Звычайныя палімпсесты Старадаўні рукапіс на пергаменце ці мо на папірусе твайго быцця Даўнейшы тэкст (пражыты, перажыты, пераплаканы) праступае зноў, адбіваецца на тваім сённяшнім. Так, сапраўды, каханне усяго толькі віртуальнасць у рэальнасці, паўтарэнне мінулага, і яно, хутчэй за ўсё, робіць нас толькі няшчаснымі. Пры сапраўдным каханні і гэта закон усё ідзе чамусьці ва ўсе бакі.
Яшчэ са студэнцкіх «філалагічных» часоў ты (смешныя акуляры, пальцы ў чарніле, блакітныя гольфы) зразумела, што на свеце шчаслівых жанчын не бывае. Ты не знайшла іх ні ў адным літаратурным творы (а літаратура, як вядома, люстэрка жыцця). Нейкая шматвекавая змова, закляцце яшчэ з пячорных часоў Амаль кожная жанчына губляла свайго каханага: усе гэтыя старамодныя геніі-пісьменнікі выявіліся не надта арыгінальнымі
Хіба што булгакаўская Маргарыта, якая не баялася лятаць, адправілася разам са сваім Майстрам у касмічны ўтульны свет ёй, шчаслівай, выпаў рэдкі шанс «Той, хто кахае, павінен раздзяліць долю таго, каго кахае» Усё правільна
Табе было трыццаць, калі ты напісала вялікі ліст Маргарыце, як звычайнай сяброўцы Туды, у той далёкі свет, сатканы з бездані часу, з неабсяжнай прасторы, расквечанай зоркамі, у якія ператварыліся, можа, словы малітвы Але гэты твой ліст нельга было аднесці на пошту і адправіць заказным ці спешным Пра яго нават немагчыма было камусь расказваць, бо гэта выглядала б як прызнанне ў неадэкватнасці, шызафрэнія чыстай вады.
Яшчэ тады, у студэнцтве, ты настойліва шукала сястру сваю, для якой доля і каханне былі б не небам журбы, а лагоднай верасовай палянай на ўзлеску. Не халодным стэпам самоты, а цёплым прытулкам з коньмі, якія ляцелі б насустрач сонцу
Ты заўжды помніла свой першы пацалунак. Табе падараваў яго вяснушкаваты аднакурснік, падстрыжаны пад бокс і з чубчыкам (праз два гады, калі ён стаў граць у інстытуцкім ВІА, ён адгадаваў валасы і зрабіў прычоску пад Ленана). Вы нахабна ўцяклі з лекцыі па стараславянскай мове, прыхапіўшы ў студэнцкім буфеце звычайнае «саўковае» сітро, дзве бутэлькі. Прыселі на лавачку ў прыпудраным асеннім аксамітавым пылам скверы з бюстам Элізы Ажэшкі. Сквер знаходзіўся на той самай вуліцы, дзе калісьці і жыла славутая пісьменніца, а сам інстытут амаль насупраць яе дома. Калі яна хварэла, гараджане выклалі брукаванку саломаю, каб колы экіпажаў і стукат капытоў яе не трывожылі Першы пацалунак як прычасце. Нешта асаблівае. Здаровая, нічым не сапсаваная рамантычнасць юнацтва спадзявалася менавіта на гэта. Пацалунак выявіўся трошкі няўдалым, цалкам дзіцячым са смакам ліманаду «Бураціна». Пазней, празнаццаць гадоў, ты чамусьці ўспомніла яго, калі прачытала ў каляровым глянцавым часопісе для жанчын, што смак пацалунка мужчыны павінен аддаваць смакам моцнай тэкілы (у крайнім выпадку каньяка «Шустаў») і дарагога тытуню Не, «Бураціна» ўсё ж такі лепш, чым якаясь там тэкіла
На перадапошнім курсе зявіўся ён, сапраўдны герой. «Високий та стрункий, та й на бороді ямка». З расчыненых вокнаў студэнцкіх пакояў ліліся песні Сафіі Ратару «Сизокрили птах» і «Червона рута». Куды б вы ні пайшлі, высокі, чысты голас спявачкі на такой дзівоснай цудоўнай мове суправаджаў вас. Гэтыя песні сталі амаль што гімнам вашага кахання. Ён патлумачыў табе, што рута жоўтая карпацкая кветка. Па легендзе, у ноч на Івана Купалу яна становіцца чырвонай, і тая дзяўчына, якая знойдзе кветку, сустрэне свайго суджанага і будзе шчаслівай
