Яны рушылі разам дарожкаю паміж лаўрамі, і тут трыкроць прагучаў аўтамабільны гудок, з кожным разам бліжэй, і машына дзівосная хуткасцю, надзвычайная элегантнасцю ды бледна-зялёная колерам птушкаю падляцела да дома і стала, дрыжучы, ля ўваходу.
Ого-го! сказаў юнак у чырвоным гальштуку. Вось ужо хто з пэўнасцю нарадзіўся з патрэбнага боку агароджы. Я і не ведаў, міс Адамс, што ў вас такі найсучаснейшы Санта-Клаўс.
А, гэта мой хросны, сэр Леапольд Фішэр. Ён заўсёды прыязджае адразу пасля Раства.
Рубі Адамс на імгненне прымоўкла, міжволі выдаўшы тым не дужа вялікае захапленне, і дадала:
Ён вельмі добры.
Джон Крук, журналіст, чуў пра гэтага важнага магната з Сіці; а ў тым, што магнат з Сіці пра журналіста не чуў, той быў зусім не вінаваты, бо ў пэўных артыкулах Трубнага голасу ці Новага веку для сэра Леапольда не знайшлося ніякай літасці. Але цяпер Крук нічога не сказаў і толькі змрочна назіраў, як разгружаюць машыну а гэта была няхуткая справа. Рослы ахайны шафёр у зялёным выбраўся з пярэдняй дзверкі, дробны ахайны слуга ў шэрым выбраўся з задняй, і разам яны перамясцілі сэра Леапольда на ганак і пачалі распакоўваць, быццам вельмі рупліва загорнутую пасылку. Яны размотвалі пледы, якіх стала б на цэлую краму, футры ўсіх лясных звяроў ды шалікі ўсіх колераў вясёлкі, пакуль нарэшце не паказалася нешта кшталту чалавечай постаці постаці прыязнага, але чужаземнага з выгляду старога джэнтльмена з сівою казлінаю бародкаю і ззяючаю ўсмешкаю, які паціраў адна аб адну вялікія футравыя рукавіцы.
Задоўга да таго як сэр Леапольд канчаткова аб'явіўся з-пад пледаў і шалікаў, вялікія дзверы перад ім расчыніліся, і палкоўнік Адамс (бацька зафутранай дзяўчыны) выйшаў асабіста запрасіць вялебнага госця ў дом. Ён быў высокі, асмуглы й вельмі маўклівы, а на галаве меў чырвоную шапку накшталт фескі, праз якую рабіўся падобны да ангельскага сірдара ці пашы ў Егіпце. З ім выйшаў яго швагер, які нядаўна прыехаў з Канады, светлабароды, рослы й досыць шумны малады аматар фермерскага жыцця на ймя Джэймс Блаўнт. З імі была і яшчэ адна асоба, не настолькі заўважная, святар з найбліжэйшага каталіцкага касцёла. Палкоўнікава нябожчыца-жонка была каталічкаю, і дзеці, як часта бывае ў такіх выпадках, выхоўваліся ў матчынай веры. Усё ў гэтым ксяндзы было непрыкметным, і нават прозвішча яго было проста Браўн. Але палкоўнік знаходзіў у яго таварыстве нейкую прыемнасць і часта запрашаў яго на такія сямейныя сустрэчы.
