13
Ну, зараз паспрабуем апісаць мяне. Як жа я выглядаў? Расцягнем восеньскі краявід на ружовыя палоскі святла і паспрабуем адшукаць гэты персанаж. (Гэта як прабегчыся басанож па ранішняй траве) Так-так, дзе той сямейны фотаальбом у крапінку? Дзе тыя пажоўклыя ад часу, разедзеныя вільгаццю і пагрызеныя пацукамі фоткі? Субектус, варта сказаць, мае быць надзвычай унікальным Бо я ж галоўны герой!.. Як жа сябе не любіць? Калі даводзіцца запаўзаць у скуру гэтага балвана (у патрэбным значэнні русізм-русізм!.. трэба: боўдзіла або ёлупа!), трэба любіць такім, як ёсць, самага нядобрага, самага агіднага, самага недабітага Даводзіцца песціць яго: мыць грыбковыя пальчыкі ног, выціраць смаркаты нос, класці на каралеўскі ложак, кідаць пад святочны стол, чытаць на ноч казкі пра Шахеразаду Так-так, якая цёплая і бліскучая на мне скура!.. (Нават ані падагравальнік, ані грэлка, ані грым не патрэбныя.) Памятаеце Джані Радары? Ага я ўжо як сеньёр Памідор Запаўзаю пад сакавітую чырвоную мякаць. Не здзярэш.
Дык вось. Быў я круглым, але не тоўстым (круглым гэта значыць, часцей за ўсё з апухлым барвовым тварам) досыць сімпатычным, можа, зрэдку з калматым шчоткападобным валоссем, мажліва, часам з бруднымі гарбузовымі зубамі Ростам ну, напэўна, дзесьці 173 плюс-мінус адно мышаня. Для прыбалтыйскіх краінаў, можа, і не такі высокі, але для Менска і Берліна падыдзе. Вядома, не дзядзя Сцёпа, але і не курдупель. Узрост мой плаваў нібы шхуна. Можна было даць і 25 гадоў, можна было і 35. Усё залежала ад колькасці прынятага алкаголю
Так, магчыма, скура героя да мяне і прырасла Але прозвішча аўтара кнігі зараз з героя мы зрэжам. Хопіць. Былі ўжо суслікі, былі і вычварэнцы з вішнёвым абліччам. Даволі У нашага героя і так хапае маньяцкага. Не варта аўтару ў яго ператварацца. Хто ж я? Я. Я гэта я! Завуць мяне Сафа. Націск, калі ласка, на першы склад!.. Альбо цалкам Сафеній (націск пераходзіць на літару «е») Бурштын Такое дзіўнае імя мне далі бацькі з нагоды звычайнай сафы Чаму? Зачыналі мяне на ёй, там раптоўна і нарадзілі І калі мая геніяльная галоўка выходзіла з маці, і калі тая рассоўвала ад болю свае белыя ногі, і калі ейным крыкам быў разрэзаны пакой, у той момант і была нечакана зруйнаваная сафа. Яна, як высветлілася, была нетрывалай і развалілася. Ушчэнт. (А можа, мяне спалохалася?) Гора майму бацьку!.. Але ў гонар гэтай падзеі мяне па-мастацку і абазвалі Сафам! Што ў сваю чаргу, напэўна, і прадвызначыла маю ролю ў мастацкім і літаратурным свеце. А чаму Бурштын? А халера яго ведае. Ад бацькі дасталося. У нас усе спрадвеку былі Бурштынамі. Мо хто з продкаў прыгожым і жоўтым быў ці гандляваў гэтымі самымі бурштынамі адкуль я ведаю?
(Пачуў дзіўны голас: Ну, прывітанне, мастак! Прывітанне, галоўны герой рамана! Прывітанне, яйкападобная пачварына! У цябе доўгая дарога, вялікія перамогі, неверагодныя прыгоды і кароткае жыццё, бо калі ты не трапіш пад звонкі трамвай, з табой усё адно здарыцца нешта кепскае. Апрыёры павінна здарыцца. Бо такія неўраўнаважаныя асобы, як ты, не могуць інакш. Яны не здольныя паміраць ад самоты і старасці. Такіх людзей немагчыма ўявіць нямоглымі ў інваліднай калясцы. Яны гараць ярка, але і хутка. І апошнія крокі іх актыўнай дзейнасці знікаюць у цямрэчы чырвонымі светлякамі ці фосфарнымі зайцамі.)
