Бітва пад Оршай 1514 года - Пётр Друждж 7 стр.


Паспяховае развіццё фальваркава-паншчыннай гаспадаркі было ўзаемазвязана з паступовым ростам прыгоннай залежнасці сялян ад шляхты. З цягам часу гэта прывяло да падзення ўзроўню жыцця сялянства і, як наступства, да абмежавання попыту на тавары, якія вырабляліся ў гарадах. Вытворчасць тут пачала губляць стымулы для развіцця. Вынікі сталі відочныя толькі ў пазнейшыя часы, калі выраб прадукцыі на месцах альбо ўпаў, альбо трапіў у залежнасць ад замоваў шляхты. Пагаршэнне становішча сялянства пацягнула засабой і іншыя наступствы, якія адыгралі грамадную ролю ў будучыні. Так, адпрацоўка паншчыны зяўлялася адным з найменш эфектыўных відаў працы. Яна выконвалася пад прымусам, які не меў нічога агульнага з матэрыяльным стымуляваннем. Нягледзячы на тое, што вялізныя абшары, якія займалі шляхецкія і магнацкія фальваркі, гарантавалі адпаведна значныя прыбыткі, вядзенне экстэнсіўнай гаспадаркі ў іх давала меншыя зборы ўраджаю, чым у краінах, дзе паншчыны не было. Насуперак агульнапрынятым сцвярджэнням, сельская гаспадарка Польшчы не была ў першых шэрагах на міжнароднай арэне. Усё часцей адбываліся ўцёкі сялян з-за звышвысокага прыгнёту. Яны перасяляліся на неабжытыя тэрыторыі, ствараючы групы вольных людзей. Формай абароны ад панскага прыгнёту, акрамя ўцёкаў, таксама сталі выступаць сялянскія паўстанні. Фальваркава-паншчынная гаспадарка вяла да значнага маёмаснага расслаення. Гэта, у сваю чаргу, стварала вялікую прорву паміж рознымі групамі тагачаснага грамадства. Селянін усё менш цікавіўся палітычным жыццём краіны. Пад інтарэсамі народу разумеліся шляхецкія інтарэсы, таму для сялянства яны рабіліся чужымі і абыякавымі. Як моцна гэта паўплывала на развіццё Польшчы, мы ведаем з пазнейшай гісторыі.

XVI ст. амаль ва ўсёй Еўропе было часам вялікай канюнктуры на сельскагаспадарчую прадукцыю. Дынамічнае развіццё таварна-грашовай гаспадаркі і рост багацця мяшчан павялічвалі попыт на прадукты харчавання. Першапачаткова якраз такі ўнутраны гандаль, а не экспарт за мяжу, вызначаў дабрабыт шляхты. У інтарэсах феадалаў было як мага мацнейшае прывязванне селяніна да зямлі. Яму ўскладнялі свабоду перамяшчэння і павялічвалі павіннасці. Недахоп працоўных рук зяўляўся адной з важнейшых праблем у працэсе стварэння фальваркаў. Цяжкасці ўзнікалі і з-за адсутнасці патрэбнай колькасці прылад працы для апрацоўкі зямлі і збору збожжа. Шляхта не валодала неабходнымі сродкамі для інвестыцый. Нават трымаючы вялізныя маёнткі, яна пакутавала ад недахопу грошай. З гэтых прычын у фальварках рэдка прымянялася найманая праца. Затое ў большых памерах, чым гэта было прадугледжана мясцовымі лакацыйнымі актамі, выкарыстоўвалася паншчына. Яна дапаўнялася толькі найманай працай чэлядзі і каморнікаў, а таксама загроднікаў.

Паншчына, прынамсі на некаторы час, вырашала праблему сродкаў вытворчасці, якія зяўляліся ўласнасцю працуючых на палях сялян. У сваю чаргу, яны, выкарыстоўваючы спрыяльную сітуацыю на рынку, звязаную з вялікім попытам на збожжа, пачалі весці больш інтэнсіўную гаспадарку. Дзякуючы гэтаму лішкі прадукцыі яны маглі прадаваць купцам. Мацнейшае прывязванне да зямлі дасягалася шляхам урэзвання альбо пазбаўлення сялян іх правоў. Гэтаму спрыяў, як мы ўжо ведаем, і мэтанакіраваны пераход шляхты да ўмацавання сваіх палітычных пазіцый за кошт іншых саслоўяў.