У вялізным холе было досыць месца нават для сэра Леапольда і ягоных бясконцых покрываў. Гэты хол быў, праўду кажучы, недарэчна вялікі ў параўнанні з рэштаю дома: даўжэзны пакой з уваходнымі дзвярыма ў адным канцы і падножжам лесвіцы ў другім. Перад вялікім камінам, над якім вісела палкоўнікава шпага, цырымонія распранання госця нарэшце завяршылася, і ўсіх прысутных, не выключаючы хмурнага Крука, прадставілі сэру Леапольду Фішэру. Але вялебны фінансіст нібыта працягваў змагацца з часткамі свайго бездакорнага касцюма і нарэшце здабыў з якоесь найунутранейшай кішэні фрака чорную авальную скрыначку, якую, ззяючы, абвясціў калядным падарункам для хросніцы. З нязмушанай самазадаволенасцю, якая нечым абяззбройвала гледачоў, Фішэр падняў скрыначку перад сабою, штосьці націснуў, вечка адкінулася, і ўсе ледзь не саслеплі. Быццам чысцюткі фантан ударыў ім проста ў вочы. На аранжавым аксаміце донца, нібы тры яечкі ў гняздзе, ляжалі тры ясныя зіхоткія дыяменты, вакол якіх, здавалася, само паветра загаралася агнём. Фішэр добразычліва прамянеў, упіваючыся ўражанасцю й зачараванасцю дзяўчыны, змрочным захапленнем і няўклюднымі падзякамі палкоўніка ды агульным здзіўленнем усіх прысутных.
Пакуль што я іх пакладу назад, мая мілая, сказаў Фішэр, вяртаючы футарал у глыбіні фрака. Едучы сюды, мне давялося добра пра іх клапаціцца. Гэта тры знакамітыя афрыканскія дыяменты, тыя самыя, што завуцца Лятучымі Зоркамі, бо іх вельмі часта выкрадалі. Усе вялікія злачынцы палююць на іх, але і простыя людзі на вуліцы ці ў гатэлі не адмовіліся б іх прыхапіць. Мяне маглі абкрасці проста па дарозе сюды. Так-так, вельмі магчыма.
І вельмі натуральна, прабурчаў хлопец у чырвоным гальштуку. Калі б і абкралі, я б іх не вінаваціў. Калі людзі просяць хлеба, а вы не даяце ім і камню, то што дрэннага, калі яны возьмуць камень самі?
Не смейце так казаць, з дзіўнаю палкасцю ўсклікнула дзяўчына. Вы ніколі такога не казалі, пакуль не сталі гэтым жахлівым як-жа-гэта-завецца. Ды вы ведаеце, пра што я. Як называюць таго, хто гатовы абдымацца з камінарам?
Святым, адказаў айцец Браўн.
Думаю, сказаў сэр Леапольд з паблажліваю ўсмешкаю, што Рубі мела на ўвазе сацыяліста.
Раяліст не абавязаны граць на раялі, крыху раздражнёна адазваўся Крук, а кансерватар не заўсёды гатуе на зіму варэнні. А сацыяліст, завяраю вас, зусім не прагне таварыства ўсякага, каго заве таварышам. Сацыяліст проста хоча, каб усе коміны былі пачышчаныя, а ўсім камінарам за гэта заплацілі.
Але нікому не дазволіць валодаць уласнаю сажаю, нягучна дадаў святар.
Крук зірнуў на яго з цікавасцю і нават павагаю.
А хтосьці хоча валодаць сажаю? спытаў ён.
Хтосьці, можа, і хоча, задумліва адгукнуўся Браўн. Я чуў, садоўнікам яна прыдаецца. А я аднойчы на Каляды вельмі ўсцешыў шасцярых дзяцей, якія не дачакаліся фокусніка, і мне спатрэбілася для гэтага выключна сажа ужытая вонкава.
Як цудоўна! усклікнула Рубі. Вось бы і нам на такое паглядзець.
Шумны канадзец, містэр Блаўнт, адразу ж узвысіў свой гучны голас у падтрымку гэтай задумы, а ўражаны фінансіст узвысіў свой, задуму досыць рашуча асуджаючы, і тут у вялікія ўваходныя дзверы нехта пагрукаў. Святар адчыніў, ізноў адкрываючы від на пярэдні сад, дзе вечназялёныя дрэвы і араўкарыя між імі цямнелі цяпер на фоне раскошнага фіялетавага заходу. Гэтая карціна ў раме расчыненых дзвярэй была такою яркаю і такою дзіўнаю, нібы тэатральная дэкарацыя, што ў першае імгненне ніхто не звярнуў увагі на непрыкметнага чалавека на ганку. Гэта быў, відавочна, звычайны пасыльны запылены ды ў паношаным паліто.
