Пацалунак на фоне гор (зборнік) - Анатоль І. Бутэвіч 4 стр.


Мне падалося, што маці нечага не зразумела. Я спадзявалася, што яна спалохалася не мяне. Як мага лагодней я зноў нагадала пра сябе. Ды нічога не змянілася.

Так адбылося і трэці раз. Нават яшчэ горай. Відаць, маці наважылася зусім пазбавіцца мяне. Няўжо яна напраўду хацела, каб патухла свечка майго жыцця?

Яна спяшалася, каб я не паспела заявіць пра сваё існаванне. Мусіць, яна чакала ад гэтага непрыемнасцяў. Таму хацела любым спосабам пазбавіцца іх. Сваю злосць і незадаволенасць спатольвала на мне.

А што магло я? Кожнай клетачкай я прасіла маці: «Чаму губіш ты маё няспраўджанае жыццё? Няўжо дзеля ўласнай уцехі? Яно ж уцялеснена тваёй любасцю. Тваім захапленнем і замілаваннем. Тваім каханнем. Вашым адзіным з маім бацькам каханнем. Чаму ж падманным і хлуслівым аказалася яно? Балюча мне, што да донца душы высахла твая дабрыня. Чаму атрутная горыч запаланіла тваё нутро?

Высокі дух паклікаў цябе стаць Мамай. Вышэй за гэта нічога няма. Нават звяры і маленькія кузуркі бароняць сваіх дзяцей. А ты хочаш знішчыць мяне?! Звесці са свету сваю крывіначку?! Чым жа ўгнявіла я цябе, мая мамачка? Чым не дагадзіла табе?

Як горка, як маркотна мне. Адно я тут. Як былінка ў полі. І сэрца маё як незагойная рана. Хіба не адчуваеш ты, як прагну я пабачыцца з табой? Як хочацца з цёмнай хаткі выбрацца на святло тваіх вачэй! Каб атуліць іх сваімі гарачымі пацалункамі»

Чаго толькі не зведала я. Калі пра ўсё расказаць, ніхто не паверыў бы. Маю маці абявілі б жорсткай, неразумнай. Гэтага я не хачу. Я не спазнала поклічу жорсткасці. Я не ведаю помсты.

Мне вельмі карціць убачыць той вялікі свет. Адчуць яго, зразумець. Я ж не бачыла святла. Я не ведаю жывога зямнога жыцця. Няўжо ніколі не зірну на гэты Божы цуд?

І таму я пусцілася на хітрыкі. Стаілася, заціхла. Доўга маўчала. Пакуль не падалося, што мацярынская злосць мінулася. Тады я зноў нагадала пра сябе.

Аднак няхай бы маўчала я і далей. Хай бы мая маўклівасць выдавала за маю адсутнасць.

Лепш маўкліва цярпела б тое, што цярпець балюча і крыўдна. Бо мой напамінак каштаваў мне дорага. Мяне вырашылі пазбавіцца. Зусім. Я гэтага не разумела. Мне здавалася, што маці хоча пазнаёміцца са мной. Але я памылілася. За такую даверлівасць ледзь не паплацілася жыццём.

Тады я моцна ўчапілася за мацярынскае ўлонне. Мне так хацелася застацца жывым, што мая маці нічога не магла зрабіць. Яна здалася і адступілася. Так падалося мне.

Але я зноў падманулася. Гэта быў часовы зацішак. Матчына зласлівасць затаілася. Аднак яна паспела атруціць мяне. Я адчула гэта. Нешта ўва мне змянілася. Я піла сокі, але не адчувала дужасці. Мне ж хацелася набрацца сілы. На ўсялякі выпадак. На чорны дзень.

Аказалася, ён будзе ў мяне не адзін. Я стала разумець паводзіны маці. Прадчувала прыступы яе злосці. Тады я заціхала. Старалася не піць жыццёвых сокаў. У гэты момант яны былі атручаны злосцю і помстай.

