Ён прыходзіў з дажджом (зборнік) - Коллектив авторов 4 стр.


Я паклікаў Фэргюсана з Холмсам наверх. Калі мы зайшлі ў пакой, Фэргюсан зрабіў крок ці два да жонкі, якая паднялася ў ложку, але яна жэстам спыніла яго. Гаспадар апусціўся ў фатэль, Холмс, пакланіўшыся лэдзі, якая глядзела на яго з прастадушным здзіўленнем, сеў побач.

 Думаю, мы можам абысціся без Далорэс,  сказаў Холмс.  О, добра, мадам, калі вы настойваеце, каб яна засталася, то я не супраць. Што ж, містэр Фэргюсан, я заняты чалавек з шырокай практыкай, а таму мае метады павінныя працаваць хутка і трапляць у цэль. Чым хутчэйшая аперацыя, тым меншы боль. Найперш дазвольце мне вас супакоіць. У вас цудоўная жонка, якая вас кахае, але абышліся з ёй вельмі кепска.

Фэргюсан падскочыў з крыкам радасці.

 Дакажыце гэта, містэр Холмс, і я буду вечна вам абавязаны.

 Дакажу, але для гэтага мне давядзецца зноў глыбока вас параніць.

 Мяне не турбуе нічога, апроч апраўдання мае жонкі. У параўнанні з гэтым усё астатняе на зямлі нішто.

 Тады дазвольце мне прадставіць вам ланцуг разважанняў, які прайшоў у маёй галаве яшчэ на Бэйкер-стрыт. Ідэя пра вампіра падалася мне абсурднай. У ангельскай крымінальнай практыцы такога проста не бывае. І тым не менш, вы не памыліліся і сапраўды бачылі жонку, што схілілася над дзіцячым ложкам, з акрываўленымі вуснамі.

 Безумоўна.

 А вам не прыйшло ў галаву, што кроў, якая цячэ з раны, можна смактаць не толькі з прычыны смагі? Ці ж у ангельскай гісторыі не было каралевы, якая высмактала з раны кроў, каб выцягнуць атруту?[2]

 Атруту?

 Вось яна, паўднёваамерыканская гаспадарка. Я інстынктыўна здагадваўся пра існаванне гэтай зброі на сцяне яшчэ да таго, як сюды прыехаў. Атрута магла быць і іншай, але я падумаў менавіта пра яе. Маленькі пусты калчан каля невялікага лука для палявання на птушак быў менавіта тым, што я чакаў убачыць. Калі дзіця было параненае адной з такіх стрэлаў, змочаных курарэ ці якой іншай дябальскай атрутай, яно памерла б, калі б атруту не высмакталі.

А сабака? Калі хтосьці хацеў скарыстацца атрутай, чаму б спярша не праверыць, ці не страціла яна моц? Сабаку я не прадбачыў, але сэнс здарэння зразумеў, і яно толькі пацвердзіла маю думку.

Цяпер вы разумееце? Вашая жонка баялася гэтага. Яна бачыла, як на дзіця напалі, і выратавала яго жыццё, але ўсю праўду сказаць вам баялася, бо ведала, як вы любіце хлопчыка і як вам будзе балюча.

 Джэкі!

 Я назіраў за ім, калі вы песцілі малое. У шыбе, зацемненай аканіцаю, ягоны твар адлюстроўваўся вельмі выразна. І я заўважыў такую рэўнасць, такую жорсткую нянавісць, якія на чалавечым твары бачыў рэдка.

 Мой Джэкі!

 Вам трэба прыняць гэта, містэр Фэргюсан. Гэта яшчэ больш пакутліва ад таго, што ім кіравала скажоная, ненармальна вялікая, маніякальная любоў да вас і, мабыць, да памерлай маці. Яго душу спапяляе нянавісць да гэтага дзівоснага дзіцяці, чыё здароўе і прыгажосць так кантрастуюць з яго ўласнай нядужасцю.

