаў. Пацярпеў нават Менскі Дамініканскі кляштар, у якім згарэлі падчас пажару дакументы панны Марыны Стужынскай. Кароль Уладыслаў IV Ваза нават выдаў лібертацыю менскаму магістрату як погорельцам.
У 1641 годзе пасля пажару менскі земскі пісар Крыштаф Валадковіч вырашыў прадаць свайму брату Яну, які таксама меў пасаду пісара, але ў менскім гродскім судзе, свой пляц на вуліцы Полацкай за 500 злотых польскіх, які сам не так даўно атрымаў у дарунак ад маршалка ВКЛ Казіміра Леона Сапегі. Пасля пажару вымушаны былі прадаваць свае пляцы многія людзі, што жылі ў Верхнім горадзе. Так, стольнік Менскага ваяводства Ян Жыжэмскі з жонкай Ганнай Есманаўнай прадалі сужэнству Юрыю Гарабурдзе і Крысціне Завішанцы пляц на рынку насупраць ратушы. Месца было казырным: з аднаго боку пляца месціўся дом князя Грыгорыя Юрыя Друцкага-Горскага, з другога менскага старосты Крыштафа Завішы, але ж пажар перамясціў былых суседзяў з аднаго месца ў горадзе на іншае.
«Панкратаўскі» дом быў побач шпіталя, «Ясінскі» дом паблізу Замка. Двор «Міклушоўскі» знаходзіўся на вуліцы мима Збора ку Койданаву идучой. Дом другога менскага злотніка Станіслава, які, відаць, належаў да іншага цэху залатароў, стаяў таксама ў Замку, насупроць Прачысценскай царквы, побач з сядзібай Юрыя Бальвера. Дом бурмістра Івана Бабуркі з сынамі Раманам, Макарам і Васкам месціўся на улачцы супроць Свіслачы, непадалёк касцёлу. Менавіта тут, у доме славотного бурмістра, павінны былі вяртаць грашовую пазыку два не менш славутых віленскіх браты купец Багдан і скарбны ВКЛ Лукаш Мамонічы ў 1600 годзе, але ў прызначаны тэрмін не зявіліся. Пазней бурмістр даведаўся пра раптоўную смерць Багдана. Цалкам верагодна, што Лукаш Мамоніч усё ж такі пабываў у бурмістравым доме над Свіслаччу ў іншы час. Іван Бабурка меў краму ў Менску і, пэўна, быў заможным чалавекам.
На волоках Полоцких, будучай Валоскай, жылі мяшчане Кузьма Пішчалка ды Фёдар Заляцелы, ці не той самы, які, паводле Сыракомлі, пасмяяўся перад каралеўскім сакратаром Гальяшам Марахоўскім з Жыгімонта ІІІ Вазы, маўляў, я, даўшы пару чырвоных залатых, што хочаш у караля выпрашу, маючы, мусіць, на ўвазе атрыманыя ім ад караля ахоўныя граматы, што баранілі яго і ягоную маёмасць ад менскага ўраду. Жыла тут таксама жонка пінскага падстолія Грыгорыя Тэрлецкага Галена Бачанка. Тут жа, на Волоках, набыла дом у Якуба Раманскага і Багданы Кішчанкі ваяводзіная вендзенская Зафея Служчына. Гасподу для віленскага купца здаваў у сваім доме Ісак Багушэвіч Шышка, усе продкі якога мелі, як пра тое піша Сыракомля, ўласны пляц ля Койданаўскай брамы, дзе ў сярэдзіне ХVII стагоддзя Лукаш Богуш Шышка вырашыў пабудаваць шпіталь. На вуліцы Юреўскай ля Свіслачы жылі князь Яраш Іванавіч Жыжэмскі, які свой дом з агародам перадаў на патрэбы менскага евангелісцкага збора, паны Кулі, Ян Шчарбіцкі, войскі Іван Быкоўскі. Дарэчы, вуліца Вялікая Юреўская згадваецца ў звязку з зямяніным Аляксандрам Кулем. Гаспода Івана Мысліўца знаходзілася насупраць царквы Святога Юря. Яшчэ адзін жыхар вуліцы Юреўскай пісар канцылярыі ВКЛ Юрый Паскевіч быў вызвалены за добрую працу каралём Уладыславам IV Вазай ад жаўнерскіх стацый ды абавязкаў сяліць у сваім доме гостей з соймаў, соймікаў, рокаў і рочкаў.