Гэня быў неспартовым чалавекам, ён за ўсё жыцьцё толькі ў сярэдніх клясах на фізкультуры напружваўся, але яму ўдалося схапіць Юрку за шыю й сьціснуць яго галаву пад пахаю. Потым Гэня двойчы з разьбегу ўдарыў паголеную пад машынку макаўку аб шафу, якая стаяла ў калідоры, пакінуўшы дзьве ўмяціны на дзьвярах. Свабоднаю рукою адчыніў наросхрыст уваходныя дзверы й штурхануў цела на лесьвіцу. Юрка шпарка паляцеў праз пралёты, беспасьпяхова спрабуючы схапіцца за парэнчы.
Наступным днём на Інэсу варожа глядзелі бабулькі, называючы яе няўдзячнай ды прастытуткай, бо яе хахалі пабілі ейнага роднага мужа, які паўночы прасядзеў каля падезда, плачучы й скуголячы, пакуль яго не забралі ў малпоўню.
ПаветраГісторыя зь Юрам ня мела больш працягу. Усё скончылася праз два месяцы, калі Інэса, прыехаўшы разам зь Янам у сваю вёску, адшукала сьпітага мужа й сілаю адвяла яго ў раённы суд, дзе ім падпісалі развод: не сышліся характарамі. І ўсе ведаюць, што, калі вельмі, то бок настойліва, жадаеш, ніхто стандартныя тры месяцы на паразважаць перад разводам не дае. Так і разышліся, як сышліся імгненна, хутка, у адначасьсе.
Сьвяткаваньне свабоды, прынамсі па пашпарце, пачалося ўжо на зваротным шляху ў Менск: Ян вёў сваю напаўзгнілую бэжавую капейку, Інэса піла шампанскае, скраем вока паглядала на Яна, сьмяялася. Дзяўчына ехала свабоднаю й закаханаю, жывою й шчасьліваю, яна цяпер марыла, каб усе прыметнікі абмежаваліся Янам
ПаветраНа пытаньне Як пражыць адной зь двума дзецьмі Інэса ніколі не магла даць празрыстага адказу, ёй самой здавалася, што яна жыве па нейкай містычнай інэрцыі, якую немагчыма прадказаць, немагчыма прадпісаць і сплянаваць. Яна жыве, як паветра, як сьвежы вецер, гайдае галінкі, варушыць лістоту, гуляецца ў кутах дамоў.
Інэса, здавалася, лёгка знаходзіла выйсьце, здавалася, не заўважала праблем За тры гады ў Менску яна пасьпела зьмяніць пяць кватэр, тры працы й адно паліто, яе дзеці пабывалі ў дзьвюх ясьлях, дзякуючы маці й нянечцы навучыліся ангельскай мове, крыху чытаць і лічыць Дзеці былі падобныя да кветачак: маленькія, яны чапляліся сваімі пялёсткамі за маці й празь яе цягнуліся вышэй, да промняў сонца.
Інэса шмат чаго мяняла ў сваім жыцьці, але лёс сам знайшоў для яе працу яна пачала атрымліваць грашовыя замовы на фатаграфаваньне сьвятаў, партрэтаў, мастацкіх твораў.
Вось яна на вясельлі, адшчоўкала дзьве тысячы фотакартак, зь якіх апрацуе толькі сто ўдалых. Вось яна робіць фотапартрэты адной багатай сямі. Вось яна, аддаўшы дзяцей на дагляд да суседкі, езьдзіць увесь ўік-энд разам з жаніхом і нявестаю па гарадох Заходняй Беларусі Інэса пачала шмат часу аддаваць вязаньню дзіцячага адзеньня, шкарпэтак і рукавічак. І не пасьпелі азірнуцца, а яна ўжо атрымала замову ад піцерскага выдавецтва напісаць кнігу па вязаньні дзіцячых рэчаў, потым пачала за грошы даваць прыватныя ўрокі ў сябе дома для маладых мам, як вязаць ваўняныя пінетачкі немаўлятам, а потым у яе зьявілася колькі падлеткаў, якія варяцелі на мастацкай фатаграфіі.
Жыцьцё адорвае прыемнасьцямі, дае сваю ласку, існуючы, як двухаблічны Янус, з аднаго боку цяжкасьці, з другога непаўторнае шчасьце, і невядома, які Янус будзе глядзець табе ў вочы, утульна лежачы на далоні, калі ты, падкінуўшы сваю манэту, ловіш яе ў кулак, а потым расьціскаеш пальцы.