Ці ёсць сярод вас містэр Блаўнт, джэнтльмены? спытаў ён, няўпэўнена працягваючы ім ліст.
Містэр Блаўнт асекся на паўвоклічы, так і не скончыўшы сваіх ухваленняў. З яўным здзіўленнем ён разадраў канверт і стаў чытаць. Яго твар крыху спахмурнеў, пасля зноў пасвятлеў, і канадзец павярнуўся да свайго швагра й гаспадара:
Мне прыкра так вам назаляць, палкоўнік, сказаў ён з бадзёраю каланіяльнаю пачцівасцю, але ці дужа вас засмуціць, калі сёння ўвечары да мяне зазірне па справе стары прыяцель? Гэта, уласна кажучы, Фларыян, той самы славуты французскі акрабат і комік. Мы пазнаёміліся калісь даўно за акіянам, ён родам з французскай часткі Канады, а цяпер вось у яго да мяне справа каб я толькі ведаў, якая.
Канечне-канечне, не раздумваючы адказаў палкоўнік. Дарагі мой, вашым сябрам я толькі рады. І ён тут, не сумняюся, будзе дарэчы.
Ён вычарніць твар сажаю, калі вы пра гэта, са смехам усклікнуў Блаўнт, і высініць усіх сінякамі. Мне што, я не дужа выкшталцоны. Старая добрая пантаміма мне акурат да густу, і каб актор яшчэ на цыліндр сеў!
Толькі, калі ласка, не на мой, з годнасцю прамовіў сэр Леапольд Фішэр.
Годзе, годзе, бесклапотна ўмяшаўся Крук, не будзем сварыцца. Бываюць жарты й безгустоўнейшыя за чалавека на цыліндры.
Непрыязнасць да юнака ў чырвоным гальштуку, народжаная драпежніцкімі перакананнямі апошняга ды ягонымі відавочна цёплымі адносінамі з Фішэравай слаўнай хросніцаю, змусіла дзялка прамовіць самым саркастычным і ўладным тонам:
Вам, не сумняюся, сапраўды вядомыя жарты і безгустоўнейшыя за чалавека на цыліндры. Ці не зробіце ласку прывесці прыклад?
Ды вось хоць цыліндр на чалавеку, адказаў сацыяліст.
Ну, ну, ну! закрычаў канадзец з заўсёдашняю варварскаю зычлівасцю. Не будзем псаваць такі слаўны вечар. Я проста кажу, давайце неяк пацешым таварыства! Не будзем чарніць твары і сядаць на капелюшы, калі нехта супраць, але чагосьці такога ўдумаем. Чаму б вось не зладзіць сапраўдную ангельскую пантаміму каб усё як след, каб з клоунам, і з Каламбінаю, і што там яшчэ трэба. Калі я з'язджаў з Англіі, у дванаццаць гадоў, я такую бачыў, і яна палае ў маёй памяці, як святочнае вогнішча. А ў мінулым годзе я вярнуўся і выявілася, што такога ўжо не сустрэнеш. Усюды толькі слязлівыя казачкі. Мне б паглядзець, як махаюць гарачаю качаргою ды збіваюць на порхаўку паліцэйскага, а на сцэне толькі прынцэсачкі, што гавораць казані пры месяцовым святле, ды Сінія Птушкі, ды астатняе ў тым жа духу. Калі ўжо нешта сіняе, то хай гэта будзе Сіняя Барада, ды й таму б лепей перавярнуцца ў Панталонэ.
Збіць паліцэйскага на порхаўку гэта мне даспадобы, сказаў Джон Крук. Гэта лепшае вызначэнне сацыялізму, чым тое, што тут сёння гучала. Але зладзіць гэта ўсё будзе немалою працаю.
Ды ні каліўца, крыкнуў Блаўнт, ужо дужа захоплены. Прасцей за арлекінаду мы нічога і не надумаем, і на тое дзве прычыны! Па-першае, вярзці можна ўсё, што ў галаву прыйдзе, а па-другое, спатрэбіцца толькі тое, што ў любым доме і так ёсць сталы, вешалы, кашы для бялізны ды іншае падобнае.