Потым ён павёз цябе ў сваё невялікае ўкраінскае сяло, якое называлася так дзіўна і нязвычна «720-ы кіламетр»
Вялікі калгасны яблыневы сад, яшчэ не ссечаны, не амярцвелы, увесь у цяжкіх ружовабокіх яблыках, сустрэў вас, калі вы сышлі з цягніка на тым 720-м кіламетры Пад вокнамі дома, дзе жылі яго бацькі, плёскалася возера, раслі духмяныя кусты парэчак, цвілі аксаміткі Вяселле было чыста ўкраінскім, у шатры з дахам (на выпадак нечаканых жнівеньскіх дажджоў). Галіны вінаграду цягнуліся да рук, да талерак з салатамі і наліснікамі Усё сяло прыйшло паглядзець на маладую, якую ўкраінскі хлопец прывёз з беларускай зямлі (ты была падобная на жоўты дзьмухавец, бо перад паездкай на ўласнае вяселле, прагнучы быць прыгожай нарачонай, не зусім трапна пафарбавала валасы ў віленскай цырульні). Вясковыя музыкі гралі і спявалі «Марусю гарну», з вясельнага каравая ўзляталі ў неба шчаслівыя галубы Твае беларускія сваякі прыехалі поўным складам: і бацькі, і маленькі брат, і шматлікія цёткі, і дзядзька Іван з баянам Табе было трошкі няёмка сярод такога вялікага гурту незнаёмых людзей, а пад музыку скрыпак чамусь хацелася плакаць, сэрца сціскалася, і было трохі страшна Усе наўкола размаўлялі на такой прыгожай, яшчэ мала знаёмай табе мове, але ж ён быў у цябе і вам не патрэбна было размаўляць
Потым гэтая зямля стала для цябе сваёй, прыняла цябе за дачку Ты навучылася бяліць мелам сцены і столь, мазаць грубку, закатваць на зіму абрыкосы і памідоры, варыць боршч Пасадзіла каля ганку язмін і кусты півонь. Нарадзіла яму сына (шкада толькі, што напрыканцы ХХ стагоддзя жанчына, як і ў часы хрысціянства, нараджае дзіця ў пакутах, і гэта так несправядліва і неміласэрна! Доктар, нават самы высокакваліфікаваны спецыяліст, не можа ўратаваць ад пакут і болю Пры гэтым, мабыць, матуля-прырода наўмысна так зрабіла, і, можа, гэта не так ужо і несправядліва). Першай жыццёвай гасцёўняй твайго сына стала белая пасляродавая палата з халоднай кафляй. Стэрыльна-абыякавая гасцёўня
Да гэтага чамусь здавалася, што абавязкова будзе дзяўчынка, з тонкімі шчыкалаткамі, доўгімі пальчыкамі, густымі вейкамі. (Бог даў табе пазней такую дзяўчынку ў іпастасі ўнучачкі)
А на гэты раз з тваёй змучанай плоці выскачыў даўганогі хлопчык Прыгожы. Чарнавокі. З пухлымі шчочкамі (яны аж звісалі на краі пялёнкі, у якую яго туга закруцілі, запакавалі, як жывую ляльку) Калі ты насіла, чакала сваё дзіця, жывот твой быў падобны на зямную кулю, на глобус А можа на вялікі кавун. Ты ўся была кавун, у якім выспявалі зярняткі І вельмі ганарылася сабой
Сын падрастаў. Усё большае месца займаў у вашых сэрцах. А вы чамусь аддаляліся адно ад аднаго. Часта сварыліся. Кожны пачаў размаўляць на сваёй мове (не на беларускай, не на ўкраінскай, а на мове адчужэння). Сыну было чатырнаццаць, калі вы нарэшце вырашылі, змаглі, адважыліся разлучыцца. Высветлілася: развод вельмі зняважлівая і жахлівая працэдура (куды там звычайнаму візіту да дантыста, якога ты са страхам чакаеш і рыхтуешся цэлы месяц!).