 Святы Божа! Гэта неверагодна!

 Я сказаў праўду, мадам?

Жанчына рыдала, схаваўшы твар у падушку. Потым яна павярнулася да мужа.

 Як я магла сказаць табе, Боб? Я здагадвалася, якім гэта будзе для цябе ўдарам. Лепш было чакаць, каб ты дазнаўся пра ўсё ад кагосьці іншага, не ад мяне. Калі гэты джэнтльмен, які, мабыць, мае чарадзейную сілу, напісаў, што ён усё ведае, я суцешылася.

 Я прапісаў бы маладому Джэкі год на моры,  сказаў Холмс, падымаючыся.  Толькі адно ўсё яшчэ не высветлена, мадам. Мы цудоўна разумеем прычыну вашых нападаў на Джэкі. Існуе мяжа і матчынаму цярпенню. Але як вы рызыкнулі пакінуць дзіця на два апошнія дні?

 Я расказала ўсё місіс Мэйсан. Яна ведала.

 Зразумела. Я так і думаў.

Фэргюсан, задыхаючыся, стаяў каля ложка. Яго працягнутыя да жонкі рукі трэсліся.

 Думаю, Ўотсан, нам самы час сысці, шэптам сказаў Холмс.  Калі вы возьмеце занадта адданую Далорэс пад адну руку, я вазьму пад другую. Ну вось,  дадаў ён, зачыніўшы за сабой дзверы,  думаю, астатняе яны ўлагодзяць самі.

Да гэтай гісторыі засталося дадаць толькі адзін ліст, напісаны Холмсам у адказ на той, якім гісторыя пачынаецца. Вось ён:

Бэйкер-стрыт,

21 лістапада

Адносна вампіраў.


Шаноўны сэр!

У адказ на ваш ліст ад 19 лістапада паведамляю, што я расследаваў справу вашага кліента, містэра Фэргюсана, Фэргюсан і Мюрхэд, пастаўшчыкі гарбаты на Мінсінг-лэйн, і што справа паспяхова закрытая. З удзячнасцю за рэкамендацыі,

Гілберт Кіт Чэстэртан

Лятучыя зоркі

Найпрыгажэйшае з усіх маіх злачынстваў, згадваў Фламбо ў сваёй дабрадзейнай старасці, было, па дзівосным супадзенні, з іх таксама і апошнім. Я ўчыніў яго на Каляды. Як належыць мастаку, я заўжды стараўся пераступаць закон у суладдзі з парою году ці з вакольным краявідам і абіраў для кожнага ліхадзейства прыдатны сад альбо тэраску, акурат як для скульптурнай групы. Сквайраў, напрыклад, належыць абчмураць у даўгіх пакоях з абшытымі дубам сценамі, а габрэя, з іншага боку, дарэчней пакінуць без грошыка сярод агнёў ды перагародак Кафэ Рыш. Так, у Англіі, надумаўшыся збавіць якогась дэкана ад цяжару маёмасці (а гэта не так проста, як можа здацца), я імкнуўся як бы гэта выказаць аблямаваць яго зялёнымі лужкамі й шэрымі вежамі кафедральнага горада. Падобным чынам у Францыі, аббіраючы багатага зласлівага селяніна (а гэта амаль немагчыма), я прагнуў адцяніць ягоную раз'юшаную фізіяномію шэраю чарадою падрэзаных таполяў і тымі велічнымі гальскімі раўнінамі, з якіх чэрпаў натхненне магутны дух Міле.

То вось, маё апошняе злачынства было каляднае радаснае, утульнае ангельскае злачынства сярэдняга дастатку; злачынства ў духу Чарлза Дыкенса. Я ўчыніў усё ў добрым нябедным старадаўнім доме ля Путні, у доме з выгнутаю дарожкаю для экіпажаў, у доме са стайняю пры ім, у доме з назваю, пазначанаю на адных і на другіх варотах, у доме з араўкарыяй у садзе. Ну досыць, вы ўжо ўявілі яго да дробязі. Што ні кажы, а Дыкенса я ў той раз пераймаў і ўмела, і па-мастацку. Амаль шкада, што я зрокся ліхога жыцця ў той жа вечар.

