Праз тры месяцы й пяць дзён у горад па дачку прыехала маці і, пакуль Інэса была на працы, а цётка недзе бегала па справах, забрала Міхаську з Глебушкам зваротна ў вёску, з тым разьлікам, што Інэса сама прыедзе па дзяцей і застанецца.
Так і здарылася. Цётка раўла на суседку, што тая аддала дзяцей, Інэса зьбірала клункі, нэрвова бегаючы па кватэры Праз паўгадзіны: таксоўка аўтобусны вакзал вёска.
Такім чынам Інэса вярнулася на сваю малую радзіму і зноў захрасла ў безвыходным становішчы, перад адчыненаю пашчаю быта, які лёгка заглынаў такіх страйнюткіх, танюткіх дзяўчын, выплёўваючы іх праз гады пакамечанымі, апухлымі, непрыгожымі.
Юрка ізноў пачаў кружляць вакол яе, паводле штампу ў пашпарце ўсё яшчэ штосьці патрабаваў, гучалі нейкія цьмяныя абавязацельствы, клятвы.
Інэса на гэта не зважала, яна сварылася з маці й гадавала Міхаську з Глебушкам, якія на той час былі суцэльным арганізмам паяданьня, плачу й забруджваньня пялёнак.
Жыцьцё цалкам адмаўлялася ад таго, каб даць Інэсе нейкі шанец на шчасьце. Неўзабаве яна сурёзна задумалася пра самагубства, бо двое дзяцей гэта нішто ў адрозьненьне ад: а) дурнога мужа, якому немагчыма адмовіць, бо ёсьць шанец быць пабітаю; б) дурной маці, якая лічыць, што дачка мусіць ва ўсім дапамагаць ёй па гаспадарцы ды любіць свайго гаспадара.
Аднойчы Інэса, каб неяк адчуць хоць каліўца патрэбнай ёй волі, кінула дзяцей на маці, якая яшчэ спала, і выправілася суботняй маршруткай, якая хадзіла ейнымі мясьцінамі раз на раніцу, у Менск.
Яна прабадзялася па вуліцах да вечару, слухаючы свае ўласныя думкі, а не чужыя, атрымліваючы асалоду ад звычайнага шпацыру, купляючы танную каву й фатаграфуючы выпадковыя мясьціны. Што яшчэ трэба маладой дзяўчыне ў вялікім горадзе?
Так, бадзяючыся й адпачываючы, Інэса натыркнулася на будынак з аблупленаю тынкоўкаю й надпісам на шкле Мастацкая галерэя, побач з вакном, на драўляных дзьвярах вісеў плякат, які паведамляў аб адкрыцьці першай пэрсанальнай выставы маладога мастака Вітаўта Кранаса, які спалучае ў сваіх працах экзыстэнцыяльную прысутнасьць рэчаў праз спаленьне іх вонкавай абалонкі. Зацікавіўшыся незразумелым тлумачэньнем на плякаце, Інэса вырашылася завітаць.
Інэса зайшла й пабачыла вакол процьму людзей, журналістаў, фатографаў, і шмат невядомых спаленых рэчаў, нейкіх, здавалася, крэслаў, зэдлікаў, габэленаў; уся выставачная прастора была застаўленая гэтымі рэшткамі, і ў прасторы лунаў водар духмянак, зьмяшаны з пахам гарэлага дрэва.
Інэса зацікаўлена хадзіла між людзьмі, скраем вуха выхопліваючы словы кшталту новы выбух, жыцьцё пасьля агню, сьвежы позірк, немагчыма ўявіць Ёй не зусім зразумела, што тут адбываецца, але гэта прыемна, калі сярод натоўпу ты быццам бы свой і чужы адначасова.
Раптам яна трапіла ў невялічкую кампанію, якая трымалася крыху падалей ад агульнай колькасьці гасьцей, і адначасова пабачыла стол з чырвоным і белым віном.
Прабачце, мадам, калі вы па журналісцкай справе, то крыху пазьней, прамовіў малады чалавек, хударлявы, бледны, зь вялікімі вачыма й доўгімі пальцамі, быццам намаляванымі Эгонам Шыле.
