Казка пра маю гейнасьць гэта, канечне, яшчэ і гісторыя маёй генэрацыі, якая цудам пасьпела паўстаць тады, калі кнэблі ўлады, ідэалёгіі былі расьцятыя ў самым пачатку 90ых гадоў мінулага ўжо стагодзьдзя. Да і пасьля маладым ды наагул усім было і ёсьць значна цяжэй яны жывуць, сталеюць ва ўмовах забабонаў, забаронаў, панікі і амальгамы, узмацьненьня патрыярхатных маразмаў. Мая ж казка часткова сталася магчымай якраз дзякуючы пэўнай вольніцы часу. Сяньня, думаю, для абсалютнай бальшыні геяў і лесьбіяк Беларусі, рэгіёну пагатоў, казка немагчымая, заказаная. Вусьцішна, але ў цяперашняй страшнай прозе жыцьця дзяржаўцы ня проста перашкаджаюць маладым сталець, разьвівацца і квітнець вольна і разнастайна, яны спрычыненыя праз сваю ігнарацыю і аднабаковасьць да шматлікіх сьмярцей, незьлічоных самагубстваў і перакрутаў лёсаў людзей, якім не дадзеная, не падараваная казка, ці, проста кажучы, выбар быць самім сабою. Я меў гэты выбар, я скарыстаўся ім. Мяркую, я належу да прывілегаваных, шчасьцьліўцаў. Ці не таму я цяпер і пішу, сьведчу?
Але, канечне, сумненьні, хістаньні, пэўныя страхі паўставалі і ў нашу маладосьць. І калі раптам я баяўся сваіх фантазмаў, на дапамогу часьцяком прыходзілі памагатыя звонку. Сьмешна, дзіўна, але так было: заходнія музыкі, фільмы так проста, адкрыта, хоць спачатку ў малой дозе, а потым з кожны годам усё ў большай дэманстравалі, адкрывалі вобразы геяў, лесьбіяк, вобразы адкрытых, публічных і шчасных параў геяў, напрыклад. Попсьпявакі ды сьпявачкі калінікалі ў кліпах малявалі чароўных прынцаў, а ня толькі прынцэсаў, якія дамінавалі ў нашых беларускіх казках і стэрэатыпах.
І, наадварот, калі бракавала вонкавых арыентыраў, зачэпак, прыкладаў, ідэалаў, мадэляў для маладога гея (а іх папросту не было і няма ў Віцебску, напрыклад), я знаходзіў іх нечакана ўнутры сябе. Цела маё ня спала, пачынала раптам размаўляць са мною жаданьнямі, імпульсамі, патрабаваць невядомага, спатолы. То думкі, разважаньні аб будучыні зьнячэўку малявалі непрызнаную пакуль у нас рэчаіснасьць: я йду, напрыклад, за руку зь нейкім невядомым мне пакуль вабнявікам. То зьнянацку, ужо насамрэч, на фота я заўважаў сымпатычны, нібы на мяне глядзелы твар майго таварыша, зь якім, бачна, я ня проста таварышаваў, але зь якім нас зьнітоўвала нейкая повязь. Тады як уся кляса разам з настаўніцай былі перакананыя ў тым, што я закаханы ў Волю, насамрэч, каханьне, калі так можна сказаць пра дзяцінскую любоў, бегла ў бок Руслана.
Зрэшты, аднаго разу, даклaдней, аднаго ранку, абуджанае маладое і непаслухмянае цнатлівае цела сасьпела да нечага, сасьпела да ажыцьцяўленьня фантазмаў. І перадусім нутраная патрэба штурхнула мяне выбраць гейнасьць. Без дакладнай веды, хутчэй па інтуіцыі, ведай унівэрсальнай я ведаў, што рабіць далей. Я зразумеў выразна, што хачу, магу, умею. Зразумеў, хто я і кім буду да скону. Зразумеў, што выбар канчаткова зроблены мною. Прыгадваю той казачны лёсавызначальны ранак, як адзін з цудаў жыцьця. Прыгадваю з піетэтам, гонарам і шчасьцем, з усьмешкаю. Падлеткам я зразумеў, што я беларус, што я заўсёды змагу схавацца ў сваёй казцы, ў бабулі, да ўсяго я зразумеў, што прыемна і важна мне ведаць ня толькі бабулькаву мову, але і ўласнае цела, цела іншага чалавека мужчыны.