І Фламбо пачынаў расказваць гэтую гісторыю знутры, і нават знутры яна аказвалася дзіўнаю. Калі ж на яе паглядзець звонку, то будзе і наогул нічога не зразумела. Вось менавіта звонку з гэтай гісторыяй і належыць знаёміцца ўпершыню. З такога гледзішча можна сказаць, што ўсё пачалося надвячоркам у другі дзень Раства, калі дзверы дома са стайняю расчыніліся ў сад з араўкарыяй, і маладая дзяўчына выйшла з хлебам у руках карміць птушак. У яе быў мілы тварык і задзірлівыя карыя вочы, а постаць неадгадальная, бо яна так захуталася ў бурае футра, што нават не разрозніць было, дзе каўнер таго футра, а дзе яе ўласныя валасы. Калі б не слаўны твар, то выглядала б яна нязграбным мядзведзікам.

Зімовы надвячорак учырвоньваўся ў вечар, і рубінавае святло ўпала ўжо на бяскветныя клумбы, запоўніўшы іх нібыта прывідамі мёртвых ружаў. Стайня была па адзін бок ад дома, а па другі пачыналася алея ці нават галерэя з лаўраў, якая вяла ў большы сад за домам. Юная лэдзі накрышыла на зямлю хлеба (у чацверты ці пяты раз за дзень, бо яго пад'ядаў сабака) і, не навязваючы птушкам свайго таварыства, рушыла па дарожцы між лаўрамі ў вечназялёнае мігценне саду. Там яна падняла вочы на высокую агароджу і ўскрыкнула ў здзіўленні ці то шчыра, ці то проста для парадку; бо агароджу дзівачна асядлала дзівачная постаць.

 Вы толькі не скачыце адтуль, містэр Крук,  занепакоена ўсклікнула дзяўчына,  тут завысока!

Чалавек, які сядзеў на сцяне бы на лятучым кані, быў цыбаты вуглаваты хлопец з натапыранаю шчоткаю цёмных валасоў і з тварам разумным, нават вытанчаным, але хваравіта-бледым і амаль нетутэйшым. Яшчэ заўважнейшаю рабіў гэтую бледасць напорыста-чырвоны гальштук здаецца, адзіная хоць неяк прадуманая дэталь у адзенні юнака. Магчыма, гэта быў сімвал. Не зважаючы на ўстрывожаную мальбу дзяўчыны і на рызыку пераламаць ногі, хлопец конікам скочыў на зямлю.

 Я з'явіўся на свет, мяркую, каб стаць рабаўніком,  ціхамірна заўважыў ён,  і стаў бы, канечне, калі б не нарадзіўся выпадкам у тым слаўным суседнім доме. Ды і якая тут бяда, у кожным разе?

 Як можна такое казаць?  запярэчыла дзяўчына.

 Разумееце,  адказаў хлопец,  калі хтосьці нарадзіўся не па той бок ад агароджы, то я зусім не бачу, чаму б яму яе не пералезці.

 Ніколі не ведаю, што вы праз імгненне скажаце ці ўчыніце,  сказала яна.

 Я і сам часта не ведаю,  адказаў містэр Крук,  але прынамсі цяпер я з патрэбнага боку агароджы.

 А які бок агароджы вам патрэбны?  спытала дзяўчына з усмешкаю.

 Той, з якога вы,  адказаў малады Крук.

Яны рушылі разам дарожкаю паміж лаўрамі, і тут трыкроць прагучаў аўтамабільны гудок, з кожным разам бліжэй, і машына дзівосная хуткасцю, надзвычайная элегантнасцю ды бледна-зялёная колерам птушкаю падляцела да дома і стала, дрыжучы, ля ўваходу.

Назад Дальше