Па маім твары прапоўз белы вусень за ім праслізгацела заклапочаная пяўка. «Фу, я выцер насоўкай срэбныя кропелькі поту з мармуровага лба. Галасы, галюцынацыі трэба менш піць. Нашто я ўчора высмактаў пляшку таго узбекскага каньяку? Небарака Так не толькі пячонка ператворыцца ў катлету, сэрца у варанае яйка, але і ў варятню хуценька пабяжыш да братоў па розуму. Уражанне, што пабачыў сябе ў крывым люстэрку Ы-ы-ы-ы Звонкія трамваі звонкія трамваі Танкі-шманкі» Я выцягнуў з рабой бульбіны відэлец і пачаў ім прымервацца да свінога філе.
(Як раптоўна зноўку пачуў дзіўны голас: Эй ты, боўдзіла гароднае, ты чаго на лірычнага героя імя па бацьку начапіў? Ты што, не беларус? Ды паглядзі на сябе ў крывое люстэрка Паглядзі!.. Паглядзі ўважліва!.. Бачыш не беларус Разрэз вачэй у цябе не той не беларускі Ты ж азіят! Маскаль ты недабіты!.. І ўвогуле, што за Маря Сяргееўна з грушкамі ў цябе выплывае напачатку твора?.. Ты б яшчэ пра Аляксандра Рыгоравіча з гарбузамі напісаў Разумнік Хаця што з цябе возьмеш: маскаль ён і ў Афрыцы маскаль Вітальевіч Сафа Вітальевіч Бурштын Блін)
Я сплюнуў Вось яны, нацыяналістычныя выбрыкі (ці мо беларутэнскія якія?) У героя беларускі пашпарт ёсць? Ёсць. Там што напісана? Правільна!.. У сінім пашпарце на тым, дзе квітнеюць каласы, свецяцца сцягі і зорачка, напісана: ВІТАЛЬЕВІЧ!!! А каму не даспадобы пайшлі да дупы! У постсавецкай краіне жывём, зрэшты Нефіг тут нам навязваць дробнабуржуазны нацыяналізм Культурную традыцыю, разумееш, развялі Спадар Спадарыня Гаспадар Гаспадыня Фіг вам з макам!.. І камера з халоднай падлогай!.. А свіное філе мне!.. З гэтымі думкамі я злосна ўтыркнуў відэлец у свіное філе і пачаў яго пілаваць ножыкам (Дагрызаючы філе, я заўважыў пад суседнім часопісным столікам скурчанага жоўтага карліка Такі брыдкі чалавечак Во, блін Адкуль ён узяўся?..
«Гэй, ты! кажу. Гэта ты на мяне тут трындзеў?» Маўчыць, паскуда Я працягваю: «Ты, шыбздзік недароблены, Леніна на цэнтральнай плошчы бачыў? Стаіць? Так стаіць. Ну, дык не выёжвайся Добрай раніцы, таварыш!»)
14
Ха-ха. Сафа Сафа Гэта менавіта твая знешнасць была склееная з філейных частак захаду. А потым, калі цябе канчаткова склалі, пабачылі нейкага чалавечага мутанта Выталупленыя вочы бялелі шампіньёнамі. Рукі, аплеценыя ў марскія палотны, бліскалі шлагбаўмамі. Відэльцы былі патрэбныя не табе іх патрабавала навакольная прастора. Тваё цела смажылі на патэльні рамана, і ў вантробах калупаліся ненажэрныя чытачы. «Сафа Сафа» мармыталі людажэры. А Сафа плюхаўся ў гарачым алеі і шкварчэў, гатаваўся меркаваўся да яго і вегетарыянскі гарнір.
15
Раніцай, калі мая нага тырчэла з-пад коўдры агромністым горным наростам, зазваніў тэлефон. Стаіць у мяне каля канапы такі чорны свінтух і рохкае ў самы непатрэбны час. Хаця цяпер гэта было больш падобным да гудка паравоза. Я, не ўздымаючы галавы, намацаў далёкі тэлефонны лыч і выгукнуў хрыплае:
Слухаю!