«Але за што такая злосць? За што помста? Я ж нічога, акрамя радасці, не жадаю табе, мая мамачка. І за гэтую радасць крыўда, злосць, помста? Хіба забылася ты, як люляла, як песціла цябе твая маці? Як заходзілася ад шчасця яе сэрцайка, калі ты ласкава шчабятала: «Ма-ма, ма-ма» Я ж ніколі не змагу вымавіць гэтага слоўка. Не паспею пацешыць цябе. А мне хочацца ўбачыць твой твар. Зірнуць у твае вочкі. Паслухаць тваю калыханку. Ды чуецца мне нешта развітальнае і журботнае»

Я не магу зразумець, чаму там, у вялікай прасторы, людзям не хапае месца. Няўжо ім цясней, чым мне тут? Відаць, ім бракуе шчырасці і спагадлівасці. Бо на радасць і добрыя намеры яны адказваюць благімі ўчынкамі. Дык мо лепей заставацца тут бясконца доўга? Пакуль не прытупіцца іхняя злосць.

Аднак мне становіцца ўсё цясней. Я намагаюся пашырыць сваё ўлонне. Але чым далей, тым цяжэй гэта ўдаецца. І ўсё больш атрутных сокаў уліваецца ў маё цела. Я не магу зразумець, за што. Мо грэх мой у тым, што захацела я з цемры і невядомасці абявіцца на гэтай зямлі?

Але ж так рабілі ўсе мае суродзічы. Я разумела гэта яшчэ тады, калі невядомае Нешта лунала ў прасторы, шукала сабе партнёра. У выніку запачаткавалася я. І вось іхняя поклічнасць сталася для мяне горкай бядой і балючай пякельнасцю.

То навошта было пераступаць мяжу поклічнасці? Нашто ўцеху адно адным ператвараць у падман, у пакуты? Навошта было ствараць новую, пакуль што бездапаможную, але жывую матэрыю? Нашто зачынаць дзіця, калі яно такое нямілае?

І не цельца маё баліць, а ные душа. Жаль агортвае мяне.

І не цельца маё баліць, а ные душа. Жаль агортвае мяне.

Няўжо будзе свяціць сонейка, а я не ўбачу гэтага? Няўжо будзе смяяцца мая маці, а мяне не будзе?!

Няўжо не пакаштую я ні ягадкі, ні яблычка? Збуцвее мой неразгорнуты «Буквар». Спарахнее мой чысценькі сшытак. Не заспяваецца мая песня. Не напішацца мой верш

Я не разумела, чаму маўчыць Вышэйшы дух. Ён жа некалі дакрануўся да мяне. Ён дабраславіў мяне на жыццё.

Ці мо ягоная вышэйшасць не мае моцы? Мо бяссільны перад злом? Але ж ён ахінуў мяне. Значыць, я павінна быць пад ягонай абаронай і апекай.

Ды не было мне вышэйшай аховы. Пакуты мае доўжыліся. Крыўда мая не вычэрпвалася.

Я ўпершыню заплакала. Але слёзы не маглі згасіць горычы.

«Будуць шумець над зямлёю дажджы. Будуць бліскаць на небе зыркія маланкі. Гулкі гром будзе абуджаць васільковыя сцежкі ў жыце. А мяне не будзе?! Трымцівыя зорачкі Млечнага Шляху будуць паказваць дарогу на Вышыні. А я не ўбачу яе?! Няўжо мой пачатак станецца маім канцом? Няўжо, мая мамачка?»

Ды маўчала мая маці. Яшчэ болей гневалася.

«Хіба не чуеш ты, як прагну я ўбачыцца з табой? Як хочацца мне з цёмнай хаткі выбрацца на святло тваіх вачэй!»

Ды не хоча гэтага мая маці. Я адчула, што мяне пачалі труціць.

Маці забівала маё жыццё нікацінам, пасля алкаголем. Пазней, відаць, тая, іншая істота, якая мела дачыненне да майго запачаткавання, нешта падказала ёй. Маці пачала ўводзіць сабе нейкую невядомую атруту. Яна курчыла мяне, круціла. Ледзь не выварочвала маё нутро.