Пад канец XV ст. значна ўзраслі даходы сацыяльных груп, якія бралі непасрэдны ўдзел у сельскагаспадарчай вытворчасці мяшчанства і заможнага сялянства, у той час як прыбыткі самой шляхтыспынілі свой рост. Паявілася пагроза збяднення шляхты, і яна была вымушана прыняць меры для абароны свайго эканамічнага, сацыяльнага і палітычнага становішча. Таксама верагодна, што дынамічнае развіццё фальваркава-паншчыннай гаспадаркі было звязана з паступовай адмовай ад паспалітага рушэння на карысць найманага войска. Гэта давала шляхце магчымасць засяродзіцца на сельскагаспадарчай вытворчасці. Пад фальваркавыя ўгоддзі браліся ў першую чаргу неасвоеныя абшары зямель, якія знаходзіліся ў руках паноў яшчэ да часоў каланізацыі. Часам пазбаўлялі пасады солтыса і яго маёнткі далучалі да створанага фальварку. Калі-некалі адбіраліся землі, якія належалі сялянам. Яны абменьваліся на горшыя альбо меншыя кавалкі. Уплывовыя магнацкія роды дзеля павелічэння абшару сваіх землеўладанняў карысталіся наданнямі караля, а таксама карчавалі лясы, якія фармальна належалі да скарбу дзяржавы. Такая дзейнасць і, у прыватнасці, бяспраўнае прысваенне і перадача ў спадчыну маёнткаў, нададзеных толькі на акрэслены час (да жывата), да пачатку XVI ст. прыводзілі да выразнага змяншэння каралеўскага дамену. А ён, знаходзячыся ў карыстанні шляхты, зяўляўся найвялікшым комплексам землеўладанняў у краіне.

Варта ў гэтым месцы адзначыць, што фальваркі атрымалі развіццё перш за ўсё ва ўладаннях шляхты, перадусім яе сярэдняга класу. Інакш выглядала справа ў каралеўскіх і духоўных маёнтках, а таксама на дварах заможнай шляхты. Там фальваркі выступалі адназначна радзей, што было звязана з цяжкасцямі непасрэднага надзору. Развіццё свецкай уласнасці адбывалася па-рознаму ў кожным з рэгіёнаў Польшчы. Тэрыторыя Вялікапольшчы была заселена ў большасці земскімі ўласнікамі, якія валодалі адной вёскай, хаця, натуральна, здараліся і выпадкі, калі адзін уладальнік меў некалькі, а то і не адзін дзясятак вёсак. У Мазовіі існавала дробная зямельная ўласнасць, дзе аднаму ўладальніку магла належаць толькі частка сяла. Найбольш вялікія ўладанні знаходзіліся ў Малапольшчы. Феадалы з гэтай правінцыі атрымлівалі велізарныя масівы зямель, якія налічвалі дзясяткі вёсак, у прыватнасці, на Украіне. Можна, аднак, прыняць, што ў асноўным на тэрыторыі ўсёй краіны пераважалі шляхецкія маёнткі, якія складаліся з адной вёскі. Такая шляхта нагадвала сваім ладам жыцця хутчэй разбагацелых сялян.

Нягледзячы на аднолькавае прававое становішча, канец XV пачатак XVI ст. характарызаваўся сурёзнымі адрозненнямі ў маёмасным стане сельскага насельніцтва. Некаторыя гаспадары валодалі больш чым адным ланам зямлі. Солтысы гаспадарылі на яшчэ большых абшарах. Каля іх у той жа час усё часцей узнікалі групы малазямельных альбо беззямельных сялян загроднікаў і каморнікаў. Яны часта зараблялі на жыццё некантраляваным сельскім рамяством, наймаліся на працу як у шляхецкія маёнткі, так і да заможных сялян, млынароў ці карчмароў. Вельмі распаўсюджанай стала зява выкарыстання пакінутых угоддзяў заможным сялянствам. Такія гаспадары распараджаліся вялізнымі масівамі апрацаваных зямель, пераўзыходзячы нярэдка сваім багаццем дробную шляхту.