ПаветраІнэса шмат часу выдатковаўвала на тое, каб дасьледаваць сваіх сяброў, якія калісьці ёй падаваліся такімі незразумелымі, іншаплянэтнымі, незвычайнымі. Цяпер яна магла іх, крыху прааналізаваўшы, дэталізаваць, неяк растлумачыць для сябе іх сутнасьць, іх прыхільнасьць да стыхіі. Тое, што яна сярод іх трох была адзінаю дзяўчынаю, надавала пікантнасьці. Яна была быццам бы тая самая прыправа чырвонага гострага перцу ў моркву па-карэйску. І яна пра гэта ведала, таму часта заплюшчвала вочы на новасьпечаных сяброў/сябровак, якіх на іх агульныя пасядзелкі й літаратурныя вечары прыводзілі ці то Ян, ці то Вітаўт, зрэдзьчас і ўсё радзей Гэня.
У яе былі сваё асяродзьдзе, свая сямя, і сёньня яна шмат разважала пра Вітаўта, чалавека, які зь дзяцінства быў настолькі паглыблены ў сваё мастацтва, што яму часта казалі старыя мастакі, каб ён затрымаў свайго ўнутранага мастацкага Моцарта, бо гэта адбіваецца на канцэптах, шкодзіць ягоным пэрформансам. Вітаўт сам для сябе абраў пэўны тэмп разьвіцьця, празь які сам і пакутаваў, бо надта сьпяшаўся зьдзейсьніць той ці іншы пэрформанс, тую ці іншую экспазіцыю, разумеючы, што які б шлях ён ні вызначыў, гэта быў ягоны пэрсанальны шлях, каторы трэба прайсьці да канца і ператварыцца ў сапраўднага каштоўнага вогненнага Фэнікса. Але, як пісалі некаторыя мастацкія крытыкі, сьвет яшчэ пасьпее пабачыць Вітаўта сталага, Вітаўта мастака зь вялікай літары М, а пакуль тое, чым ён ганарыўся, быў ягоны праект спаленага Адраджэньня, праект, у якім мастак цераз гарэньне вызначаў сапраўдную форму прадмета, пачатак яго новага існаваньня, магчымасьць бачыць яго глыбінную сутнасьць. Вітаўт доўга ішоў да гэтай ідэі, але калі ён аднойчы прачытаў пра расьліну, якая дзеля таго, каб пасеяць семя, мусіць згарэць, ён зразумеў, што менавіта гэта будзе падмуркам ягонай канцэпцыі Новага жыцьця мастацтва пасьля агню.
Вітаўт быў алегорыяй агню, ён штохвілінна гарэў думкамі, ідэямі, і тым, каб іх найхутчэй зьдзейсьніць. Ягоны твар быў парослым рудым шчаціньнем, і сам ён быў падобны да старажытнага паганскага бога. І калі Інэса ўяўляла сабою ветраную стыхію, стыхію, якая часта праз свае рухі й перамяшчэньні здольная мяняць ня толькі сваё жыцьцё, але й асяродзьдзе, істотна ўплываючы на лёс сваіх сяброў, то яна часам у спрэчках магла разьдзьмуць Вітаўтаў агонь настолькі, што той сам першым згараў, не пераканаўшы апанэнта, застаючыся змакрэлым, з чырвоным тварам, цяжкім подыхам, але спапялюшаным, перагарэлым.
Інэса, калі заставалася з Вітаўтам сам-насам, адчувала сябе няёмка, бо Вітаўт адразу ўспыхваў нейкай незвычайнай гарачынёй, якая хутчэй была падобнай да полымя каханьня, але Інэса заклікала паветра, і полымя згасала.
Вітаўт, каб пазбавіцца самоты й нейкім чынам пачаць жыць новым жыцьцём, ажаніўся з Валяй, зь якой быў у блізкіх стасунках ужо амаль тры месяцы, што для творцы часта значыцца подзьвігам. Ажаніўся ён, напэўна, з тае прычыны, што Інэса была яму недасяжнаю, не разумела ягонай гарачыні і глядзела ў бок Яна, які ўяўляў сабою стыхію вады, і гэта выглядала цалкам гарманічна, бо лёгкі вецер па вадзе пускае неверагодна прыгожыя маленькія грабеньчыкі
ПаветраЧакаць каханьня цягам усяго жыцьця Інэса не зьбіралася. Прайшло больш за тры гады, Ян не рабіў аніякіх крокаў на збліжэньне больш як сяброўскае, Інэса паступова аддалілася ад сваіх мараў.