Я старалася не прымаць атруты. Але тады станавілася балюча маёй маці. Яна баранілася ад гэтага болю. Сціскала свой жывот. Малаціла па ім кулакамі.

Няўжо не разумела яна, што можа забіць мяне альбо скалечыць? А мёртвае хіба магло я пакінуць сваю хатку? Я ж не выберуся тады ў той невядомы і ўсё яшчэ зваблівы свет.

«Малю цябе, мая родная, мая адзіная, мая спагадлівая, не труці мяне, часцінку плоці твае, крывінку крыві твае. Злітуйся, не спапяляй мяне кіпнем твае бунтоўнасці. Я буду памочнікам табе, заступнікам і абаронцам. Да скону дзён не перастану маліць Бога, каб дараваў табе гэты недарэчны гнеў. Буду ставіць свечку перад Святой Багародзіцай за прабачэнне тваіх грахоў. Толькі не здзекуйся з мяне, мая мамачка. Не змушай глытаць труцізну».

Ды непачутымі заставаліся мае маленні і просьбы.

«А ці варта імкнуцца ў гэткі свет?» усё часцей даймала мяне пытанне.

І тады звярнулася я да Вышэйшага духу:

 Высокі дух! Ты ўганараваў мяне сваёй ласкай. Ты абнадзеіў мяне, даў мне душу. Ты блаславіў маё зяўленне ў новы для мяне свет. Ты абнадзеіў на жыццё вольнае і справядлівае. І я ўзрадавалася гэтаму. Я паверыла табе. Мая душа адкрылася. Шчырасць веры памкнула мяне насустрач новаму свету, дзе пануе святло, дзе пульсуе жывое жыццё. Будзь жа збавіцелем маім, Высокі дух. Захіні сваёй збаўчай ласкай свет, у якім пануюць людзі. Чаму не зробіш ты, Высокі дух, дасканалым, добрым, спагадлівым гэты вялікі свет? Чаму не хоча ён прыняць мяне? Чаму пакараў ты мяне маёй маці? За што? Чаму адабраў у яе самае святое: пачуццё мацярынскасці? Чаму прага пустых уцех засланіла ў ёй матчыну пяшчоту? Чаму мушу я называць мамай жанчыну, якая забівае мяне і крывавіць цела маё, і душа яе не насычаецца прыязнасцю? А сэрца маё стамляецца. Ці чуеш ты мяне, Высокі дух? А калі чуеш, то чаму маўчыш? Які ж ты Высокі дух, калі не можаш адвесці бяду? Чаму не абароніш мяне спараджэнне і тваёй існасці? А мо і ты бяссільны перад неўтаймоўнай сілай злосці і нядобрасці? Тады навошта ты ачаліў мяне сваім дотыкам? І чаму пакінуў мяне зараз? Чаму завешся Высокім духам, калі дазваляеш такое?..

Але маўчаў Высокі дух. І не меншалі мае пакуты. Не зяўляўся пробліск дабрыні ў маёй маці.

Заплакала я.

І расінкі слёз бесцялесна каціліся з маёй душы. Выйсце, аднак, мусіла зявіцца. Я верыла ў гэта. Я хацела гэтага. Я спадзявалася на выратаванне, прагла паратунку.

І ён зявіўся. Але такі, якога я ніяк не чакала.

Мая маці перавязала свой набухлы жывот нейкім паскам. Ён апынуўся акурат на маёй шыі. Я намагалася вызваліцца. Але ў цеснаце зрабіць гэта было цяжка. Я хацела перакуліцца, але мая мацярынская повязь, мая пупавіна абгарнулася вакол маёй шыі

«Высокі дух! Уратуй мяне!»

І Высокі дух, відаць, пачуў мяне.

Да майго слыху даляцеў анёльскі голас. Ён замілавана і шчыра выводзіў: «Верую во единого Бога Отца, Вседержителя, Творца небу и земли, видимым же всем и невидимым»

Мне палягчэла. Душа мая пачала ўздымацца. Я адчула нязвыклую лёгкасць і дужасць. І надзею адолець усё-ўсё

Назад Дальше