Вам не ўдалося пераступіць праз нанесеныя абразы, непаразуменне, праз уражлівае самалюбства!
Сын стаў сведкам усяго гэтага вось што самае жахлівае! Вы маглі б запраграмаваць яго (на ўсё жыццё) на нявере да найважнейшай каштоўнасці чалавецтва сямі (а гэта ўжо іншая віна, якую не замаліць у храмах) На шчасце, вам не ўдалося зрабіць яго падобным да вас Хіба што часткова
Пасля разводу свет перавярнуўся. На ўсіх і ўсё ты глядзела, як праз шкло, залітае асеннім дажджом. Вытрымка скончылася. У кішэнях пуста Хацелася пайсці. Не было сіл жыць далей. Рымскія патрыцыі ўскрывалі вены ў цёплай ванне. Лічылі, што так лягчэй і лепш. Засынаеш, і усё Канец другога тысячагоддзя ўнёс сваю лепту зявілася вялікая колькасць больш зручных сродкаў, якія маглі б аблегчыць шлях у тагасветнасць
Але потым ты ачуняла. Падумала: разбітае сэрца (нават калі ён твой першы мужчына ў гэтым жыцці, бацька твайго сына, самы каханы і адзіны) не дае табе падставы пайсці Найжахлівейшая сцяжына калісь канчаецца (праўда, пазней ты ступаеш на новую, амаль такую самую, але ж гэта будзе потым). Як лёгка заблукаць сярод здрад, сваіх і чужых грахоў, вызнанай і нявызнанай віны перад кімсьці
Ты выжыла. Пераплакала. Перарабіла сябе Сцягнула душу ў вузел і павесіла яе на цвік у кладоўцы. І сказала сабе: больш ніякіх каханняў! Скончана! Хопіць! Накахалася на ўсё жыццё! У мяне ёсць сын, і гэтага дастаткова. Больш ніякіх іншых мужчын у маім жыцці не будзе! Арэвуар, панове! Папраўце бабачкі, абцягніце вашы смокінгі! Мая бальная картка распісана ў імя аднаго сына! Не маю абсалютна ніякага жадання танцаваць з вамі! На шчасце!
Але ж так не бывае Як ні хавайся, а каханне калі-небудзь нечакана і падступна зловіць цябе. Гэты далікатны, пяшчотны бялявы хлопчык Эрат са стрэламі ў руках самы чалавекалюбны бог не спіць, не дрэмле
Мужчына, мабыць, узнік ад Сонца. Жанчына ад Зямлі. Але ж ёсць яшчэ і Месяц, які нясе ў сабе дзве несумяшчальныя істоты, дзве касмічныя сілы Сонца і Зямлю. Мудры, дальнабачны Зеўс калісь даўно разрэзаў, падзяліў на роўныя паловы андрагінаў, якія сумяшчалі ў сабе жаночы і мужчынскі пачаткі і былі адным цэлым. Прага спрадвечнай, першапачатковай цэласнасці жыве ў кожным з нас. Жаданне знайсці сваю палавінку бянтэжыць і не дае спакою. Вялікая, невычэрпная, нястрымная патрэба кахаць і быць каханай Таму і блукаем па светах (рэальных і не) у вечных пошуках
Іншая рэч, што мы так часта памыляемся! Колькі непатрэбных, не тваіх палавінак іншы раз круціцца поруч, лепіцца, ды не прылепліваецца Так часта бывае: адчыняеш сваю паштовую скрынку, а адтуль выпадае, вывальваецца ў твае рукі цэлая куча непатрэбнага хламу: перадвыбарчая ўлётка «Галасуйце за Васю Пупкіна!» (галасаваць за яго ты не будзеш), каляровы буклет пра шыкоўны, дарагі рэстаран, у якім частуюць вустрыцамі (ён нядаўна адкрыўся, але ты ніколі не пойдзеш туды вячэраць), рэкламны праспект пра цудадзейны сродак для мужчын «Вогненны дракон» (ён тым больш табе не патрэбны: жывеш адна, і па кватэры ў апошні час ні адзін мужчына нават не прабягаў).