Інэса пачала шукаць сама.
Так атрымалася, што ў яе зламаліся хатнія старыя гадзіньнікі, якія былі зробленыя на мэханічным заводзе: увесь гадзіньнікавы апарат быў уманціраваны ў пяцісотграмовы граніт, які звонку меў мэталічны каркас складаны апарат, невядомая канструкцыя. Гадзіньнікі дасталіся ёй яшчэ ад прабабулі і ані разу не ламаліся Да гэтага часу.
Інэса завярнула гадзіньнікі ў хустку, яны былі нязграбныя й адцягвалі дно торбы, і выправілася ў суседні дом, на рагу якога вісела маленькая аблупленая шыльда Рамонт гадзіньнікаў.
Аказалася так, што гадзіньнікі рамантаваў мужчына сярэдніх гадоў, прыгожы, чарнавалосы, з вострымі сківіцамі, шырокаю ўсьмешкаю й сумнымі вачыма. Ён займаўся прыватным бізнэсам адразу ў сябе на кватэры: у калідоры, перад уваходнымі дзьвярыма, была чакальня для кліентаў, першы пакой пасьля чакальні майстэрня, другі месца адпачынку. Майстра гадзіньнікаў звалі Валодзя, ён не хадзіў і перасоўваўся па прасторы пры дапамозе вазку.
Валодзя яшчэ ў падлеткавым узросьце, калі даваў нырца на дамбе Менскага мора, зламаў пазваночнік.
Валодзя, як пра гэта сьведчыць адна са сьценак у пакоімайстэрні, чэмпіён Беларусі, краінаў СНД і Эўропы па гонках у вазках, а таксама бронзавы чэмпіён Параалімпійскіх гульняў.
Адзінае, што замінае Валодзю, алькаголь. Ён пе, як адданы каханак кахаецца, шалёна й усёй душою.
Інэса, якая адразу ўпадабала гэтыя рамантычна сумныя вочы й неверагодна накачаныя рукі, пасьля таго, як атрымала свае адрамантаваныя вінтажныя гадзіньнікі, выявіла, што ў ейнай здымнай кватэры пачалі ламацца ўсе гадзіньнікі запар: наручныя, будзільнікі, гаспадарскія зь зязюляй.
Інэса закахалася мэнтальна, плятанічна. Яна аніводнага разу, як прыходзіла да майстра гадзіньнікаў, а завітваць яна пачала нават без гадзіньнікаў, не запыталася пра яго мужчынскую здольнасьць, да якога ўзроўню ён спаралюшаны, ці ёсьць у яго сямя, дзеці, жонка, каханка.
Валодзя адразу сьцяміў, што да чаго, і нават зрабіў вялікі перапынак зь пітвом, бо прыгожая дзяўчына магла лёгка замяніць любыя стымулятары й наркотыкі. Ён пачаў стараньней галіцца, выязжджаць на сьвежае паветра, катацца зь Інэсай вакол дома й па мясцовым парку. Ён ізноў адчуў сябе маладым, тым самым шалёным юнаком у інвалідным вазку, які ганяе па сьвеце й заваёўвае мэдалі на спаборніцтвах, але сум у вачах ён не выліваўся са сьлязьмі і нават не зьнікаў з усьмешкамі, ён не высыхаў пад промнямі сонца і не вымываўся дажджамі, сум нікуды не сыходзіў, нават калі Інэса зазірала ў вочы, нават калі аднойчы яны пацалаваліся.
Неяк Інэса здолела ўгаварыць Валодзю на тое, каб звазіць яго на сьвята Дня Перамогі да Стэлы паглядзець на салют.
Гэты дзень магчыма назваць кульмінацыяй іх адносін, калі закаханы майстар, з шырокай усьмешкаю, задраўшы голаў уверх, лічыў залпы, а ягоны твар асьвятляўся чырвонымі, зялёнымі, блакітнымі, белымі й ружовымі колерамі.