Казка яшчэ і таму, што ў адрозьненьне ад прозы ці нават жуды, у якой жывуць многія сучасныя геісуайчыньнікі, я першапачаткова ўсьвядоміў уласную гейнасьць выключна ў пазытыўным сьвятле. Усьвядоміў, выбраў і прыняў мадэль жыцьця, якая будзе будавацца вакол іншых, у ідэале вакол іншага мужчыны.
Нейкі хлопец стане маёй казкай! Так марыў, думаў я. І прыгэтым, зазначу, кабета зусім не пасунулася далей ці ніжэй у гіерархіі каштоўнасьцяў і прыярытэтаў. Ніколі не апускаўся я ў жанчынанянавісьць, у якую ўвальваюцца многія мужчыны, геі ў тым ліку. Проста інтымнае жыцьцё я зьвязваў з мужчынамі, усё астатняе з усімі людзьмі без падзелу паводле расы, полу ці арыентацыі.
А яшчэ ніяк нельга абмінуць уплыву літаратуры, зразумела, замежнай мастацкай на станоўчае ўспрыняцьце самаго сябе. Акрамя музыкі і кінэматографу з Захаду ці ня большы ўплыў узымела на мяне эўрапейская, заходняя наагул літаратура. Так, навэлі і раманы францускіх і бэльгійскіх ўпаднікаў (Рашыльда, Экгаўт, Лярэн), і пазьнейшых пісьменьнікаў (Жыд, Томас і асабліва Клаўс Ман, Калет, Ўульф, Юрсёнар, Бавуар, Лёдюк, Жэне, Місіма, Трамбле, Артман, Рашфор, Пэйрэфіт і г.д.) канчаткова вынішчылі сумненьні і страхі, і яшчэ дужэй замацавалі веру ў сябе. На жаль, нашая літаратура хоць і багатая, хоць і прыгожая, але занадта слушная і маралізатарская, а таму малакарысная для геяў і лесьбіяк, яны шукаюць апірышча вонкі. Літаратура сталася для мяне сапраўднай заменай веры ў бога, у якога ніколі ня верыў, і ў якога раптам заверылі ўсе навокал. Думаю, літаратура і рэлігія у гэтым падобныя яны тлумачаць сьвет, чалавека. Літаратура выратавала мяне і патлумачыла ўсё, канчаткова стаўшы маёй акадэміяй, маім сэртыфікатам ў дарослае жыцьцё.
Казка шчэ і таму, што не завяршылася яна ў дзяцінстве, не завяршылася і цяпер, цягнецца і дзеіцца яна дасюль, і канцоўка ў яе добрая, не зважаючы на нашу чалавечую крохкасьць, уміручасьць, не зважаючы на спробы беларускай улады скапіяваць турэмныя нормы Расеі ў дачыненьні да геяў.
Карціць падзяліцца сваёй казкай з іншымі, перадусім маладымі ў сумненьнях геямі, а, мажліва, і такімі ж гетэрасэксуаламі, і запэўніць іх (асабліва першых) у тым, што яны цалкам нармальныя, простыя і адпавядалыя грамадзтву. Як бы і дзе б ні шукалі кансэрватыўныя, цемрашальныя элемэнты грамадзтва на ўсіх роўнях карані гейнасьці ў прыродзе, у грамадзтве, яны толькі ў самім чалавецтве. Карані гейнасьці не патлумачыць ані генамі, ані паходжаньнем, ані спрыяльнымінеспрыяльнымі сацыяльнымі ўмовамі, ані прыродным збоем, яны тлумачацца самім фактам паўстаньня і разьвіцьця чалавека, істоты сацыяльнай, якая эвалюцыянавала далёка ад жывёльнасьці ў бок мінімальнай прыроднасьці, а значыць, у бок максымальнай выбарковасьці і разнастайнасьці паводзінаў, жаданьняў і сэксуальнасьці. Сэксуальнасьць даўно згубіла выключна прыроднае, жывёльнае прызначэньне: мы кантралюем цела, нараджальнасьць, нават стэрыльнасьць, мы займаемся сэксам ня толькі ўвесну ў марцовы пэрыяд, а круглы год і робім гэта перадусім і часьцей дзеля асалоды, а ўжо потым дзеля працягу чалавецтва. А таму гейнасьць чалавека, хоць калінікалі мы канстатуем і ў вышэйшых жывёлаў падобную тэндэнцыю, зьяўляецца выбарам, здабыткам чалавечай, вышэйшай эвалюцыі. І чым далей мы адыходзім ад жывёльнасьці, тым прасьцей і ясьней робіцца выбар на карысьць гейнасьці.