Ты яшчэ спіш?!! злосна пракрычалі мне. Праз трыццаць хвілінаў цягнік! Сафа, ты яшчэ спіш?!! Уставай, сволач! У цябе квіткі на цягнік! Мы цябе чакаем!!! Голас яшчэ прарыкаў нешта нязвязнае і злоснае, і пайшлі гудкі.
Бах! Мяне кінула пад лёд Бах! У вушы папаўзлі нахабныя мурашы Бах! Мае вочы расплюшчыліся і ператварыліся ў плафоны! Было адчуванне, што ў мяне цэліцца снайпер. Праспаў!.. Праспаў цягнік Масква Берлін, да якога чапляецца адзін няшчасны вагон з Менска і на які мы бралі квіткі загадзя! За месяц!.. Бо інакш толькі аўтобусам. А гэта вам не хухры-мухры. Гэта ехаць не адзін дзень. Я ўявіў сябе ў аўтобусным крэсле, уявіў скурчаным і брудным, нібы складзеным у некалькі разоў і запхнутым у валізку. О, божухна, толькі не гэта! А яшчэ многа-многа палотнаў (вось дзе я ўжо ненавіджу ў сабе мастака!), якія не ўвапхнуць у гэты пракляты аўтобус. Бо не гумовы!.. Хаця хіба на галаву пакласці?! А яшчэ, яшчэ абавязкова там не будзе працаваць прыбіральня! Я ўявіў, як прымяраю рознакаляровыя твары: афрыканскія, японскія, аўстралійскія Уявіў, як шчыліцца ў нямым крыку мой рот: «Н-е-е-е-е-е-е! Толькі не гэт-а-а-а-а-а!»
Я ўскочыў. Я не служыў у войску, але цяпер мне мог пазайздросціць кожны прафесійны салдат. Вось дзе б узрадаваўся мой бацька!.. У мінулым ён быў афіцэрам савецкай арміі. Ягоныя бліскучыя боты з падкоўкамі не аднойчы адбівалі барабанны дробат па брукаванцы еўрапейскіх гарадоў. За ягонай спінай заўсёды весела развяваліся штандары акупацыйнага атрада. Цяпер бацька стаяў перада мной у новенькай зялёнай форме падпалкоўніка і радасна ўсміхаўся, блішчэў залатымі пагонамі, ззяў зорачкамі і ціха махаў рукой: «Уставай-уставай! Паснедай. І трэба ў школу. Маці прыгатавала ўжо Блінчыкі з мёдам»
А-а-а-а-а-а-а!!! Гэта мой крык нібы ядро закруціўся і зашыпеў па пакоі! А-а-а-а-а-а!!! Не паспела згарэць бабруйская запалка, як я быў ужо сабраны. У зубах торба, за спінай заплечнік, і яшчэ многа-многа скручаных палотнаў Столькі скруткаў нармальны чалавек не можа ўтрымліваць адначасова. Яны былі паўсюль! Я выглядаў як дзікабраз А магчыма, я быў падобны да пехацінца перад марш-кідком Але ж трэба памятаць, што ў выключных сітуацыях чалавек здатны на самае неверагоднае!..
Алё! Таксі
16
Перад падездам мяне чакаў пітон паглынальнік новых відаў дзікабразаў. У ягоных бяздушных вачах адлюстроўвалася лісце дрэваў. Я згадваў савецкі мульцік пра ўдава і папугая пра даўжыню ў папугаях а калі пра даўжыню ў дзікабразах? У гэтых думках не было б нічога арыгінальнага, калі б не адно «але». Недалёка ад пітона блішчэлі акулярамі пяць бабулек. Сярод гэтай нерамантычнай раніцы яны выглядалі ляжачымі паліцэйскімі. Ды і лавачка ператваралася ўжо ў адну вялікую інвалідную каляску. А калі пітонаў вымяраць у беларускіх бабульках, што гніюць каля падездаў? Гэтая думка засела ў галаве нібы ўкус змяі.