Фарміраванне і ўмацаванне фальваркава-паншчыннай гаспадаркі, зразумела, паўплывала на эканамічныя адносіны ў гарадах. Скіраванне высілкаў значнай часткі насельніцтва на сельскагаспадарчую вытворчасць не спрыяла, аднак, паўнавартаснаму развіццю іншых галін. Мяшчане прадпрымалі ўласныя гаспадарчыя ініцыятывы ці працягвалі ісці далей па выбраным шляху. На гэта ўплываў агульны рост дабрабыту. У прынцыпе, без праблем развівалася рамесная вытворчасць. Шляхецкі кантроль над цэнамі на рамесныя тавары, які функцыянаваў на падставе ўхваленых у 1496 г. ваяводскіх ставак, асабліва не шкодзіў.

Адной з асноў багацця гарадоў заставаўся гандаль, як унутраны, так і знешні, асабліва калі на Захадзе зявіўся вялікі попыт на збожжа. Разам з паяўленнем і развіццём фальваркавай гаспадаркі буйныя гарады, якія налічвалі больш за 5 тысяч жыхароў, сталі цэнтрамі рэгіянальных рынкаў. У межах гэтых рэгіёнаў развіваўся абмен, навязваліся шчыльныя кантакты з суседзямі. Вялікую ролю ва ўнутраным гандлі адыгрывалі Кракаў, Гнезна, Познань. У XVI ст. да іх далучылася Варшава і, у асаблівасці, Люблін. Паўсюдна былі вядомыя знакамітыя люблінскія кірмашы. Шырокую вядомасць мелі таксама кірмашы ў Гнезне, Ленчыцы, Яраславе. Пачаўшы ад другой паловы XV ст., сфарміравалася структура знешняга гандлю, характэрная для гаспадарчага развіцця Польшчы наступныя 200 год. Кошты тавараў, якія вывозіліся на Захад марскім ці сухапутным шляхам, з часам у шмат разоў перавысілі кошты імпартаванай прадукцыі. Разбагацеўшая шляхта і мяшчанства большасць прыбыткаў аддавалі на набыццё прадметаў раскошы. Пэўная іх частка ператваралася ў зберажэнні ў каштоўных металах, а часткова ішла на прамысловыя інвестыцыі.

Агульны дабрабыт гарадоў, звязаны з выгаднай сітуацыяй на заходніх рынках, не вырашаў унутраных праблем, з якімі змагалася мяшчанская супольнасць. Ніжэйшыя слаі паспольства у пераважнай меры былі польскага паходжання. Патрыцыят, заможнае купецтва і багацейшыя рамеснікі у асноўным іншаземцы. З гэтых прычын, спаміж іншага, час ад часу ўсчыналася барацьба за ўладу, падаграваная нацыянальнымі адрозненнямі. Аднак, нягледзячы на гэта, паланізацыя найвышэйшых слаёў гарадскога насельніцтва адбывалася досыць хутка, асабліва ў Малапольшчы.

Адной з найбольш вострых праблем у гарадскім асяроддзі зяўляліся падаткі. Яна датычылася перадусім тых мяшчанскіх семяў, якія пачалі ўзбагачацца, але не былі прадстаўленыя ў структурах гарадской улады. Яны жорстка і бязлітасна збіралі падаткі, выкарыстоўваючы атрыманыя прыбыткі на ўласныя патрэбы. Прадстаўнікі новых родаў, якія падымаліся ўгару, прадпрымаючы якія-кольвек дзеянні супраць гарадской Рады, заўсёды маглі разлічваць на вечна незадаволенае паспольства. А для яго дадатковым чыннікам абвастрэння стасункаў з патрыцыятам зяўляліся вялічэзныя адсоткі ад выдаваных крэдытаў.

Назад Дальше