Таму гэтая казка, якая ў шматлікіх мясьцінах плянэты абавязкова перакінулася б страшнай прозай, трагедыяй, застаецца ў нас усё жтакі пакуль казкай, бо мае добрую канцоўку: ўсе добрыя героі застаюцца пры жыцьці, а дрэнныя маюць сілу і ўплыў толькі там і тады, калі ім дазваляецца пранікнуць у страхі, слабасьці добрых герояў. Таму, не дазваляйце руйнаваць сваю казку, не запрашайце ў яе староньніх, не давайце ім весьці рэй. Быць шчасным ці няшчасным геям усё залежыць цяпер толькі ад вас.
Паштоўка
У памяць пра Станчыка
Насуперак вясновай халепе, дрэнным настроям і дробным турботам, насуперак чаканьням і плянам, якія гэтак лёгка руйнуюцца простым выпадкам, насуперак будучым трагедыі, роспачы і сьлязам ляцела простая паштоўка з выявай полацкай Сафійкі, нават не ўкладзеная ў капэрту, у Менск да яго, каб нагадаць аб каханьні, што нарадзілася некалькі месяцаў таму і, якое зьнітавала адно віцебскае жыцьцё з яшчэ аднім менскім. Простая паштоўка ляцела з паштовым цягніком: дзякуючы прыгожай і сьвежай выяве Сафійкі ніхто не адважваўся на сарціроўцы перавернуць яе і нахабна прачытаць чужынскі тэкст, а можа паштаркі-сарціроўніцы праз безьліч уласных праблемаў проста прагледзілі яе, не ўтыркнуўшыся ў чужынскае пасланьне? А варта было б спыніцца на хвілю, забыцца на ўласныя глупыя праблемы, перавернуць паштоўку й апусьціцца ў княства, хай сабе і чужынскага каханьня, дзе нейкі ён страшэнна сумаваў за нейкім іншым ім. Але ж праблемы зьелі нашых людзей, таму сьмелая і шчырая паштоўка з полацкай Сафійкай без перашкодаў працягвала свой шлях. Ляцела яна, бы боскае пасланьне, абароненая ад усіх нечаканасьцяў і, як меркаваў ён, віцебскі, абавязкова шакуе яго, менскага, сваімі нахабнасьцю і «непрыстойнасьцю». Бо ён, менскі, жыў, імкнучыся, усё зрабіць «прыстойна», каб укрывай божа не парушыць спакою іншых, хай і не на карысьць уласных жаданьняў. Як і меркаваў ён, віцебскі, ягоная паштоўка без капэрты адразу прыцягнула ўвагу яго, менскага, які літаральна аслупянеў ля скрыні. Азірнуўся, ці ёсьць хто побач, памацаў звонку кішэні, дзе ключы і акуратна адамкнуў скрыню, адкуль на яго адначасова сарамяжліва і гэтак «непрыстойна» паглядала Сафійка.
Але неяк млява ён узяў паштоўку, пасланую мілым віцебскім ім, не кінуўся нэрвова чытаць, як адылі, што ж пісаў ён, а моўчкі падыбаў да дзьвярэй. Машынальна ўтыркнуў нечытаную паштоўку ў блякнот і накіраваўся ў парк. Там на мокрай лаўцы, чаго ён проста не заўважаў, навала бэзавага паху атакавала яго. Аднак і гэтае цудоўнае праігнараваў ён: ані брыдасная вільгаць, ані прыемны гальваністы бэзавы пах не краналі адзінага чалавека ў парку, бы ён быў не з жывых. Хаця ён яшчэ быў цалкам жывы, не зважаючы на сяньняшні дыягназ доктара, да якога цягаўся ўраньні самотны ён: «У вас нешта анкалягічнае».