«И во единого Господа Иисуса Христа, Сына Божия, Единороднаго, Иже от Отца рожденнаго прежде всех век; Света от Света, Бога истинна от Бога истинна»
Голас анёла ўсё гучаў. Мая душа ляцела ўсё вышэй і вышэй, зачараваная тым неверагодна прыгожым краявідам, якога мне так і не давялося ўбачыць.
«Нас ради человек и нашего ради спасения»
Душа мая ўжо высока-высока. Яе атуляе ўсё большая прыемнасць і лёгкасць. А голас анёла гучыць цішэй і бліжэй. Як быццам ён поруч са мной, зусім блізенька.
Апошняе, што пачула я, адчула душой, былі словы: «Чаю воскресения мертвых, и жизни будущаго века». І сэрца маё, пазбаўленае душы, стамілася зусім.
А нечы гучны, амаль трубны голас, нібыта адказаў альбо загадаў некаму: «Вонмем».
Пакінутае на самоце каханне перасыхала, мізарнела, драбнела. Нарэшце яно зусім знясілела і ператварылася ў танюсенькае нявызначанае Нешта, якое мусіла зноў блукаць і лунаць у паветры, каб знайсці тых дваіх, да якіх набрынялым воблачкам магло б прытуліцца.
Каб зноў стацца Каханнем.
Ды няўжо і наступным разам усё паўторыцца наноў?
Шкадаўлівая
Ой, дзеткі, я ж яго ўсё жыццё шкадавала. Раскрыецца ноччу, я коўдраю плечы накрыю. Прыйдзе часам з працы пад мухай, а я і боты з ног сцягну, і на ложак пакладу, і вады падам Шкадавала яго І замуж за яго пайшла, бо шкадавала А вы кажаце «лю-ў-ў-боў». Шкадавала я свайго Ванечку
Марыя сцепанула плечукамі як ад холаду. Пасля церанула рукой па вачах, быццам горкую слязу змятала, не зважала, што вочы даўно сухімі сталі жыццё дарэшты слёзы выціснула. Не засталося нават на пахаванне. На ўсё пазірала скамянела. Што трэба, рабіла, а сама не ўсведамляла, што гэта ў яе, у іхняй хаце адбываецца. Што развітваецца яна са сваім Іванам. Назаўсёды развітваецца.
А нібыта ж і не жылі яшчэ. Не нажыліся. Не нацешыліся адно адным. Не намілаваліся.
Ці мо праз яе сышоў Іванка? Недагледзела. Недашкадавала. Цяпла свайго недадала. Схаладала, стамілася ягонае сэрца. Бо і без таго было збалелае, знявечанае. Спачатку вайной. Пасля яе, вайны, нялюдскімі даганялкамі. Быццам у паддаўкі гулялі: хто каго перахітрыць. І не заўважылі, як за бэзавым кустом сухарэбрая пані з касой апынулася. Цікавала-цікавала і выцікавала. Забрала Івана, яе Ванечку. Хай бы ўжо лепей яе самую. Бо як яна без яго будзе на гэтым свеце? А ён жа і так напакутаваўся. Яна таксама мо няўзнак дадавала болю. Хоць праз усё жыццё шкадавала. Часта нават суседкі пакеплівалі альбо дакаралі:
Кінь ты, Манька, квахтаць над сваім мужыком. Як з малым носішся. Гэта ён цябе павінен на руках насіць. А ты яго як малое дзіця шкадуеш і шкадуеш, сама свету белага не бачыш. Абы яму, свайму Ванечку, дагадзіць. А ён пра цябе падумае, калі што якое?
Манька не апраўдвалася перад жанкамі, адно казала:
Э-э, што вы разумееце? Ён мяне так шкадуе, як вашыя мужыкі вас не любяць.