Не, прабачце, я тут не па справах. Інэса пасунула фотаапарат, які вісеў на правым плячы, крыху за сьпіну. Я тут падарожнічаю, выпадкова завітала.
А, ну то добра, можаце з намі, калі хочаце, выпіць віна. У нас няма асаблівай ахвоты варыцца сярод натоўпу. Малады чалавек працягнуў Інэсе келіх зь віном.
Добра. Дзякуй, у мяне пакуль ёсьць, адказала Інэса й паказала на плястыкоўку з чырвоным віном, якая амаль цалкам хавалася ў левай далоні. Я з вамі пастаю, а то я таксама губляюся ў такой колькасьці людзей.
Нам будзе прыемна Мяне зваць Вітаўтам, справа гэта Гэня, зьлева Ян.
ПаветраМенск. Гэты горад адвечна прываблівае да сябе ўсіх маладыах і ахвочых, заваблівае ў сваю пастку, ставіць перад складаным выбарам, ставіць пытаньне грошай на першае месца, і калі ты ня здатны на тое, каб адвучыцца, паралельна працуючы, а потым так жа не разгінаючы сьпіны працягнеш працаваць, працаваць, працаваць, каб былі грошы аплочваць кватэру, калі яна твая, альбо бацькоўская, альбо працаваць яшчэ болей, каб аплочваць здымную кватэру Дык вось, калі ты ня здатны на гэта, цябе чакае штосьці кшталту намяшанага савецка-беларуска-сучаснага, штосьці кшталту кепскай беларускай рэчаіснасьці, з моладзевымі арганізацыямі, якія ня будуць даваць табе праходу са сваімі недалёкімі поглядамі, якія дасягаюць адно суседняга гаўбца, і толькі Менск адразу заваблівае ў пастку, наперад пасоўваючы спачатку чыстыя прыбраныя вуліцы, потым клюбы, бары, рэстарацыі, гумы, цумы, супэрмаркеты, гандлёвыя цэнтры, вялікія аўтастрады, аўтабаны, дарогі, шляхі, каляінкі, шматпавярховікі, дамы нібыта пасьля рэстаўрацыі, а па-шчыраму пасьля неахайнай перабудовы І чалавек апынаецца на плошчы каля Палацу Рэспублікі, і патрабуе быць з ім шчырым, і хоча, каб яму было лягчэй жыць і дыхаць, хоча, каб усё было для народу.
Дзіўны гэты горад Менск. Вы ж, напэўна, чулі пра яго? Інэса абрала ў Менску для сябе іншы шлях, яна пасябравала зь дзіўнымі для звычайнага беларускага асяродзьдзя людзьмі кніганошамі, свавольнікамі, аматарамі кіно й кніг, пісьменьнікамі, шалёнымі летуценьнікамі, мастакамі, якія ўсе гулялі ў гульні, пілі, гралі на інструмэнтах, цытавалі анархістаў і жадалі жыць ня тут. Інэса таксама вырашыла быць вольнаю і воля сама да яе прыйшла, у выглядзе новага падвойнага жыцьця, дзе яна днём працавала й вучылася, а па вечарох з галавою сыходзіла ў сьвет творчасьці, сьвет незвычайнага, сьвет інтэлектуальных дэбатаў, у сьвет колераў, літар, алькаголю. Яе сыны расьлі хутка: ясьлі, нянькі, дзіцячыя садочкі, ласка маці, любоў сяброў, аўсяная каша, беларускія тлустыя ёгурты, казкі ўголас, дзядзька Ян, які звычайна прыносіў чупа-чупсы, дзядзька Вітаўт, свавольны й дзёрзкі, дзядзька Гэня, зь зямлістым тварам, шалёны, які наведваў вельмі й вельмі рэдка, а потым увогуле зьнік з далягляду І нават здымная кватэра ў старым раёне, дзе на ўслонах дрэмлюць старыя бабулькі, а пад разлапістымі каштанамі сьпяць пяныя суседзі, усё гэта ня мела значэньня, нават калі даводзілася на кухні, уключаючы сьвятло, адмахвацца ад прусакоў, якія разьбягаліся па зашмальцаваных сьценках у розныя бакі. Жыцьцё занадта кароткае й каштоўнае, каб зважаць на такія дробязі. Калі ёсьць мэта існаваньня, усё астатняе ня мае значэньня.