Ага, ты яшчэ пра ватоўку раскажы. Або лепш пакажы яе. Хаваеш лепей як медалі. Шкадаўлівая бо
Апошняя фраза апякла Марыю, разверадзіла душу, закранула таямніцу. Хоць якая гэта таямніца. А вось жа на табе баліць і дагэтуль. Як незагойная балячка жыве згадка-ўспамін пра тое уга-а якое далёкае ўжо! іхняе з Іванам знаёмства. І каханне. Хоць слова гэтага, бадай, ніхто з іх ні разу за жыццё і не прамовіў. Каханне, любоў Прыдумкі ўсё гэта. Спроба схавацца за словамі ад жывога жыцця. Яны з Іванам не раскідваліся словамі, а пражылі, як дай Бог кожнаму.
Ішла позняя восень сорак трэцяга года. Яшчэ не мірная, але для многіх гомельскіх паселішчаў ужо і не ваенная.
У сям-там ацалелых агародчыках дацвіталі невядома як нарослыя астры. Нібыта дзялілі з людзьмі радасць, што крок за крокам, метр за метрам зямля выбаўляецца з ваенных нягодаў. Перапаленая, пераараная снарадамі і мінамі, нашпігаваная іхнімі асколкамі, яна прагла мірнага сяйва. Удзірванелае поле абнадзейліва чакала гаспадарскага клопату, пазбаўлення ад нагрувашчвання паржавелага металу.
Вясковая малеча набірала ў рукі астраў і бегла насустрач савецкім байцам. Многія дзяўчаткі ўпершыню за гэтулькі пакутлівых гадоў ставілі букеты. І ажно святлела ў знябожаным і згалелым вясковым жытле. Нібыта сонейка сялілася тут, прадказваючы блізкую перамогу над ваеннай разрухай і гармідарам.
Вáзамі для букетаў служылі гільзы, але не любыя, не тыя, што пад руку трапяць, а толькі ад савецкіх патронаў і снарадаў. За невымерна доўгі час акупацыі так збрыдзела ўсё нямецкае, што з прыходам сваіх хацелася не толькі цешыцца самім іхнім зяўленнем, а хутчэй выціснуць з жыцця нямецкі дух. Асабліва зненавідзелі фашыстаў і іхніх памагатых маладыя дзяўчаткі, якіх немцы хапалі для вывазу ў Нямеччыну. З дапамогай мацярок яны намагаліся так састарыць сябе, што часам адна адну не пазнавалі.
А нашы салдаты ажно дзівіліся: чаму гэта адны састарэлыя кабеты засталіся ў недапаленых вёсках?
Ды раптам усе яны з гаротных папялушак ператварыліся ў сапраўдных прыгажунь, расцвілі, прыбраліся. Забытая за гады вайны прыязная ўсмешка маладзіла твары.
Рота зенітчыкаў Руслана Пекушава не давала немцам перадыху, літаральна вісела на пятах. У азарце нават не заўважылі, як вырваліся далёка наперад. Але чакаць сваіх не сталі, дасць Бог не заблукаюць, дагоняць. Пекушаўцы і ў Вялікую Бярозу ўварваліся першымі. Вёска напалохала сваёй пустыннасцю. На ўсю даўжэзную вуліцу хаты можна пералічыць на пальцах рукі. Адны папялішчы. Сям-там сярод асмалкаў мышынымі палацамі здаваліся ледзь бачныя шэрыя зямлянкі.
Немцы, ачомаўшыся, пачалі злосна агрызацца. Пекушаў вырашыў не спяшацца, перачакаць у вёсцы. Пад штаб выбралі адну з ацалелых хат. Пасярод прасторнага і пустога двара зенітны разлік паставіў сваю даўгашыюю спадарожніцу. Калісьці яна пачала ваенныя вандроўкі ажно з-пад Брэста і вось зноў апынулася на беларускай зямлі. Хоць за гэты час змяніўся не адзін разлік, а зенітку збераглі.
Маньчына маці пацяснілася сама, падціснула суседзяў, якіх прытулілі пасля таго, як немцы з паліцаямі спалілі вёску. Камандзіру ж аддалі цэлую бакоўку, дзе раней спала Маня з сястрой. Той выставіў на стол свае афіцэрскія прыпасы сапраўдны калядны падарунак для вяскоўцаў. Вячэралі з забытым за вайну радасным настроем. Пад франтавыя сто грамаў песні самі папрасіліся са збалелае душы. Напачатку, праўда, няскладна спявалі, бо пекушаўцы не ведалі беларускіх, а мясцовыя не чулі заўральскіх. Затое «Кацюша» ды іншыя баявыя гучалі зладжана.
Неўзабаве падышлі ледзь не ўсе ацалелыя вяскоўцы. Камандзір загадаў паклікаць салдат, пакінуў толькі дзяжурныя разлікі. Свята доўжылася далёка за поўнач. Час ад часу, праўда, сёй-той з вялікаберазаўчан адбягаўся ад хаты, прыслухоўваўся да цішыні на заходняй ускраіне, трывожна пазіраў на неба. Было ўжо такое, што суседнія вёскі то бралі савецкія вайскоўцы, то немцы адбіралі назад. Грукату, аднак, не чулася. Вызваленая цішыня панавала над наваколлем. Даў бы Бог назаўсёды.
Іван Серабракоў, наводчык зеніткі, што атабарылася на Маніным двары, пачаў мастаколіцца на начлег. Знайшоў зацішак ля сцяны, прынёс саломы, падклаў пад галаву паходны сідар і лёг, па даўняй звычцы падкурчыўшы ногі ледзь не да самай барады. Не спалася. У які раз нагарнуліся ўспаміны пра сваё, далёкае адсюль сяло на Белгарадчыне. Ці ацалела яно пасля крывавай Курскай бітвы, ці жывы хто з радні не ведаў. Ніякіх вестак даўно не атрымліваў.
Іван уздыхнуў, тужэй загарнуў на грудзях і каленях крыссе прапаленага, пасечанага асколкамі і станчэлага за гады шыняля, заплюшчыў вочы. Але восеньскі холад не цётка родная. Івана праціналі дрыжыкі.
Устаў, пачаў ляпаць рукамі па плячах, каб трохі сагрэцца, тупаў нагамі.
На гэты ляскат нехта выйшаў з хаты. Іван сцішыўся. Прыціх і той, іншы. Іван кашлянуў.
Каму гэта не спіцца цёплай восеньскай ночкай? знарок бадзёра спытаўся дзявочы голас.
Каб гэткае цяпло ды на вашыя плечы, то таксама было б няўлежна, трохі няласкава адказаў Іван.
А я магу коўдру прынесці. З кудзелі, цёплая.
А на дваіх хопіць? пачуўся падабрэлы голас Івана.
Хіба ж вас тут дваіх?
З табою так.
Ого, як смела. Па-гвардзейску: раз-раз, ухапілі языка і ходу
Не, я ўцякаць не збіраюся. Ды і языка яшчэ не захапіў, уздыхнуў Іван.
А я яшчэ і коўдры не прынесла, прамовіла дзяўчына і падступілася бліжэй. Ой, а вам і праўда холадна. Бо хіба такі шынялёк можа сагрэць?
А чым ён кепскі? Ветрам шыты, скразнякамі падбіты. Цёплы, як кажух у Дзеда Мароза. Іван дэманстратыўна прасунуў пальцы праз дзіркі.
Абое засмяяліся.
А як вас завуць? нечакана спытала дзяўчына.
Адгадай, прапанаваў і дадаў: Так, як і ўсіх, на кім сёння Русь трымаецца.
Іосіфам? Клімам? Ці мо Георгіем?
Не, засмяяўся салдат. Іванам.
Ён пазіраў на яе, а вочы былі поўныя вірлівага бляску.
А цябе?
Маняй. Марыя я, паправілася дзяўчына.
О, Іван ды Маря Добрая пара.
Адкуль вам вядома, што добрая?
Давай на «ты», тады і сама зразумееш.
Бач, які скоры: ні села ні пала, дай бабе сала.
Ад сала я не адмовіўся б, але ў вас яго няма. Таму есці нанач шкодна, неяк асабліва ажыўлена прамовіў Іван.
Я ведаю, што шкодна, засмяялася дзяўчына. Таму і не прынесла. А вось для сугрэву пастараюся што-небудзь знайсці