Інэса ўсё больш пераконвалася ў тым, што адукацыя для яе ня мае значэньня, тое, што выкладаецца багна, сапраўдная беларуская рэалістычная багна, яна яшчэ ў падлеткавым узросьце спасьцігла ўсё, што ёй карцела спасьцігнуць, і рухалася ў сваім накірунку, эвалюцыянуючы не паводле праграмы, падпісанай Міністэрствам адукацыі й катэдраю ВНУ, але паводле свайго ўласнага досьведу, выкопваючы з глыбінь букіністычных пакояў кнігарняў свой непаўторны сьвет жыцьця. Інэса ўсё часьцей лічыла сваім самым блізкім чалавекам Яна, хаця бачыла, што Вітаўт спрабуе завязаць зь ёй больш шчыльныя сяброўскія стасункі, а Гэня трымаецца паасобку, прыводзячы на агульныя вечары розных маладых дзяўчат. Кампанія дзіўна глядзелася звонку: Інэса з двума дзецьмі, Вітаўт са сваімі спаленымі рэчамі, Ян, падобны да рыбы, заўсёды з кнігамі ў руках, і Гэня, які, здавалася, яшчэ крыху і выбрыкне штосьці варяцкае Часам да іх далучаліся Валя й Мікіта.
Іх кампаніі раней сапраўды не хапала жаночага пачатку, занадта шмат было мужчын, але ўсё гэта лёгка вырашаў Ян, прыводзячы часам кагосьці, альбо Вітаўтавы прыхільніцы, салодкія, заварныя дзяўчынкі, напханыя вяршкамі ведаў: першымі радкамі вядомых паэтаў, першымі сказамі зь вікіпэдыяў, і далей ані кроку, а потым вумныя дзяўчыны альбо гублялі інтарэс да кампаніі й гутаркі й сядзелі, пуста ўсьміхаліся ім хапала першых хвілінаў размовы, бо потым вельмі хутка высьвятлялася, хто чаго варты.
Да Інэсы аднойчы прыехаў Юрка: чорныя боты, трэніровачныя штаны, спартовая куртка, валасы пад машынку, толькі чубчык пакіньце, скасабочаны твар, неахайна паголены, з рота нясе гарэлкаю.
І вось гэтае чмо бацька маіх сыноў?! Інэса спужалася, Юрка ўпершыню стаяў перад ёю як чужынец, і яна магла абектыўна на яго глядзець, Ён быў быццам бязь лішняга нанаснога цыбулевага шалупіньня й рэзаў вочы. Толькі ягоная сутнасьць, толькі корань, самае істотнае, што раней хавалася ад большасьці жанчын, калі яны абіралі сабе мужчын.
Гэта была субота, вечар, якраз надышла чарга прымаць сяброў у кватэры Інэсы. Юрка не пасьпеў як мае быць зайсьці ў кватэру, павітацца, як яго заўважыў Гэня, які выходзіў з прыбіральні, абціраючы мокрыя рукі аб швэдар, лыпаючы чырвонымі, шалёнымі вачыма.
Інэс, гэта хто?
Гэта Юрка, Гэнь Але ты толькі ня злуйся!
Гэня быў неспартовым чалавекам, ён за ўсё жыцьцё толькі ў сярэдніх клясах на фізкультуры напружваўся, але яму ўдалося схапіць Юрку за шыю й сьціснуць яго галаву пад пахаю. Потым Гэня двойчы з разьбегу ўдарыў паголеную пад машынку макаўку аб шафу, якая стаяла ў калідоры, пакінуўшы дзьве ўмяціны на дзьвярах. Свабоднаю рукою адчыніў наросхрыст уваходныя дзверы й штурхануў цела на лесьвіцу. Юрка шпарка паляцеў праз пралёты, беспасьпяхова спрабуючы схапіцца за парэнчы.
Наступным днём на Інэсу варожа глядзелі бабулькі, называючы яе няўдзячнай ды прастытуткай, бо яе хахалі пабілі ейнага роднага мужа, які паўночы прасядзеў каля падезда, плачучы й скуголячы, пакуль яго не забралі ў малпоўню.